ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Да жанчын у журналістыцы ставяцца не так сур’ёзна, як да мужчын

Журналіст Алесь Пілецкі зрабіў сабе імя, працуючы ў “Нашай ніве”. Апошнія некалькі год ён працуе ў штаце “Еўрарадыё”. Гуляючы ў “Асацыяцыі”, Алесь паразважаў пра месца жанчын і мужчын у прафесіі, пра ролю калег у прафесійным жыцці прадстаўнікоў прэсы ды пра тое, як захаваць твар, працуючы журналістам.

Калегі. Вельмі важныя, на маю думку, у працы кожнага журналіста людзі, якія працуюць побач з ім. Я вельмі скептычна стаўлюся да фрылансерства, асабліва сярод маладых журналістаў, 20-ці і нават 30-гадовых. Яны ўвесь час самі па сабе, робяць што хочуць, не працуюць у рэдакцыях і праз гэта вельмі шмат губляюць. Я сам не вельмі даўно працую, з 2009 года, і магу сказаць, што на маю прафесійную дзейнасць і на маё бачанне прафесіі вялікі ўплыў аказалі калегі. Калектыў для журналіста вельмі шмат значыць, бо журналістыка – у першую чаргу практыка, не тэорыя. Толькі на практыцы ты развіваешся. Я толькі нядаўна пачаў разумець, што такое журналістыка (смяецца). Калі б не сутыкнуўся з калегамі, разумеў бы значна менш. Калегі і рэдактары – вельмі важныя людзі ў працы журналіста. Фрылансеры гэтага недаацэньваюць. У свабоднае плаванне можна ісці, калі ты шмат год прапрацаваў у рэдакцыі, але пакуль у цябе вялікага досведу няма, яго трэба браць ад калег.  

Жанчыны. Прачытаў у праекце “Асацыяцыі” не так даўно выказванне аднаго з вядомых дзеячоў у журналістыцы, што гэта жаночая прафесія. Я з гэтым не згодны, бо працаваў у Беларусі штатна ў дзвюх рэдакцыях, пазаштатна супрацоўнічаў яшчэ з некалькімі беларускімі і замежнымі СМІ, і паўсюды мне даводзілася сутыкацца пераважна з мужчынамі. Жанчын у журналістыца, насамрэч, менш. У гэтай прафесіі няма падзелу па аплаце працы - ганарары аднолькавыя. Жанчынам часам прасцей, бо з імі прыемней размаўляць чыноўнікам, спартоўцам, нейкім вядомым людзям. Але, з іншага боку, часта да журналістак ставяцца не так сур’ёзна, як да хлапцоў. Гэта выдатна бачна па прэс-канферэнцыях нашага прэзідэнта. Марыне Коктыш ён змог зрабіць недвухсэнсоўную прапанову, але са Змітром Лукашуком, маім калегам, размаўляў сур’ёзна, нягледзячы на тое, што той – нелаяльны да яго журналіст. Кіраўнік дзяржавы – вельмі яскравы прыклад. Да жанчыны з недзяржаўнага выдання ён і многія іншыя ніколі не будуць ставіцца сур’ёзна.

Інфармацыя. Мне падаецца, самае важнае ў нашай прафесіі – даведацца нешта новае. На гэтым усё пабудавана. Інфармацыя, нешта новае – тое, што неабходна чалавеку нараўне з ежай, напоямі і нават сэксам. Скептычна стаўлюся да аналітычных артыкулаў, бо ў іх бывае мінімум новага. Я гэтага не люблю. Калі чытаю інтэрв’ю, хачу даведацца нешта новае і мне нават не так істотна, як яно напісана. У гэтым плане мне падабаецца інтэрнэт: нешта чытаеш, не знаходзіш нічога новага, кідаеш і пачынаеш чытаць нешта іншае, шукаеш інфармацыю, якая табе патрэбна. Аксакалы наракаюць на інтэрнэт, а мне падабаецца. Раней набыў газету і чытаеш яе, бо купіў. А зараз інфармацыі процьма, і ты спажываеш тое, што табе трэба. Гэта змяняе нашу прафесію, але шмат новай інфармацыі – гэта вельмі добра. Журналісты, калі пачынаюць нешта рабіць, заўжды павінныя думаць аб тым, што новага яны распавядуць, бо калі яны проста збяруць ужо надрукаванае, атрымаецца нешта другаснае.

Цэнтр увагі. Шмат хто з журналістаў любіць быць у цэнтры ўвагі. Чытаеш артыкул, а там: я ўбачыў, я думаю, я даведаўся… У лепшым выпадку будзе напісана: нам удалося даведацца. Любяць некаторыя журналісты сваё імя ў кожным абзацы напісаць. Такое я заўважаў за выпускнікамі журфаку, з якімі працаваў разам. Яна адрозніваюцца ад тых, хто яго не сканчаў. Не заўсёды ў лепшы бок. Я люблю пісаць і чытаць артыкулы, дзе не бачна журналіста, альбо ён пазнавальны па стылі. Не зусім правільна, калі журналіст выказвае ў матэрыялах сваё асабістае меркаванне. Некаторыя нават навіны пішуць такім чынам! Люблю тэксты, якія добра і цікава напісаныя, дзе не бачна аўтара. Не ведаю, ці гэта правільна. І ў фэйсбуку не чытаю тых, хто піша толькі пра сябе. Некаму гэта, відаць, падабаецца, але не мне дакладна.

Праца. Калі я быў зусім маладым, яшчэ школьнікам, думаў, што журналістыка – вельмі цудоўная творчая прафесія, якой займаюцца толькі вельмі таленавітыя людзі. Насамрэч, журналістыка – у першую чаргу праца. Можна любога навучыць пісаць добрыя матэрыялы, я ў гэтым перакананы. Я сам такі, не сканчаў журфак. Заняткі журналістыкай – гэта не творчы працэс, як лічаць маладыя і захопленыя людзі. Яны думаюць, што зменяць жыццё да лепшага, а ў выніку пішуць артыкулы пра тое, як хлопец на станцыі метро Уручча скочыў на рэйкі. Людзі пішуць вершы, скончылі мноства літаратурных курсаў, але не ў стане напісаць навіну. Гэта простая рэч, якую трэба ўмець рабіць. А творчыя людзі ставяцца да журналістыкі як да нейкага паклікання, а не да працы.

Але трэба заўжды памятаць, што гэта ўсяго толькі праца. Я па сваіх сябрах і па сабе бачу: часта прыходзіш пасля працоўнага дня дадому і замест таго, каб займацца асабістымі справамі, працягваеш працаваць, глядзіш навіны, чытаеш артыкулы, думаеш, што можна самаму напісаць… У свой мінулы адпачынак паехаў у Барселону на футбол, дзейсніўшы даўнюю мару. Калі прыйшоў у гатэльны нумар пасля гульні, што я зрабіў? Сеў пісаць артыкул аб тым, як згуляла БАТЭ з “Барселонай”. Трэба ўмець трымаць дыстанцыю, пераключацца, бо можна згарэць і згубіць цікавасць, перастаць разумець, дзе жыццё, а дзе праца.

Сям’я. Ёсць стэрэатып, што журналісты – страшныя людзі, алкаголікі, з імі немагчыма жыць. Не ведаю, адкуль гэта пайшло, відаць, ад Даўлатава. Але сярод маіх сяброў журналістаў амаль усе маюць сем’і, выдатна з гэтым усім спраўляюцца. Стэрэатыпу, што журналістыка – антысямейная, антысацыяльная прафесія ў коле маіх сяброў не існуе. Іншая справа, ці ёсць нейкія сем’і, дзе вбодва – журналісты, не ведаю такіх... Але я лічу, што сям’я і гэтая прафесія выдатна спалучаюцца, усё залежыць ад чалавека. Хоць я дагэтуль не справіўся са сваім грамадскім абавязкам (смяецца), але не думаю, што гэта з прафесіяй звязана.

Твар. Для журналіста важна ўмець захоўваць свой твар. Рускія кажуць: “Береги честь смолоду”. Калі я толькі пачынаў працаваць, адзін з вядомых беларускіх культуролагаў сказаў мне: “Ніколі не пішы пра сэкс і рэлігію” (смяецца). Такім чынам ён хацеў, каб я захоўваў свой твар, бо калі ты пачнеш пісаць пра сэкс, так цябе і будуць успрымаць. Аб чым ты пішаш у артыкулах, у сацыяльных сетках – так пра цябе і думаюць. Пасты ў сацсетках – гэта не артыкулы, але калі ты напішаш, што ненавідзіш гомасэксуалаў альбо, крый божа, падтрымліваеш баевікоў на Данбасе, мусіш быць гатовым да таго, што гэта будзе мець нейкія вынікі: станоўчыя ці адмоўныя, не ведаю. Заўжды трэба памятаць, які твар ты паказваеш, бо журналіст – публічная асоба.

Фатаграфія – маё захапленне, дагэтуль не рэалізаванае. Яно прывяло мяне ў прафесію, я пачынаў свой шлях з фотарэпартажаў. Зараз амаль не фатаграфую, на жаль. Для мяне асабіста добры фотаздымак значыць нашмат больш, чым добры тэкст. На жаль, у нас няма ніводнага выдання, якое надавала б належную ўвагу фотарэпартажам і фатаграфіі. У інтэрнэце гэта складана зрабіць, але магчыма. Самы моцны фотапраект за мінулы год, на маю думку – пра сямейны гвалт, які для партала TUT.by здымаў Аляксандр Васюковіч. Ён мяне вельмі ўразіў.  

Аб’ектыўнасць. Заўжды журналістам кажуць, што яны мусяць быць аб’ектыўнымі. Прыходзіш ты на прэс-канферэнцыю з міністрам, а на ёй – дваццаць журналістаў, і ўсе запісваюць на дыктафон адны і тыя ж словы. Потым яны ідуць у свае рэдакцыі і пішуць артыкулы. Ты, бывае, яшчэ не адпісаўся з прэс-канферэнцыі, а ў RSS-стужцы бачыш паведамленні калег з яе і думаеш: блін, мы, відаць, былі на розных мерапрыемствах! (смяецца) Заўжды сэнс сказанага некім вельмі залежыць ад выдання, у якім з’явіўся тэкст. Як спажывец інфармацыі я хачу прачытаць тое, што сказаў чыноўнік. Але як журналіст я разумею, што часам ён нават не можа выказацца настолькі дакладна, каб яго зразумелі так, як трэба. Людзі – не кампутары, а журналістыка - не матэматыка, дзе адзінка – заўжды адзінка. З людзьмі складаней. Журналісты пішуць так, як яны пачулі. Гэта нават не памылкі, а іншае ўспрыняццё. Чыноўнік можа сказаць адно, журналіст зразумее яго сваім чынам, чытач –  іначай і ў фэйсбуку распавядзе зусім не тое, аб чым гаварыў спікер… Вось і атрымліваюцца неаб’ектыўныя навіны. Інфармацыя, пераходзячы ад аднаго чалавека да іншага, заўжды змяняецца. Журналіст не хоча хлусіць – яму тое не трэба. Ён проста так пачуў і так зразумеў. Аб’ектыўнасць мусіць заключацца ў тым, што ты дасі меркаванне некалькіх бакоў. Я за аб’ектыўнасць, але лічу, што яе патрабаваць ад людзей смешна.

Барацьба. Шмат калег, асабліва тыя, хто прыйшоў у журналістыку з апазіцыйных структур, нас успрымаюць як барацьбітоў. Часта для людзей журналістыка – барацьба за праўду, альбо з рэжымам (у нашым выпадку за праўду - значыць, з рэжымам) і журналісты гатовыя ў адной руцэ трымаць мікрафон, а ў іншай – бел-чырвона-белы сцяг. Гэта, на маю думку, адзін з самых кепскіх варыянтаў, які толькі магчымы. Мы не мусім ні з кім змагацца, наша задача – распавядаць навіны, даваць людзям інфармацыю. Нават не так істотна, аб чым ты пішаш: пра тое, што ў Кіркорава чарговы дзіцёнак невядома ад каго нарадзіўся, ці што мінчане выйшлі на акцыю пратэста – і там, і там навіны. Але калі ты акрамя мікрафона ці фотаздымача бярэш сцяг, ты ўжо не журналіст, ты – змагар. І не трэба называць сябе журналістам. Калі чалавек з’яўляецца сябрам палітычнай партыі і піша пра палітыку – гэта няправільна. Хочаш змагацца – змагайся, а журналіст аб нечым распавядае, на гэтым яго функцыі скончваюцца.  

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: