Вы здесь

Маніторынг: У эфіры – “катастрафічнае” замежжа

Маніторцы Mediakritika.by падрыхтавалі чарговую справаздачу аб тым, як у снежні 2015 года тэлеканалы ОНТ, “Беларусь 1” і “Белсат” асвялялі ў вечаровых выпусках навіны замежжа. Пад імі разумеліся падзеі, што геаграфічна мелі месца па-за межамі Беларусі і/або адбываліся з замежнымі (напрыклад, перамовы ў Мінску кантактнай групы па Ўкраіне) ці беларускімі актарамі (напрыклад, удзел Аляксандра Лукашэнкі ў саміце АДКБ). Таксама фіксаваліся каментары і ацэнкі беларусаў пра сітуацыю па-за межамі краіны (большасць з іх мелі месца ў сюжэтах, што ўтрымліваюць згадкі па тэме), а таксама замежных персонаў/дзяржаваў датычна іх стасункаў з Беларуссю.

На тыдні з 21 па 27 снежня 2015 г. тэлеканале “Беларусь 1” у эфір выйшлі 86 тэматычных сюжэтаў (55% ад агульнай колькасці матэрыялаў; 37% ад агульнай працягласці навінавых праграмаў), на ОНТ – 19 (24% і 52% адпаведна), на “Белсаце” – 18 (34% і 36% адпаведна).

Фармальнай асаблівасцю гэтага тыдня сталася тое, што «Беларусь 1» і ОНТ у нядзельных праграмах падводзілі вынікі не мінулых сямі дзён, а цэлага года. Змястоўна ж, па дадзеных маніторцаў, міжнародная карціна дня у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў, выглядала досыць спецыфічнай, як у геаграфічным, так і ў сутнасным ракурсах.

Ад Сербіі да Аўстраліі, ад ЗША да Расіі, ад Босніі і Герцагавіны да Лапландыі - найбольшую геаграфічную разнастайнасць у падборы навінаў прадэманстраваў тэлеканал «Беларусь 1». Пры гэтым, змястоўна асвятленне большасці падзеяў (усе у рубрыцы «За рубежом» і «Экономика дня») жанрава застаецца на ўзроўні навіны: што? дзе? калі? - кароткая інфармацыя без каментара і шырокага кантэкста. Акрамя выніковых матэрыялаў  «Главного эфира» («Беларусь 1», 27.12.2015), з актуальных навінаў тыдня за межы навінавага жанра выйшаў толькі сюжэт пра саміты АДКБ і ЕАЭС у Маскве з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, што быў зроблены ў фармаце афіцыйнай справаздачы і цягнуўся 15 хв. 21 с. («Беларусь 1», 21.12.2015).

Такой жа разнастайнай выглядала і тэматычная спецфіка сюжэтаў пра замежжа на “Беларусь 1”. Акрамя афіцыйнай хронікі (саміты ды паседжанні ў межах АДКБ, ЕАЭС, СНД, стасункі Ўкраіна-Расія, Еўразвяз-Расія і інш.) у фармаце справаздачы альбо кароткага пратакольнага афіцыйнага паведамлення без тлумачальных каментароў, большасць міжнародных навінаў з эфіру «Беларусь 1» трапляе да чатырох падставовых катэгорыяў:

–             эканамічныя навіны - кошты на нафту, золата, бензін у ЗША, дэвальвацыя маната і г.д.

–             тэрарызм як глабальная пагроза - арышты падазраваных у сувязі з ІД, выбухі, эвакуацыя мірных грамадзянаў з-за падазорных прадметаў і г.д.

–             праявы замежнай нестабільнасці як прыроднага (пажары, ураган і г.д.), так і сацыяльнага характару (бежанцы, департацыя нелегалаў і г.д.). Калі браць сацыяльнае вымярэнне навінаў замежжа, то, акрамя «гарачай» тэмы з бежанцамі, у фокус увагі «Беларусь 1»  сімптаматычна трапілі тры тэмы: карупцыйны скандал у Сербіі, пратэсты ў ЗША ў звязку з канфліктам «паліцэйскія-афраамерыканцы» і рэферэндум у Славеніі супраць аднаполых шлюбаў.

–             кур'ёзы (у ЗША абрабавалі агента, што працуе ў ахове Абамы, мігрант-сенегалец выйграў у іспанскую латэрэю, санта клаўсы-серфінгісты, дзеды марозы-бягуны, казёл пасябраваў з тыграм і г.д.).

Іншымі словамі, у якасці інфармацыйнай карціны замежжа гледачы фактычна атрымліваюць мікс з глабальных праблемаў ды канфліктаў з дадаткам эканомікі і неабавязковых прыколаў, пазбаўленых сацыяльнага вымярэння. Іншымі словамі, штодзённая плыня паведамленняў такога кшталту працуе ў фармаце драматызацыі рэчаіснасці па-за межамі Беларусі. Прычым, драматызацыі без падрабязнасцяў і тлумачэнняў.

Па сутнасці, такім чынам ствараецца штучная мадэль катастрафічнага замежжа, што знаходзіцца ў перманентна праблемнай сітуацыі, небяспечных суседзяў нашай выспы стабільнасці.

Да прыкладу, у выніковым сюжэце пра выбары даеца такая карціна земляў па той бок мяжы: “Еще всего 10 лет назад не верилось, что выборами можно настолько склеить страну. Да еще страну, зажатую между Западом и Востоком. Между войной в Украине и волной мигрантов в Евросоюзе. Между санкциями и новой гонкой милитаризма в Евросоюзе и России. Между парижским террором и ультраправыми Старого Света. Белорусы в этом смысле не просто проголосовали как традиционные европейцы с традиционными ценностями, белорусы дали шанс Большой традиционной Евразии примириться в будущем” (“Беларусь 1”, 27.12.2015).

Але пры гэтым на “Беларусь 1” паралельна распрацоўваецца і тэма сяброў. Спалучэнне “в друзьях - полмира” у сюжэце пра міжнародную палітыку прагучала ў розных аранжыроўках тройчы:

“И еще одна цифра. Только по итогам года можно сказать, что у нас в друзьях половина населения планеты” (“Беларусь 1”, 27.12.2015);

“За 2015 год по визитам Президента за рубеж и по количеству иностранных гостей в Минске можно не только изучать географию, но и составлять рейтинг рекордов. И здесь без преувеличения можно сказать - пожали руку половине мира” (“Беларусь 1”, 27.12.2015);

“Вот так, без разделительных линий Беларусь сегодня выстраивает свой прочный политический путь. Дальняя дуга, Латинская Америка, Азия и Африка. А если присмотреться еще и к интеграциям, без преувеличения в друзьях - полмира. Это и есть белорусская многовекторность. Такой прочный геополитический фундамент - итог не только 2015, но и двух десятилетий независимости” (“Беларусь 1”, 27.12.2015).

На фоне «Беларусь 1» спіс краінаў, падзеі з якіх трапілі на працягу тыдня да гледачоў ОНТ, выглядае досыць лаканічным: Расія (улучна з паседжаннямі СНД, АДКБ, ЕАЭС), Украіна (плюс перамовы па Ўкраіне ў Мінску) і «свет» у кантэксце святкавання калядаў.

Украінскі сюжэт трываў на ОНТ цэлы тыдзень, меў відавочны негатыўны кантэкст і тэндынцыйна падабраных спікераў, што каментавалі падзеі. Паўднёвыя суседзі выглядалі несумленнымі партнерамі, сацыяльна агрэсіўнымі актывістамі, недарэчнымі кіраўнікамі і бязглуздымі несамастойнымі палітыкамі: Украіна не збіраецца аддаваць пазыкі Расіі (21.12.2015), у Кіеве шахтары мітынгуюць (23.12.2015), а фермеры ураду «падкладваюць ... свінню» ў труне (24.12.2015).

Паведамленне пра працэс прыняцця Радай бюджэта на 2016 г. карэспандэнтка распачала словамі: "Минувшая ночь в Верховной Раде больше напоминала ночь не на католическое Рождество, а на Хэллоуин. Принятый бюджет многих не только развеселил, но и всерьёз испугал" (ОНТ, 25.12.2015).

Выключэнне склаў толькі сюжэт пра акцыю “Напішы калядны ліст суседу” (ОНТ, 25.12.2015), у межах якой украінскім школьнікам прапаноўвалася павіншаваць народ і прэзідэнта любой краіны. Большасць, па сцверджанню ОНТ, абрала адрасатам віншаванняў Аляксандра Лукашэнку. Сюжэт утрымліваў кампліментарны сінхрон ад прадстаўніцы кіеўскай Гуманітарнай асветніцкай місіі у бок кіраўніка Беларусі і заўвагу пра тое, што украінскія школьнікі атрымалі падарункі ад беларускіх дыпламатаў.

Што да “Белсату”, для вызначэння ягонай міжнароднай «палітыкі», што мела месца на тыдні маніторынгу,  найбольш адэкватным падаецца слова хаос.

З аднаго боку, у эфіры прысутнічаюць актуальныя глабальныя падзеі – стасункі ЕС і Расіі (21.12.2015), захады супраць Хадаркоўскага (22 і 23.12.2015), антытэрарыстычныя арышты ў Еўропе (24.12.2015), падрыхтоўка да раства ў Віфліеме (24.12.2015) і г.д. Пры гэтым інфармацыя пра актуальныя падзеі выкарыстоўваецца як нагода для рытуальнай крытыкі звычайнага супраціўніка: сітуацыя ў Сірыі, напрыклад, асвятляецца ў кантэксте дзеянняў Расіі (23 і 24.12.2015), а саміт АДКБ завязаны на спробе аналізу матывацыяў Аляксандра Лукашэнкі (21.12.2015).

З іншага боку, аўдыторыі прапануецца неабавязковы сюжэт пра мабільнасць амерыканцаў напярэдадні калядаў (24.12.2015). Асобны момант: рубрыка «Без каментара», што фармальна ўплывае на прысутнасць замежжа ў эфіры (адпаведныя сюжэты склалі 22% ад агульнай колькасці), але - у адрозненне ад аналагаў на Euronews - не нясе істотнай інфармацыйнай нагрузкі (польскі рэп з-за кратаў напярэдадні калядаў і песня ад украінскай дзяўчынкі пра выведніка ГРУ (адпаведна 21 і 23.12.2015), каляды пад вадой у Токіё і са снегам - у ЗША (24 і 25.12.2015)).

Іншымі словамі, на ўсіх трох тэлеканалах адбывалася своеасаблівая прыватызацыя глабальных навінаў, але ў розных рэгістрах.

Дыскурс дзяржаўных тэлеканалаў праз трансляцыю міжнародных навінаў працуе як  сродак легітымізацыі беларускага status quo –  самарэклама рэжыму і метадаў, якімі той падтрымліваецца і захоўваецца.

У сваю чаргу, асвятленне міжнародных падзеяў з 21 па 27 снежня на «Белсаце» можна ахарактэрызаваць словамі карэспадэнтаў самога «Белсата»: "У беларускай палітыцы гэта ["и не туда, и не сюда" – аўтар сюжэта рэагуе на словы масквіча, апытанага на вуліцы] называецца шматвектарнасцю. Аднак, у выніку нейкі вектар заўсёды пераважае. Звычайна – расейскі" (Белсат, 21.12.2015). Ці, з папраўкай на палітыку канала, антырасейскі (пры захаванні антыўладнага – напрыклад, 23 снежня ў эфіры без відавочнай інфармацыйнай нагоды з'явіўся каментар былога прэм'ер-міністра Літвы Андруса Кубілюса пра эфект «заходняга ўплыву» на Лукашэнку).

Пры гэтым, традыцыйна маніторцы Mediakritika.by зафіксавалі шэраг парушэнняў стандартаў інфармацыйнай журналістыкі ў кантэксце асвятлення тэлеканаламі міжнародных падзеяў.

Найбольшыя хібы выявіліся з адпаведнасцю матэрыялаў вечаровага эфіра стандарту даставернасці інфармацыі. На ОНТ такога кшталту праблемы зафіксаваныя ў 95% матэрыялаў, на тэлеканале “Белсата” - у 82%, на “Беларусь 1” - у 75,5%.

Ігнараванне пазначэння крыніцаў інфармацыі – не новая, але актуальная праблема для ўсіх трох тэлеканалаў.

Гараць музей у Сан-Паўлу (на “Беларусь 1” так і не згадалі які менавіта) і лясы ў Аўстраліі (“Беларусь 1”, 22 і 26.12.2015), Таранціна з'явіўся на Алее славы (“Беларусь 1”, 22.12.2015), а амерыканцы ў рэкорднай колькасці ў аэрапортах на Каляды (“Белсат”, 24.12.2015), у Бельгіі арыштоўваюць падазраваных у тэрарызме (“Белсат”, 24.12.2015), а ў Сербіі – карупцыянераў (“Беларусь 1”, 26.12.2015) - вось толькі частка з спісу навінаў, зробленых па формуле «відэашэраг + закадравы голас», якія трапілі ў эфір без спасылкі на крыніцы інфармацыі.

Праблемы з адпаведнасцю стандарту баланса думак маюць 89% сюжэтаў, што патрапілі ў вечаровы эфір тэлеканала ОНТ, на “Белсаце” такога кшталту матэрыялаў – 72%, на “Беларусь 1” - 49%.

Агульнае месца сюжэтаў з хібамі паводле дадзенага стандарту на ўсіх трох тэлеканалах - нерэлевантнасць або адсутнасць меркаванняў усіх зацікаўленых у падзеі бакоў. Найбольш паказальным у плане дысбалансу ёсць сюжэты ОНТ на ўкраінскую тэму, што мелі месца на тыдні маніторынгу. Асвятляючы мітынгі шахтараў і фермераў ва Ўкраіне (23 і 24.12.2015), ОНТ не даў ніводнага наўпроставага каментара ад прадстаўнікоў ураду, супраць ідэяў і дзеянняў якіх былі скіраваныя выступленні (пры наяўнасці сінхронаў удзельнікаў мітынгу, а ў выпадку з шахтарамі - таксама прадстаўніка прафзвяза вугальнай прамысловасці і дэпутата Вярхоўнай рады, які не падтрымлівае законапраект бюджэта). Пазіцыя дэпутатаў была заманіфеставаная наступным чынам:

-          у выпадку з шахтарамі: “Депутаты оправдываются – мол, бюджет плох, ударит не только по угольной отрасли, но и по медицине, науке, социальной сфере. Тем не менее, до конца года финансовый документ намерены принять. В противном случае, сотрудничество Украины с Международным валютным фондом окажется под угрозой" (ОНТ, 23.12.2015);

-          у выпадку з фермерамі: “Депутаты к митингующим не вышли. И не собираются покидать свои места до тех пор, пока не будет принят бюджет на следующий год” (ОНТ, 24.12.2015).

Матэрыял з нагоды прыняцця Вярхоўнай радай бюджэта-2016 усяго ўтрымлівае тры сінхроны:

1.       Дэпутат, чыё імя не падпісанае (насамрэч гэта лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко), які пад падводку аўтара сюжэта “Хотя проект документа, который принёс в Раду премьер-министр Яценюк, вызвал шквал критики. Голосовать за смету-2016 многие депутаты отказывались" прамаўляе: “Вы гірше Януковіча! Скотынякі!" (ОНТ, 25.12.2015);

2.       Вадзім Рабіновіч, дэпутат Вярхоўнай Рады ад фракцыі “Апазіцыйны блок”: “Они уже всё, вурдалаки, поделили. Они даже не придут сегодня. А зачем? Уже губы жирные, уже вытирают. Уже сожрали Украину, которую они кричали "люблю-люблю". Сжирают они Украину, это самое жуткое, что было за всю историю, такого цинизма не было. Это антиукраинский парламент, это антинародный парламент, это коалиция безумия и уничтожения украинского народа” (ОНТ, 25.12.2015);

3.       У працяг тэзы аўтаркі сюжэта “К слову, голосование “вслепую” для Верховной Рады не в новинку. Бюджет-2015 также приняли под утро всего за несколько суток до Нового года" - Усевалад Сцепанюк, эканаміст: “И не только бюджет. Изменения в Конституцию, налоговые законы у нас принимаются ночью. Я для себя объясняю это единственным вариантом: дело в том, что в Вашингтоне в это время день” (ОНТ, 25.12.2015).

Пры гэтым, пазіцыя дэпутатаў, што прагаласавалі за прапанаваны бюджэт, выглядае ў сюжэце наступным чынам: “А вот те, кто проголосовал за проект, оправдываются, мол, в противном случае Международный валютный фонд не выделил бы Украине очередной транш. По словам экспертов, бюджет действительно писали под диктовку западных доноров – макроэкономические показатели взяты, что называется, с потолка” (ОНТ, 25.12.2015).

Парушэнні стандарту аддзялення фактаў ад думак зафіксаваныя ў 79% матэрыялаў тэлеканала ОНТ, на “Белсаце” матэрыялаў з такога кшталту хібамі - 78%, на “Беларусь 1” – 49%.

Кароткія інфармацыйныя паведамленні, што складаюць значны адсотак міжнароднай інфармацыі на “Беларусь 1”, як правіла, не ўтрамліваюць ацэнак (меркаванняў, думак і г.д.) журналіста. Найбольшую канцэнтрацыю парушэнняў гэтага стандарта можна назіраць у матэрыялах выніковай праграмы “Главный эфир” (27.12.2015), анонс да якой гучаў так: “Два раза в одну реку слез: расстрел "Шарли Эбдо" и резня в "Батаклане". Год ужаса на улицах города любви. Вернется ли Париж к нормальной жизни после такого количества смертей? Почти год соглашениям в Минске, год почти мира в Украине. Пушки замолчали, заговорили кредиторы. Теперь новости - с экономического фронта и жировка - как сводка с передовой. Живое цунами, накрывшее Европу. Браденбургские ворота нараспашку, великое переселение народов XXI века. Исход с Ближнего Востока как библейский сюжет наших дней. Вавилонское толпотворение как геополитическая реальность Европы” (“Беларусь 1”, 27.12.2015).

79% сюжэтаў тэлеканала ОНТ, 55,5% тэлеканала “Белсат” і 49% на “Беларусь 1” бракуе  адпаведнасці стандарту паўнаты інфармацыі.

Для ўсіх трох тэлеканалаў характэрнае перыядычнае ігнараванне класічных пытанняў “што? дзе? калі? як адбылося?”, з адказаў на якія і будуецца адэкватнае паведамленне. 

Напрыклад, на “Беларусь 1” большасць міжнародных навінаў вырашаная ў мінімалістычным фармаце. Фармат падачы нівэлюе кантэкст і дэталі. Гэта не дае поўнага ўяўлення пра падзею, а часам проста робіць падзею нерэлевантна рэпрэзентаванай. Напрыклад, апавядаючы пра зварот брытанскіх парламентарыяў да Дэвіда Кэмерана аб прызнанні дзеянняў ІД генацыдам (21.12.2015), не была артыкуляваная дэталь, што апошні, на думку падпісантаў, мусіць паўплываць у гэтым пытанні на ААН, а не проста салідаравацца з суайчыннікамі, як гэта можна зразумець з паведамлення “Беларусь 1”.

“Белсат” выпусціў у эфір сюжэт, дзе фактура, якая мусіла стаць аднім з кампанентаў, фактычна заняла асноўнае месца. Гаворка пра дабрачынную акцыю па дапамозе жыхарам прыфрантавога украінскага Гранітнага (25.12.2015) фактычна сталася тэндынцыйнай замалёўкай пра гаротны лёс паселішча. Інфармацыйная нагода - уласна, тое, што адбылася акцыя падтрымкі - была агучаная бліжэй да фінала рэпартажа. Гэтая канстатацыя і тры каментары ад непадпісаных удзельнікаў акцыі пра неабходнасць дапамогі Ўкраіне (агульная працягласць 27 с.), былі, уласна, усёй інфармацыяй, што тычылася непасрэдна падзеі. Астатні час (2 хв. 23 с.) занялі каментары аўтаркі сюжэта пра катастрафічная ўмовы ў Гранітным (што дыскурсіўна больш пасавала б рэпартажу з месца падзеяў), а таксама сінхронамі на гэтую ж тэму арганізатаркі акцыі. Дарэчы, пра статус апошняй можна было адзінае здагадацца - ўважліва параўнаўшы відэа і аўдыёшэрагі. Гэткім чынам можна было здагадацца і пра месца правядзення акцыі: фонам для стэнд-апу журналісткі сталася расцяжка Партыі БНФ.

Агульная праблема для ўсіх тэлеканалаў - сюжэты часта не ўтрымліваюць часавы маркер. Гэта фармальна стварае эфект актуальнасці (навіны ж мусяць быць “свежымі”), а фактычна можа быць індыкатарам яе адсутнасці, бо храналагічная непрапісанасць ёсць аднім з спосабаў даць у эфір пратэрмінаваную навіну.

Стандарт дакладнасці інфармацыі парушаўся у 63% сюжэтаў, што выйшлі ў вечаровы эфір тэлеканала ОНТ, на тэлеканале “Белсат” іх было 49%, на “Беларусь 1” - 30%.

Брак адпаведнасці гэтаму стандарту, як і ў выніках папярэдніх маніторынгаў, палягае у двух ракурсах: рытарычным і факталагічным.

Калі навінаваны дайджэст на дзяржаўных тэлеканалах збольшага рытарычна нейтральны, то больш разгорнутыя сюжэты аперуюць дыскурсам, насычаным экспрэсіўнай рыторыкай, гіпербалізацыяй і лагічнымі хібамі ў пабудове фразы.

Характэрныя праклады:

"Привыкшая к благополучию и безмятежности Европа столкнулась не просто с наплывом беженцев, одна адаптация которых грозит стать неразрешимой проблемой. Она подверглась настоящей террористической атаке, цель которой – уничтожение как можно большего числа мирных жителей”  (ОНТ, 27.12.2015);

“Французов в собственной столице расстреливают из автоматов и взрывают. Те, кого не задели смертоносные пули, болты и гайки, в панике бегут от малейшего громкого звука или крика ИГИЛ. То, что они раньше видели по телевизору, теперь пришло к ним домой. Неожиданно, хоть и ожидаемо” (ОНТ, 27.12.2015);

“2015 - год, когда безопасность и Минск стали синонимами для всего мира. Минские соглашения - самый узнаваемый бренд международной дипломатии. И самое употребляемое словосочетание в лексиконе мировых СМИ и мировых лидеров” (“Беларусь 1”, 27.12.2015);

"На фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі, зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, вайны ў Сірыі ды Ўкраіне, Крэмль не імкнецца палепшыць сваё становішча, а працягвае дзеіць старымі савецкімі метадамі ды распраўляецца са сваімі ворагамі любымі дасяжнымі сродкамі" (“Белсат”, 22.12.2015).

Другі момант - фактычныя недакладнасці.

Напрыклад, апавядаючы пра прыняцце бюджэта ва Ўкраіне, аўтарка рэпартажу паведамляе: “Статьи доходов и расходов переписывали буквально на ходу, проект снова и снова ставили на голосование. К четырём часам утра депутаты сдались. И только затем выяснилось, что многие народные избранники даже не успели прочесть окончательный текст документа. У якасці доказа агучваецца наступны аргумент: “Ведь как иначе объяснить то, что урезаны все социальные выплаты, повышены налоги для малого и среднего бизнеса, зарплаты и пенсии увеличены на гроши, наука и медицина получат минимальное финансирование. Зато, к примеру, на проведение фестиваля патриотической песни выделен миллион долларов” (абедзве цытаты - ОНТ, 25.12.2015).

Тэлеканал “Беларусь 1” падаў у эфір недакладную інфармацыю, што па падачы спачатку выдавала на дакладную, але ў фінале атрымалася фэйкам, пра што і было паведамлена: “Американские СМИ подогрели интерес к седьмой части космической саги “Звездные войны”, сообщив об убийстве мужчины после премьеры “Пробуждение силы” в американском штате Массачусетс. По данным Huffington Post, один из зрителей раскрыл сюжет саги фанатам, которые еще не успели посмотреть картину. В итоге молодого человека якобы избили до смерти световым мечом.  Позже выяснилось, что новость оказалась фэйком” (“Беларусь 1”, 21.12.2015).

У сваю чаргу, “Белсат”, распавядаючы пра імаверныя злачынствы Расіі ў Сірыі, на візуальным узроўне выводзіць гэтае дапушчэнне ў выглядзе сцверджання: тытр для сюжэту быў “Ваенныя злачынствы Расіі” (23.12.2015).

Стандарт аператыўнай падачы інфармацыі парушаўся ў 35% сюжэтаў тэлеканала “Беларусь 1”, тэлеканал  “Белсат” са спазненнем падаў у эфір 33% тэматычных матэрыялаў, ОНТ – 16%.

Акрамя класічных спазненняў з падачай навінаў (што найбольш характэрна для “Беларусь 1”), на тыдні маніторынгу былі зафіксаваныя і спецыфічныя рашэнні.

Напрыклад, навіна пра дэвальвацыю азербайджанскага маната была ў эфіры “Беларусь 1” двойчы - як самастойная навіна ў дзень, калі гэта здарылася (21.12.2015), а таксама як частка эканамічнага блоку “Экономика дня” (22.12.2015).  Дубляваў падобным чынам інфармацыю і “Белсат” - два дні запар у эфіры пад ідэнтычны візуальны шэраг і з аналагічнымі фактамі з’яўлялася інфармацыя пра выказыстанне Асадам хімічнай зброі (23.12.2015 - як інфармацыя, 24.12.2015 - як элемент маніпуляцыі: пасля сінхрону міністра замежных справаў Сірыі з тэзай пра гатоўнасць да дыялогу, на экране з’явіліся кадры з наступствамі ўжывання хімічнай зброі пад журналісцкі каментар “А гэта наступствы прымусу да дыялогу!”, далей - інфармацыя пра дэталі падзеі).

Таксама на тэлеканалах фіксаваліся матэрыялы, без выразна артыкуляваных храналагічных межаў: напрыклад, засталося невядомым, калі трывала акцыя “Напішы калядны ліст суседу” (ОНТ, 25.12.2015), а экс-міністр Андрус Кубілюс выказваўся наконт стасункаў Лукашэнка-Захад  (23.12.2015). Яшчэ варыянт: выказыстанне тэрміну “працягваецца” дзеля актуалізацыі сюжэта. Так “працягваліся” пратэсты дальнабояў у Расіі (“Белсат”, 21.12.2015), тарнада ў ЗША (26.12.2015).

 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат»

 

  Парушэнні стандартаў “Беларусь 1” ОНТ “Белсат” Заўвагі
1 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (колькасць) 20 (з 86) – 23%  16 (з 19) – 84% 10 (з 18) – 55,5% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
  Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (час) 59 хв. 31 с. (з 1 г. 48 хв. 25 с.) - 55% 54 хв. 48 с. (з 1 г. 03 хв. 46 с.) - 86% 24 хв. 52 с. (з 35 хв. 24 с.) - 70%  Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
2 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту балансу думак 42 (з 86) – 49% 17 (з 19) – 89% 13 (з 18) – 72% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
3 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 42 (з 86) – 49% 15 (з 19) – 79% 10 (з 18) – 55,5% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
4 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 32 (з 86) – 37% 15 (з 19) – 79% 14 (з 18) – 78% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
5 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту даставернасці інфармацыі 65 (з 86) – 75,5% 18 (з 19) – 95% 14 (з 17) – 82% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
6 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 26 (з 86) – 30% 12 (з 19) – 63% 7 (з 18) – 39% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці
7 Матэрыялы, датычныя міжнародных падзеяў, з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 30 (з 86) -35% 3 (з 19) – 16% 6 (з 18) – 33% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы дня незалежнасці

Поўны тэкст маніторынгу тут

Усе табліцы з дадзенымі тут

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: