ОБ АВТОРЕ

Постоянный корреспондент Mediakritika.by.

Журналист-фрилансер. SMM'щик.

Экс-редактор ныне замороженного проекта 'Belarusian News Photos'.

В 2014 году окончил Институт журналистики БГУ.

Член БАЖ

Вы здесь

“Тое, што мусіла загнуцца — загнулася”

Интервью

У Магілёве амаль не засталося незалежных медыяў, скарачаюцца рэкламныя бюджэты, людзі сыходзяць з прафесіі.

Mediakritika.by паразмаўляла аб стане медыяў у рэгіёне да магілёўскага журналіста-фрылансера Аляксандра Буракова.

- Аляксандр, чуў, што ў Магілёве шмат медыяў зачыняецца. Што адбываецца?

- Я лічу, што ў Магілёве ў сферы медыяў адбываецца абсалютна лагічны і нармалёвы працэс. Проста ўсё не стаіць на месцы, час ідзе і, адпаведна, усё змяняецца. Калі недзе ў 2010-11 гадах была адна сітуацыя, то зараз яна іншая. За апошні год у Магілёве шмат што самазачынілася. І па вялікім рахунку, я лічу, што гэтыя праекты выканалі сваю фунцыю, проста вычарпалі сябе. Тое, што мусіла зачыніцца, зачынілася.

Да прыкладу, праект грамадзянскай журналістыкі «Свабодны фармат». Ён быў модным у той час, калі ён быў модным у Маскве. Фактычна мы і рабілі яго таму што некаторыя магілёўцы працавалі ў Маскве, бачылі што там адбываецца, глядзелі на тыя тэндэнцыі і рабілі нешта падобнае ў нашым горадзе. Прайшло тры-чатыры гады, такія праекты грамадзянскай журналістыкі зачыніліся і ў Нью-Ёрку, і ў Маскве, ну і ў Магілёве. Таму што, скажам так, ужо ніякага развіцця не было бачна.

Акрамя платформы грамадзянскай журналістыкі ў Магілёве існавала такая з'ява як «Адзін чалавек — адзін сайт». Людзі рабілі інфармацыйныя сайты, але па сутнасці былі блогерамі. Весці блогі гады чатыры таму было ўжо ня модна, бо блогі вялі ўсе. А людзям хацелася мець пэўны статус. Таму праплочвалі грошы хостэру, рабілі ў адзіночку сайт. І атрымліваліся праекты. Але ж і тут выявілася тое самае: можна існаваць у такім выглядзе пэўны час. І мінулы год паказаў, што ён быў апошнім для з'явы «Адзін чалавек = адзін журналіст = 1 сайт», гэтыя праекты самазачыніліся.

І, на жаль, знік самы амбіцыйны партал Gorad.by. Яны адсвяткавалі сваё пяцігоддзе і неўзабаве зачыніліся. Таму што ідэя цалкам прыбраць палітычныя навіны, сканцэнтравацца на горадзе і зарабляць толькі рэкламай — не апраўдалася. Напэўна, Gorad.by стартаваў пры грантавай падтрымцы. Падтрымка скончылася. А рэкламны рынак ў Магілёве не такі вялікі, насамрэч. Ён мае сваю ёмістасць. І гэтая ёмістасць выражаецца не пяцізначнымі лічбамі. А калі ёсць яшчэ пэўны штат журналістаў… Адзін-два-тры чалавекі яшчэ могуць пражыць за рэкламныя грошы, больш — не.

Такім чынам, тое, што мусіла загнуцца — загнулася. Тое што мусіла застацца — засталася. А з пункту гледжання сябра ГА «БАЖ» мяркую, што ў нас можа зменшыцца колькасць БАЖаўцаў ў горадзе. Ці яны будуць знаходзіцца ў арганізацыі, але ўжо не будуць рабіць тое, што рабілі раней. Ці яны зробяць нешта новае… Я не ведаю.

- А куды падзеліся людзі, якія вызваліліся пасля закрыцця гэтых медыяў?

- Частка людзей проста сыйшла з прафесіі. Таму што палітыкі людзі баяліся, а нейкія іншыя тэмы паказалі сваю нежыццяздольнасць. Вяртацца ж у палітычную журналістыку людзі не хацелі праз пагрозу трапіць пад рэпрэсіі.

Яшчэ частка перайшла на палітычны партал «Наш Магілёў», які існуе ўжо даўно.

Увогуле ў Беларусі, на маю думку, журналісты жывуць па прынцыпе маятніка. То сыходзяць ад палітыкі: «Не, мы не будзем ёю займацца. Лепш возьмем тэмы 'Спорт', 'Культура' і 'Мода'». Потым “хоп!” і атрымліваецца, што акрамя палітыкі сёння нікому нічога не цікава. І тыя розныя спартовыя сайты зачыняюцца, а палітычны партал як быў, так і застаецца. Таму што палітычны партал запатрабаваны заўжды. І сёння фактычна ў мэйнстрыме сайт «Наш Магілёў».

Але, як выявілася, вельмі няшмат журалістаў могуць пісаць на палітычныя тэмы. Таму што людзі баяліся гэтага, калі было модна пісаць пра спорт, культуру і іншае. А ў выніку, калі прыйшоў крызіс, аказалася, што ўсё нашае жыццё — гэта палітыка і эканоміка плюс розныя забаўлялкі. Сярод магілёўскіх журналістаў вельмі мала адмыслоўцаў у палітыцы і эканоміцы. Іх можна пералічыць па пальцах адной рукі, якія не баяцца і могуць якасна пісаць на гэтыя тэмы.

Тыя, хто вёў «Адзін сайт — адзін чалавек» - яны проста вярнуліся да сваёй звычайнай прафесіі.

- То якія мясцовыя недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыі ў Магілёве ўвогуле засталіся?

- У Магілёве, на жаль, ўжо даўно няма афіцыйна зарэгістраваных недзяржаўных друкаваных медыяў. Ёсць адзін тэлеканал «ТВ-2», які напрыканцы 90-х пацярпеў пераслед праз палітыку і пасля гэтага палітыкі не кранаўся. У іх таксама зараз нейкая крызісная сітуацыя. Навіновы аддзел цалкам сыйшоў. Яны набіраюць іншы навіновы аддзел. Але калі новыя пачынаюць выпрадукоўваць навіны раз на два дні, ці навіны, якія былі на мінулым тыдні… І незразумела, як гэта зроблена! Амаль па-аматарску — гэта проста несур'ёзна.

Нельга забывацца на тое, што ў краіне ідзе крызіс. Ён у Расіі пачаўся, а Магілёўскія прадпрыемствы бадай на 75% прадаюць сваю прадукцыю менавіта ў Расію. А ў крызіс звычайна на чым эканомяць?  На сваёй рэкламе па тэлебачанні, радыё і ў друку.  Медыя-прадпрыемствы, якія жывуць за кошт рэкламы, па выніку, таксама недабіраюць гэтыя грошы.

- Вы кажаце, што афіцыйна зарэгістраваных незалежных выданняў у Магілёве зараз няма. А калі такое было апошнім разам?

- Дакладна зараз не прыгадаю, але скажу: прыкладна 15 год таму. Гэта пакойны ўжо Генадзь Вітольдавіч Суднік выдаваў «Тыднёвік Магілёўскі», які зачыніўся пасля выбараў 2001 года. Пасля нічога не з'явілася, бо выдаваць такія газеты вельмі цяжка. Па-першае, патрэбны вялікія матэрыяльныя сродкі. Па-другое, улады не зацікаўлены рэгістраваць выданне, якое будзе іх крытыкаваць.

Да прыкладу возьмем сайт «Наш Магілёў». Мусім улічваць, што рэдактар Ігар Барысаў, які адначасова з'яўляецца намеснікам старшыні БСДП (Грамада), апошнія паўтары гады рэальна пад такім ціскам, які можна назваць проста тэрорам. Ён з РАУС выходзіць — назаўтра прыходзіць позва з падатковай інспекцыі. Разбіраецца з падатковай — ЖКГ хоча пранікнуць у ягоную кватэру, каб паглядзець стан камунікацый. Пры чым, ён жыве ў новабудоўлі, да суседзяў прэтэнзій няма, а персанальна ў яго хочуць паглядзець. Бывалі выпадкі, калі пяць чалавек  у прысутнасці ўчастковага міліцыянта, не тлумачачы хто яны, спрабавалі ўламіцца ў кватэру.

- А колькі ў Магілёве дзяржаўных друкаваных СМІ?

- «Вечерний Могилев», «Могилевская правда», «Вестник Могилева», «Могилевские ведомости», «Земля и люди»… Можа штосьці яшчэ забыў, тады будзе шэсць. Наклад у каго сем, у каго пятнаццаць тысячаў. Але 20 тысячаў, калі не памыляюся, ні ў кога няма. Не думаю, што агульны наклад дзяржгазет у рэгіёне складае і 60 тысяч. Па-першае, шмат асобнікаў кіёскі аддаюць назад. Мы размаўляем з журналістамі гэтых выданняў, і тыя самі так кажуць. І з кіёскірамі можна пагутарыць. Адзінае, за кошт чаго выязджаюць гэтыя дзяржгазеты — прымусовая падпіска.

Варта адзначыць, што зараз як мінімум дзве газеты аб'ядналіся у холдынг. Атрымалася інфармацыйная агенцыя «Могилевские ведомости». Да газеты «Могилевские ведомости» далучылі «Весник Могилева». Сайт называецца MogilevNews.by. У дзяржаўных газетах таксама пануюць ідэі аптымізацыі. Насамрэч, і там незайздросная сітуацыя...

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: