ОБ АВТОРЕ

Журналіст-фрылансер.

У 2013 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Працаваў і супрацоўнічаў з газетамі “Всё о футболе”, “Прессбол”, “Радыё Свабода” і іншымі выданнямі.

Цікавіцца спортам, палітыкай у спорце, падарожжамі, інтэлектуальнымі гульнямі.

Вы здесь

"Х распавёў, чаму ён не Y", або Разважанні пра правіла перагорнутай піраміды ў навінах

Ремесло

Рэзкія загалоўкі, нечаканыя ліды – усё гэта даўно стала нормай для рэпарцёраў. Mediakitika.by задалася пытаннем, ці варта сучаснаму рэпарцёру працягваць пісаць навіны згодна правілу перагорнутай піраміды і ці могуць альтэрнатыўныя спосабы напісання рэпарцёрскіх матэрыялаў прыцягнуць увагу чытача.

Карэспандэнт “Deutsche Welle” Паўлюк Быкоўскі лічыць, што перагорнутая піраміда мае свае задачы ў розных відах журналістыкі:

- Перагорнутая піраміда ў друку мае свае задачы, у вэб-журналістыцы – крыху іншыя. Калі навінны артыкул будуецца па такім прынцыпе, то сутнасць падзеі падаецца на самым пачатку – у лідзе, далей ідуць цытата ў падтрымку ліда, падрабязнасці, меркаванні розных бакоў і г. п. Маецца на ўвазе, што чытач папяровай газеты можа з дапамогай загаловачнага блоку хутка зразумець асноўнае і не абавязкова будзе чытаць навіну да канца. Пры гэтым у папяровай журналістыцы няма такога жорсткага патрабавання да інфармацыйнасці загалоўкаў, бо разам з лідам, ілюстрацыяй чалавек можа зразумець і гульнёвы загаловак, або зверне на яго ўвагу, як на назву літаратурнага твора, сэнс якога можна зразумець толькі пасля прачытання кнігі.

У вэб-журналістыцы пачынаюць працаваць іншыя механізмы. Значная частка аўдыторыі прымае рашэнне чытаць або не чытаць тэкст выключна на падставе загалоўку артыкула, які бачыць у спісе іншых загалоўкаў – у RSS стужцы, на старонцы выдачы ў пошуку, або фрэндстужцы сваёй сацыяльнай сеткі, якую праглядае, напрыклад, на мабільным прыстасаванні. Таму ў сеціве больш эфектыўныя не інтрыгуючыя, а інфарматыўныя загалоўкі, а з пункту гледжання SEO ў іх спрабуюць ставіць пэўныя ключавыя словы. У інтэрнэце даводзіцца думаць пра тое, каб загаловак спрацаваў і для людзей, і для пошукавых робатаў.

Разам з тым у сеціве ўвогуле мяняецца загаловачны блок, які замяняецца тызерам (teaser). Калі ў друку лід імкнецца даць поўную, хаця і лаканічную справаздачу пра падзею, то тызер працуе прынадай, якая прымушае чытача зачапіцца вокам за паведамленне і перайсці з галоўнай старонкі сайта, або з віджэта на старонку матэрыялу. Таму ў тызеры нельга адказваць на ўсе асноўныя пытанні, але неабходна даваць сарыентавацца пра што будзе тэкст. Рэкламная функцыя тызера часткова разбурае прынцып піраміды, але далей тэкст навіны звычайна падаецца традыцыйным чынам. Праўда ёсць магчымасць скарачэння блокаў, адказных за ўвядзенне ў кантэкст, за кошт гіперспасылак на ўсе папярэднія “150 серый”, а таксама скарачэнне цытавання за кошт выкарыстання мультымедыя.

Але перагорнутая піраміда ў поўным аб'ёме працуе толькі ў навінах і не прыстасавана для іншых жанраў – інтэрв'ю, анлайн-рэпартаж, нарыс і г. п.

Асабіста я не стаў бы ўвязваць перагорнутую піраміду і дэвальвацыю якасных загалоўкаў у сучаснай журналістыцы. Калі журналісцкая праца была больш павольнай, чым зараз, журналіст нароўні з літаратарам імкнуўся да штукарства, больш працаваў над аздабленнем тэкстаў. У менш таленавітых аўтараў гэта вяло або да механічнага выкарыстання штампаў, то бок найперш сцёртых метафар, або да бяздумнага насычэння літаратурнымі прыёмамі інфармацыйнага паведамлення. Больш за ўсё ў такім падыходзе даставалася загалоўку. Аднойчы, калі я праводзіў майстар-клас, мне паскардзіліся на рэдактара газеты, які патрабаваў рыфмаваць ўсе суседнія загалоўкі. Добра, што яшчэ артыкулы не трэба было пісаць у вершах.

”Прыгожыя” загалоўкі, якія не зразумелыя без кантэксту, вельмі ўласцівыя для беларускай папяровай журналістыкі ў незалежнасці ці структуруецца тэкст ад важнага да менш важнага, або выкладаецца храналагічна-паслядоўна, або з'яўляецца вынікам аналітычнай працы.

Наколькі часта я сутыкаюся з “танным” матэрыялам, які вабіць сярэднестатыстычнага чытача, але насамрэч не ўтрымлівае ў тэксце інфармацыі, якая б адпавядала загалоўку? Прыёмы штучнай драматызацыі, калі значэнне падзеі перабольшваецца і спецыфічна афарбоўваецца ў адпаведнасці са стэрэатыпамі, або падману з выкарыстаннем супадаючых прозвішчаў, шматзначных слоў – досыць распаўсюджаныя ў беларускай журналістыцы. Яны да пэўнай мяжы эфектыўныя, таму без асцярогі выкарыстоўваюцца ў ”жоўтых” і прапагандысцкіх выданнях, з перасцярогай – у іншых.

У Беларусі на мой погляд адсутнічаюць добрыя ўзоры якаснай журналістыкі (гэтую ролю звычайна адыгрываюць дзелавыя выданні або рэспектабельныя выданні для эліты грамадства, якія мусяць прытрымлівацца свайго кшталту правіл прыстойнасці), але ёсць някепскія ўзоры моцных масавых выданняў. Аднак масавыя выданні як раз арыентуюцца на масавага чытача і, каб яго прывабіць, часам пераводзяць фокус з важных рэчаў, якія магчыма выглядаюць абстрактнымі, але зменяць жыццё чытача, на нейкія відавочныя рэчы, якія з большай верагоднасцю выклікаюць эмацыйны водгук. Ёсць пералік тэм, якія дакладна спрацоўваюць пры арыенціры на масавую аўдыторыю (у сацыяльных сетках да гэтых тэм дадаліся фоткі з коцікамі), вось пад гэтыя тэмы і спрабуюць штучна дапасаваць загалоўкі.

Разам з тым, цяпер ёсць значная частка аўдыторыі, якая інфармацыйную карціну свету будуе выключна на падставе загалоўкаў, якія бачыць у фрэндстужцы. Гэтыя людзі рэдка пераходзяць па спасылках у сацыяльных сетках. Мяркую што пры манетызацыі паблікаў СМІ ў сацыяльных сетках рэдакцыі масавых выданняў атрымаюць стымул менш выкарыстоўваць падманлівыя загалоўкі ці прынамсі шукаць баланс паміж правакацыяй эмацыйнага водгуку і інфармацыйнасцю назваў артыкулаў.

Наколькі актуальна на дадзены момант пісаць спосабам “звычайнай піраміды”? Ёсць розныя жанры, розныя каналы камунікацыі. Навіны больш проста перадаваць менавіта з выкарыстаннем правіла, у адпаведнасці з якім спачатку ідзе галоўнае, а потым ідуць падрабязнасці. Так працуюць на радыё, у друку, у вэбе. На тэлебачанні іншае ўспрыняцце інфармацыі. Тут вельмі вялікае значэнне мае дзеянне, якое мы бачым ”на свае вочы”, але, разам з тым, закадравы голас тлумачыць нам, што мы бачым, і гэтае тлумачэнне ўспрымаецца менш крытычна. Акрамя таго, гледачы прызвычаіліся бачыць кліпы, якія імітуюць эфект прысутнасці на месцы дзеяння, і не звяртаюць увагу на тое, што бачаць нейкія кавалкі, а не падзею ў кантэксце. На беларускім тэлебачанні вельмі рэдка выкарыстоўваюць прынцып перагорнутай піраміды – бо на іх інфармацыйным канвееры можна працаваць і без яго, а аўдыторыя не настолькі патрабавальная.

Таму я не думаю, што піраміда адыходзіць як такая – проста на стале з'явіліся розныя стравы. Аўдыторыя можа выбіраць на гэтым своеасаблівым шведскім стале што спажываць. Нехта будзе сачыць за навінамі, нехта будзе чытаць лонгрыд, нехта прачытае выключна загалоўкі і вокам зачэпіцца за нейкі відэакліп.

Журналіст kyky.org Павел Свярдлоў адзначае, што час занадта доўгіх тэкстаў у анлайн-журналістыцы незваротна мінуў, але разам з тым перасцерагае маладых калег ад няправільнага выкарыстання “перагорнутай піраміды”:

- У мае абавязкі на KYKY.org уваходзіць фарміраванне стужкі навінаў, таму я за дзень праглядаю вельмі шмат напісанага на навінавых рэсурсах. З тэкстамі, якія не адпавядаюць загалоўкам, я сустракаюся рэдка. Гэта тлумачыцца дзвюма прычынамі. Па-першае, я не заходжу на тыя рэсурсы, якія сябе ўжо скампраментавалі. Па-другое, мне здаецца, гэты трэнд сыходзіць з медыяў. Сыходзіць менавіта праз тое, што рэйтынгавыя страты ад такіх прыёмчыкаў нашмат большыя, чым выгоды ад трафіка, які атрымліваецца прыцягнуць адзін, два, тры разы — і ўсё.

Тактыка гучнага загалоўка зараз перабралася ў сацыяльныя сеткі. Адказнасці за невялічкае перабольшанне ў падводцы да спасылкі на матэрыял там няма ніякай. Затое чалавек часта не заўважае і не запамінае, па якой менавіта спасылцы ён перайшоў на тэкст, у якім прачытаў не зусім тое, што збіраўся і чаго чакаў.

 Наколькі актуальна на дадзены момант пісаць спосабам “звычайнай піраміды”? Калі мы кажам пра навіны, дык час доўгіх уводзінаў у тэкст прайшоў незваротна. Аб'ёмы тэкстаў скарачаюцца да двух-трох нядоўгіх абзацаў. Губляць адзін з іх (і, тым больш, першы) на агульныя словы немэтазгодна. Правіла перагорнутай піраміды шырока ўжываецца і пры напісанні больш доўгіх аналітычных тэкстаў, рэпартажаў. Калі, напрыклад, прыгледзецца да аўтарскіх калонак — шмат у каго яны пачынаюцца з навінавых нагодаў. А далей ужо разважанні. Але мне больш падабаецца крыху іншая структура доўгіх тэкстаў. Пачатак мусіць утрымліваць яскравую і паказальную дэталь. Не абавязкова гэта самая галоўная думка тэксту ці самая эксклюзіўная інфармацыя. Але за тыя дзесяць секунд, што ідуць на першы абзац тэксту, мы мусім завабіць чытача і пагрузіць яго ў тэкст.

Перагорнутая піраміда — стандарт для навінаў. Іх сёння трэба пісаць каротка і змястоўна, ад пачатку да канца, і пачатак мае вырашальнае значэнне. Разам з тым, хачу перасцерагчы маладых калег "зліць" усю галоўную інфармацыю яшчэ ў загалоўку. Там трэба ясна патлумачыць, пра што будзе навіна, але яе змест пакінуць на асноўны тэкст. Іначай вашую спасылку папросту не адкрыюць. Таму зараз папулярныя загалоўкі накшталт: "Х распавёў, чаму ён не Y". Усё зразумела, але калі вам цікава, што менавіта распавёў Х — вы мусіце адкрыць навіну.

Арцём Сізінцаў спецыяльна для Mediakritika.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: