Вы здесь

Лекцыя Яраслава Ладыгіна «Нараджэнне новых медыя ва Украіне: радыё “Арыстакраты”»

В фокусе

Прэс-клуб запрашае на сустрэчу з сузаснавальнікам украінскага анлайн-радыё «Арыстакраты».

Яраслаў Ладыгін раскажа, як стварыць незалежнае, разумнае і фінансава паспяховае basement-медыя ў смутны час, 21 студзеня а 19.00 у прасторы "ЦЭХ".

Медыялабараторыя 34mag і «Еўрарадыё» працягвае серыю афлайн-сустрэч, якія будуць ладзіцца ў Менску ды іншых гарадах Беларусі цягам гэтага года. Місія гэтых мітапаў – звярнуць увагу беларусаў на сусветныя трэнды і навучыць прыслухоўвацца да саміх сабе, даць імпульс да развіцця – і разам атрымліваць асалоду ад светлай будучыні. Кожны наш прывоз – гэта спроба апярэдзіць час на адзін крок наперад. Нашымі гасцямі ўжо былі журналіст Андрэй Лашак, відэаблогерка Яўгенія Ціманава, навуковая журналістка Ася Казанцава, гендарны даследчык Валерый Сазаеў.

Гэтым разам мы прывозім Яраслава Ладыгіна, аднаго з заснавальнікаў украінскага анлайн-радыё «Арыстакраты». Разам з былымі калегамі па «Просто Радио.О» Данілам Хамутоўскім і Лерай Чачыбая 9 лютага 2014 года Яраслаў запусціў радыё, якое за два гады існавання дайшло да паказчыкаў 200 тысяч слухачоў на месяц. Як кажуць заснавальнікі, новы праект з'явіўся праз нежаданне залежаць ад волі заангажаванага кіраўніцтва на старых месцах працы і звязаным з гэтым адтокам таленавітых кадраў з украінскага радыё. Такая сітуацыя дала імпульс для з’яўлення так званых basement-медыя, то-бок такіх, дзе каманда ў першую чаргу апантаная стварэннем кантэнту, а не стабільнымі фінансавымі перспектывамі. Самі «Арыстакраты» сапраўды размяшчаюцца ў падвале ў цэнтры Кіева, але ж за два гады існавання радыё выйшла на самаакупнасць і нават стварыла з нуля рынак рэкламы на анлайн-радыё. Ва ўмовах цяперашняй эканамічнай сітуацыі ва Украіне гэта выглядае як цуд.

Афіцыйны дэвіз радыё – «Усе разумнікі краіны». Як кажуць заснавальнікі, гэта вызначэнне мэтавай аўдыторыі – людзей адукаваных і неабыякавых. Вялікую частку кантэнту складаюць ток-шоу розных вядомых украінскіх дзеячаў культуры, за чатыры сезоны аўтарамі ўласных праграмаў тут былі: міжнародная журналістка Наталля Гумянюк, рэдактар украінскага Esquire Аляксей Тарасаў, галоўрэд украінскага Playboy Уладзь Фісун ды іншыя журналісты і творцы, для многіх з якіх з’яўленне на «Арыстакратах» – гэта ўвогуле першы вопыт у якасці радыёвядоўцы.

Лекцыя Яраслава Ладыгіна «Нараджэнне новых медыя ва Украіне: радыё “Арыстакраты”» адбудзецца ў гэты чацвер, 21 студзеня, у прасторы «ЦЭХ»  (вул. Кастрычніцкая, 16).

Пачатак а 19.00. Уваход вольны. Падзея ў Facebook

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: