У сённяшнім маім аглядзе – яшчэ адно выданне родам з канца вірлівых 90-х. Нагадаю, што тады ў Беларусі была яшчэ адна буйная хваля стварэння самвыдату. Яна прыйшлася на 1996-1997 гады, калі ўлада і апазіцыя зацята змагаліся адно з адным. У той час у палітычную барацьбу ўключылася маладое пакаленне, якое не паспела ўзяць удзел у хвалі Адраджэння 1988-91 гадоў.
Менавіта напрыканцы 90-х быў створаны і вельмі актыўна сабе праяўляў “Малады Фронт” – маладзёвае і радыкальнае крыло БНФ. Менавіта “Малады Фронт” распачаў выданне газеты “Маладзёвы весьнік”. У маю калекцыю трапілі (і тое не цалкам) тры нумары – № 1(1), № 2(2) – гэта за верасень 1997-га – і № 7(12) за чэрвень 1998-га.
Мова выдання – беларуская, правапіс – “тарашкевіца”. Друк чорна-белы, часам афсетны, часам на рызографе. Папера таксама розная – часам якасная белая, часам кепская жаўтаватая газетная. Фармат – А4, наклад – розны, на адных нумарах пазначана 499 асобнікаў, на іншых – 199 асобнікаў, восем старонак, шмат ілюстрацый, вёрстка на той час сучасная.
Галоўным рэдактарам быў Аляксей Шэін, сёння – актывіст БХД. За макет і вёрстку, а таксама напісанне часткі артыкулаў адказваў Цімафей Дранчук. Ён жа распавёў нам пра гісторыю “Маладзёвага весьніка”.
- Калі і пры якіх абставінах з'явілася газета "Маладзёвы весьнік"?
- Мабыць, у 1997 годзе. На чарговым сходзе Маладога Фронту прыйшлі да высновы, што мусім мець свой уласны рупар. Ініцыятыву выказаў Павал Севярынец, а я ўзяўся за тэхнічную рэалізацыю.
- Колькі чалакек тады працавала над першым нумарам? А над наступнымі?
- Шмат часу прайшло, каб памятаць такія падрабязнасці, але, падаецца, над першым працаваў Севярынец, узяўшыся за падбор матэрыялаў, а я ўзяў на сябе тэхнічны бок – вёрстку і друк. У наступныя нумары пачалі падцягвацца іншыя аўтары-маладафронтаўцы, неўзабаве з’явілася сталая рубрыка “Двубой”, дзе два маладафронтауцы выказвалі меркаванні адносна нейкай адной злабадзённай тэмы.
- Дзе друкавалася газета?
- Дзякуючы Віктару Івашкевічу, мы адразу выйшлі на сур’ёзны ўзровень – ён друкаваў нам “Весьнік” разам са сваім бюлетэнем “Рабочы” афсетным друкам. Ну не кожны раз – бываў у нас і рызограф, але ж і афсетам мы тады маглі пахваліцца праз раз.
- Колькі ўвогуле нумароў выйшла?
- Мабыць, пару дзесяткаў. Рубрыка “Двубой” стала пачаткам канца. У “Двубоі” тагачасны кіраунік спартовага аддзелу Лявон Васючэнка абмяркоўваў з апанентам нейкую рускую тэму, і ўпрыгожыў свае словы яскравымі выразамі кшталту “скальпы маскалёў” і “вешаць на слупах”. Зразумела, што гэта быў гумар, можа і не вельмі тонкі. Але пракуратура не раздзяліла наша пачуццё гумару і завяла крымінальную справу за распальванне міжнацыянальнай варожасці.
- З якімі галоўнымі праблемамі вы сутыкаліся?
- У тым узросце, што быў я, праблемы наогул не існавалі. Самыя вялікія праблемы – гэта спрэчкі з Севярынцам адносна змяшчэння некаторых артыкулаў. Ну таксама праблемай можна назваць тое, што пачынаючы з выпуска прыблізна сёмага, “Маладзевы весьнік” забаранілі распаўсюджваць на Ўправе БНФ. Мы там ім гандлявалі, і даволі паспяхова, зарабляючы на ўнутраныя рэдакцыйныя патрэбы. Справа ў тым, што мы тады мелі розны погляд на негвалтоўны супраціў, які тады вельмі актыўна прапагандаваў адзін з кіраўнікоў Фронту. І ў адным з нумароў я змясціў на апошняй старонцы фельетон пра тое, як я адзін дзень змагаўся з рэжымам шляхам “198 метадаў негвалтоўнай барацьбы”. Гэта страшна раззлавала кіраўніцтва Фронту, і “Весьнік” быў пазбаўлены сваей галоўнай гандлевай пляцоукі. Прыйшлося распаўсюджваць партызанскімі метадамі.
- Чаму выпуск выдання быў спынены?
- Крыминальная справа, а пасля і Севярынца пасадзілі… Але ж гэта ўсё было крута. Класны і цікавы вопыт, які стаўся адным з чыннікаў майго рашэння паступіць на журфак.
- Хто фінансаваў выданне?
- Усе фінансаванне заключалася ў друку. Дзякуючы Віктару Івашкевічу мы дагэтуль памятаем пра “Весьнік”. Астатняе – сваімі рукамі. Мой бацька тады выпускаў газету “Белавежская пушча”, дзякуючы гэтаму дома быў кампутар і прынтар. Тэхнічна, інтэрнэтам і доступам да фотабазы дапамагаў “IREX”, таксама фотаздымкамі дапамагалі тагачасныя легенды фотамайстэрства спадар Кармілкін, Сяргей Грыц, аператар Беларускай Маладзёжнай Сяргей Чырык. Вось і ўсе фінансаванне.