ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Журналісты нярэдка замяняюць свае тэксты стэнаграмамі

Галоўны рэдактар газеты “Культура” Сяргей Трафілаў пачаў свой журналісцкі шлях у “Краязнаўчай газеце” (але гэта па працоўнай кніжцы, бо і школьныя гады, і студэнцтва таксама прайшлі пад знакам журналістыкі). Потым прыйшоў у “Культуру” намеснікам галоўнага рэдактара, а цяпер узначальвае выданне.

Падчас гульні ў “Асацыяцыі” ён падумваў узяць слоўнік, калі трапляліся асабліва “хітрыя” літары, але перадумаў. Выцягнуўшы “я”, пра сябе Сяргей гаварыць адмовіўся, затое распавёў пра даверлівасць журналістаў, сваё бачанне іміджу газеты і падзяліўся меркаваннем пра тое, ці ёсць розніца паміж жанчынамі ды мужчынамі ў прафесіі.

Складанасці журналісцкай працы. Складана працаваць над тэкстамі што маладых, што сталых журналістаў, калі ты як рэдактар бачыш канкрэтны фармат артыкулаў, які б убудоўваўся ў нумар, абгаворваеш яго загадзя з аўтарамі, а пішацца тэкст усё адно па прынцыпах “я так бачу” або “так атрымліваецца”. Часам уступаеш у канфлікт, але, разам з тым, і кампрамісам вучышся, шукаючы рацыю ў падыходзе аўтара. Прынамсі, у рэдакцыйным калектыве стае аўтарытэтных асоб, каб палемізаваць, пагаджацца ці адмаўляць іх аргументацыю. Бывае, і сутворчасць атрымліваецца. Але, прызнацца, я не прыхільнік перапісвання тэкстаў. Лепшая праўка, мяркую, -- скарачаць.

Яшчэ адна складанасць сучаснай маладой журналістыкі: шмат што прымаюць на слова, на веру. Не ведаю, чаму хлопцы і дзяўчаты сталі такія даверлівыя... Можна не ведаць многага, асабліва тонкасцяў пэўных прфесійных галінаў (гэта зразумела і натуральна), але ж не даводзіць сваю слушнасць адным толькі: “Мне так сказалі…” А праверыць? Апошнім часам заўважаю і тое, што журналісты пачалі ленавацца: пішуць першы і апошні абзац, а паміж імі даюць простую мову героя, разбітую ўскоснай, а то і наогул стэнаграму. Чамусьці цяпер, на думку некаторых калег, яна стала найлепшай формай тэксту. Не інфармацыйныя жанры, не інтэрв’ю нават, а стэнаграмы…

Більд-рэдагаванне. Рэгулярна праглядаю айчынную і замежную прэсу. І лаўлю сябе на наступным: хочаш вытрымаць форму газетных палос, але... У замежных газетах, калі трэба ў нейкую рубрыку напісаць тры з паловай тысячы знакаў, пішуць роўна тры з паловай. Дамінанта там – вытрымліваць знешні выгляд паласы, бо так зручна чытачу: бачыць пэўныя калонкі і рубрыкі на адных і тых жа палосах у тым самым аб’ёме. Урэшце, хаця б з той прычыны, што чытач гатовы прачытаць “ад і да” толькі гэтыя тры з гакам тысячы знакаў. У беларускіх жа выданнях нярэдка “сеткі” змяняюць пад аб’ём артыкулаў, рубрыкі перескокваюць з паласы на паласу. Нібыта амаль нябачна, але… Дзеля справядлівасці зазначу: неаднойчы гартаў вельмі сучасна завярстаныя раённыя і абласныя газеты. Ёсць у мяне ў гэтым сэнсе фаварыты і сярод цэнтральных выданняў – дзяржаўных і недзяржаўных.

Разнастайнасць. Кожны нумар, вядома, патрабуе разнастайных артыкулаў паводле іх геаграфічнай прывязкі і тэматыкі. Калі я толькі прыйшоў у “Культуру”, мы выдзялялі паласу пад лісты з рэгіёнаў і на ёй “змагаліся” за геаграфіяю. Ды з часам гэтая катэгорыя стала істотнай для ўсяго кантэксту нумара, бо наша падпісная аўдыторыя, у асноўным, знаходзіцца па-за Мінскам. Што да тэматыкі, важна ўлічваць усе накірункі культуры, якіх набягае з тузін пры самым агульным падліку і без дэталізацыі, ды вытрымліваць баланс, каб у нумары не было зашмат, скажам, тэмы тэатра ці артыкулаў гістарычнага плану.

Шаблон -- цудоўная рэч, якая часам выратоўвае, а часам пакідае за бортам прафесійнай задаволенасці. Выратоўвае, калі ты ведаеш, што на газетную паласу твой тэкст ідэальна стане. Але нават самыя адпрацаваныя сцэнарыі даюць збоі, і тады шаблон трэба змяняць. У нас ёсць праект, у рамках якога журналісты выязджаюць на некалькі дзён у рэгіёны, наведваюць установы культуры адразу некалькіх раёнаў па шляху гэтакага аўтатура, не папярэджваючы нікога загадзя, каб пагядзець, як насамрэч там працуюць людзі. Карэспандэнты едуць у камандзіроўку на два дні, а прывозяць тэкстаў на месяц. Гэты праект выходзіць пад два гады, і шаблон, відавочна, трэба змяняць. Праўда, у які бок, пакуль не зразумела. Зараз мы думаем, што рабіць з шаблонам першай паласы. З аднаго боку, яна мусіць быць паказальнай, але мы апярэджваем многія падзеі анонсамі, і таму, натуральна, не маем пэўнага ілюстрацыйнага матэрыялу. А кожны раз скарыстоўваць архіўныя здымкі не хочацца. Вось таму пакуль што звялі першапалосны фармат ілюстравання анонсы да двухкалонніка ў атачэнні тэкстаў.

Але самы страшны шаблон – той, які сядзіць у галаве. Журналіст часам лічыць, што трэба пісаць нейкім пэўным чынам, і колькі ты ні змагайся, ні тлумач на планёрках, што варта спрабаваць рабіць іначай, такі шаблон наўрад ці выб’еш. Але мы зноў вяртаемся да тэмы стэнаграм... Ад іх і стэнакардыя ў чытача можа здарыцца (смяецца).

Імідж больш складана выбудоўваць для выдання, што працуе па пэўным профілі. Там, куды ідзе тыраж па падпісцы, людзі чакаюць канкрэтнага кшталту інфармацыю. Калі яе змяніць на тую, якую прапаноўваць нам уключаць у кантэкст у шырокім аб’ёме мінскія карыстальнікі фэйсбука, імідж мы, канечне, зменім, але што з гэтага атрымаецца? Скажам, шмат разоў раілі нам рабіць гутаркі з замежнымі зоркамі, якіх людзі часта бачаць па тэлебачанні. Але тады мы згубім імідж газеты, якая піша пра беларускую культуру ў самым шырокім сэнсе. Так, апошнім часам мы публікавалі вялікія гутаркі са Святаславам Вакарчуком, з П’ерам Рышарам, іншымі замежнікамі з ліку медыйных персон, каб паглядзець, ці пасуюць такія інтэрв’ю нашым палосам. Дык вось, чытаюцца такія матэрыялы някепска, але я не сказаў бы, што інтэрв’ю з замежнымі зоркамі чытачу газеты “Культура” дакладна больш цікавыя, чым з нашымі музыкамі ці мастакамі. Такія гутаркі з замежнікамі, да ўсяго, -- рэч фармальная. Добра калі ты па тэлефоне пагаворыш, а калі за чалавека адказвае яго давераная асоба?..

Калі змяняць імідж газеты, трэба, мяркую, думаць, да чаго гэта прывядзе ў самай недалёкай перспектыве. Цяпер няма сэнсу выбіраць у якасці асноўнага кірунку шоу-бізнэс. Былі спробы ў свій час “намацаць” гэтую дзялянку, але і бізнэс гэты ў Беларусі бадай не самы хадавы. Рабіць газету, прынамсі, дзвюхмоўнай? А ад сфармаванай за чвэрць стагоддзя аўдыторыі, у такім разе, адмаўляцца давядзецца?

Жанчыны. Калі я прыйшоў працаваць у “Культуру” (і некалькі гадоў пасля), у рэдакцыі працавалі, у асноўным, мужчыны. Гэта было ўнікальна! Цяпер у нас гендарны баланс прыкладна вытрыманы. Ды на практыку, тым не менш, прыходзяць збольшага дзяўчаты. Калі ж казаць пра якасць працы журналістаў -- жанчын і мужчын, -- розніцы не бачу. Урэшце, не ад полу ж залежыць, ці ёсць у журналіста хватка. Таму нейкіх прэферэнцый тым ці іншым пры ўладкаванні на працу альбо пры размеркаванні самых цікавых тэмы ў рэдакцыі газеты “Культура” няма.  

Цякучкі ў нас, на шчасце, не назіраецца. Мяркую, зараз у нашай рэдакцыі можна займацца сваёй справай і добра сябе адчуваць. Але не зусім прымаю, калі чалавек пакідае сваю працу, якая яму падабаецца, сыходзячы з меркантыльных меркаванняў. Разумею, чаму так абываецца, пагаджаюся, але не падзяляю пазіцыю. Гучыць, відаць, даволі непрагматычна. За час маёй працы ў “Культуры” некалькі разоў назіраў, як вярталіся людзі, якія раней працавалі ў рэдакцыях, а потым пагналіся за рублём. А вяртацца ўжо не было куды, бо людзі змяніліся, і колішнія заслугі аказваюцца незапатрабаванымі…

Героі матэрыялаў у нашым выпадку – асобы спецыфічныя, бо трэба пра работніка раённай бібліятэкі напісаць так, каб пра яго было цікава пачытаць супрацоўніку не толькі аналагічнай установы з іншага мястэчка, але і ў сталічным музеі. Заматываваць такую цікавасць можна тым, што ў нас паміж раёнамі ў сферы культуры няма сувязі. Калі ў суседніх раёнаў адной вобласці яшчэ назіраеш агульныя інтарэсы, то паміж раёнамі “за плотам”, але ў суседніх рэгіёнах -- прорва ва ўзаемадзеянні. Але нельга адмаўляць, што нашы героі, цікавыя для падпісчыкаў у рэгіёнах, далёка не заўжды цікавыя гарадскім чытачам. Калі акрэслена праблема, дык такія тэксты больш “уежныя”, але калі задумваецца нешта “партрэтнае”, трэба думаць, як напісаць пра героя так, каб артыкул чытаўся самай шырокай грамадой. А яшчэ часам замест інтэрв’ю з нагоды нейкага юбілею, часам прапануем патэнцыйным героям перакваліфікавацца ў аўтараў: напісаць калонку, выказацца па пэўнай тэме. Такія фарматы больш запатрабаваныя нашай аўдыторыяй.

Як я люблю добра напісаныя матэрыялы, напісаныя з разуменнем тэмы! Часам бывае багатая фактура, але тэкст тэхнічна несабраны, няскладны. Калі не стомішся па дарозе да выніку, то дазбіраеш артыкул... Гэта тычыцца і штатных ды пазаштатных аўтараў, і лістоў у рэдакцыю. Добры матэрыял, лічу, -- арганізаваны, сабраны па фактычным матэрыяле, стылістычна цэласны. Калі нешта з гэтых трох складнікаў прысутнічае ў тэксце, астатнія можна дапрацаваць, але калі нічога з перлічанага няма ў артыкуле, то яго і не выратуеш. І лічыць, што нармальна і прымальна адаптаваць усё, што рэдакцыям прапануюць для друку, не варта.

Факты. Кажуць, фактура ў журналістыцы пануе па-над усім. Я ж за тое, каб акрамя фактаў адштурхоўвацца яшчэ ад гіпотэзы. Факт -- гэта нешта адназначнае, гіпотэза ж больш каштоўная, асабліва ў культурным кантэксце. Бо без выказвання ідэй нічога не атрымаецца, і многія артыкулы праз тое правальваюцца. Тыя выказаныя экспертамі ці журналістамі ідэі, якія атачаюць факты, часта могуць падацца амаль нерэальнымі, і тады ўзнікае пытанне: ці вартыя яны ўвагі? Ды я лічу, што нават неабходныя, бо хочацца, даруйце за такое слова, літаральна прымусіць чытыча паразважаць, які і газету цяпер чытае, як інтэрнэт: праглядзеў хутка, прачытаў тое, за што вокам зачапіўся… Гіпотэза калі не пераможа факт, то, прынамсі, можа існаваць паралельна з ім.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: