ОБ АВТОРЕ

Журналіст-фрылансер.

У 2013 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Працаваў і супрацоўнічаў з газетамі “Всё о футболе”, “Прессбол”, “Радыё Свабода” і іншымі выданнямі.

Цікавіцца спортам, палітыкай у спорце, падарожжамі, інтэлектуальнымі гульнямі.

Вы здесь

Мігранты. Погляд шведскіх і расейскіх СМІ

Тэма бежанцаў, легальных і нелегальных мігрантаў даўно захапіла грамадска-палітычную прэсу. Мігрантаў стала так шмат, што нават вельмі талерантная і гасцінная да іх Швецыя пасля шэрагу атак на прыезджых з боку мясцовых незадаволеных жыхароў прыняла рашэнне пра дэпартацыю 80 тысяч чалавек у бліжэйшыя гады.

Гэта прадказальна выклікала рэзананс у шведскіх СМІ, а таксама ў выданнях іншых краін, у прыватнасці, суседняй з Беларуссю Расеі, дзе ўжо даўно сочаць за еўрапейскімі бежанцамі больш, чым за праблемамі з міграцыяй у сваёй краіне.

Mediakritika.by пазнаёмілася з матэрыяламі шведскай і расейскай прэсы і даведалася, на якіх навінах і аспектах праблемы акцэнтуюць сваю ўвагу журналісты розных выданняў.

 

Шведскія выданні

Стакгольмская газета Dagens Nyheter прыводзіць словы міністра ўнутраных справаў Швецыі Андэрса Ігемана пра неабходнасць абароны мараканскіх падлеткаў, многія з якіх у Швецыі стаюць беспрытульнымі і зарабляюць на жыццё пераважна злачынствамі. Цяпер шведскі ўрад актыўна шукае спосабы адкрыцця новых устаноў, дзе дадзеныя дзеці будуць занятыя справай.

Таксама паведамляецца пра цяжкую сітуацыю ў Іярданіі і пра просьбу караля Абдалы ІІ аб грашовай дапамозе з боку Еўропы Справа ў тым, што ў Іарданіі ўжо жыве 1,4 млн сірыйскіх бежанцаў. Амаль палова з іх – 635,000 чалавек, зарэгістраваныя ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, і таму маюць права на харчовыя талоны, неадкладную медычную дапамогу і жыллё. Астатнія занятыя ледзь не рабскімі работамі і пражываюць у незаконных паселішчах. У Іярданіі баяцца, што праз велізарны наплыў бежанцаў з Сірыі, у краіне неўзабаве будуць вялікія праблемы з пітной вадой.

Таксама газета паведамляе пра новыя тэндэнцыі ў Швецыі, якія закранулі нават уладкаванне… прыбіральні. З-за масавага прыезду мігрантаў-мусульман многія прыбіральні ў Швецыі цяпер не аздабляюць зялёным колерам і не ставяць унітаз так, каб мусульманін сядзеў спінай да Мекі.

У адным з артыкулаў ідзе спасылка на словы міністра па міграцыі Моргана Ёхансана, які адзначыў, што больш строгія правілы ўезду ў краіну могуць змусіць мігрантаў пакідаць Швецыю, калі яны не збіраюцца быць паслухмянымі да закону.

Таксама паведамляецца пра флэш-моб жанчын у сацыяльных сетках, прысвечаны барацьбе з расізмам. Справа ў тым, што некаторыя ультраправыя арганізацыі Швецыі правялі свае акцыі ў абарону белых шведскіх жанчын ад “каляровых” мігрантаў, аднак многія жанчыны пішуць у твітэры, што яны не згодныя, каб іх выявы, імёны і вобраз выкарыстоўвалі расісты ў сваіх мэтах.

Газета G?teborgs-Posten піша пра тое, як Упраўленне па міграцыі ацэньвае лічбу мігрантаў у новым, 2016 годзе. У Швецыю могуць прыехаць у пошуках прытулку каля 135 000 чалавек. Асігнаванні на падтрымку бежанцаў выраслі на 29 мільярдаў крон мінулай восенню. За апошні ж час Швецыя прыняла ўжо 180 тысяч мігрантаў. Максімальная лічба тых, хто можа прыбыць, прагназуецца Упраўленнем па міграцыі ў колькасці 236 тысяч чалавек. “Варта адзначыць, што колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у краіну, істотна зменшылася пасля ўвядзення памежнага кантролю з Даніяй. Сталі правярацца пасажырскія цягнікі, аўтобусы і паромы. І калі да кастрычніка 2015 штотыднёва ў Швецыю прыбывала каля 8 тысяч мігрантаў – рэкордная і неверагодная колькасць чалавек, цяпер за тыдзень іх прыбывае меней за 700 чалавек. Адыгрывае сваю ролю і надвор’е, значна менш людзей могуць перасекчы Міжземнае мора ў зімовы час, а потым дабрацца паўз увесь кантынет на Поўнач. Усё гэта абумовіла рэзкае змяншэнне плыні мігрантаў і канкрэтна ў Швецыю.”

Таксама дадзенае выданне піша пра нормы, уведзеныя для чыгуначных пераездаў паміж Швецыяй і Даніяй. Шведская чыгунка (SJ) і дацкая (Banedanmark) дамовіліся паміж сабой, што з 1 сакавіка пераезды паміж краінамі будуць рабіцца па картках з ідэнтыфікацыяй асобы. Пры гэтым пасажыры мусяць прыбыць на вакзал за 30 хвілін да ад’езду. Шведская чыгунка цяпер можа весці праверкі ID-картак пасажыраў на вакзале Капенгагена на так званых “ізаляваных” трасах, то бок унутраных дацкіх маршрутах.

Газета Sydsvenska Dagbladet, верагодна, абазнаная ў праблемах бежанцаў лепей за іншыя выданні, бо яна базуецца, як можна здагадацца з назвы, на поўдні Швецыі, у горадзе Мальмё, зусім блізка да мяжы з Даніяй. Гэтая мяжа стала кантралявацца ўпершыню за шмат гадоў менавіта з-за наплыву мігрантаў.

Газета ў матэрыяле “Швецыя не можа дазволіць сабе будаўніцтва жылля, якое не пасуе для 80-, 90-гадовых людзей” (у арыгінале "Sverige har inte r?d att bygga en enda ny bostad som inte fungerar f?r 80- eller 90-?ringar.") піша пра неабходнасць будаваць у краіне больш дамоў у сувязі з актыўным наплывам бежанцаў. На гэтым настойвае аўтар артыкула Сюзанна Іварсан – прафесар геранталогіі Лундскага ўніверсітэта.

Сама ж аўтарка артыкула разумее, што пабудаваць дом асобна для пенсіянераў, асобна для маладых – гэта ўтопія, таму шукае спосабы пабудовы дамоў для ўсіх узроставых груп. Міністр жыллёвага будаўніцтва Швецыі, прадстаўнік Партыі Зялёных Мехмет Капланс гаворыць аб тым, што неабходна таксама разумець, што многія з тых, хто збягаў з зоны баявых дзеянняў, маюць інваліднасць, а таму трэба пераглядзець правілы пабудовы дамоў з ліфтамі і іншыя камунальныя нормы.

Адно з найбольш аўтарытэтных выданняў Швецыі Aftonbladet паведамляе пра тое, што праз рэгістрацыю, праверку, іншыя працэдуры, звязаныя з бежанцамі, працэс дэпартацыі бежанцаў з краіны пачнецца толькі ў пачатку 2017-га года. Міністр унутраных спраў Андэрс Ігеман, які ў апошнія месяцы стаў бадай самай папулярнай палітычнай постаццю ў Швецыі, адзначае, што мінулы год паставіў усе рэкорды па прытоку людзей у краіну – 163 тысячы чалавек. Пры гэтым 56% засталіся ў Швецыі. Дэпартацыяй мігрантаў будзе займацца паліцыя і міграцыйныя службы, а дзеля гэтага будуць выкарыстоўвацца адмыслова вылучаныя самалёты. Кантраляваць працэс будзе як шведскі ўрад, так і прадстаўнікі іншых краін Еўразвязу. Дэпартавана з краіны будзе 80 тысяч чалавек. Калі працаваць у такім фармаце, адзначае міністр, неабходна будзе высылаць са Швецыі 200 чалавек штодзённа.

У яшчэ адным матэрыяле, прысвечаным тэме дэпартацыі бежанцаў, газета піша пра 3336 справаў “на дэпартацыю”, якія ляжаць у паліцыі, аднак дагэтуль тыя людзі знаходзяцца ў Швецыі, бо краіны, адкуль яны прыехалі, не хочуць іх прымаць, а ў саміх бежанцаў няма ніякіх дакументаў, што пацвярджаюць асобу. Яшчэ 7590 справаў “завіслі”, бо людзі, на якіх яны заведзеныя, альбо пакінулі Швецыю без афіцыйнай дэпартацыі, альбо папросту схаваліся ўнутры краіны. А ўвогуле, згодна з дадзенымі, прыведзенымі газетай са спасылкай на паліцыю і міграцыйную службу, за апошнія чатыры гады з’явілася ўжо 12 тысяч асобаў, якія хаваюцца ад уліку і, верагодна, знаходзяцца менавіта ў Швецыі на нелегальным становішчы.

А вось газета Expressen, акумулюючы ў вялікім матэрыяле “Што адбываецца ў Швецыі?” (“Vad ?r det som h?nder i Sverige?”) падобныя выпадкі ў іншых краінах і публікацыі ў замежных СМІ, распавядае пра забойства 22-гадовай Аляксандры Межэр. У яе забойстве вінаваты 15-гадовы падлетак-бежанец з Самалі. Суд Гётэборга пастанавіў накіраваць малалетняга забойцу на псіхіятрычную экспертызу. Па іроніі лёсу, Аляксандра якраз працавала ў прытулку для бежанцаў.

Падлетак апынуўся без догляду і ў бойцы забіў 22-гадовую дзяўчыну. Адзін з яе стрыечных братоў абвінаваціў у забойстве шведскі ўрад, які дапусціў бескантрольны наплыў бежанцаў. Хлопец распавёў газеце, што Аляксандра фактычна атрымала ад бежанцаў удар у спіну, хаця рабіла толькі добрыя справы для іх і шчыра хацела палепшыць іх побыт. Таксама журналісты паведамляюць пра сэксуальныя прыставанні да дзяўчын з боку цэлай групы афганскіх мігрантаў, пры гэтым дзяўчыны паскардзіліся ў паліцыю, але тая знайшла толькі чацвярых злачынцаў з трыццаці. У матэрыяле праводзяцца паралелі са здарэннямі ў Кёльне на Новы год.

Таксама распавядаецца і пра рэакцыю на падзеі з боку шведскіх расістаў. У цэнтры Стакгольма група маладзёнаў, магчыма футбольных фанатаў, напала з палкамі на мігрантаў. Многія жыхары шведскай сталіцы мяркуюць, што расісцкія настроі ў грамадстве будуць толькі павялічвацца пасля рэзананснага забойства. Прыводзіць выданне і словы калумніста The Telegraph Фрэйзэра Нэльсана адносна сітуацыі:

“Наведванне Швецыі заўсёды было нібы паездка ў будучыню - у Вялікабрытаніі мы дасягалі таго праз дзесяцігоддзе ці нават два. Але зараз Швецыя пасылае іншае паведамленне: наколькі хутка крызіс можа паглынуць вельмі моцную краіну, калі тая пачынае позна клапаціцца пра праблему міграцыі.”

Акрамя таго, Expressen гаворыць пра падзеі ў горадзе Кальмар, якія, у адрозненне ад падзей у Кёльне, мала вядомыя ў іншых краінах. Там у навагоднюю ноч на плошчы Larmtorget мігранты таксама ўчынялі сэксуальныя дамагальніцтвы. Адна з жанчын распавяла пра гэта, сказаўшы, што яе спрабавалі зацягнуць у машыну, якая праязжала міма. Аднак нягледзячы на мноства заяваў, паліцыя Кальмара так і не знайшла ніводнага мігранта, які ўдзельнічаў у злачынствах.

 

А што ў расейскіх СМІ?

Тэма бежанцаў даўно непакоіць расейскія СМІ. Еўрапейскія падзеі з бежанцамі асвятляюцца дастаткова актыўна, апісваюцца ўсе рэчы – ад грошай, якія выдаюцца бежанцам у розных заходнееўрапейскіх краінах да стылю іх жыцця.

Lenta.ru спыняецца на забойстве Аляксандры Межэр і адзначае факт, які не апісваецца ўва многіх шведскіх выданнях. Сама забітая Аляксандра – з сям’і эмігрантаў-хрысціян, якая прыехала чвэрць стагоддзі таму з Лівана. У сваім матэрыяле “Свистят вслед и фотографируют нас” сайт робіць інтэрв’ю з ананімнай супрацоўніцай цэнтра для бежанцаў у нямецкім Гамбургу, якая распавядае, што сярод мігрантаў толькі 10% паводзяць сябе адэкватна, астатнія не паважаюць жанчын, фатаграфуюць супрацоўніц цэнтра без дазволу і свісцяць ім услед.

ТАСС амаль у кожным матэрыяле пра Швецыю цытуе словы шведскіх чыноўнікаў пра рэкордны паказчык мігрантаў на душу насельніцтва. Ён сапраўды такі. Пры насельніцтве ў 9,8 мільёны чалавек, краіна прыняла да сябе 163 тысячы бежанцаў. Таксама агенцтва падрабязна спыняецца на статыстыцы злачынстваў у Швецыі, учыненых мігрантамі).

“Известия” падрабязна не спыняюцца на статыстыцы ці аналізе сітуацы з бежанцамі ў Швецыі, абмяжоўваюцца навінамі, якія адтуль паступаюць. Пераважна крымінальнага характару, пра напад бежанцаў на паліцэйскіх, навіна “В Швеции юные мигранты окружили приют ради конфет, угрожая персоналу” паведамляе пра тое, што падлеткі-мігранты здолелі затэрарызаваць супрацоўнікаў прытулку, бо адзін з мігрантаў быў незадаволены рацыёнам харчавання.

Газета “Ъ”, што належыць выдавецкаму дому “Коммерсант”, у навіне пра будучыя дэпартацыі мігрантаў са Швецыі акцэнтуе ўвагу, што большасць бежанцаў, якіх прымае Швецыя ў апошні час, прыбылі не з Сірыі, як многія думаюць, а з Афганістану.

Выданне лічыць рашэнне шведскага ўраду даволі нечаканым, бо Швецыя – лідэр рэйтынгу інтэграцыйнай палітыкі MIPEX, а гэта сведчыць, што ў Швецыі найменшы разрыў у магчымасцях і правах паміж грамадзянамі краіны і мігрантамі. Акрамя таго, заслугоўвае ўвагі тэма мігрантаў на старонках выдання ў цэлым. Заслугоўвае тым, што ў адрозненне ад большасці іншых выданняў Расеі, “Ъ” не саромеецца глядзець і за падзеямі ў сваёй краіне, не замоўчвае іх. Акрамя навіны пра тое, што Расея на пэўных умовах пагадзілася прыняць назад з Нарвегіі частку мігрантаў, “Ъ” піша пра сітуацыю, якая склалася ў дыпламатычных стасунках паміж Расеяй і КНДР.

Большасць іншых выданняў у Расеі настолькі сканцэнтраваліся на краінах Заходняй і Паўночнай Еўропы, апісваючы падзеі з бежанцамі там, што “выпадкова” прапусцілі падзеі на паўночнакарэйскім “фронце”. Коммерсант.ru, на якім публікуюцца матэрыялы з газеты “Ъ”, прысвячае гэтаму асобны артыкул “В Северной Корее тоже хорошо”.

Матэрыял паказвае Расею ў нявыгадным святле перад праваабарончымі арганізацыямі. Пакуль большасць іншых расейскіх выданняў абсмоктвае словы праваабаронцаў пра новыя бесчалавечныя законы Швейцарыі і Даніі, якія прадугледжваюць права забіраць у мігрантаў вялікія сумы грошай, каб траціць гэтыя грошы на ўтрыманне гэтых жа людзей, Коммерсант.ru паведамляе пра новае міжурадавае пагадненне паміж Расеяй і КНДР. Дакумент прадугледжае ўзаемаабмен бежанцамі, злоўленымі на тэрыторыях абедзвюх краін. Сайт адзначае: “И если россиянину выдворение из КНДР в Россию ничем не грозит, то гражданина КНДР на родине ждут трудовые лагеря или смертная казнь”.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: