ОБ АВТОРЕ

Журналист, обозреватель, специалист в области Public Relations.

Окончил биофак БГУ. Карьеру журналиста начал в 1995 году в журнале «Дело». Cотрудничал с «Белорусской деловой газетой» до ее закрытия, газетой «Московский комсомолец в Белоруссии», «Бизнес-леди», «Финансовый директор», «Детективной газетой», порталом BEL.BIZ, информационным агетством «Интерфакс».

Был собкором в Беларуси российского информагентства Stringer. Занимал должность заместителя директора радиостанции «Сталіца».

Работал PR-менеджером в «Международной финансовой корпорации» (IFC).

С весны 2010 года – собственный корреспондент в Беларуси российского федерального издания «Газета.Ru».

С января 2013 года – снова работает в БДГ (теперь под брендом «БДГ Деловая газета»).

Вы здесь

Гісторыя беларускага самвыдату: “Студэнцкая думка”

Газета (а пасля часопіс) “Студэнцкая думка” – гэта непадцэнзурнае выданне, якое існавала ў найноўшай Беларусі рэкордна доўгі час: ад 1988-га і ажно па 2005 год. І нават нейкі час выдавалася цалкам легальна.

За час свайго існавання “Студэнцкая думка” прайшла тры асноўныя перыяды: самвыдат суполкі “Сьвітанак”, самвыдат ЗБС, адносна незалежны часопіс.

Усё пачалося ў лістападзе-снежні 1988 году, калі “Студэнцкая думка” выйшла як выданне Студэнцкага патрыятычнага згуртавання “Сьвітанак”. Тады гэта было ўсяго восем старонак фармата А5. Каптур знаходзіўся ўверсе першай старонкі. Тытул – двума радкамі мастацкім шрыфтам. Падзагаловак – чатырма радкамі пад тытулам, ніжэй, адным радком – звесткі пра парадкавы нумар і час выдання. Эмблематыка: на ўзроўні ніжняга радка загалоўка злева – знак згуртавання “Сьвітанак”, справа – “Пагоня”.

У тым, першым, нумары былі змешчаныя публіцыстычныя матэрыялы і кроніка, верш К. Каганца, артыкул А. Гуркоўскага “Здавайма іспыты па-беларуску”. Нумар выдадзены коштам суполкі “Сьвітанак”. Мова – толькі беларуская, правапіс – дарэформавы (“тарашкевіца”).

Далей, пачынаючы з лютага 1989 году (калі выйшаў другі нумар), “Студэнцкая думка” выдавалася нерэгулярна, рэдакцыя не указвалася. Наклад указваўся не заўсёды, а калі указваўся, то вагаўся ад 999 асобнікаў у №6 за 1990 год да 5.000 у №№2-3 таго ж году. Кошт не пазначаўся. Фармат “скакаў” паміж А5 і А4. Часам нават назва выдання пісалася лацінкаю, часта змяняўся каптур, шрыфты, тытул, эмблематыка.

Але галоўнае – у той час гэта было ў большай ступені не грамадска-палітычнае, а ўсё ж культурна-асветніцкае выданне. У якасці выдаўца пазначалася то Студэнцкае патрыятычнае згуртаванне “Сьвітанак”, то Канфедэрацыя беларускіх суполак, то нават БНФ “Адраджэнне”. У той час над выданнем працавалі Алёна Кавальчук, Галіна Аніськова, Алесь Гуркоў, Аляксей Трусаў, Сяржук Ладуцька, Францусь Швайбовіч.

Пачынаючы з 1990 году, “Студэнцкая думка” – гэта выданне Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Яго выданнем займаюцца Ігар Міхно і Зміцер Вайцяховіч. Наклад дасягае 5.000 асобнікаў, газета распаўсюджваецца ў розных гарадах Беларусі. Але па-ранейшаму вагаецца і наклад, і фармат, і мастацкае аздабленне. Тым часам выданне робіцца ў большай ступені грамадска-палітычным.

Пра тое, як у розныя часы стваралася і выдавалася “Студэнцкая думка”, нам распавялі яе рэдактары – Зміцер Салошкін ды Ірына Віданава.

 

Зміцер Салошкін, рэдактар “Студэнцкай думкі” на самым пачатку 90-х.

- З якога году вы працавалі ў “Студэнцкай думцы”?

- Ну вось ад 1989 году, якраз пры мне адбыўся пераход з фармату А5 на фармат А4.

- Што там тады адбывалася?

- У 1988 і 1989 годах “Студэнцкая думка” была больш культурна-асветніцкім выданнем. Тады ёю апекаваўся Ігар Міхно, які навучаўся ў Тэхналагічным інстытуце. Ігар Міхно і Алесь Гуркоў рабілі “Студэнцкую думку” як часопіс нацыянальна-арыентаванага студэнцтва. Але яны на той час ужо сканчалі навучанне. А я ў 1989-м толькі паступіў. І на фоне агульнага нацыянальнага ўздыму, перабудовы і галоснасці, мы сабраліся і стварылі Задзіночанне беларускіх студэнтаў. Тады тыя, хто ўжо адыходзілі са студэнцтва, і перадалі нам “Студэнцкую думку” у спадчыну.

Калі стварыўся ЗБС, мы вырашылі ўжо арыентавацца на студэнцкі складнік, хай сабе і нацыянальна-арыентаваны. Менш пісаць на культурна-адраджэнчаска-фальклорныя тэмы, больш – пра студэнцтва, навучанне, прасоўванне мовы ў навучанні.

- Колькі чалавек у той час працавала над выданнем?

- У розныя часы па-рознаму. Было, што па сем-дзесяць чалавек удзельнічалі ў нумары, а пасля, над наступным, працавалі толькі два чалавекі – я і Зміцер. Бо фактычна сталай рэдакцыі не было. “Студэнцкая думка” існавала як выданне ЗБС і фактычна за яе адказваў Зміцер Вайцяховіч.

- Як да існавання “Студэнцкай думкі” ставілася тагачаснае кіраўніцтва ВНУ?

- Скажам так, агульнае стаўленне было спакойным. На фоне таго, што з’яўлялася тады вельмі шмат самвыдатаўскіх рэчаў, для нас усё было досыць спакойна. У мяне ў Медінстытуце, хоць ён такі досыць кансерватыўны, не было праблем з-за таго, што мы выдаем гэтую газету, распаўсюджваем яе. Адзінае што – парткам КПСС Медінстытута ў сваёй справаздачы ў 1990 годе ўзгадваў “Студэнцкую думку” – маўляў, “не все должным образом любят родину, есть у нас и такие, как Задзіночанне беларускіх студэнтаў, которые акцентируются на негативных сторонах, издают незарегистрированную газету, в которой пропагандируют свои взгляды на то, что Коммунистическая партия не является руководящим органом”.

- Дзе вы тады друкаваліся?

- Друкаваліся мы тады з большага ў нейкіх навукова-даследчых інстытутах, дзе былі ротапрынты, па прыватных вусных дамовах. Час ад часу друкаваліся на тым, што ў ніх ёсць – існуе такі нумар “Студэнцкай думкі”, што выдадзены ўвогуле на зялёнай паперы. Зараз на яе глядзіш і разумееш, што гэта ўвогуле абгортачная папера была.

А вось пра наклады дакладна не скажу. Калі працаваў я, то друкавалі столькі, на колькі хапала грошай. Рэальна – тысячы тры, самы вялікі наклад – 5.000.

- Адкуль браліся грошы на выданне?

- Грошы тады было прасцей здабываць. У нас былі ўнутраныя грошы ЗБС – праўда, не такія вялікія. Частку гэтых газет мы прадавалі. Нейкія невялікія ахвяраванні, якіх было дастаткова для самаго друку, давалі былыя ЗБСаўцы, той жа Алесь Гуркоў падтрымліваў. Памятаю, у 1991 годзе мы добра прадавалі газету на мітынгах Народнага Фронту.

- А сёння магла б у нейкай форме адрадзіцца “Студэнцкая думка”?

- Я думаю, што ў нейкай форме – так, магла б. Толькі ў якой? Калі замахвацца на нейкую друкаваную версію, то, напэўна, ужо не. Бо час пайшоў наперад. Хутчэй за ўсё, гэта тое, чым зараз з’яўляецца “34маг” ці CityDog. Фактычна, гэта нашчадкі “Студэнцкай думкі”.

Ірына Віданава, у 1997-2005 – галоўны рэдактар і выдавец часопіса “Студэнцкая думка”. Сёння – дырэктар гарадскога часопісу CityDog.

- Калі вы далучыліся да справы выдання “Студэнцкай думкі”?

- У 1997 годзе. Я прыйшла ў ЗБС, і Алесь Міхалевіч мяне доўга пытаў, чым бы я хацела займацца. Я ў той час вучылася на гістфаку, і сказала, што хацела бы займацца чымсці, звязаным з журналістыкай. Алесь тады сказаў, што ёсць “Студэнцкая думка”, якая на той час была такім бюлетэнем Задзіночання, фактычна самвыдатаўскім, без рэгістрацыі. І ён прапанаваў: “Давай зробім са “Студэнцкай думкі” часопіс”. У мяне тады досведу, натуральна, не было. Ён мне даў Зміцера Вайцяховіча – так і пачалося. Першы нумар выйшаў у траўні 1998 году, з такім фіялетавым афраамерыканцам на вокладцы. Ну, і ўсё завярцелася. І вярцелася да лістапада 2005-га, калі нас зачынілі. А яшчэ ў 2003-м нас – дэ-юрэ ў снежні, дэ-факта напрыканцы лістапада пазбавілі рэгістрацыі. Атрымліваецца, што ў мяне аказаўся першы год працы ў “Студэнцкай думцы” – “самвыдатаўскім”, і апошнія два гады таксама.

- То бок пэўны час “Думка” выдавалася афіцыйна?

- Яна ў 1999 годзе была зарэгістраваная, прычым мовай выдання была тарашкевіца. Гэта на хвалі атрымалася, бо тады якраз “Наша Ніва” выйграла суд. І мы ў сваёй заяве на рэгістрацію напісалі ўсе магчымыя мовы, каб пазбавіць магчымасці нейкім чынам нам адмовіць. І па снежань 2003-га “Студэнцкая думка” была афіцыйна зарэгістраваная.

Апошнія два гады, існуючы ў андэграўндзе, мы, тым не менее, працягвалі выходззіць з каляровай вокладкай, рэалізуючы такую канцэпцыю “шэрага глянцу”. Прыгожае слова, але насамрэч у нас проста не было грошай на поўны колер унутры. Але мне здаецца, гэта была добрая знаходка. Мы маглі вар’іраваць адзін колер унутры – звычайна гэта быў сіні, з рознымі варыяцыямі. Была ідэя, што часопіс будзе па форме глянцавы, а па змесце – мікс. Мы рабілі яго ў забаўляльной форме, але пісалі ўсё ж пра сур’ёзныя рэчы – за што і паплаціліся.

Наклад на той час быў 5.000 у месяц, мы распаўсюджваліся ў розных кропках, у тым ліку у крамах, напрыклад, адзення. Бо яшчэ калі мы былі зарэгістраваныя, мы разумелі, што распаўсюджвацца праз “Белсаюздрук” немагчыма. Яны проста раскідвалі выданне, не гледзячы, па розных шапіках. Мы хацелі зрабіць, каб выданне прадавалася найперш у шапіках вакол БДУ, але ў нас не атрымалася. Тады мы адмовіліся ад “Белсаюздруку” і перайшлі на ўласную сістэму распаўсюджвання – праз розныя тусовачныя месцы. І захавалі гэтую сістэму пасля таго, як нас пазбавілі рэгістрацыі. Проста на кожную кропку аддавалі не больш за 295 асобнікаў, каб усё выглядала быццам у межах закону. Але ў лістападзе 2005-га ўлады накрылі адразу ўсе кропкі распаўсюду і забралі ўсё, што было.

- На якія грошы выдавалася “Студэнцкая думка” у той час, калі яна існавала як часопіс?

- Натуральна, што без знешняй дапамогі часопіс бы не выдаваўся. Але недзе з 2002 году ў нас пачала з’яўляцца рэклама. Гэта не дазваляла пакрываць усе выдаткі, але дазваляла адчуваць сябе незалежным часопісам з уласнай пазіцыяй. Гэта далося вельмі няпроста – спатрэбілася паўтары гады, каб проста прабіцца да першага рэкламадаўцы.

- Гэтае знешняе фінансаванне – яно ішло праз ЗБС, ці непасрэдна ў “Студэнцкую думку”?

- Першыя прыблізна паўгады – праз ЗБС, а пасля – непасрэдна на выданне. Часопіс у першы час быў зарэгістраваны як выданне ЗБС, пакуль гэта дазвалялася законам. А пасля нам давялося памяняць статут. Але ж гэта было незалежнае выданне – са сваёй рэдакцыяй, са сваім рахункам і гэтак далей.

- Колькі чалавек прыблізна працавала над кожным нумарам?

- Асноўны касцяк – 5-6 чалавек – дызайнер, карэктар, рэдактары ды пара асноўных аўтараў. Ну і чалавек дзесяць фрылансараў. Урэшце, колькасць фрылансараў была досыць вялікая, бо гэта ўсё ж студэнцкае асяроддзе. Яны прыходзілі, сыходзілі... Шмат якія людзі, якія пачыналі ў “Студэнцкай думцы”, пасля пачалі працаваць у іншых выданнях.

Націсніце, каб прагледзець нумар цалкам

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: