ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

На “Белсаце” стартуе #Прыват – самая інтымная перадача беларускага тэлебачання

Интервью

На беларускім незалежным тэлеканале “Белсат” выходзіць новая аўтарская праграма паэткі і тэлевядучай Валярыны Куставай #Прыват. “Шчыра, востра, па-беларуску!” – такі слоган новай перадачы.

Героі праграмы распавядуць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі на Facebook. Першы выпуск гледачы тэлеканалу пабачаць ужо 20 студзеня а 21:40. Мы распыталі Валярыну Куставу пра самае вострае і інтымнае шоў на беларускім тэлебачанні.

- Валярына, ці будзе выходзіць шоў "Чорным па белым"? Калі не, то чаму яно спыненае?

- Апошні выпуск “Чорным па белым” выйшаў перад Новым Годам, яго тэма: “Ці лёгка быць жанчынай у Беларусі?”. Агулам праграма ішла шэсць сезонаў, тры гады, два разы на месяц. Гэта неблагі век для дыскусійнага шоў, для здымак у якім госці мусілі ехаць у Варшаву.

Гэтая праграма была дэбютнай для мяне на тэлебачанні. І я ўдзячная “Белсату” і сваім калегам, з якімі мы яе рабілі. Гэта быў шыкоўны плацдарм для навучання і практыкі. Праграма дала мне магчымасць вучыцца як камунікацыі з людзьмі на пляцоўцы, так і арганізацыйным і тэхнічным нюансам. Усцешаная, што цяпер мне даверылі аўтарскі праект. І перадусім за досвед супрацы я ўдзячная сваёй сувядоўцы – Юлі Рымашэўскай.

- Каму належыць ідэя #Прывату?

- Мой хросны на канале Яраслаў Каменскі заўжды мяне падштурхоўваў стварыць штосьці індывідуальнае, мае родныя і сябры верылі ў мяне. Саму ж праграму прыдумала, натуральна, я – і адпаведна з’яўляюся яе аўтарам, вядоўцам і сцэнарыстам. Калегі натхнілі на ўдасканаленне канцэпту і фармату.

Гэта важная прэм’ера ў маім жыцці на тэлебачанні. Тое, што люблю і што, спадзяюся, палюбіце і вы - мае гледачы і чытачы. Што не менш важна - атрымалася сабраць выдатную каманду – у мяне цудоўны прадусар Сяргей Кручкоў, малады таленавіты рэжысёр Серж Аўсянік, цяпер пашыраем штат аператараў і журналістаў, з якімі, спадзяюся, спрацуемся.

- Распавядзі пра канцэпцыю праграмы. Аб чым ты будзеш гаварыць з гасцямі і як іх выбіраеш?

- Праграма аўтарская і спецыфіка яе ў тым, што я па сутнасці буду прыслухоўвацца да сябе, свайго сэрца, думак, а таксама сваіх чытачоў і гледачоў. Буду анансаваць тэмы, думкі звязаныя з пэўнымі пераадоленнямі ці праблемамі, стасункамі. І абіраць тыя, што найбольш закранулі людзей. Праграма задумана як супер-інтэрактыўная – таму на кожную агучаную тэму чытачы могуць самі  прапаноўваць герояў альбо цікавыя гісторыі пераадоленняў. Таму невыпадковы для праграмы знак # (знак хачтэгу), які сімвалізуе інтэрактыўнасць і сеткавую заангажаванасць - яе жыццё ў сацыяльных сетках, яе адкрытасць да непасрэднага ўдзелу чытачоў і гледачоў. Тое, што кожны можна напісаць нам у прыват (у прыват "Прывату") сваю цікавую гісторыю - і стаць удзельнікам праграмы альбо прапанаваць кагосьці, хто б мог выказацца і натхніць іншых.

Гэта праграма пра тых, хто натхняе, для тых – хто мае мару, але пакуль вырашае, як жа да яе дайсці. А ўсе тэмы, выданні і працоўныя матэрыялы будуць пазначацца ў сеціве хачтэгамі #прыват, #pryvat, #studyjapryvat.

- Якая структура будзе ў перадачы?

- Яе будзе дыктаваць перадусім тэма і госць. Галоўнае – гэта размова з госцем у студыі. І як камяні, на якой яна будуюцца – сюжэты, апытанні, меркаванні экспертаў, эксперыменты і бліцы ўнутры праграмы. Мы пастараемся шукаць цікавыя нечаканыя ракурсы, але між тым рабіць уцямную і якасную праграму. 

- Дзе здымаецца перадача?

- У Менску. І гэта вялікае шчасце для мяне, бо не трэба выцягваць людзей у Варшаву, як было з “Чорным па белым”. Урэшце я магу працаваць у Беларусі для Беларусі.

- Якая аўдыторыя праграмы? На каго яна разлічаная?

- Мне бачыцца, што гэта рознаўзроставая аўдыторыя, але перадусім моладзь і людзі, што ўжо сталі на ногі і ведаюць, чаго б яны хацелі ад жыцця. Узрост – 25-45 год. Зрэшты, натхняцца на ўчынкі і здзяйсненні, як і быць карысным прыкладам досведу для іншых, - можна ў любым узросце.

- Якім чынам ты ўгаворваеш гасцей гаварыць пра інтымныя рэчы?

- Проста людзі мне давяраюць і вераць, бо я захоўваю іх сакрэтныя сакрэты, а вось сваімі – магу і падзяліцца.

- Які плён ты чакаеш ад #Прывату?

- Я б магла сфармуляваць асноўныя місіі праграмы. Першая: натхняць людзей ісці да сваіх мараў і паказваць, як лепей пераадольваць складанасці, з якімі яны сутыкаюцца на шляху. Другая: паказаць, што сярод беларусаў дастаткова паспяховых людзей, шчасліва рэалізаваных у сваім выбары - у працы, сям'і ці абранасці, якія натхняюць.

Гэта праграма - пра поспех і пераадоленне, якое тым ці іншым чынам заўжды кранае штосьці цяжкое, няпростае і часта балючае, чым таксама дзеляцца нашыя госці, таму нам важна - каб госці сыходзілі з праграмы атрымаўшы задавальненне ад прамоўленага (унутраную сатысфакцыю).

Я хачу таксама паказаць, што пра праблемы можна і варта казаць шчыра, адкрыта, востра - бо ніхто не спрыяе большай публічнай прыязнасці да асобы, чым яго шчырасць і адкрытасць, а часам і самой асобе гэткае апублічванне гісторыі дапамагае вырашыць унутраныя пытанні.

І натуральна, хачу пасунуць моўныя межы, каб далучыць і зацікавіць добрай беларускасцю яшчэ больш паспяховых людзей, што маюць унутранае сонца, якое яны ўмеюць не выключаць нават у самыя няпростыя часы.

- Калі перадачу можна будзе глядець?

- “Прыват” будзе выходзіць два разы на месяц. Па серадах, дакладней – праз сераду (кожную першую і трэцюю сераду месяца). Прэм’ернае выданне – 20 студзеня а 21.40 на тэлеканале “Белсат”. Адпаведна наступнае – 3 лютага. Па выхадзе ў эфір – праграма будзе з’яўляцца ў ютуб-версіі на старонцы праграмы на сайце belsat.eu і на старонках праграмы ў сацыяльных сетках.

- Аб чым будзе прэм’ерная перадача?

- Тэма прэм?ернага выдання – «Сіці, гудбай!». Шмат хто з «дзяцей асфальту» марыць пра жыццё па–за МКАДам. Некаторыя, каб пачуць і адчуць сябе, збягаюць далей ад цывілізацыі. Але застацца сам–насам з прыродай або абраным чалавекам рызыкоўна, бо можа выявіцца зусім нечаканае. «Прыват» сустрэўся з тымі, хто выбраў вёску. Ці складана на гэта наважыцца? Гэта ўцёкі ад сябе ці да сябе?

Госць студыі – паспяховы бізнесоўца, эканамічны аналітык Серж Наўродскі, які пажыў у ЗША, Даніі ды Польшчы, а цяпер жыве ў доме мары ў Валожынскім раёне са сваймі дзецьмі. Але не так проста далося яму гэткае шчасце… Чаму? Глядзіце праграму! 

Фота Ягора Бабія

 

“Прыват” у Facebook

“Прыват у ВКонтакте

«Прыват» у Instagram

 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: