Вы здесь

Права на рызыку, альбо Фотаапарат для дзяўчынкі

В фокусе

Пытанне гендарнай няроўнасці ў прафесійнай фотажурналістыцы не першы год час ад часу ўздымаюць у публікацыях на аналітычных рэсурсах па ўсім свеце.

Гаваркім у гэтым сэнсе з’яўляецца загаловак аднаго з леташніх выпускаў «TIME»: «Новае даследаванне даводзіць існаванне гендарнай няроўнасці ў фотажурналістыцы». Як у гендарным плане прадстаўлена беларуская фотажурналістыка, якія тэмы даследуюць і якую візуальную мову выкарыстоўваюць беларускія жанчыны і мужчыны, што працуюць у фатаграфічным полі? Гендарныя асаблівасці беларускай фатаграфіі разглядае арт-крытык Вольга Бубіч.

Сяргей Балай. «Прэс-фота Беларусі 2015», І месца ў намінацыі «Навіны»

Нягледзячы на ўпэўненасць некаторых незалежных аналітыкаў у існаванні «бясполай выспачкі пад назвай фатаграфія», нядаўняе апытанне, праведзенае брытанскім інстытутам «Ройтар», выявіла адваротнае. Прафесія фотажурналіста ў свеце сёння ўсё яшчэ застаецца прэрагатывай мужчын, гендарныя адрозненні ў прафесійным полі фатаграфіі – гэта не міф.

І датычаць яны перадусім няроўнай аплаты працы прадстаўнікоў абодвух полаў і большых насцярогі і нежадання навінавых і фотаагенцтваў наймаць фатографак.

Як адзначаецца ў 76-старонкавай справаздачы, дзе прадстаўлены вынікі апытання 1 556 фатографаў з больш чым 100 краін свету, фатографак значна радзей бяруць на сталую працу буйныя навінавыя агенцтвы (7% – у параўнанні з 22% мужчын). Значна часцей жанчыны працуюць у частковай занятасці або сумяшчаюць працу ў фотажурналістыцы з іншымі відамі прафесійнай дзейнасці. Брытанскае даследаванне таксама высветліла, што менш аплачваецца і праца жанчын.

Бегкі позірк на спіс пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі» і прэміі праектнай дакументальнай і арт-фатаграфіі «Прафота» апошніх гадоў паказвае, што наша краіна ў гендарным пытанні цалкам адпавядае сусветным трэндам. Адно 19% прац, якія перамаглі або ўганараваліся спецыяльнымі згадкамі на «Прэс-фота Беларусі – 2015», былі выкананы жанчынамі. Больш роўная тэндэнцыя робіцца бачнай пры аналізе вынікаў конкурсу «Прафота», дзе як у 2014-м, так і ў 2015-м доля праектаў, створаных жанчынамі, стабільна складае прыкладна 1/3.

Цікава таксама адзначыць, што пашыранае меркаванне крытыкаў пра недастатковую адукаванасць фотажурналістак як прычыну іх невялікага ліку сярод пераможцаў конкурсаў сусветнага ўзроўню не знаходзіць пацверджання ў лічбах. 82% жанчын, апытаных падчас даследавання інстытута «Ройтар», мелі вышэйшую адукацыю (у параўнанні з 69% мужчын) і былі актыўна ўцягнутыя ў працу ў сферы сацыяльных СМІ (76% жанчын і 61% мужчын). З прычыны таго, што жанчыны прыходзяць у прафесію пазней, яны часцей выяўляюць большую адкрытасць да працы з новымі тэхналогіямі, напрыклад не баяцца эксперыментаваць з рознымі інструментамі ў галіне відэа і мультымедыя.

Аркадзь Собалеў. «Прэс-фота Беларусі 2015», 2 месца ў намінацыі «Навіны» (серыі)

Стасоўна да Беларусі, тэндэнцыя выяўляецца падобнай, але ёсць і свая спецыфіка. Цікавасць да павышэння візуальнай пісьменнасці ў сферы фатаграфіі ў нашай краіне існуе як у жанчын, так і ў мужчын. Напрыклад, пераважная большасць фатографаў, што прайшлі навучанне на курсе «Лаві момант!» Сяргея Балая, арганізаваным Беларускай асацыяцыяй журналістаў, складалі менавіта жанчыны. Каля 80% слухачоў, якія прыходзяць на аўтарскі курс фатографа і выкладчыка Андрэя Дубініна па асновах фатаграфіі ў мінскім цэнтры Studio67, таксама складаюць жанчыны. Аднак, як адзначае сам Андрэй, працягваюць навучанне на спецыялізаваных курсах, напрыклад партрэтных, у асноўным мужчыны.

«Жанчынам часта дастаткова базавых ведаў, мужчыны ж часцей вывучаюць фатаграфію як сістэму, паглыбляюцца, а жанчыны бяруць толькі маленькі яе функцыянал, але выкарыстоўваюць як інструмент для вырашэння пэўных пытанняў. Яны больш засяроджваюцца на выніку і гледачы, чым на працэсе і тэхніцы, – каментуе Андрэй Дубінін. – Гэтая тэндэнцыя карэлюецца з гуманітарыямі і тэхнарамі – жанчыны больш гуманітарыі, для іх вывучэнне фатаграфіі – прыкрая неабходнасць разбірацца ў тэхніцы, каб змагчы зрабіць тое, што яны ўжо прыдумалі. Мужчыны ж у большай ступені тэхнары, яны бачаць фатаграфію як набор інструментаў. Яны захапляюцца працэсам і вывучэннем».

Андрэй Дубінін таксама ўпэўнены, што ступень уцягнутасці жанчын у тонкасці фатаграфічнага майстэрства звязаная з гендарнымі жыццёвымі сцэнарамі, пашыранымі ў беларускім грамадстве. У адпаведнасці з імі грамадства чакае ад жанчын рэалізацый функцый маці і жонкі, а за мужчынам пакідае права на развіццё ў прафесіі, і няважна, ідзе тут гаворка пра прафесію фатографа ці пра якую-небудзь іншую. «Большасць жаночых кар’ер і амбіцый заканчваюцца на з’яўленні мужа, стварэнні сям’і і дзецях. Калі ў іх усё складваецца ў асабістым жыцці, інтарэсы мяняюцца. Мужчына можа дазволіць сабе не гадаваць дзяцей, толькі прысутнічаць пры гэтым, таму ён часта і жыццё сваё будуе інакш, кар’еру і гэтак далей», – адзначае фатограф.

Яшчэ адно распаўсюджанае меркаванне, якое з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай на шляху фатографкі, – успрыняцце прафесіі фотажурналіста як звязанай з рызыкай і жорсткім графікам. А права на рызыку і небяспеку, зноў жа лічаць шматлікія беларусы, – гэта дзялянка мужчыны.

Што ж адбываецца, калі пра жаданне самастойна прымаць рашэнні адносна рызыкі ў прафесіі заяўляе жанчына? Часта яна чуе ад свайго магчымага працадаўцы адмову. Досвед фатографкі і рэдактаркі анлайн-часопіса пра сучасную беларускую фатаграфію «Imbalance» Аляксандры Салдатавай сведчыць менавіта пра гэта.

«Калісьці ў папярэднім фатаграфічным жыцці, калі я працавала журналісткай, якая здымае гарадскія краявіды і пейзажы, я імкнулася стаць фатографкай, якая здымае навіны. Рэдактар на маю просьбу адказаў адным сказам: «Вось ты ўяві: будзе пажар ноччу ў Шабанах, як я цябе адну на заданне пашлю?» Таму справа, як мне здаецца, нават не ў жанчынах. Кожны чалавек, робячыся журналістам на перадавой, мусіць разумець, што ён пагаджаецца на працу без графіка, без фіксаваных выходных і бальнічных, без гарантыяў бяспекі, без абедаў па раскладзе і ўвогуле без раскладу, але з неабходнасцю быць хутка і, як правіла, там, дзе нешта не ў парадку», – распавядае Аляксандра.

Высокія патрабаванні да прафесіі фотажурналіста сапраўды ёсць. Фатографка Надзея Бужан, якая цяпер працуе ў газеце «Звязда», расказваючы пра свае будні з камерай, адзначае: «Не дарма прафесію называюць мужчынскай – стыхійнае рэагаванне на падзеі, што адбываюцца ў краіне, свеце, бесстаронні погляд, няма дакладнага працоўнага графіка, ты мусіш працаваць у любых умовах – снег, дождж, спёка. Нельга проста адседзецца ў цёплым офісе. Мужчыны больш трывалыя, трывушчыя. Дый заплечнік з камплектам фотатэхнікі мае ўнушальную вагу. Банальна, але часам цяжка фізічна. Не кожная дзяўчына захоча звязваць сваё жыццё з такім незразумелым заняткам. Плюс стэрэатыпы пра тое, што мужчына больш надзейны – не сыдзе ў дэкрэт у нязручны момант, не скажа, што стаміўся, бо сумка цяжкая».

Што ж здымаюць жанчыны, якім, насуперак пашыраным стэрэатыпам, удаецца рэалізаваць сваё права на рызыку і дэманстрацыю трываласці ў прафесіі фотажурналіста? Ці можна ў адносінах да складу прац казаць пра «жаночую» і «мужчынскую» фатаграфію? Аналіз работ – пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі» паказвае, што хутчэй так.

Цалкам «мужчынскай» тэрыторыяй у Беларусі з’яўляюцца рубрыкі «Навіны» і «Традыцыі»: 100% прац, што перамаглі ў гэтых катэгорыях на леташнім конкурсе «Прэс-фота Беларусі», належаць мужчынам-фатографам. Рэдкія здымкі, зробленыя жанчынамі, можна сустрэць і ў намінацыях «Партрэт», «Спорт» і «Прырода».

Надзея Бужан. «Прэс-фота Беларусі 2015», спецыяльная адзнака журы ў намінаціыі «Штодзённае жыццё» (сінглы)

Амерыканская фрыланс-фатографка Кэці Карыд прыводзіць у якасці магчымага тлумачэння падобнай гендарнай спецыфікі, якую можна назіраць у змесце фатаграфій па ўсім свеце, гісторыі з уласнага досведу: «Не думаю, што фотарэдактары цалкам ігнаруюць гендарны аспект фатаграфіі або што фатаграфію сёння можна назваць бясполай. На 100% я якраз упэўненая ў адваротным. Шматлікія фактары, якія датычаць майго полу, уплываюць на маю працу. Напрыклад, мне, як жанчыне, вельмі лёгка здымаць дзяцей – наўрад ці чыйсьці тата або чыясьці мама, пабачыўшы мяне з камерай, палічаць мяне вычварэнкай. З іншага боку, калі мне даводзіцца здымаць футбольныя матчы, я часта адчуваю сябе «трэцяй лішняй», бо я – жанчына, якая апынулася ў свеце спартовай фатаграфіі» [2].

Падобныя тэматычныя полюсы можна лёгка знайсці і сярод пераможцаў «Прэс-фота Беларусі»: жанчыны робяць кранальныя фатаграфіі пра будні ў дзіцячым садку (Паліна Рукавічкіна) і групе прадоўжанага дня ў Рагачове (Надзя Бужан), мужчыны здымаюць ваенны канфлікт на Майдане (усе 7 адзначаных журы праектаў у адкрытай намінацыі «Украіна»), спаборніцтвы па бодзібілдынгу (Сяргей Дацэнка) і тайскім боксе (Дзяніс Дзюба).

Пра большую цікавасць жанчын да сацыяльнай тэматыкі і дакументальнай фатаграфіі гаворыць і фотажурналістка Наста Храловіч. Яна адзначае, што, нават калі жанчыны і мужчыны на роўных выпраўляюцца здымаць ваенныя падзеі, у аб’ектывах жанчын-фатографак будуць не танкі, а «гісторыі пра тых, хто ад гэтых танкаў бяжыць».

Фатограф Андрэй Дубінін прытрымліваецца падобнага меркавання, кажучы пра тое, што не варта цалкам ігнараваць псіхалогію полаў: «Мы ж псіхалагічна розныя. Мужчыны і жанчыны, логіка і эмоцыі. Мужчынская фатаграфія часта нешта тлумачыць, даносіць, распавядае, акцэнтуе хіба. Жаночая часцей рэфлексуе, здзіўляецца, перажывае».

Вольга Бубіч, pARTisan

Цалкам тэкст чытайце тут

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: