ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як беларускія рэсурсы павяліся на маскоўскі боб з гарохам

В фокусе

Падвечар 21 снежня беларускія вэб-рэсурсы — TUT.by, nn.by, сайт “Свабоды” ды іншыя — адзін за адным сталі лупіць загалоўкі кшталту “АДКБ заяўляе аб падтрымцы Расеі ў сытуацыі са зьбітым туркамі Су-24”. Між тым, праманіторыўшы першакрыніцы, я пераканаўся, што ў дакументах па выніках саміта АДКБ на гэты конт нічога няма, а маскоўскія медыі працытавалі толькі выказванні армянскага прэзідэнта Сержа Саргсяна.

Той, паводле ТАСС, заявіў, што “мы абмеркавалі інцыдэнт з расійскім ваенным самалётам Су-24... Мы як саюзнікі Расіі выказваем салідарнасць і падтрымку пазіцыі Масквы па гэтым інцыдэнце”. Падобныя цытаты прывялі “РИА Новости”, іншыя буйныя расійскія медыі.

 

За усіх выказаўся Саргсян

Адзначу, што, з аднаго боку, Саргсян — прэзідэнт краіны, якая старшынюе ў АДКБ (таму пастфактум і трымаў слова перад прэсай), з іншага — гэта краіна, асабліва залежная ад расійскай падтрымкі. Нарэшце, яшчэ адзін пікантны момант палягае ў тым, што ў Ерэвана з Анкарой — здаўна нацягнутыя дачыненні.

У кожным разе, чаму маскоўскія СМІ, паведамляючы пра вынікі саміта АДКБ, ухапіліся найперш за словы армянскага афіцыйнага лідара?

Усё элементарна: болей не было за што ўхапіцца. Бо ў выніковай афіцыйнай заяве кіраўнікоў краін АДКБ аб супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, пры тым што згадваюцца нядобрым словам “Ісламская дзяржава”, “Талібан”, “Аль-Каіда”, пра Турцыю ні гу-гу. Як, дарэчы, і пра расійскую аперацыю ў Сірыі (то бок і тут падтрымка не дэклараваная). Іншыя дакументы па выніках саміта ўвогуле тычацца кадравых ды фінансавых пытанняў.

І такая стрыманасць калег Уладзіміра Пуціна зразумелая. Напрыклад, пастсавецкія краіны Цэнтральнай Азіі — пераважна цюркамоўныя, маюць з Турцыяй моцныя не толькі эканамічныя, але і гістарычныя, культурныя, адукацыйныя сувязі.

Аляксандр Лукашэнка ж апошнім часам проста троліў Маскву выказваннямі ды дзеяннямі ў турэцкім кантэксце. Прыняў у Мінску хаўрусніка Анкары Ільхама Аліева, а на міжнароднай канферэнцыі ў Ашгабаце ўвогуле заявіў, што “калі мы дапусцілі недзе памылкі, трэба іх умець прызнаваць... Гэта тычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расіяй і сяброўскай нам Турцыяй”. Іначай кажучы, паставіў бакі канфлікту на адну роўніцу, параіў і тым, і тым суцішыць імпэт.

І манеўраванне Мінска ў турэцкім пытанні таксама зразумелае: у нас з туркамі добры гандаль, яны ахвотна ўкладаюць інвестыцыі ў беларускую эканоміку.

Можна ўявіць сабе, што на пасяджэнні Рады калектыўнай бяспекі АДКБ 21 снежня тэму інцыдэнту з Су-24 сапраўды краналі, магчыма нават згодна хіталі галовамі Пуціну (што і дае Саргсяну падставу казаць пра аднадушную падтрымку), але — падкрэслю яшчэ раз — афіцыйна гэта супольная пазіцыя ніяк не зафіксавана.

Ды і пастфактум іншыя прэзідэнты неяк не паспяшаліся даваць каментары на тэму, да якой Масква відавочна асабліва чуллівая.

Нарэшце, у той самы вечар расійскі віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў паведаміў, што на саміце Еўразійскага эканамічнага саюза, які прайшоў следам за самітам АДКБ, тэматыку Турцыі ўвогуле не абмяркоўвалі.

 

Як імітуюць “хор антытурэцкага”

А цяпер сачыце за рукамі. У Маскве хітра змяшалі боб з гарохам. Той жа ТАСС, напрыклад, цытаванне заявы аб барацьбе з тэрарызмам падаў у адным флаконе з выказваннямі Саргсяна, так што пры хуткім чытанні можа скласціся ўражанне адной крыніцы. Гэтак жа блытана абмаляваў тэму сайт “Комсомольской правды”. Пры гэтым многія расійскія СМІ вынеслі ў загалоўкі менавіта маніпуляцыйную, заснаваную выключна на рэзюмэ Саргсяна тэзу, што АДКБ падтрымала Расію ў інцыдэнце са збітым туркамі Су-24.

Карацей, справа выглядае так, што маскоўскія прапагандысты выдзьмулі мыльную бурбалку, а беларускія рэсурсы, не ўехаўшы, што д’ябал схаваны ў дэталях, дружна пачалі тую бурбалку раздзімаць яшчэ болей.

Зразумела, што расійскаму кіраўніцтву вельмі хочацца выціснуць з хаўруснікаў сведчанні падтрымкі ў супрацьстаянні з чарговым дэманізаваным знешнім ворагам. Але атрымліваецца не надта. Таму даводзіцца ісці на прапагандысцкія падтасоўкі. І гэта ўжо не першы падобны выпадак у турэцкім сюжэце.

Зноў сочым за рукамі. 9 снежня ТАСС дае заметку пад загалоўкам “Краіны АДКБ падтрымалі дзеянні Паветрана-касмічных сіл Расіі ў Сірыі і асудзілі Турцыю”. Насамрэч гаворка ідзе пра пасяджэнне начальнікаў генштабоў узброеных сіл дзяржаў, што уваходзяць у арганізацыю. Ужо некарэктнасць: штабныя генералы — гэта далёка не “краіны АДКБ”.

Акрамя таго, пра адзінадушнае асуджэнне Турцыі найперш заяўляе начальнік генштаба Узброеных сіл… той самай Арменіі Юрый Хачатураў: “Усе начальнікі штабоў краін — удзельніц АДКБ падтрымалі пазіцыю Расіі, назвалі подлай агрэсію з боку Турэцкай Рэспублікі”.

Так і ўяўляеш сабе, як генералы ў адзін голас скандуюць: под-ла-я, под-ла-я!

 

Аддзяляць зярняты ад шалупіння

Я разумею, што пры асвятленні падобных падзей беларускія вэб-СМІ натуральным чынам арыентаваныя найперш на маскоўскія крыніцы.

Але гаворка пра тое, што пры іх выкарыстанні варта мець элементарную пільнасць, аддзяляць зярняты інфы ад прапагандысцкага шалупіння, адсочваць маніпуляцыі.

Калі казаць пра гэты канкрэтны кейс, то самае элементарнае — вынесці ў пачатак загалоўка “Саргсян:” і далей даваць выказванне ад яго імя.

А яшчэ лепей было б адбудаваць тэксты так, каб боб (заява лідараў па выніках пасяджэння) не змешваўся з гарохам (заявамі з вуснаў Саргсяна).

Увогуле ж маралітэ такое: не трэба займацца механічнай мультыплікацыяй маскоўскіх піяраўскіх месэджаў, мы мусім трымаць у галаве відавочную адрознасць інтарэсаў Крамля і яго партнёраў, у прыватнасці — беларускага боку.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: