ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Нашай медыйнай прасторы не хапае скандальных персанажаў

Журналіст Дзяніс Марціновіч раней пісаў пра тэатр ды культуру. А цяпер піша на шырокае кола тэмаў – ад праблем гарадскога будаўніцтва да крыміналу.

Падчас гульні ў “Асацыяцыі” яму выпадалі літары “ц”, “ч”, “ш”, “ж”, “у”. “Гэта гульня не такая простая, як мне падавалася!” – заўважыў Дзяніс, але справіўся з усім паспяхова. Мы паразважалі пра адукацыю, універсальнасць прафесіі, лайкі ды месца чалавека ў журналістыцы.

Журналістыка. Сёлета магу святкаваць юбілей: у журналістыцы я дваццаць гадоў (смяецца). Мая сям’я шчыльна звязаная з гэтай прафесіяй: бацькі ды брат (Ягор Марціновіч – А.П.) скончылі журфак, заўжды дома было шмат газет ды часопісаў. У 1996 годзе, калі мне было 10 год, я пачаў выдаваць сваё рукапіснае выданне “Будучае XXI стагоддзе”. Брат таксама рабіў свой часопіс. Яны і дагэтуль недзе ляжаць. Мы рабілі досыць цікавыя рэчы і нават маглі б канкурыраваць на рынку тагачаснай прэсы (усміхаецца). Малявалі палітычныя карыкатуры, рабілі апытанкі, спрабавалі пісаць гумарыстычныя зацемкі і анекдоты…

Потым мы з Ягорам пачалі разам пісаць артыкулы для газет “Раніца” і “Переходный возраст”. Першыя публікацыі былі сумеснымі. Мы пісалі пра спорт, хоць цяпер ніхто з нас гэту тэму не асвятляе. Таму я ўвесь час вагаўся: куды пайсці – на журфак ці на гістфак, бо акрамя таго, што мне падабалася пісаць тэксты, я захапляўся гісторыяй. Думаў паступаць на журфак, але перамог у рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі, і на гістфак мяне бралі без іспытаў. Вырашыў не рызыкаваць, не здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне  і абраў гістарычны факультэт. Зараз гэта падаецца смешным, бо любы дурань можа паступіць на журфак (смяецца). Але журналістыка была закладзеная ў мяне з дзяцінства, таму я ўсё адно да яе вярнуўся.

Гісторыя. Мой прыклад не зусім тыповы. Упэўнены, што сярод журналістаў ёсць гісторыкі па адукацыі, але тых, хто абараніў кандыдацкую дысертацыю і потым сыйшоў у журналістыку, адзінкі. Ці дапамагае гістарычная адукацыя ў журналісцкай працы?.. Я наагул вельмі скептычна стаўлюся да беларускай адукацыі. На гістфаку быў курс “Методыка выкладання гісторыі”. Потым я прыйшоў у ліцэй БДУ на практыку і зразумеў, што мне з таго курса не патрэбна анічога! Начуты, што і на журфаку ёсць падобныя дысцыпліны.

Адзначу відавочную рэч: можна скончыць які заўгодна факультэт, але каб быць журналістам, галоўнае – умець пісаць. Калі няма здольнасцей, не навучыць ніхто. І яшчэ: трэба вучыцца думаць! Разважаць, аналізаваць, увесь час самаадукоўвацца. Гэтаму ў нас, на жаль, не вучаць… Заўважыў, што многія вядомыя людзі са скепсісам ставяцца да журналістаў, маўляў: яшчэ адзін, які ні ў воднай тэме добра не разбіраецца! Калі я рабіў для “Народнай волі” гутарку з бардам Віктарам Шалкевічам, ён спачатку з недаверам на мяне паглядзеў: “Журфак?..” А калі даведаўся, што я скончыў аспірантуру, дапісваю кандыдацкую дысертацыю, іначай да мяне паставіўся, і размова пайшла зусім па іншым сцэнары.

Рамантызм. Я часта сустракаў стаўленне да журналістыкі як да вельмі рамантычнай прафесіі. Маўляў, дзяўчаты бегаюць на абцасах з мікрафонам і бяруць інтэрв’ю ў тэлезорак. Альбо адбываецца зланчынства, а побач аказваецца журналіст і дапамагае яго раскрыць… Збоку яно, можа, так і падаецца. У гэтым ёсць крыху праўды, бо ты можаш узяць інтэрв’ю ў свайго любімага паэта ці акцёра, у тых вядомых людзей, з якімі звычайны чалавек так проста не пагутарыць. Але праз пэўны час гэтая рамантычная захопленасць знікае, бо наша прафесія – канвеер тэкстаў. Напісаў артыкул, апублікаваў спасылку ў фэйсбуку, яго палайкалі і пакаментавалі, а назаўтра ўсе пра яго забыліся, і ты мусіш зноў спраўджвацца і пісаць новы тэкст.

Каб не стамляцца ад гэтага канвееру, важна не сядзець у нейкай адной тэме, а пісаць пра розныя рэчы. Перад аспірантурай я пайшоў працаваць у газету “Літаратура і мастацтва”. Спачатку быў  рамантыкам, бо вакол усё новае, нязведаннае, суцэльны кайф. А потым разумееш, што ходзіш да адным і тым жа коле, усюды – адно і тое. Мне стала цесна ў культуры, давялося пашыраць кола тэм. Бывае, што раблю матэрыялы з залы судовых паседжанняў. Мне цікава, гэта нейкая паралельная рэчаіснасць, бо культура і крымінал – розныя палюсы.

Універсальнасць – адна з абавязковых умоў працы ў сучаснай журналістыцы. Добра, калі ёсць хай і вузкая тэма, у якой ты разбіраешся ад “а” да “я”. Зможаш пісаць артыкулы для душы, будзеш мець шырокае кола кантактаў і часта інсайдэрскую інфармацыю. Мне заўжды было цікава, як працуюць буйныя СМІ. Неяк чытаў інтэрв’ю з Юрыем Зісерам, у якім ён казаў, што на TUT.by існуе прынцып узаемазамяняльнасці журналістаў, кожны з іх можа пісаць на любую тэму. Маўляў, калі чалавек пачне адмаўляцца ад тэм, доўга не затрымаецца. Лепш быць такім журналістам, чым пісаць у вузкаспецыялізаваным выданні пра бібліятэкі, не маючы больш шырокіх перспектыў.

Лайк стаў для многіх людзей сімвалам, крытэрыем увагі да цябе і абранай табой тэмы. Я неяк размаўляў з Дзмітрыем Залескім, стваральнікам тэатра D.O.Z.SK.I. Гэта быў паспяховы праект, які удзельнічаў у паказах звышпрэстыжнай расійскай прэміі “Залатая маска”. Але Залескі яго закрыў і стварыў два калектывы, якія, сярод іншага, выступаюць у рэстаранах. Ён сказаў мне, абураючыся, што не можа зразумець, чаму калі ён посціць у фэйсбук запіс цудоўнага спектакля, атрымлівае чатыры лайкі, а калі посціць фотку ці нейкі маленькі нумар, лайкі падаюць сотнямі…

Перад журналістамі і СМІ стаіць праблема: з аднаго боку, патрэбная папулярнасць, тыя самыя лайкі, а з іншага, нельга сыходзіць выключэна ў сэкс ды крымінал. Бо заўжды ёсць рызыка падсесці на тэмы, якія заўжды добра чытаюцца. Нягледзячы на тое, што артыкулы на культурную тэматыку чытаюцца горш за іншыя, трэба трымаць сябе і свайго чытачы вышэй за амаралку і кроў, зрабіць так, каб людзі пачалі актыўна лайкаць матэрыялы пра культуру.

Шчасце. Мне падаецца, што журналісты ў сваёй большасці ўсё ж – шчаслівыя людзі, бо займаюцца любімай справай і атрымліваюць за гэта грошы. Сярод журналістаў пераважная большасць тых, хто піша, бо не можа не пісаць. Тых, хто піша толькі дзеля ганарараў, меншасць. Літаратары, якія ствараюць творы, сцэнары, лібрэта, не могуць жыць з гэтага, бо часта ім кажуць: “Вы пішыце, а потым мы вырашым, ці патрэбны нам твор”. Ніякай размовы пра кантракт ці дамову на будучы твор, як на Захадзе, няма… А журналіст, які не можа жыць без тэкстаў, атрымлівае за працу грошы, яму жыць нашмат лепей, чым літаратарам. Таму я перакананы, што сярод нашых журналістаў вельмі шмат патэнцыйных пісьменнікаў ды сцэнарыстаў (смяецца).

А яшчэ шчасце журналіста ў тым, што ён гутаркай, артыкулам, сюжэтам можа дапамагчы чалавеку з нейкімі пытаннямі, выслухаць і падтрымаць яго.

Чалавек. Мне пашчасціла супрацоўнічаць з шэрагам СМІ. Але лепшыя рэдактары заўжды гаварылі мне, што ў цэнтры ўвагі заўжды павінен быць чалавек. Трэба ісці да чалавека, пісаць пра яго праблемы, думкі, меркаванні. Тыя СМІ, якія пра чалавека не пішуць, не такія запатрабаваныя.

Неяк я рабіў інтэрв’ю з Майкам Партушам. Вельмі цікавы чалавек, француз. Марыў быць спартсменам, атрымаў траўму… Захапіўся балетам, але ў Францыі ісці вучыцца на танцоўшчыка было ўжо позна, і ён прыехаў да нас, скончыў харэаграфічны каледж і ўладкаваўся ў мінскі Музычны тэатр. Але зразумела, колькі плоцяць танцоўшчыкам… Што ён зрабіў? Па паўтары месяцы ў год ён жыве ў Парыжы, працуе там круп’е і зарабляе столькі, што яму хапае на год жыцця ў Мінску. Вось такая чалавечая гісторыя. Я амаль не распытваў яго пра тэатр, затое мы добра пагаварылі пра яго жыццёвы шлях, пра сэкс і асабістае жыццё. З аднаго боку, культура, а з іншага – чалавек.

Цэнзура і самацэнзура як журналістаў, так і герояў артыкулаў. У расійскіх СМІ я заўважаю куды большую разняволенасць людзей і гатоўнасць распавядаць пра сябе і сваё асабістае жыццё, чым у беларускіх. Часам чытаеш, што распавядае трэцяя жонка акцёра нейкага серыяла і за галаву хапаешся. Нам такое не трэба, ды і такіх вядомых людзей у Беларусі няшмат, але нам не стае адкрытасці. Нармальна не гаварыць пра палітыку, рэлігію і свой заробак, кожны мае права маўчаць пра гэта, але часта людзі не могуць гаварыць пра нашмат менш асабістыя рэчы…

Я неяк гутарыў з Андрэем Курэйчыкам і прыемна здзівіўся таму, наколькі ён разняволены і ўнутрана свабодны. Яму ўсё адно, хто што пра яго падумае. Таму і пра былую жонку, і пра свае з ёй стасункі распавядае лёгка, ён – свабодны, без самацэнзуры ўнутры. Каб людзі больш слухалі нашу эліту, яна ў сваю чаргу мусіць адмовіцца ад самацэнзуры і стаць бліжэй да людзей. Таксама я лічу, што ў нас павінныя быць нейкія скандальныя персанажы, людзі “без тармазоў”. Іншае пытанне, як пра іх пісаць, як падаваць тое, што яны робяць, але такіх людзей нашай медыйнай прасторы не хапае.

Драматургія. У кожным тэксце ёсць унутраная драматургія. Нават у інтэрв’ю, якія я вельмі люблю. Ты можаш, не скажаючы словы суразмоўцы, прыбраўшы весь непатрэбны пафас, пераманціраваць яго словы так, каб тэкст чытаўся ад першага слова да апошняга, і чытач думаў, што ваша гутарка такім чынам і адбывалася. “Замануха” мусіць быць напачатку артыкула, цікавыя моманты – па тэксце, і заключэнне павінна быць захапляльным. Я імкнуся, каб мае інтэрв’ю чыталіся на адным дыханні, як міні-пьесы, каб размова цякла плаўна, але ўтрымлівала некалькі кульмінацый. Любы тэкст трэба пісаць з разлікам на тое, што яго патэнцыйна можа перадрукаваць TUT.by ці Onliner, каб ён быў цікавым самай шырокай публіцы. 

Я – не самы тыповы журналіст, які атрымаў гістарычную адукацыю, доўгі час лічыў, што будзе навукоўцам, потым – пераважна тэатральным крытыкам, напісаў дзве кнігі пра жанчын Уладзіміра Караткевіча, але які, дзякуючы лёсу, абставінам і ўласнай цікавасці стаў журналістам. Гэта прафесія дае сувязь з людзьмі, якія мяне чытаюць. У навуцы тваю працу ў лепшым выпадку пяць чалавек прачытае (смяецца). А журналістыка дае адчуванне, што ты не выпадаеш з часу, жывеш насычаным і цікавым жыццём. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: