Вы здесь

Выбары прэзідэнта – ці то “тэхнічнае пытанне”, ці то “шоў”

Тэма выбараў на беларускім тэлебачанні – гэта інфармацыйная нагода далёка не першага шэрагу. Як зазначаюць маніторцы Mediakritika.by для дзяржаўных тэлеканалаў выбары былі тэхнічнай працэдурай з відавочным вынікам, для “Белсату” вынік таксама быў зразумелым, але рэдакцыя адносілася да гэтай палітычнай падзеі як да  “шоў” ці “спектакля”. Стратэгіі асвятлення каналы выбралі  сувымерныя.

Мediakritika.by правяла чарговы тэматычны маніторынг асвятлення прэзідэнцкіх выбараў у вечаровых навінах на тэлеканалах “Беларусь 1”, ОНТ і “Белсат”. Усяго маніторынг закрануў 214 матэрыялаў, якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў з панядзелка, 28 верасня, па нядзелю, 4 кастрычніка. 

Пад разгляд трапілі праграмы “Панарама” і “Галоўны эфір” (“Беларусь 1”), “Наши новости” і “Контуры” (ОНТ), “Аб’ектыў” (“Белсат”).

Усе сюжэты выніковых навінаў на тыдні маніторынгу былі прагледжаныя і класіфікаваныя згодна з чатырма пунктамі:

1) сюжэты, што наўпрост тычацца заяўленай тэмы маніторынгу;

2) сюжэты, што маюць тэму ў якасці дадатковага сюжэта ці ўтрымліваюць згадку пра яе;

3) сюжэты, якія наўпрост не артыкулююць тэму выбараў, не ўтрымліваюць тэматычных згадак, але працуюць на пазітыўны або негатыўны вобраз аднаго (ці некалькіх) кандыдатаў на прэзідэнтства і могуць разглядацца як прыхаваная агітацыя;

4) іншыя тэмы і сюжэты.

Сюжэты, што наўпрост тычыліся заяўленай тэмы (п.1) і сталіся аб’ектамі маніторынгу, які складаецца з трох частак:

1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды;

2) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі;

3) маніторынгу замоўчаных навінаў.

Матэрыялы, што ўтрымліваюць згадкі або маюць у сваёй структуры тэматычныя падсюжэты такога кшталту, не разглядаліся на прадмет замоўленасці і адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі. Але яны былі ўлічаныя пры вызначэнні адсотку тэматычных матэрыялаў, каб найбольш дакладна пазначыць прысутнасьць тэмы ў эфіры.

Матэрыялы, якія наўпрост не артыкулююць тэму выбараў, не ўтрымліваюць тэматычных згадак, але працуюць на пазітыўны або негатыўны вобраз Аляксандра Лукашэнкі (датычна іншых кандыдатаў такога кшталту матэрыялаў не выяўлена), таксама не маніторыліся ў згаданых вышэй ракурсах. Падобныя матэрыялы трапляюць у катэгорыю “з прыкметамі замоўленасці і/або цэнзуры”, таму падалося мэтазгодным вызначыць, колькі эфірнага часу яны атрымалі.

Падыход “Белсата” можна вызначыць папулярным у недзяржаўнай сферы тэрмінам “ігнор”. Непаслядоўнае і незбалансаванае асвятленне дзеянняў кандыдатаў на прэзідэнства і графіка выбарчай кампаніі, практычнае ігнараванне тэхнічнай інфармацыі для выбаршчыкаў (як галасаваць, хто можа галасаваць і г.д.), акцэнтаванне ўвагі на “прыколах” выбарчай кампаніі (агаворкі журналістаў, голас у абмен на капрэмонт, песні пра Лукашэнку і г.д.), актуалізацыя пытання “выбары ці байкот?” - іншымі словамі ў межах навінавай праграмы выбары не разглядаюцца як падзея, вартая комплекснага разгляду. Пры гэтым, па-за межамі навінаў былі арганізаваныя перадвыбарныя дэбаты, а сайт тэлеканала на час палітычнай кампаніі аўтаматычна трансфармаваўся з belsat.eu у vybary.belsat.eu.

Пераважная большасць матэрыялаў на дзяржаўных тэлеканалах падавалася ў нейтральнай манеры, з нулявой інфармацыйнай насычанасцю, ствараючы плыню “шумавых” сігналаў у эфіры: інфармацыя фармальна ёсць, а сутнасна адсутнічае. Таксама ў нешматлікіх разгорнутых сюжэтах фіксаваліся літаральныя паўторы цэлых блокаў (напрыклад, пра датэрміновае галасаванне ці важнасць голасу кожнага).

Паталогію перадвыбарнага дыскурса у асвятленні дзеянняў кандыдатаў на дзяржаўных телеканалах перадае наступная цытата (падводка да справаздачы з дэбатаў кандыдатаў):

"В следующее воскресенье беларусам предстоит сделать свой выбор - в каком направлении будет развиваться страна следующие пять лет. В участковых избиркомах сформированы списки избирателей - уже со вторника, 6 октября, можно будет отдать голос за своего кандидата. Продолжают работу в стране международные наблюдатели. МИД аккредитовывает журналистов, которые будут освещать ход выборов президента. Сами претенденты на главный государственный пост проводят активную агитацию -  это встречи с избирателями, пикеты, выступления в СМИ. И вот сегодня состоялся, пожалуй, один из самых ярких и зрелищных этапов президентской гонки - теледебаты" (“Беларусь 1”, 03.10.2015).

Пры гэтым, на тэлеканале “Беларусь 1” тэматычныя сюжэты выкарыстоўваліся таксама як сродак мабілізацыі электарата на ўдзел у выбарах і месца для прамоцыі ідэі датэрміновага галасавання.

Парадаксальнай спецыфікай асвятлення выбарнай тэмы – і гэта найбольш заўважна на дзяржаўных каналах - ёсць тое, што сапраўдная агітацыя за дзейную ўладу выносіцца па-за межы фармальна выбарных “шумавых” сюжэтаў, адмыслова структуруючы перадвыбарчы эфір.

 “Беларусь 1” працавала ў рэжыме агрэсіўнай прамоцыі - як самой асобы дзейнага лідэра краіны, так і дасягненняў дваццаці гадоў ягонага кіравання. Таксама ў якасці сродка прамоцыі выбараў як грамадскай падзеі тэлеканал карыстаўся двухсэнсоўным візуальным матэрыялам.

Да кантэкстных сюжэтаў тут былі аднесеныя відавочна прапагандысцкія тэксты пра дзейнасць кіраўніка Беларусі – на гэтым тыдні імі сталіся акцыя “Малітва за Беларусь” і візіт Аляксандра Лукашэнкі на Генеральную асамблею ААН, якую тэлеканал раскручваў цэлы тыдзень.

Акрамя асвятлення выступаў беларускага лідэра, у эфір трапілі шэраг сюжэтаў, ракурс якіх якія можна пазначыць, карыстаючыся шыльдай да аднаго з матэрыялаў “Главного эфира”: “Беларусь в ООН – глобальная миссия”. Іх агульны сэнсавы ракурс адэкватна парадае цытата: “Накануне в геополитической обойме почетного первого дня дискуссии - самые весомые мировые лидеры. На трибуну ООН поднялись президенты США, Бразилии, Франции, Китая, России и Беларуси” (“Беларусь 1”, 29.09.2015). Іншымі словамі, з дзеючага кіраўніка дзяржавы дыскурсіўна вырабляецца палітычны дзеяч глабальнага маштаба.

Другі ракурс з гэтай серыі – Лукашэнка прызнаны светам міратворац і “донор стабильности и безопасности”. Гэтае вымярэнне выяўляецца не толькі вербальна, але і візуальна. Напрыклад, практычна ва ўсіх сюжэтах, датычных украінскага канфлікта, дэманструецца пратакольныя здымкі кіраўніка Беларусі ў кампаніі чальцоў Нармандскай чацвёркі, што прыехалі ў Мінск на перамовы па Ўкраіне.

Трэці мэсыдж – “гэта ён вам усё даў”. Ён падмацоўваецца, з аднаго боку, характэрнымі для “Беларусь 1” матэрыяламі пра стабільнае і добрае жыццё ў Беларусі, з другога – праектамі, што апавядаюць пра дасягненні беларускай мадэлі развіцця.

У навінавым эфіры “Беларусь 1” такіх выразна ненавінавых сюжэтаў было тры:

1.       “Независимость – это возможность”. Ягоны рэфрэн можна акрэсліць цытатай з аднаго з выпускаў: “И сложно представить, что 20 лет назад больницы больше напоминали сельские ФАПы, а лечить было просто нечем - кроме таблетки аспирина. Не говоря уже о проведении сложнейших операций" (“Беларусь 1”, 03.10.2015). Сярэдняя працягласць выпуска каля 2 хв. На тыдні маніторынгу ў эфір выйшлі 5 выпускаў.

2.       “Мы сделали это вместе”. Апавядае пра агульнабеларускія праекты апошніх дзесяцігоддзяў: рэстаўрацыя замка з Міры і тэатра ім. Янкі Купалы, “Славянскі базар ў Віцебску”. Выглядае як прыклад ненавязлівага праграмавання глядача: рыторыка супольнага дзеяння спалучаецца з кропкавымі заўвагамі пра лёсавызначальную ролю дзяржавы ў гэтай гісторыі нацыянальнага посьпеху і годнасці (замак улучылі ў прэзідэнцкую праграму, на занядбаны віцебскі фест звярнуў увагу прэзідэнт і г.д.). Сярэдняя працягласць – 5 хв. На тыдні маніторынгу ў эфір выйшлі 3 выпускі.

3.       “Беларусь ХХІ”. Дакументальны серыял АТН, апошняя 10-я серыя якога дэманстравалася ў межах выніковай навінавай праграмы “Главный эфир” (04.10.2015). Працягласць серыі склала 26 хв. 37 с. “От ледяного "Хавьера" и чемпионата мира по хоккею до Майдана, войны на Донбассе и исторической встречи "нормандской четверки" в Минске, когда весь мир смотрел на Беларусь с надеждой на мир” (“Беларусь 1”, 04.10.2015) – так прэзентавалі вядоўцы праграмы яе серыю пра падзеі 2013-2015 гг., пададзеныя ў выключна кампліментарным да дзеячай улады ключы.

Акрамя гэтага на тэлеканале “Беларусь 1” заўважна падвысіўся адсотак згадак Аляксандра Лукашэнкі ў самых розных кантэкстах (кіраўнік Беларусі ратуе украінцаў і апекуецца прафтэхвучэльнымі, вітае Юрыя Башмета і віншуе настаўнікаў) і пазітыўныя ацэнкі ягонай дзейнасці самымі рознымі рэспандэнтамі (ад Леаніда Кучмы да выпадковых н’ю-ёркскіх мінакоў).

У сваю чаргу ОНТ дэманструе light-версію падыхода “Беларусь 1”, намагаючыся ўпісаць прапаганду ў падзеі дня (прэзідэнт працуе – мы асвятляем) і ствараючы такім чынам ілюзію інфармавання. Найбольш адметным side-сюжэтам вакол выбараў тут была інфармацыя пра беларускую школьніцу, што ў Мадрыдзе здзейсніла два рэкорды ў паўэрліфтынгу. З гэтай нагоды ёй паціснуў руку Арнольд Шварцэнэггер. Спартоўка ў гэты момант была ва ўласнаручна зробленай цішотцы з выявай Аляксандра Лукашэнкі і надпісам “Alexander Lukashenko – the powerful president of the powerful country”. Такую ж атрымаў у падарунак і Арнольд (ОНТ, 29.09.2015). 

Калі ОНТ кантэкстнымі матэрыяламі на сэнсавым узроўні рэпрадукуе стабільнасць, то “Белсат” прадказальна малюе стагнацыю ў сваім звычайным стылі. З вялікай верагоднасцю, ягоныя сюжэты, прагучаўшыя напярэдадні выбараў як кантэкстна-агітацыйныя, маглі б з тым самым мэсыджам (спецыфічныя паводзіны кіраўніка Беларусі на міжнароднай арэне, правалы ў эканоміцы, праблемы дробнага бізнеса з-за дзеянняў уладаў і г.д.) выйсьці у эфір калі заўгодна. Тым не менш, менавіта канун падзеі робіць магчымым класіфікацыю гэтых матэрыялаў як агітрэсурс са знакам мінус.

Што да спецыфікі парушэнняў стандартаў інфармацыйнай журналістыкі ў кантэксце асвятлення на тэлеканалах тэмы выбараў, то на агледзеным тыдні на ўсіх трох тэлеканалах былі зафіксаваныя тэматычныя матэрыялы з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры). На тэлеканале ОНТ такіх сюжэтаў выяўлена 86% ад агульнай колькасці тэматычных (12 з 14), на “Беларусь 1” - 78% (14 з 18), на тэлеканале “Белсат” - 67% (8 з 12).

Праблемы з адпаведнасцю стандарту даставернасці інфармацыі назіраліся ў 93% матэрыялаў тэлеканала ОНТ, 92% сюжэтаў “Белсата” і 67% “Беларусь 1”.

Сюжэтаў з хібамі ў адпаведнасці стандарту паўнаты інфармацыі  на ОНТ выявілася 93% ад агульнай колькасці, на “Белсаце” –  83%, на “Беларусь 1” – 61%.

У кантэксце асвятлення выбараў брак адказаў на класічнае “што? дзе? калі? як адбылося?” ёсць досыць сымпаматычным – з-за спецыфікі падачы тэматычных матэрыялаў на дзяржаўных тэлеканалах. Яна мела падкрэслена дыскрыптыўны характар. Адказы на падставовыя пытанні інфармацыйнага паведамлення нібыта прысутнічалі у сюжэтах, што распавядаюць, напрыклад, пра агітацыю ў выкананні кандыдатаў на прэзідэнта, але адно фармальна:

што? – пікет Караткевіч (Улаховіча, Гайдукевіча, Лукашэнкі)

дзе? – на Камароўцы (у Шчучыне, Белкаапсаюзе і г.д)

калі? – сёння (заўтра, на тыдні …)

як?“говорил о планах в экономике, образовании и медицине, отвечал на вопросы” (Беларусь 1, 30.09.2015) (“подобное открытое общение команда кандидата планирует вести вплоть до дня голосования” (“Беларусь 1”, 29.09.2015) “в Гродно уделили внимание преподавателям и студентам” (ОНТ, 01.10.2015) і да т.п.).

Вось прыклад характэрнага для дзяржаўных каналаў асвятлення дзейнасці кандыдатаў на прэзідэнтства падчас агітацыйнай кампаніі:

(цытуецца цалкам, працягласць сюжэта – 59 сек.)

Выборы Президента все ближе, агитация набирает обороты. Кандидаты и их доверенные лица продолжают проводить пикеты по всей стране.

Листовки в Минске раздавали сторонники Сергея Гайдукевича. Местом проведения пикетов стали площадки у ГУМа и филармонии. А витебский штаб кандидата выбрал подомовой обход граждан: брошюры в почтовых ящиках вечером нашли тысячи горожан.

По всей стране продолжают общаться с избирателями и доверенные лица Александра Лукашенко. В Бресте одна из встреч прошла в университете имени Пушкина. Со студентами говорили о поддержке молодежи и особенно начинающих педагогов.

Татьяна Короткевич после утреннего обращения к избирателям по радио провела и личную встречу с гражданами в одной из столичных гимназий. В своем выступлении кандидат говорила о необходимости преобразования в экономике и социальной сфере.

Возможность обратиться к гражданам в радиоэфире воспользовался и Николай Улахович. Его сторонники готовились к агитации в выходные. В штабе кандидата сообщили, что 3 октября проведут большой пикет у Комаровского рынка” (ОНТ, 02.10.2015).

На ОНТ у гэты дзень гэта было адзінае паведамленне пра выбарчы працэс.

Іншымі словамі, і “Беларусь 1”, і ОНТ па сутнасці не інфармуе, а імітуе інфармаванне, ствараючы замест інфармацыйнага прадукта ягоны сімулякр, сэнсава і змястоўна пустую абалонку.

На тэлеканале “Белсат” спецыфікі ў парушэнні стандарта паўнаты інфармацыі не зафіксавана: ёсьць хібы з адказамі на падставовыя пытанні, прапісваннем бэкграўнду падзеі, прысутнічае шматсюжэтнасць у межах аднаго матэрыяла і інш. нюансы, што перашкаджаюць зразумець, што і чаму насамрэч адбылося. Напрыклад, тое, што мусіла стаць эксклюзіўным рэпартажам пра лёс бабулек-выканаўцаў песні пра Лукашэнку, трапіўшых ў агітацыйнае перадвыбарнае шоў, апынулася замалёўкай з характэрным для “Белсата” мэсыджам: “Гэтая вёска памірае. Памірае, але славіць правадыра" (“Белсат”, 28.09.2015).

75% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, 72% “Беларусь 1” і 50% ОНТ мелі праблемы з адпаведнасцю стандарту балансу думак.

Дзеля дэманстрацыі падыходу тэлеканалаў да пытання баланса думак былі падлічаныя сінхроны ўдзельнікаў выбарчага працэсу ў эфіры падчас тыдня маніторынгу. Наўпроставыя прамовы суб’ектаў вылічваліся ў матэрыялах, якія мелі наўпроставае дачыненне да тэмы выбараў

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

  Парушэнні стандартаў “Беларусь 1” ОНТ “Белсат” Заўвагі
1 Матэрыялы на тэму дня незалежнасці з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (колькасць) 14 (з 18) - 78%  12 (з 14) - 86% 8 (з 12) - 67% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
  Матэрыялы на тэму дня незалежнасці з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (час) 52 хв. 31 с. (з 55 хв. 37 с.) - 95% 33 хв. 07 с. (з 35 хв. 15 с.) - 94% 21 хв. 13 с. (з 31 хв. 22 с.) - 68%  Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
  1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры) 14 12 8 Вылічваецца з матэрыялаў на тэму дня незалежнасці, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці ці рэкламы 2 1 0 Вылічваецца з матэрыялаў на тэму дня незалежнасці, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
  1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа 0 0 0 Вылічваецца з матэрыялаў на тэму дня незалежнасці, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры
4 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту балансу думак 13 (з 18) - 72% 7 (з 14) - 50% 9 (з 12) - 75% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
5 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 11 (з 18) - 61% 13 (з 14) - 93% 10 (з 12) - 83% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
6 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 11 (з 18) - 61% 8 (з 14) - 57% 9 (з 12) - 75% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
7 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту даставернасці інфармацыі 12 (з 18) - 67% 13 (з 14) - 93% 11 (з 12) - 92% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
8 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 8 (з 18) - 44% 4 (з 14) - 29% 7 (з 12) - 58% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
9 Матэрыялы на тэму выбараў з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 1 (з 18) -6% 1 (з 14) - 7% 5 (з 12) - 42% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці

Поўны тэкст маніторынгу тут

Усе табліцы з дадзенымі тут

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: