ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Палітыкі, не прыніжайце журналістаў!

Былы палітвязень Мікола Статкевіч двойчы запар сурова прайшоўся на “Хартыі” па недзяржаўнай прэсе. У прыватнасці, папракнуў за асвятленне нядаўняй прэзідэнцкай кампаніі: “Нельга фармаваць хлуслівую карціну свету. Таму што пад час гэтай кампаніі медыі паспрабавалі адлюстраваць спектакль як нешта сапраўднае”.

Паводле Статкевіча, “не можа быць у Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі”. Ён перакананы, што “асвятленне СМІ гэтых нібыта выбараў і нібыта альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных апанентаў Лукашэнкі, было часткай спецаперацыі, арганізаванай уладамі”.

Паколькі ніякай раскладкі па палічках тут няма, трэба разумець, што ўсе, хто пісаў пра мінулыя выбары без двукоссяў, — прыслужнікі рэжыму.

Але ж давайце паспрабуем раскласці па палічках. Я адразу выношу за дужкі дзяржаўную прэсу. Бо ёй насамрэч даводзяцца планы, даюцца арыенціроўкі, рэдактараў рэгулярна выклікаюць на планёркі ды нарады наверх.

Што ж да недзяржаўнай прэсы, то, зноў жа, ёсць розныя выданні (на рэгіянальныя СМІ вертыкаль цісне значна мацней) і розныя жанры. У інфармацыйных жанраў — свае правілы. Журналісцкія заметкі — гэта не апазіцыйныя пракламацыі.

Рэпарцёр БелаПАН не можа пісаць у заметцы ад свайго імя “так званыя выбары”, “фарс”, “клаўнада” і да т.п. (нават калі прыблізна так іх асабіста і ацэньвае). Іншая рэч, што такія ацэнкі могуць прагучаць, калі следам за фактам ідзе каментар з вуснаў, напрыклад, Міколы Статкевіча (Анатоля Лябедзькі, Паўла Севярынца, Сяргея Калякіна — патрэбнае падкрэсліць). І гэтым рэпарцёры актыўна карыстаюцца.

Карацей, існуюць сусветна прызнаныя стандарты інфармацыйнай журналістыкі. Нават калі нейкі азіяцкі ці афрыканскі дыктатар ладзіць яшчэ болей адыёзнае, чым у нас, электаральнае шоў — усё адно Рэйтэр ці Франс-прэс будуць ужываць азначэнне “выбары”, дадаючы ў бэкграўндзе, што, паводле назіральнікаў, яны былі недэмакратычнымі.

 

Прэса рэагуе на інфармацыйныя нагоды

Недзяржаўная прэса (уключна з аўтарам гэтых радкоў) багата піша і пра Лукашэнку (пры тым што для многіх праціўнікаў ён — “нелегітымны”). І будзе багата пісаць без аніякай замовы з высокіх кабінетаў, пакуль гэты чалавек рэальна вырашае практычна ўсё ў нашай краіне. Пераможаце вы — атрымаеце не меншую долю ўвагі (хоць і сёння апазіцыі грэх скардзіцца).

Што жа да той вялікай ўвагі, якая, на думку Статкевіча, была несправядліва нададзена падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі Таццяне Караткевіч, то не збіраюся быць яе адвакатам, але ж факт тое, што каманда “Гавары праўду” актыўна ды крэатыўна стварала інфармацыйныя нагоды, прафесійна, тэхналагічна працавала ў медыйнай плашчыні.

Калі стваралі інфармацыйныя нагоды сваімі вулічнымі акцыямі Статкевіч, Лябедзька, Уладзімір Някляеў, дык шырока асвятляліся і тыя падзеі: у рэжыме рэальнага часу, з фотамі, відэа, каментамі з сацыяльных сетак і г.д. Скажу болей: адлюстраванне некаторых акцый было нашмат болей крэатыўным, магутным, чым самі акцыі. Кладучы руку на сэрца, іх раздзімалі ў медыйным вымярэнні, бо надта ж згаладаліся журналюгі хоць па нейкім драйве.

Разам з тым, напрыклад, Naviny.by, як высветліў маніторынг БАЖ, нечакана багата месца адвялі кандыдату Мікалаю Улаховічу. І тут усё тлумачыцца проста: хаця атаман і дэклараваў у лоб, што ён апалагет рэжыму, але ж сама фігура была каларытная, а ляпы (адно выказванне пра баброў чаго вартае) — сапраўднымі хохмамі.

Што ж да Караткевіч, яе стратэгіі мірных перамен, то і крытыкі было багата. Але гэта ўжо ў іншых жанрах — артыкулах, каментарах. Загаловак аднаго з тэкстаў Паўла Вусава на Naviny.by кажа сам за сябе: “Чаму Таццяна Караткевіч — фэйкавы кандыдат”.

З іншага боку, хто-кольвек з аўтараў даў дыхту і асобным сённяшнім паплечнікам Статкевіча, каторыя спачатку паспрабавалі балатавацца, селі ў галёш са зборам подпісаў, а потым рэзка сталі на платформу ігнору. Ды яшчэ запэўнівалі, што ляжанне на канапе з дуляй у кішэні — ні болей ні меней як Плошча-2015. Гэта, дарэчы, да пытання, хто ў нас стварае ірэальную карціну свету.

І не трэба за кожным выпадкам, калі крытыкуецца апазіцыя, бачыць замову ўладаў. Незалежнасць СМІ акурат у тым, каб не было святарных кароў.

Нарэшце, называючы фарсам, клаўнадай выбары-2015, не забывайце, што многія аналагічна ацэньвалі і выбары-2010 з іх бязладным парадам кандыдатаў (асобныя з якіх, здаецца, таксама не грэбавалі ксерыць подпісы). І таксама была папулярная думка, што гэты россып кандыдатаў ёсць сцэнаром улады.

 

Праблема не столькі ў самацэнзуры, колькі ў браку фактуры

Што ж да ціску з боку рэжыму, то мы пад ім усе. На жаль, гэта дэфармуе і светаўспрыманне апазіцыйных палітыкаў: усюды мрояцца падкопы, спецаперацыі, агенты. І часта пачынаецца пошук у цёмным пакоі чорнай коткі, якой там няма.

Разумееце, прэса працуе па сваіх законах. Яе місія — пісаць пра ўсё, што адбываецца і мае грамадскі інтарэс, прываблівае чытача. Не варта забываць і бізнес-складнік медыйнай справы: трэба прадаць наклад, мець добрае наведванне сайта, трэба, каб тваю інфармацыю куплялі. І таму ці іншаму палітыку не варта думаць, што ягоная ідэйнасць, палымяныя лозунгі самі па сабе павінны выстройваць журналістаў у чаргу па інтэрв’ю. Друкуйце вашы агіткі на сваіх сайтах.

У рэшце рэшт, не трэба элементарна прыніжаць журналістаў, дэ-факта агулам навешваючы на іх ярлык баязліўцаў, прыстасаванцаў, паслугачоў рэжыму. Амаль што пяць гадоў пасля Плошчы-2010 дзясяткі беларускіх СМІ прынцыпова раскручвалі тэму палітзняволеных. Мае калегі ўпарта ставілі гэта пытанне на прэс-канфэрэнцыях, наклікаючы на сябе гнеў самага высокага начальніка. Мо вы мяркуеце, што і гэта было спектаклем, спецаперацыяй, распрацаванай “куратарамі з КДБ”?

Так, самацэнзура мае месца, але не трэба яе перавялічваць. Значна большай праблемай для нашых журналістаў ёсць закрытасць сістэмы, калі амаль што немагчыма накапаць моцнай, жалезнай фактуры. А за абвінавачанні без доказаў журналіст рызыкуе трапіць пад суд і ў дэмакратычнай краіне. Тым не меней, жанр расследаванняў і ў Беларусі трымаецца, мае калегі пішуць і пра катэджы у “царскіх сёлах”, і пра многія іншыя цёмныя справы вялікага начальства.

Сайты БелаПАН траплялі пад блакаванне летась у снежні, калі мы пісалі праўду пра “гібрыдную дэвальвацыю”, нас глушылі DDoS-атакамі напачатку кастрычніка, калі мы напісалі праўду пра ператвораную у піяр-акцыю кандыдата Лукашэнкі “Малітву за Беларусь”. Трэба мець ну надта вялікую фантазію, каб думаць, што такія матэрыялы дазваляюцца нейкімі куратарамі зверху.  Я сам пра гэта пісаў, і гэта адразу ішло на сайт. 

Разам з тым, пакажыце мне нейкую асаблівую, знішчальную праўду пра рэжым, якую агалілі тыя СМІ, што робяцца з-за мяжы. Мо яны зладзілі нейкія крутыя расследаванні, знайшлі, напрыклад, “Лукашэнкавы мільярды” (ён жа раз-пораз сам цвеліць: знойдзеце — будуць вашы)? Не, голы васэр.

Яшчэ болей: гэтыя рэсурсы амаль што не прадукуюць уласнага кантэнту, а збольшага перадзіраюць яго з… тых самых медый, што робяцца ў Беларусі. Калі вы такія смелыя, калі можаце пісаць вольна, выкрываць тое, што баяцца выкрываць унутры краіны, дык чаму не паказваеце ўзор, а шалёна капіпасціце “падцэнзурную” прэсу, якая, паводле вашай версіі, цалкам пад каўпаком спецслужбаў? Ці не таму, што ў саміх з прафесіяналізмам слабавата? Пісаць жа агульныя словы пра “злачынны рэжым”, культываваць мову нянавісці — шмат глуздоў не трэба.

 

Хто “сапраўдныя”, а хто “псеўды”: чыёй класіфікацыяй кіравацца?

Яшчэ раз падкрэслю: гэта не справа журналістаў — вешаць ярлыкі: вось сапраўдныя змагары, а вось псеўды, агенты.

Па-першае, калі адкрыюцца архівы КДБ, нас ці нашых патомкаў чакае багата сенсацый. Гісторыя сведчыць, што агентамі аказваліся і нібыта радыкальныя антырэжымныя фігуры.

Па-другое, вы між сабой спачатку разбярыцеся. Для КХП-БНФ, здаецца, ледзь ці не ўсе астатнія — псеўды, падстаўная апазіцыя, марыянеткі і агенты. Калякін, праляцеўшы мінулым летам як фанера над Парыжам са зборам подпісаў за сваё вылучэнне, абвесціў несапраўднай апазіцыяй “Гавары праўду”. У сваю чаргу, сам старшыня “Справядлівага свету” атрымаў аналагічную плюху ад Статкевіча, каторы па выхадзе з турмы заявіў, што былых камуністаў назваць дэмакратамі язык не паварочваецца. А потым той самы Статкевіч падпісаў ліст у Брусель супольна з… Калякіным, і гэта наводзіць на думку, што з апошняга ўжо знятая епіцім’я.

Хлопцы, а вы самі не заблыталіся? І чыю класіфікацыю прэсе браць за канон — Пазьнякову, Лябедзькаву, нечую яшчэ? Ці ўсё ж пакінеце за медыямі права быць па-над вашымі бясконцымі сваркамі ды глядзець са здаровым крытыцызмам на вашы чарговыя эпахальныя ініцыятывы, што адна за адной правальваюцца?

Вось Мікола Статкевіч папракае СМІ за тое, што няправільна падалі нядаўні ліст пяці апазіцыянераў у Брусель, бо засяродзілі ўвагу на ідэі круглага стала з уладай. Маўляў, “з дакумента, прысвечанага выбарам, падрыхтоўцы да іх, змене выбарчага заканадаўства, быў штучна выдраны гэты малазначны палітычны тэзіс і зроблены асноўным”.

Найперш зазначу, што ў інфармацыйных матэрыялах, напрыклад таго ж БелаПАН, былі старанна выкладзены ўсе пункты прапанаванай падпісантамі дарожнай мапы.

У каментарах жа некаторыя медыі сапраўды зрабілі акцэнт на прапанове круглага стала, бо яе рэалізацыя ўяўляла б сабой сапраўды фантасмагарычную карціну: аўтарытарны кіраўнік, які цалкам валодае сітуацыяй, раптам пачне вытанцоўваць перад расцярушанай, як ніколі слабой “купкай адмарозкаў” (яго ж лексіка).

Звярнула на сябе ўвагу і тая пікантная акалічнасць, што трохі раней падпісанты называлі афіцыйнага лідара нелегітымным. А цяпер, значыць, хочаце, каб Еўразвяз вам зладзіў дыялог з тым нелегітымным?

Была падстава для іроніі — вось яна і ўвасобілася ў каментарах, у медыйных акцэнтах. Гэта права СМІ — ставіць акцэнты, а не проста тыражаваць партыйныя прэс-рэлізы.

Увогуле прафесійныя палітыкі і партыі ў краінах, дзе ідзе рэальная барацьба за ўладу, не павучаюць прэсу, а самі навучаюцца ўзаемадзейнічаць з ёю — выпрацоўваюць адмысловыя стратэгіі, складаюць медыяпланы, ствараюць кваліфікаваныя прэс-службы. У нас жа дасюль некаторыя апаненты Лукашэнкі мысляць, як ён, хочаць бачыць у СМІ толькі рупары, “органы”. А калі журналюгі пішуць не пад нос — ну каню ж зразумела, заказуха!

Паказальна, што пры гэтым апазіцыянеры, маючы асабістыя ці партыйныя сайты, стараюцца часцей прафігураваць са сваімі артыкуламі, інтэрв’ю, каментарамі менавіта у “падцэнзурнай” прэсе. І тым самым дэ-факта прызнаюць, што яна не такая ўжо і бяззубая. І што ўвогуле журналісты трохі лепей ведаюць, як рабіць газету, відэасюжэт ці сайт.

Оценить материал:
4
Средняя: 3.7 (3 оценок)
распечатать Обсудить в: