ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Беларуская прапаганда не такая тэрмаядзерная, як расійская. Яна проста ўбогая

Краіна ў крызісе, і нармальная прэса мусіць паказваць рэальную глыбіню праблем (гэта інфармацыя). Плюс — дапамагаць грамадзянам разабрацца, хто і чаму давёў нас да жыцця такога, як выкарасквацца (гэта ўжо аналітыка). Але міністр інфармацыі Лілія Ананіч на калегіі свайго ведамства 4 лютага заклікала медыі найперш “аргументавана супрацьстаяць спекуляцыям на эканамічных цяжкасцях, акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненнях Беларусі”.

 

Оруэл адпачывае

Якія ж у нас дасягненні? Летась валавы ўнутраны прадукт упаў на 3,9%, экспарт абваліўся амаль што на чвэрць, золатавалютныя рэзервы скараціліся да няшчасных 4 млрд долараў з хвосцікам, пры тым што сёлета трэба сплаціць па замежных пазыках 3,3 млрд. Новы год пачаўся з дзікага росту тарыфаў для насельніцтва, наш рубель толькі за студзень аслабеў на біржы ў дачыненні да долара на 12% з гакам, і працэс працягваецца. Фактычна адбываецца яшчэ адна глыбокая дэвальвацыя, а па вялікім рахунку на нашых вачах развальваецца некалі расхваленая тымі ж дзяржСМІ “беларуская мадэль развіцця”.

Вось пра што, па ідэі, трэба пісаць, калі, у прыватнасці, сумленна выконваць задачу, пастаўленую на той самай калегіі віцэ-прэм’ерам Наталляй Качанавай, — што “рэгіянальныя СМІ мусяць актыўней адлюстроўваць падзеі, якія адбываюцца ў краіне”.

Трубіць жа пра дасягненні, калі ўлады (якім здавалася, што расійская дурніца будзе вечнай) глыбока селі ў галёш, — гэта ўжо чысты Оруэл.

Але менавіта ў духу славутай антыўтопіі, мяркуючы па ўсім, і мысляць тутэйшыя чыноўнікі, што ставяць задачы медыям. Скажаце, згушчаю? Дык вось вам афарызм ад той самай спадарыні Качанавай на калегіі Мінспорту 3 лютага: “Мінулы год у турызме быў правальны, але ў нас ёсць чым ганарыцца і што паказаць”.

Менавіта паводле такой методы, якую можна назваць падменай фокусу, і будуецца сёння рэдакцыйная палітыка беларускіх дзяржаўных медый. Замест дэвальвацыі на першых палосах — калядны хакейны турнір з удзелам самі ведаеце каго. Ура-ура, мы ўсіх перамагаем!

 

“Гасударавы людзі”

Увогуле спадарыня Качанава апошнімі днямі стала ньюсмейкеркай. Шырокі розгалас у сеціве набыло яе працытаванае на сайце “Прессбола”  маралітэ з нагоды малых заробкаў маладых трэнераў: “Вы ўсе гасударавы людзі і мусіце разумець сітуацыю ў краіне”.

Натуральна, публіка з нармальным пачуццём уласнай годнасці выбухнула: у нас што, феадалізм? Чыноўніца трактуе беларусаў як прыгонных?

Відаць, розгалас дайшоў і да аўтаркі выказвання. Ва ўсякім разе, на калегіі Мінінфарма яна абуралася выпадкамі, “калі інфармацыя падаецца недакладна, выхопліваюцца з кантэксту асобныя фразы, і вакол гэтага выбудоўваецца нейкая палеміка”.

Але апафеозам стала выснова пра тое, што — цытую паводле Інтэрфакса“толькі дзяржаўныя СМІ могуць у поўнай ступені трансляваць інфармацыю, якую прадастаўляюць дзяржорганы”.

Па-першае, дзіўна, калі “гасударавы людзі” не хочуць, каб інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў распаўсюджвала і недзяржаўная прэса. А як жа прынцып “дайсці да кожнага”?

Па-другое, што гэта, калі не дыскрымінацыя недзяржаўных СМІ, ад якіх і так многія чыноўнікі адмахваюцца бы ад надакучлівай мухі? Ці трэба разумець гэтыя выказванні як сігнал, каб прэс-службы сталі яшчэ болей закрытымі, а журналістаў не акрэдытоўвалі, не пускалі на розныя “вертыкальныя” мерапрыемствы?

Не меней трывожныя для незалежнай прэсы і прагучалыя на калегіі Мінінфарма заклікі “ўдасканаліць” закон аб СМІ што да рэгулявання інтэрнету. Досыць, што ўжо “ўдасканалілі” у снежні 2014-га, пасля чаго любы сайт могуць элементарна забаніць, калі чыноўніку здасца, што там змешчана інфа, якая здольная зрабіць шкоду нацыянальным інтарэсам.

Падкрэслім: наяўнасць такой шкоды вызначаюць “гасударавы людзі” з іх мысленнем у духу оруэлаўскай антыўтопіі. Памятаеце, там пераследавалі за “думзлачынствы”.

 

Панылае абы-што

Калі ж без метафар, то відавочна, што на калегіі Мінінфарма чыноўнікі паставілі перад СМІ набор тыпова прапагандысцкіх задач. Прычым падтэкстам чытаўся падзел на свае, дзяржаўныя, і не свае, “дэструктыўныя” медыі.

Пад дэструктыўнымі наверсе маюць на ўвазе незалежныя СМІ — тыя, што трымаюцца, умоўна кажучы, ліберальнага кірунку, вызнаюць дэмакратычныя каштоўнасці. Усё мроіцца каму-кольвек у высокіх кабінетах прывід каляровай рэвалюцыі. Між тым ўжо і заходнікі замірыліся з тым, каго раней называлі апошнім дыктатарам Еўропы, неўзабаве, бач, і санкцыі здымуць. Еўразвязу і ЗША самім выгадна, каб Беларусь была стабільнай.

І болей, чым той каляровай рэвалюцыі, начальству сінявокай рэспублікі варта баяцца перспектывы зялёных чалавечкаў. У расійскіх СМІ спакваля праразаецца тэма нібыта росту русафобіі ў Беларусі. Прычым патаемным ворагам “рускага свету” спрабуюць маляваць ужо і Аляксандра Лукашэнку. Аўтары такіх артыкулаў (і нават даследаванняў на дзяржаўныя расійскія грошы) падводзяць да думкі, што трэба спыніць “бандэрызацыю” Беларусі, пакуль не позна.

Вось Качанава заяўляе, што неабходна ставіць заслону скажонай інфармацыі, а між тым мазгі беларусаў напоўніцу апрацоўвае расійская прапаганда, найперш тэлевізійная, якая сёння, у кантэксце інфармацыйнай вайны супраць Украіны, можа разглядацца як зброя масавага знішчэння.

Але ж хоць трохі зменшыць гэты сапраўды дэструктыўны ўплыў беларускае начальства, павязанае гульнямі ў “братнюю інтэграцыю”, “адзіную інфармацыйную прастору”, а галоўнае, страшэнна залежнае ад Масквы эканамічна — не рызыкуе. Адводзяць душу дробным паляваннем на фрылансераў “Белсата”.

Зрэшты, пасля Крыма стала выразна бачна: беларуская прапаганда, дзякуй богу, не мае таго імпэту, што расійская. Там — тэрмаядзерны шал, тут — проста панылае абы-што. І колькі калегій ні ладзь, убогасць застанецца ўбогасцю.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: