Вы здесь

Час пераменаў у Беларускім Калегіуме

В фокусе

Беларускі Калегіум пачынае новы акадэмічны год у новым складзе.

Мы ўжо пісалі, што з 1 кастрычніка Максім Жбанкоў, кіраўнік адзялення журналістыкі, скончыў сваю працу ў праекце. Як патлумачыла кіраўнік Калегіума Ірына Дубянецкая, сыход з пасады быў яго асабістым рашэннем.

–Максім Жбанкоў кіраваў адзяленнем журналістыкі Беларускага Калегіума два гады. Ён яркая постаць у беларускай медыяпрасторы, умее прыцягваць да сябе і да працы людзей, мае добрае разуменее сітуацыі ў краіне і бачанне перспектывы, – выказала думку Ірына. – Мяркую, Максім быў вельмі добрым кіраўніком. Спадзяюся, што ў далейшым ён будзе так ці інакш супрацоўнічаць з Беларускім Калегіумам. Прынамсі ў адным праекце ён застаецца – у падрыхтоўцы другога тома “Анталогіі сучаснага беларускага мыслення”.

Таксама кіраўнік Беларускага Калегіума расказала, што завяршаецца набор новых студэнтаў на аддзяленне журналістыкі, якое будзе працаваць ужо з новым кіраўніком.

– Змена кіраўніка, безумоўна, пацягне за сабой некаторыя змены і ў канцэпцыі, структуры аддзялення журналістыкі, – мяркуе Ірына. І дадае: –Журналістыка – гэта наогул напрамак, які развіваўся ў Беларускім Калегіуме ад самага пачатку. І досвед паказвае, што праца была плённай. Многія нашы выпускнікі цяпер бачныя ў беларускай медыяпрасторы, фармуюць яе. Спадзяюся, што гэта будзе працягвацца і надалей.

Што тычыцца Беларускага Калегіума ў цэлым, то ён працягвае працаваць, як і ў папярэднія гады. Заўвагу Максіма Жбанкова пра тое, што праект ператварыўся ў адміністрацыйна-бюракратычны, Ірына Дубянецкая пракаментавала так:

–Праект не стаў бюракратычным. Справа вось у чым: мы пачынаем свой 19-ты акадэмічны год. Гэта ўжо само па сабе ёсць вялікім дасягненнем для незалежнай адукацыйнай структуры ў сучаснай Беларусі.  Беларускі Калегіум ідзе разам з часам, змяняецца, рэагуе на новыя выклікі, якія патрабуюць новых правілаў і падыходаў, у тым ліку і большай папяровай працы. І гэта не заўсёды лёгка. Даводзіцца аддаваць час на непажаданыя для творчай працы нагрузкі. Але гэтага не пазбегнуць. Без гэтага можа абыходзіцца кола сяброў, але не арганізацыя.

За гады працы ў нас склаўся свой асяродак выкладчыкаў – беларускіх інтэлектуалаў і творцаў, з якімі мы будзем працягваць шчыльнае супрацоўніцтва. Гэта адкрытая супольнасць, як для новых людзей, так і для новых ідэй. Прагназаваць нейкія канкрэтныя перамены я пакуль не магу. Пабачым…

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: