ОБ АВТОРЕ

Журналист, обозреватель, специалист в области Public Relations.

Окончил биофак БГУ. Карьеру журналиста начал в 1995 году в журнале «Дело». Cотрудничал с «Белорусской деловой газетой» до ее закрытия, газетой «Московский комсомолец в Белоруссии», «Бизнес-леди», «Финансовый директор», «Детективной газетой», порталом BEL.BIZ, информационным агетством «Интерфакс».

Был собкором в Беларуси российского информагентства Stringer. Занимал должность заместителя директора радиостанции «Сталіца».

Работал PR-менеджером в «Международной финансовой корпорации» (IFC).

С весны 2010 года – собственный корреспондент в Беларуси российского федерального издания «Газета.Ru».

С января 2013 года – снова работает в БДГ (теперь под брендом «БДГ Деловая газета»).

Вы здесь

Гісторыя беларускага самвыдату: “Беларускія Ведамасьці”

1996-1997 гады былі вельмі складаным перыядам гісторыі Беларусі. Мінулі два рэферэндумы, якія літаральна анулявалі ўсе дасягненні перыяду Адраджэння. Апазіцыя, якая была дапушчаная да “вялікай” палітыкі толькі напрыканчы 80-х, калі прадстаўнікі БНФ пачалі працаваць у Вярхоўным Савеце БССР, да пачатку 1997-га была практычна выціснута з уладных структур. Больш за тое, менавіта ў той перыяд з’явіліся першыя палітычныя эмігранты “новай хвалі”. На жаль, першымі з іх сталі лідары радыкальнага крыла апазіцыі, і найперш – Зянон Пазняк.

Апынуўшыся ў выгнанні, Зянон Пазняк і яго паплечнікі не спынілі палітычнай дзейнасці. Хутчэй, наадварот: яны паспрабавалі аб’яднаць вакол сабе “старую” эміграцыю і далучыць яе да падзей у Беларусі. Тады яшчэ былі спадзяванні, што беларускія эмігранты змогуць паўплываць на еўрапейскія ўлады, а тыя, у сваю чаргу, – націснуць на афіцыйны Мінск, каб той спыніў парушэнні Канстытуцыі.

Цяпер мы ведаем, што нічога з таго не атрымалася. Але ж тады спроба была сапраўды моцнай. Сведчанне таму – адно з выданняў беларусаў замежжа, якое патрапіла мне ў рукі. Гэта выданне “Беларускія Ведамасьці” – не газета і не часопіс, а нешта сярэдняе паміж імі. Гэтыя “Ведамасьці” выходзілі ў Польшчы, у Варшаве, а рэдакцыяй кіравалі такія вядомыя асобы, як Зянон Пазняк, Галіна Вашчанка ды Сяргей Навумчык.

Наколькі мне вядома, “Беларускія Ведамасьці” выходзілі досыць доўга, як мінімум, да 2010 года. Таксама вядома, что “Беларускія Ведамасьці” пачалі выдавацца ў Варшаве летам 1996 года на польскай мове як беларускі бюлетэнь і дадатак пры польскім штотыднёвіку “Новэ паньство”. Першы нумар у чатыры старонкі быў падрыхтаваны Сяргеем Навумчыкам і перакладзены па-польску Ёаннай Стжэльчык. Наступныя тры нумары рыхтаваліся Зянонам Пазьняком і Галінай Вашчанкай пры ўдзеле Ёанны Стжэльчык, Сяргея Навумчыка, Юры Зяньковіча. З пятага нумару “Беларускія Ведамасьці” сталі выходзіць па-беларуску як асобны адраджэнскі часопіс. (Нумары 5,6,7 яшчэ дубляваліся па-польску ў скарочаным варыянце.) З гэтага часу “Беларускія Ведамасьці” нязьменна выдавалі Зянон Пазьняк і Галіна Палачаніна (Пазьняк).

Крыху ўзгадаем перадгісторыю. «Беларускія ведамасьці» – так звалася віленская беларуская газета, якая выходзіла з 14 верасьня 1921 па 15 студзеня 1922 года. Выдавалася замест газеты «Наша думка», забароненай уладамі Сярэдняе Літвы. Рэдактарам-выдаўцом быў Максім Гарэцкі. Зачыненая напярэдадні выбараў у Віленскі сойм за публікацыі, скіраваныя супраць далучэньня Віленшчыны да Польшчы. Гарэцкі быў зьняволены ў Лукіскай турме, потым дэпартаваны зь Вільні.

Нумар выдання, які мы зараз разглядаем, пазначаны як № 2(6)/97. Ніжэй, пад назвай, указана: “Выдаецца ў беларускай ды польскай мовах. Пры садзеяньні “National Endowment for Democracy” і супрацоўніцтве Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Амерыцы. Варшава, сакавік-красавік 1997 года”.

Аніякіх звестак ані пра наклад, ані пра друкарню няма. Выданне мае фармат А4, яно досыць тоўстае – 20 старонак. Надрукавана на вельмі добрай паперы – белай, тоўстай ды глянцавай (такая звычайна ўжываецца ў каляровых часопісах); сам друк таксама вельмі якасны, фатаграфіі чорна-белыя, але якасныя. Вёрстка напаўпрафесійная, у дзве калонкі. Асноўны змест – артыкулы Зянона Пазняка, Сяргея Навумчыка, Мар’яна Ванькевіча, Алеся Бяляцкага ды перадрукі з розных апазіцыйных выданняў.

Пра “Беларускія Ведамасьці” мы размаўляем са сталым экспертам праекту “Гісторыя беларускага самвыдату”, намесніцай старшыні “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алёнай Анісім:

- Зараз я чытаю кнігу Сяргея Навумчыка пра 1995 год, яго ўспаміны і нават храналогію тых падзей, якія адбываліся ў сувязі з сумнавядомым рэферэндумам. І праз гэтую кнігу, праз яе старонкі, даносіцца подых таго часу – вельмі трывожнага, псіхалагічна для мяне цяжкага, таму што адбывалася проста поўная палітычная трансфармацыя таго грамадства, якое было дастаткова дэмакратычным да 1994 года. А пасля адбылася вельмі рэзкая змена. Канешне, постаці Пазняка і яго паплечнікаў, сябоў Беларускага Народнага Фронта, людзей, якія самаахвярна да апошняга баранілі набыткі дэмакратыі, яны проста не могуць не хваляваць – тым больш, зараз.

Калі Пазняк і Навумчык былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, гэта ўсімі ўспрымалася як неадназначнае рашэнне. Але калі вось цяпер глядзіш “Беларускія Ведамасьці”, то пачынаеш разумець, што людзі з’ехалі не проста таму, што хацелі ўратаваць сваё жыццё. Але яшчэ і таму, каб мець магчымасць працягваць гэтую барацьбу так, як яны гэта разумелі. І так, як яны маглі гэта рабіць за межамі Беларусі.

Тое, што Зянон Станіслававіч умее лепей за ўсё, – стратэгічна мысліць, бачыць пагрозы, магчымасці, – вось усё гэта ён спрабаваў рабіць праз гэтае выданне. Таму я ўспрымаю гэта перш за ўсё як трыбуну – трыбуну, праз якую на той момант агульнапрызнаны нацыянальны лідар Зянон Пазняк спрабаваў дагрукацца да беларусаў, даць ім зразумець усе пагрозы, якія ідуць, і праз якую ён перадаваў свой боль за лёс Бацькаўшчыны. І, у сваю чаргу, ён так рэалізоўваў сваю прагу да дзейнасці. Так, як ён мог гэта рабіць.

Націсніце, каб прагледзець нумар цалкам

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: