ОБ АВТОРЕ

Постоянный корреспондент Mediakritika.by.

Журналист-фрилансер. SMM'щик.

Экс-редактор ныне замороженного проекта 'Belarusian News Photos'.

В 2014 году окончил Институт журналистики БГУ.

Член БАЖ

Вы здесь

Моладзевы навагодні «Абажур» прэзентавалі ў Мінску

В фокусе

29 снежня ў Мінску ў сяброўскай перадсвяточнай атмасферы маладыя журналісты прэзентавалі навагодні выпуск БАЖаўскага часопіса «Абажур»

Сёлета ў верасні адзінаццаць маладых журналістаў адгукнуліся на заклік Барыса Гарэцкага, прэс-сакратара грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», зрабіць моладзевы нумар часопіса “Абажур”. Моладзевая рэдакцыя вырашыла зрабіць свой нумар лёгкім, зразумелым і цікавым для маладых. Вынік амаль трохмесячнай працы калектыў, які працаваў над выпускам, прэзентаваў калегам напярэдадні Новага года ў адной з Мінскіх кавярняў.

У сваёй прадмове да выпуску моладзевая рэдакцыя распавяла пэўныя цікавосткі. Напрыклад, «нумар падрыхтавалі маладыя бажаўцы, стварыўшы грамадскую рэдакцыю. Мы вельмі стараліся, каб часопіс атрымаўся цікавым. Некаторыя з нас цэлымі днямі не спалі, а начамі не елі :) Тут ёсць таксама матэрыялы нашых старэйшых калег, якія, як мы хутка даведаліся, сапраўды начамі не спалі, каб адрэдагаваць некаторыя нашы тэксты» ці «Творчы працэс падштурхнуў нас да высновы, што галоўнай перашкодай для беларускай журналістыкі з’яўляецца ўсё ж лянота…»

«Я вельмі рады, што лёс і БАЖ дазволіў мне зрабіць часопіс з гэтымі выдатнымі людзьмі. Яны не карыфеі журналістыкі, але гэтыя людзі, на мой погляд, хочуць і могуць рабіць БАЖаўскі часопіс цікавым. Рабіць яго такім, каб ён быў цікавы нашаму пакаленню, - распавёў Барыс Гарэцкі Mediakritika.by. - На мой погляд, сучаснае пакаленне цікавіць асоба журналіста, журналісцкія гісторыі, тэхналогіі, але ніяк не разважанні палітолагаў пра кепскае жыццё ў Беларусі. Прынамсі, мы, так лічым.

Калі сябрам БАЖ становіцца 18-25-ці гадовы малады чалавек, а такіх сярод БАЖаўскіх навічкоў абсалютная большасць, мы павінны даць яму ў рукі цукерку. Часопіс, які прывабіў бы яго, зачапіў, магчыма крыху шакаваў. Каб ён сказаў: о, крута, БАЖ сапраўды можа павучыць нават нас, маладых і прасунутых.

Таму дзякуй БАЖу, Андрэю Бастунцу і ўсяму нашаму выдатнаму моладзеваму калектыву. А гэта выдатныя людзі, як бы іх там не крытыкавалі старэйшыя: Аляксандр Ярашэвіч, Павел Свярдлоў, Настасся Рэзнікава, Наталля Адарчанка, Ганна Мызенка, Настасся Яўмен, Любоў Каспяровіч, Вікторыя Чаплева, Юлія Сакалоўская, Таццяна Ткачова, Таццяна Данілушкіна, Паўлюк Канавальчык і я)».

Што цікавага напісалі маладыя журналісты ў навагодні выпуск часопіса?  «Еўрарадыё без купюр» - аповед пра жыццё рэдакцыі радыё ў цэнтры сталіцы. «Сяргей Гудзілін: У 2016-м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!» - па-сяброўскаму шчырая размова з вядомым беларускім фатографам. «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей» - пра маладую журналісцкую сям'ю, якая ў свой час ускалыхнула ўтульненькі журналісцкі свет біяграфічнымі матэрыяламі пра высокіх чыноўнікаў. «У беларускай журналістыкі жаночы твар» -  кароткія маналогі дзяўчат-журналістак, якія сутыкнуліся з ухіленнай у інтым увагай рэдактараў. І іншыя цікавыя тэмы.

Як адзначыў у каментары для Медыякрытыкі галоўны рэдактар часопіса ''Абажур'' Уладзімір Дзюба, ён застаўся задаволеным вынікам працы маладых калег: «Я шчыра ўдзячны і Барысу Гарэцкаму, адказнаму за тэматычнае напаўненне і збор публікацый для гэтага нумара, і маладзейшым калегам, якія выступілі з такой прапановай. Азнаямленне з некаторымі матэрыяламі журналістаў-пачаткоўцаў таксама прынеслі прыемныя хвіліны. Таму што бачна, што з многіх іх з цягам часу вырастуць сапраўдныя зоркі незалежнай беларускай журналістыкі.

Аднак я не магу ўстрымацца каб не выказаць крытыку. Таму што ў некаторых матэрыялах вельмі шмат недапрацовак, якія тычацца проста элементарнай пісьменнасці. Людзі напісалі па-беларуску, матэрыялы не вычыталі, не адрэдагавалі… Трэба працаваць са словам!

Многім трэба вучыцца працаваць са словам. Я думаю, што гэта вынікі інтэрнэту. Я за інтэрнэт, за развіццё, зразумела. Проста многіх журналістаў інтэрнэт разбэсціў. Гэты інтэрнэтаўскі інфармацыйны канвеер не патрабуе дасканалай працы над словам, над сваім стылем. Таму людзі распаволеныя. А друкаванае слова – яно ўвесь час перад вачыма. Да яго трэба ставіцца больш сур'ёзна і патрабавальна да сябе. Перш за ўсё, трэба шанаваць свайго чытача і самога сябе. І няважна, ці ты пішаш у інтэрнэт, ці ў газету, ці ў часопіс».

Даведка.

Часопіс “Абажур” выдаецца грамадскім аб'яднаннем “Беларуская асацыяцыя журналістаў” са снежня 2000 г. Выданне зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі. Выходзіць 1 раз на 3 месяцы і распаўсюджваецца бясплатна. Наклад спецвыпуску - 500 асобнікаў. У хуткім часе навагодні выпуск «Абажура» з'явіцца на адпаведнай старонцы сайта БАЖу. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: