ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Я працую з душамі, а пытанне пра сэкс падкажа, ці варта галасаваць за чалавека

Літаратар Валярына Кустава прайшла шлях ад выкладчыка Акадэміі Мастацтваў  да тэлевядучай уласнай праграмы на незалежным тэлеканале “Белсат”. Гледачы памятаюць яе па культурніцкім дыскусійным ток-шоў “Чорным па белым” ды па забаўляльна-аздараўляльнай перадачы “Фітнес-шмітнес”. Цяпер яна вядзе аўтарскую праграму “Прыват” з Валярынай Куставай ды публікуецца вершамі, нарысамі, эсэ і аналітычнымі артыкуламі ў перыядным друку.

Падчас гульні ў “Асацыяцыі” мы пагутарылі пра шанцаванне ў журналісцкай прафесіі, пра тое, як разняволіць чалавека ў эфіры і пра ўлёт ад працы.

“Ооо!” Літара “о” асацыюецца з захапленнем і здзіўленнем. Гэтыя рэакцыі найбольш раскрываюць суразмоўцу. Цяпер, калі я раблю перадачу “Прыват”, вельмі важна, каб усе эмоцыі ў мяне і гасцей  былі жывымі, няштучнымі. Журналісту вельмі важна не страціць натуральнае ўменне здзіўляцца і захапляцца. Са мной гэтыя эмоцыі ўзнікаюць з кожным госцем, які прыходзіць у студыю, дзе мы запісваем праграму. Мне шанцуе на людзей, яны раскрываюцца як кнігі. Кожны – на той старонцы, якая можа зацікавіць менавіта маім гледачам і мне. Цешуся, што людзі адкрываюцца настолькі, што могуць захапляць і здзіўляць гледачоў. Цікава, што ўсе яны паўстаюць у нечаканых ракурсах, якія не былі навідавоку раней. Хтосьці – жыццёвай мудрасцю альбо наадварот - неверагоднай лёгкасцю, а нехта – тым, што перажыў трагедыю, нешта пераадолеў, памяняў стаўленне да жыцця, матываваўся на здзяйсненне задуманага адмысловым чынам.

Беларускі. Вельмі важна, каб у тым, што мы, журналісты, робім, быў нацыянальны кантэкст. Я не за тое, каб гэта было галоўным крытэрам, але ён мусіць прысутнічаць. Што б я ні рабіла, заўжды стаўлю перад сабой задачу далучыць да беларускасці як мага большую колькасць людзей. “Фітнес-шмітнес” глядзела не толькі прагрэсіўная папросту модная беларуская моладзь, але і армяне, украінцы, палякі, нашчадкі беларусаў у Амерцы, якія пісалі: “Мы нічога не разумеем, але вельмі стараемся зразумець, бо цікава.” (смяецца). Але тое быў вясёлы трэш. Цяпер – “Прыват”, дзе я любым даступным спосабам, у бліцы ці ў самой размове, спрабую дакрануцца да нацыянальнага, бо героі перадачы – усе як адзін – дасягнулі поспеху менавіта ў Беларусі. Я не запрашаю ў эфір паспяховых замежнікаў, для мяне важна, каб у праграме быў беларускі каларыт, беларускія дасягненні. Мае госці - прыклады таго, што і ў Беларусі магчыма ўсё.

Я – гэта эга ў журналістыцы. Цешуся, што “я” часам, з набыццём досведу і прафесіяналізму, пераўвасабляецца ў “мы” і “яны”. Раней мне было цікава сябе праяўляць у прафесіі, а цяпер цікавей пра іншых даведвацца, праз людзей разумець свет, Беларусь, сябе. Гэтыя людзі, якія раскрываюцца з табой, даюць табе вельмі шмат. Ад іншых людзей можна ўзяць цэлае неба досведу, які ты не атрымаеш нідзе больш. “Я” у журналістыцы павінна быць, без яго нічога немагчыма зрабіць, немагчыма рызыкаваць і даводзіць (перадусім сабе) сваю рацыю. Але калі яно (я-амбіцыя) перарастае ў “мы” (каманда, што стварае праграму з аднаго боку, вядоўца і суразмоца - з іншага) і “яны” (гледачы, публіка, патэнцыйныя сустваральнікі праграмы) - гэта і ёсць вынік працы. А калі “я” перарастае ў якасць, пачынаецца прафесіяналізм. Памыляцца можна і трэба, каб вучыцца на памылках і ісці далей, бо іначай – немагчыма стаць прафесіяналам.

Улёт. Раней адчувала яго толькі ад паэзіі. А цяпер – калі раблю перадачу ды гляджу ўжо гатовы матэрыял. Не так даўно пачала глядзець адзняты матэрыял для “Прывату”. Гэта займае багата часу, але я ўлятаю ад задавальнення, калі бачу герояў праграмы. А яшчэ – калі атрымліваецца на здымачнай пляцоўцы злавіць сапраўдную эмоцыю чалавека. Калі мы здымалі сюжэт пра мастачку Ніку Сандрас у яе майстэрні, у нас быў выпадковы дубль. Па задуме яна сустракае мужа, цалуе яго, забірае сабаку і муж сыходзіць. Але калі мы пачалі здымаць, яны крыху павысвятлялі стасункі, як бывае ў закаханых, а пасля гэтага ў наступным дублі забыліся пацалавацца. І тут Ніка ўзгадала, што яна не пацалавала мужа, адбылася натуральная, сапраўдная рэакцыя: яна яго пацалавала, засмяялася, як дзяўчынка 16-гадовая, засаромелася… Гэта было ўлётна! Мы ўсё гэта знялі і змантавалі ў перадачы. У кожным эфіры ёсць такі натуральны момант. Калі ён, незапланаваны і невытлумачальны, ёсць, гэта – поўны ўлёт!

Шанцаванне. Вялікае шчасце – займацца тым, што любіш. Ад шанцавання ж часта залежыць, зробіш ты добры матэрыял, ці будзеш задаволены ім, ці атрымаецца ў цябе раскрыць героя, ці ты застанешся ў прафесіі... Калі цябе “прэ” і ты ведаеш, што нават калі нехта сарваўся з эфіру, з некім не атрымалася дамовіцца, усё адно ўсё будзе добра. Калі самі людзі і жыццё падказваюць герояў, а пасля героі адкрываюцца так нечакана, як нават не было прадугледжана... Гэта – шанцаванне. Калі сам космас табе шэпча (усміхаецца). А калі яго няма, варта задумацца, ці ў тым кірунку ты ідзеш. Часам, натуральна, праца дае плён, але калі да гэтага далучаецца шанцаванне, гэта значыць, што ты займаешся сваёй справай.

“Прыват”. Гэта тая праграма, якой я заўсёды хацела займацца. Я вельмі ўдзячная “Белсату”, што ён даў мне магчымасць вучыцца журналісцкай працы на тэлебачанні падчас здымак “Чорным па белым”. Гэта была каласальная школа. “Прыват” – душэўная праграма пра чалавечыя душы, праграма, у якой героі дзеляцца са мной тым, пра што нават не пішуць падзамковымі допісамі ў свае блогі (усміхаецца). Менавіта праграму пра людзей я і хацела рабіць. Героі перадачы мне расказваюць тое, пра што не распавядалі нікому, нават самым блізкім, таму я маю прыватную адказнасць перад чалавекам за вынік. Не было ніводнай праграмы, якая б не мела нейкіх наступстваў для жыцця герояў… Прыватная сфера – самае інтымнае, што ты паказваеш на публіку. Чаму людзі на гэта ідуць? Ім часта самім патрэбная сатысфакцыя. Калі ты нешта інтымнае прагаворваеш у эфіры, цябе адпускае. Мы запрашаем паспяховых людзей, а калі яны гавораць, што ў іх усё выдатна, ім часта не вераць. У эфіры ж атрымліваецца пераадоленне праз апублічванне. Прыват, поспех, пераадоленне, публічнасць – усё сыйшлося ў праграме. “П” – мая любімая літара цяпер (усміхаецца). Я ўсім героям вельмі ўдзячная за шчырасць і за пераадоленне, якім яны падзяліліся на публіку ў “Прываце”. Карацей, лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць!).

Асацыяцыі. У маёй працы вельмі важна знасці нейкія нестандартныя асацыяцыі да гасцей, нейкія новыя нечаканыя нюансы. Натуральна, усе бізнэсоўцы асацыююцца з бізнэсам, але мала хто ведае, што чалавек яшчэ будуе дом мары, гадуе дзяцей, што ён перажыў развод… Бліц-апытанні, якія мы ладзім напрыканцы перадачы, часам раскрываюць людзей абсалютна нечаканым чынам. Тая ж Ніка Сандрас, якая так шмат пісала пра розныя гісторыі з мужчынамі ў фэйсбуку, сказала, што для яе каштоўнасцю з’яўляецца вернасць. А Віктар Малышчыц, які здымае зорнае неба, на пытанне, што для яго першаснае: сям’я ці неба, абраў першае. Аказваецца, для яго зямля істотнейшая за неба. Усе думаюць, што ён у першую чаргу фатограф, а ён – тата, для яго гэта самае важнае. Хутка будзе перадача з Аляксандрам Саладухам. Ён у выніку нашых шчырых размоў стаў мне больш сімпатычным… Мы шукаем тую асацыяцыю, якая характарызуе чалавека, паказвае яго такім, якім ён ёсць, а не такім, якім яго бачаць іншыя людзі.  Часам гэтая асацыяцыі падаецца насуперак - і тады наадварот герой, адмаўляючы яе, сваімі словамі і ўчынкамі, пераўтвараеца на вачах і паўстае сапраўдным, ракрываецца.

Юля Рымашэўская. Мая сувядучая па праграме “Чорным па белым”. Я вельмі ўдзячная космасу за тое, што ён мне паслаў менавіта яе, дзякуючы Юлі я займела вельмі няпросты жыццёвы і прафесійны досвед. Працаваць з жанчынамі няпроста, а тут – дыскусійная праграма, падчас якой трэба было разрульваць некалькі процілеглых меркаванняў, камунікаваць з рознымі бакамі, абмяркоўваючы сацыяльна-культурныя праблемы. Мне цяпер, пасля працы з Юляй, з усімі астатнімі - перакананая - будзе прасцей размаўляць (усміхаецца). Але каб у мяне не было таго досведу, я б не ведала, што можа быць так лёгка. Цяпер я магу разруліць любыя канфлікты (смяецца). Пасля ўсіх нашых непаразуменняў, дыскусій і кампрамісаў мы з Юляй засталіся ў добрых сяброўскіх стасунках. Я лічу гэта вялікім дасягненнем.

Роздум, развагі, розум. Гэта тое, што неабходна журналісту ў працы над любым матэрыялам. Роздум і развагі з табой да пачату працы над матэрыялам, падчас працы над ім і тады, калі ўжо маеш вынік. Што цікава, на ўсіх трох этапах кірунак разваг можа змяняцца ў любы момант. Спачатку ты плануеш, разглядаеш усе варыянты ходу дыскусій, пакідаючы месца для экспромту, рэакцыі, што таксама вельмі важна ў нашай прафесіі. Без рэакцыі немагчымая жывая журналістыка, асабліва калі ты працуеш на камеру, па жывому, з жывым. А я працую з душамі. Трэба практыкавацца, я люблю экспромты - гэта файна, яны дапамагаюць злавіць тое неверагоднае выпадковае шанцаванне, без якога не дасягнеш жаданага.

Сэксуальнасць. Гэты аспект жыцця нязменна прыцягвае ўвагу людзей. Але калі рабіць сюжэт пра сэксуальнасць, сэкс наўпростава, “у лоб”, ты страчваеш свой аўтарытэт, значнасць таго, што робіш. Добра, калі пытанні пра сэксоўнасць задаюцца самым, здавалася б, сур’ёзным людзям, але далікатна, густоўна, бо сэкс – тая сфера, у развагах пра якую чалавек можа раскрыцца самым нечаканым чынам. У нас не прынята ў аўтарытэтаў у палітыцы, напрыклад, пытацца пра гэтую сферу жыцця, але часта адказ на такія пытанні можа паказаць, ці варта за гэтага чалавека галасаваць, ці можна яму давяраць… Таму я стараюся запытвацца пра інтымную сферу ў кожнага героя. Не наўпрост. У аднаго спытаю, якія дзяўчаты яму падабаюцца, у другога, ці не раўнае яго жонка, калі ён ноччу едзе здымаць зорнае неба… Ступень адкрытасці ў людзей розная, і пытанні пра сэкс дазваляюць зразумець, наколькі людзі разняволеныя, адкрытыя ці закрытыя, наколькі ім можна давяраць. І самае галоўнае - наколькі яны шчырыя. Але самае галоўнае - трэба ведаць тую мяжу, мяжу, якую не варта пераходзіць... ці варта.

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: