ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Журналістыка – жаночая прафесія, бо ў ёй шмат не заробіш

Прэс-сакратар ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Барыс Гарэцкі пяць год адпрацаваў на “Радыё Рацыя”, рабіў сюжэты пра ўсё акрамя культуры. Прапанову старшыні БАЖ Жаны Літвіной стаць прэс-сакратаром арганізацыі прыняў толькі пасля другога запрашэння. Праца яму падабаецца, яна навучыла яго больш адказна ставіцца да кожнага свайго слова, але хлопец усё ж спадзяецца вярнуцца ў журналістыку.

Гуляючы ў “Асацыяцыі”, Барыс распавёў пра структуру журналісцкай арганізацыі, пра юрыдычную падтрымку калег ды пра жанчын у журналістыцы.

Юрыдычная абарона. У БАЖы ёсць людзі, якія займаюцца юрыдычнай абаронай журналістаў. У Мінску і ў рэгіёнах. Яны абараняюць журналістаў у выпадку складаных стасункаў з уладай. У бягучым годзе дваццаць восем нашых калег трапілі пад адміністрацыйны пераслед за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Нашы юрысты кансультавалі іх, падказвалі, як сябе паводзіць, што гаварыць пры складанні пратаколаў і судоў, каб нанесці найменшую шкоду сабе і даказаць дзяржаве, што яны нічога не парушылі.

Мы кансультуем сябраў БАЖ па ўсіх эксцэсах, звязаных з іх прафесійнай дзейнасцю. Камусьці трэба напісаць заяву ці скаргу – каб яны прынеслі плён, лепш, каб гэта зрабілі юрысты. Яны ў нас вельмі моцныя. Наш цяперашні старшыня БАЖ Андрэй Бастунец – юрыст, таксама з намі працуе Алег Агееў, былы адвакат, які быў пазбаўлены ліцэнзіі пасля падзеяў Плошчы, калі ён абараняў аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты.

Фэйсбук. Працуючы прэс-сакратаром, я займаюся як зборам інфармацыі для напісання матэрыялаў на сайт БАЖ, так і яе распаўсюдам для калег. Раней ва ўсіх падручніках, у якіх вялася гаворка пра прэс-службы, пісалася, што трэба мець пул журналістаў і тэлефанаваць ім у выпадку чаго. Гэта, безумоўна, дзейнічае і зараз, але нашмат больш эфектыўна ў выпадку нейкіх эксцэсаў напісаць паведамленне ў фэйсбуку, а лепш за ўсё – у суполку нашай арганізацыі ў фэйсбуку. Гэта дапамагае ахапіць знашна большую колькасць людзей, чым спіс журналістаў з нумарамі тэлефонаў.

Таксама фэйсбук – пляцоўка, дзе можна збіраць інфармацыю пра журналістаў і журналістыку. Сёння гэта вельмі важны інструмент працы. У некаторых рэдакцыях фэйсбукам займаецца асобны чалавек, але я, на жаль, яшчэ не працаваў у такіх рэдакцыях. У замежных падручніках пішуць, што лепш, каб сацыяльнымі сеткамі займаўся асобны чалавек, так званы рэдактар прыёма, які збірае інфармацыю.

Я не заўсёды онлайн, самы лепшы варыянт звярнуцца да мяне аператыўна – гэта тэлефонны званок па нумары, які напісаны ў маім профілі ў фэйсбуку. Калі вас затрымліваюць, лепш адразу званіце.

Расейская прапаганда. Гэтаму выкліку ўжо два гады. Ён вельмі спецыфічны для нашай постсавецкай прасторы. У гэтую прапаганду не вераць палякі, старэйшае пакаленне латвійцаў, літоўцаў і эстонцаў. Для Беларусі гэта праблема, бо ў нас транслююцца расейскія каналы. Я ведаю шмат людзей, якія ўпэўненыя, што ІГІЛ стварыла Амерыка, і што ў Беларусі “Малады фронт” трэніруе байцоў на Украіну. Гэта частка прапагандысцкай машыны. Беларускія СМІ ў сітуацыі з Украінай былі па-над сутычкай, бо так паставіла сябе беларуская ўлада. Можа, гэта і слушна з боку ўлады і СМІ, што яны вырашалі не ўлазіць у палітыку, не ліць ваду на млын Расеі.  

На нашым тэлебачанні чалавек глядзіць спачатку расейскія навіны, дзе гавораць пра ІГІЛ, Сірыю, Украіну, бандэраўцаў, фашыстаў. Уся гэтая каша ім у галаву трапіла, а потым пачынаюцца беларускія навіны, па якіх Шуневіч, міністр унутраных спраў, дадае, што грамадзяне Беларусі ваююць ва Украіне на розных баках… Гэта стварае яшчэ большую кашу ў галовах. Ад гэтага мы не пазбавімся, пакуль не будзем мець сваё грамадскае тэлебачанне.

Інтэрв’ю. Гэта мой самы любімы жанр. Я заўважыў, што апошнім часам чалавек знікае са старонак СМІ. Мы пішам пра эканоміку, пра палітыку, а не пра чалавека. Інтэрв’ю – гэта той жанр, які дазваляе раскрываць людзей. Здорава, калі ў гутарцы нават з чыноўнікам ці лідарам палітычнай партыі, які хоча гаварыць толькі пра дыктатуру, журналісту ўдаецца паказаць чалавека. Трэба прапрацоўваць пытанні, якія б зрабілі гутарку сапраўды цікавай.

Калі мы гаворым з Анатолем Лябедзькам, напрыклад, важна даведацца не толькі аб тым, як ён з’ездзіў у Брусэль, а што ён насамрэч думае з нагоды таго, што спектр увагі Еўропы з Беларусі змясціўся на Сірыю, тэрарыстаў і ўцекачоў і што фінансавая дапамога на ўсе апазіцыйныя структуры змяншаецца. Ці варта апазіцыі самараспускацца? Ці займацца краўдфандынгам ці шукаць сродкі іншым чынам?.. Важна загадзя прадумваць перад інтэрв’ю пытанні, адказы на якія будуць сапраўды істотнымі для чытачоў і якія раскрыюць чалавека.

Міжнародная федэрацыя журналістаў. Гэта орган, які мае фокус гледжання на Беларусь, яны не перастаюць звяртаць увагу на нас і нашы праблемы. МФЖ, як і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, не пакідае без увагі пытанне журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Яны звяртаюцца да нашых уладаў, каб фрылансераў вярнуць у прававое поле. Па законе аб СМІ ёсць журналісты, якія могуць працаваць па-за штатам рэдакцыі, але фрылансераў як такіх няма.

Гэтыя арганізацыі шмат разоў запрашалі міністра інфармацыі Лілію Ананіч, каб яна прыехала і паглядзела, як развіваецца журналістыка ў іх краінах, але яна, вядома, не едзе, хоць санкцыі з яе знятыя. Можа, ёй выгадна, каб усе журналісты працавалі ў СМІ, бо ім можна вынесці папярэджанне, а фрылансеру яго не вынесеш у межах закона аб СМІ, яго немагчыма ліквідаваць пасля двух папярэджанняў. Я лічу вельмі важным, што МФЖ і ЕФЖ клапоцяцца пра беларускіх журналістаў. Яны зараз уздымаюць пытанне перад працадаўцамі, з якімі супрацоўнічаюць фрылансеры з Беларусі, як забяспечыць журналістам юрыдычную і фінансавую стабільнасць.

Офіс БАЖ займаецца каардынацыяй сервісаў і праграм асацыяцыі. У нас ёсць юрыдычная абарона, пра якую я распавядаў. Таксама офіс выдае пасведчанні і падцвярджае статус журналіста, калі тое неабходна. Напрыклад, журналіста забіраюць у міліцыю для высвятлення асобы і ў яго няма з сабой пасведчання. Тады мы аператыўна на афіцыйным бланку з пячаткай высылаем дакумент, які падцвярджае, што чалавек сапраўды з’яўляецца сябрам БАЖ. Часам гэта спрацоўвае.

Таксама офіс БАЖ займаецца рознымі адукацыйнымі праграмамі, пра якія можна даведацца на сайце ў раздзеле “Конкурсы і навучанне”. Мы публікуем абвесткі не толькі пра свае курсы, але і пра семінары і адукацыйныя праграмы, якія ладзяць для журналістаў іншыя арганізацыі.

Офіс выпускае часопіс “Абажур”. Пакуль мы не можам высылаць яго ўсім сябрам арганізацыі, бо іх болей тысячы, а часопіс выходзіць накладам 500 асобнікаў, але ў нас з’явілася такая думка і мы працуем над тым, каб гэта стала магчыма.

Мы ладзім розныя сустрэчы і мерапрыемствы ў Мінску і рэгіёнах, у ліпені-жніўны офіс БАЖ займаецца падрыхтоўкай “БАЖынак”, карпаратыўнага фестываля. Мы заўжды дадаем нейкія спартыўныя моманты, каб было весялей, бо проста сядзець і два дні абмяркоўваць журналістыку немагчыма, хочацца пабегаць, папрыгаць – гэта ўносіць жвавасць.

Акрамя гэтага офіс БАЖ ладзіць квартальныя і гадавыя маніторынгі СМІ для ўнутраных і замежных арганізацый.

Навіны. Іх я чытаю ў “Нашай ніве”, што таксама на літару “н”. Гэта газета мне падабаецца тым, што яе PDF-версія адкрываецца заўжды, нават на борце самалёта ды пры кепскім інтэрнэце. Гэтае выданне паставіла сабе за мэту аператыўнасць. Часта яны публікуюць не свае матэрыялы, але калі аператыўна трэба пра нешта даведацца, я заходжу на сайт “Нашай нівы”. Хтосьці яе любіць, хтосьці – не, там бываюць вельмі спрэчныя матэрыялы, але мы не маем права ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку, пакуль не паступілі звароты ў камісію па этыцы БАЖ. Але што тычыцца аператыўнага рэагавання на падзеі, яна малайцы. Такім чынам, навіны я чытаю ў “Нашай ніве”, апроч тых пяцідзесяці сайтаў, якія адсочваю (пасміхаецца).

Карыкатуры. Іх катастрафічна не хапае Беларусі. Не сакрэт, што 19 снежня мінулага года, калі пачалася масавая блакіроўка сайтаў, адно міністэрства, звязанае са СМІ, сабрала пэўную колькасць рэдактароў і сказала вуснамі аднаго чалавека, імя якога стала назыўным: я вам гарантую два папярэджання і закрыццё ў адзін дзень, калі вы будзеце раздзьмуваць шуміху.

Натуральна, у такіх умовах карыкатур у беларускіх СМІ будзе мала. Але гэта вельмі яскравы жанр. Трэба не баяцца смяяцца з сябе і з улады. Без іх нецікава, немагчыма ўвесь час чытаць навіны і аналітыку! Калі ў нас і ёсць карыкатуры, напрыклад, у газеце “Новы час”, то яны такія, якія дазволена рабіць у беларускай рэчаіснасці. Шкада, што ў нас іх амаль няма. Спадзяюся, што калі сітуацыя зменіцца, карыкатур будзе больш.

З сябрамі. Ёсць калектывы, у якіх журналісты сустракаюцца адно з адным толькі ў рэдакцыі. Калі я працаваў на “Радыё Рацыя”, у нас так не было. Мы і зараз сустракаемся з сябрамі. Вельмі важна сустракацца з сябрамі-журналістамі, бо падчас такіх сустрэч нараджаюцца тэмы, якія ніколі не ўзніклі б у рэдакцыі, бо ўнутры калектыва ты думаеш адным чынам, а з сябрамі можаш пайсці значна далей. З сябрамі ты дзелішся інсайдамі, дзякуючы чаму можаш думаць на крок наперад. І гэта вельмі істотна. Таксама камунікацыя з сябрамі дапамагае крытычна паглядзець на сваю працу, бо ўнутры калектыва многія пытанні ты папросту не ўздымеш, а сябры скажуць табе сваё меркаванне, падкажуць, як нешта палепшыць.

Жанчыны ў журналістыцы. Я казаў вышэй, што да Новаго году мы падрыхтавалі моладзевы нумар часопіса “Абажур”. Яго прэзентацыя адбудзецца 29 снежня ў 18:00 у кавярні “Верхні горад”. У нумары з 14 маладых аўтараў трое хлопцаў, астатнія – дзяўчаты. Існуе меркаванне, што журналістыка стала жаночай. На 8 сакавіка мінулага году я высветліў, што ў БАЖы 41 адсотак жанчын, але я думаў, што гэтая лічба будзе большай.

Чаму так адбываецца? У беларускай журналістыцы не заробіш шмат. Калі ты мужчына, то мусіш атрымліваць не менш за тысячу даляраў. Я, на жаль, атрымліваю значна менш за гэтую суму, спадзяюся, гэта сітуацыя зменіцца. Лічу, што мужчына не можа сябе паважаць, калі ён атрымлівае менш за восемсот. Калі ты здымаеш кватэру, трыста аддаеш за яе і ў цябе застаецца пяцьсот даляраў, на якія ты і сам мусіш жыць, і сваю жанчыну спансаваць. Я чалавек у гэтым плане старых схемаў, таму разважаю такімі катэгорыямі.

Другая прычына, чаму мужчыны выбіраюць іншыя сферы, мне бачыцца ў тым, што беларуская журналістыка амаль не ўплывае на грамадства. Калі параўнаць хаця б з Польшай, то хочацца плакаць. Колькі дзён пісалі пра Алексіевіч, што яе забылі на дзяржаўных тэлеканалах. Але гэта ніяк не паўплывала на рэчаіснасць. Мужчына так створаны, што ён хоча ўплываць на рэчаіснасць, калі ён бачыць, што ад яго працы нічога не змяняецца, то пераходзіць у іншую сферу. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в:

Опрос