ОБ АВТОРЕ

Постоянный корреспондент Mediakritika.by.

Журналист-фрилансер. SMM'щик.

Экс-редактор ныне замороженного проекта 'Belarusian News Photos'.

В 2014 году окончил Институт журналистики БГУ.

Член БАЖ

Вы здесь

Natatnik.org: «Стварыць сайт амаль без грошай можна»

Интервью

Два тыдні таму каманда журналістаў запусціла некамерцыйны грамадска-культурніцкі сайт пра жыццё Берасця Natatnik.org.

Mediakritika.by паразмаўляла са стваральнікам праекта Максімам Хлябцом пра ідэю, канкурэнцыю, манетызацыю, прамежкавыя вынікі і спецпраекты.

- Максім, у чым ідэя новага праекту?

- Natatnik.org - сайт пра горад Берасце. Мажліва, у нас будуць рэспубліканскія навіны, але якія тычацца кожнага берасцейца. Праект грамадска-культурніцкі. Мэтавая аўдыторыя —  берасцейцы, якія цікавяцца падзеямі, што адбываюцца ў горадзе, тым, што адчыняецца ў горадзе (кавярні і інш.).

Ідэя праекта з'явілася гады паўтары таму. І увесь гэты час я шукаў праграміста, які б бясплатна — гэта была галоўная ўмова — стварыў сайт. Потым шукаў чалавека, які б бясплатна мог стварыць хаця б нейкае падабенства дызайна сайта. І ўжо потым, калі зразумеў, што стварыць сайт амаль без грошай можна, шукаў зацікаўленых людзей, якія б маглі пісаць, як і я, бясплатна.

Зараз «Мы» - гэта каманда людзей, якія ці раней займаліся журналістыкай і вырашылі вярнуцца ў сферу, ці журналісты, якія вырашылі рабіць штосьці сваё. Зараз нас у камандзе шэсць чалавек і яшчэ двое хутка ўключацца ў працу.

- Чуў, са стварэннем сайта была звязана трагічна-павучальная гісторыя?

- Спачатку быў створаны першы сайт, але ён згінуў разам з праграмістам, які збег. Той распрацаваў сайт, намаляваў нейкі дызайн — гэта быў ужо напалову гатовы сайт. А потым гэты чалавек сказаў: «Хлопец, калі ты хочаш, каб ён застаўся ў цябе, то плаці мне 500 даляраў. Тады я аддам табе ўсе лагіны і паролі і сайт дапрацоўвай сам». Я ж ад самага пачатку казаў яму, што грошай ніякіх не будзе і таму адказаў: «Пакідай сабе гэты сайт і рабі з ім што хочаш». А сам стаў шукаць новага праграміста.

Па тым першапачатковым адрасе зараз нічога няма. Як я разумею, праграміст проста падаўжае рэгістрацыю на сябе, каб потым перапрадаць імя. Ёсць такія людзі, яны называюцца «кіберсквотэрамі».

- Але ж, калі я не памыляюся, у Берасці ўжо працаваў праект LITARY.net, і ты, падаецца, быў задзейнічаны ў ім. Што з ім сталася?

- Так, я ад пачатку быў з камандай LITARY, мы некалькі разоў сустракаліся. Але потым так адбылося, што мы разыйшліся. Яны, мусіць, ужо два гады таму пачалі свой сайт. І пачалі вельмі добра, але штосьці здарылася… Абнаўленні на сайце выходзілі ўсё радзей і ў выніку зусім спыніліся. І толькі апошнімі месяцамі ізноў больш-менш актыўна выходзяць новыя артыкулы.

Мне  хацелася чагосьці іншага, больш разнастайнага. На «Літарах» я не мог такога пачытаць, бо гэта праект культурніцкі. А астатніх сайтаў у Берасці і так мала, ў асноўным там пішуць пра нейкія аварыі, палітыку,  перадрукоўваюць прэс-рэлізы МНС... Пасля пайшло развіццё такіх сталічных сайтаў як CityDog.by ці KYKY.org і захацелася нешта падобнае зрабіць у Берасці.

- Чаго вы ўжо дасягнулі  за два тыдні існавання?

- За гэтыя некалькі тыдняў у нас ужо з'явіліся інтэрв'ю з Аляксандрай Герасіменяй, Уладзімірам Арловым. З'явіўся праект пра танныя сталоўкі Берасця — дзе можна смачна паесці за 2 даляры. Зрабілі артыкул пра першы берасцейскі барбершоп, дзе мужчыны могуць пагаліць бараду. З'яўляюцца і іншыя цікавыя матэрыялы.

Думаю, праект будзе развівацца. Таму што людзі не адкінуліся пасля запуску сайта, а наадварот — ім карціць пісаць! Я бачу агеньчык у вачах людзей, якія ўжо перасталі займацца журналістыкай, пачалі працаваць на іншых пастаянных работах, і якіх ізноў старая дзейнасць зацікавіла.

-  Вы нават спецпраект «Перерыв на обед» запусцілі.? Чым ён адметны?

- У Берасці я такога нідзе не чытаў. Былі артыкулы пра сталоўкі агулам, але каб нейкі агляд — не. Я потым гугліў такое па ўсёй Беларусі і адшукаў толькі на CityDog. Яны ў 2012 годзе зрабілі мапу менскіх танных сталовак і наведалі толькі некалькі з іх. У нас два чалавекі не проста прыходзяць і ядуць. Адзін чалавек заказвае ўсё самае таннае, другі самае дарагое (вырашаем хто якое на 'Камень-Ножницы-Бумага') і потым апісваем нашыя абеды. Чытачам, здаецца, такі фармат цікавы.

Ёсць у нас і шэраг іншых  ідэй спецпраектаў. Два з іх мы ўжо пачалі распрацоўваць. Яны будуць звязаны з гісторыяй. Пра гісторыю Берасця шмат пішуць, але ў такім ключы, як хочам зрабіць мы, нідзе няма. І, вядома, калі каманда будзе сустракацца часцей, такіх праектаў будзе нараджацца ўсё больш і больш.

- Ці ёсць планы па манетызацыі сайта?

- Праект цалкам некамерцыйны. Мы трацім толькі свае грошы на даменнае імя, хостынг і бягучыя выдаткі. Ды і на бліжэйшыя планы не было такога, што «трэба тэрмінова зарабляць грошы».

Ад пачатку для мяне было галоўным не залежыць ад грошай. Не залежыць ад нейкай рэкламы. Я ўсім, калі прасіў пісаць, так і казаў, што гэта будзе бясплатна. На першы год у мяне дакладна няма планаў па манетызацыі. Калі за год мы нешта зробім, паспеем зрабіць сайт з пастаянна абнаўляючымся кантэнтам, калі на яго пастаянна будзе заходзіць шмат людзей чытаць нашыя артыкулы, тады можна будзе падумаць. Самыя крутыя планы: выцягнуць аўтараў з іхніх сталых месцаў працы, каб яны толькі пісалі. А зараз фотаздымачы, дыктафоны і кампутары ёсць, асабліва грошай не патрабуецца.

- Як наконт блогаў на сайце?

- Ад самага пачатку мы планавалі, што ў нас будуць блогі. І яны ёсць на тытульнай старонцы пад шапкай з галоўнымі навінамі. Там шэсць месцаў. На жаль, блогераў, якія будуць вельмі цікава пісаць пра актуальныя падзеі ў Берасці, пакуль складана адшукаць. Такіх людзей, я лічу, наогул мала існуе.

Пакуль што мы напісалі два блога самі. А астатняе — прабел, белая пляма сайта. У Фэйсбуку ёсць дзеячы, якія на свае старонкі посцяць класныя пасты. Мы спрабуем папрасіць гэтых людзей, каб напісалі не ў сацсетку, а для нас. Пакуль што аніхто не адказаў, але калі яны будуць пагаджацца, гэта будзе класна. Ім карысць — усе іхнія пасты будуць знаходзіцца ў адным месцы. Нам карысць — блогер “расшарываць” спасылку на пост сярод тых самых фэйсбучан, і гэта дасць сайту наведвальнасць. І гэта рост!

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: