ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Аляксандр Тамковіч: “Мае кнігі – гэта не камерцыя”

Интервью

Вядомы журналіст, публіцыст Аляксандр Тамковіч падрыхтаваў да выдання кнігу “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да сада надзеі”. Гэта васемнаццатая па ліку кніга аўтара з 2006 года. Заўжды ў цэнтры ўвагі Аляксандра Тамковіча – чалавек.

Mediakritika.by завітала ў госці да журналіста і пагутарыла пра будучую кнігу, ролю ў яе падрыхтоўцы Святланы Алексіевіч і тое, чаму кнігі публіцыста распаўсюджваюцца бясплатна.

Кніга “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да сада надзеі” выйдзе ў красавіку бягучага года і будзе складаць амаль 400 старонак з некалькімі сотнямі каляровых і чорна-белых фотаздымкаў. Выйдзе на добрай мелаванай паперы на беларускай, рускай і нямецкай мовах.

Аляксандр Тамковіч задумваў выдаць кнігу, прысвечаную тэме Чарнобыля, яшчэ дзесяць год таму, калі быў жывы Генадзь Грушавы, заснавальнік і старшыня Беларускага дабрачыннага фонда “Дзецям Чарнобыля”. Але абставіны склаліся такім чынам, што пачаць ажыццяўляць задуманае атрымалася толькі ў пазамінулым годзе.

 

“Ніякіх выгод немцам, якія прымаюць беларускіх дзяцей, няма”

Падчас працы над кнігай аўтар супрацоўнічаў з Амбасадай Германіі ў Беларусі. Выбраў гэту краіну, бо немцы найбольш дапамагаюць беларусам пасля трагедыі: дасылаюць гуманітарную дапамогу (менавіта ў Германіі была заснавана першая замежная арганізацыя па аказанні гуманітарнай дапамогі Беларусі), прымаюць дзяцей у сем’і для адпачынку і аздараўлення. Нашы дзяці ездзяць не толькі ў Германію, але немцы прынялі больш за астатніх – больш за 600 тысяч чалавек. У іх, паводле Тамковіча, больш сур’ёзная матывацыя, бо адчуваюць віну за Вялікую айчынную вайну перед намі.

“Некаторыя кажуць, што яны прымаюць нашых дзетак на адпачынак, бо маюць за гэта нейкія падаткавыя ільготы. Пра гэта гаворыцца з самага пачатку, як толькі беларусы пачалі ездіць туды. Гэта няпраўда, міф. Калі я прыехаў у Германію і паразмаўляў з людзьмі, высветліў, што падаткавыя ільготы маюць толькі тыя фірмы, якія перавозяць дзяцей. Забралі ў Лунінцы, прывезлі ў Мюнхен і атрымалі паслабленне. Тыя, хто дзяцей прымае, наадварот, плоцяць грошы за запрашэнне, цалкам забяспечваюць іх падчас візіту, падарункі робяць... Ніякіх выгод няма немцам”, – распавядае суразмоўца.

Нямецкія дымламаты, па словах Тамковіча, адразу адгукнуліся дапамагчы падрыхтаваць і выдаць кнігу, бо трагедыю 1986 года немцы ўспрынялі як сваю бяду. У Германіі дзейнічала 250 чарнобыльскіх ініцыятыў, якія дапамагалі пацярпелым ад радыяцыі. Некаторыя працуюсь і сёння. “З фондам Генадзя Грушавога “Дзецям Чарнобыля”, з якім мы і задумвалі гэту кнігу, працавала некалькі дзясяткаў краін”, – паспавядае Тамковіч. Падчас размовы ён падзякаваў за дапамогу першаму сакратару нямецкай амбасады Марціну Гізэ і Мерле Сафі Варнеке, аташэ аддзела культуры і прэсы. Таксама выказаў шчырую падзяку за дапамогу і падтрымку праекта Ірыне Грушавой, жонцы Генадзя Грушавога, з падачы якога з’явілася ідэя зборніка.

Захаваць галасы сведкаў выбуху на ЧАЭС у гісторыі

Працуючы над кнігай, Аляксандр Тамковіч наездзіў па пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнах каля пяці тысяч кіламетраў, двойчы быў у Германіі, дзе збіраў матэрыял для выдання. Працоўная назва кнігі гучала як “Чарнобыль: два погляды на адну бяду”. З аднаго боку, публіцыст пісаў пра тых людзей, каму дапамагалі пасля трагедыі на ЧАЭС, а з іншага – пра тых, хто дапамагаў. “Пасля падзей 1986 году прайшло амаль трыццаць год, ахвярам выбуху на ЧЭС, якім тады было па 40 год, сёння ўжо 70, многія сведкі тых падзей пакінулі зямлю. “Ты будзеш па могілках хадзіць”, папярэджавала мяне Грушавая. Таму так важна захаваць іх галасы для гісторыі. Гісторыя Беларусі перапісваецца, таму трэба сабраць усіх сведкаў тых падзеў пад адной вокладкай”, – распавядае аўтар кнігі. Героямі выдання “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да сада надзеі” сталі 35 чалавек. Яны жывуць у рэгіёнах, што пацярпелі ад радыяцыі, і прызнаюцца, што небяспека застаецца.  

Не толькі Аляксандр Тамковіч – сярод аўтараў кнігі. Ён папрасіў беларускіх публіцыстаў і пісьменнікаў напісаць артыкулы, свае развагі на тэму трагедыі на ЧАЭС. Такім чынам, акрамя артыкулаў, напісаных Тамковічам, кніга будзе складацца з 45 артыкулаў, напісаных іншымі людзьмі. Сярод іх – нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, публіцыст і паэт Валярына Кустава, паэт Уладзімір Някляеў, рэжысёр Юрый Хашчавацкі, мастак Алесь Марачкін, журналісты Тацяна Мельнічук, Алена Панкратава, Алесь Дашчынскі і іншыя. Ёсць частка “Ірына Грушавая распавядае”, гутаркі з немцамі, якія запісаў Аляксандр Тамковіч падчас візітаў у Германію, пяць нарысаў, якія прывёз з Чарнобыльскай зоны.

 

“Тое, што мяне выбрала Алексіевіч – вельмі пачэсна”

Асобна мы спыніліся на артыкуле Святланы Алексіевіч, які таксама будзе ў кнізе. Высветлілася, што наша Нобелеўская лаўрэатка ўскосна спрычінілася да выхаду кнігі Аляксандра Тамковіча, натхніўшы яго на працу.

Прыкладна праз год, як Ганадзь Грушавы памер, Святлана Алексіевіч прапанавала Ірыне Грушавой зрабіць віртуальны круглы стол па Чарнобыльскай праблеме. І параіла ёй, каб гэта зрабіў Аляксандр Тамковіч. Той выбраў Уладзіміра Някляева, Юрыя Хашчавацкага, Юрыя Дракахруста і іншых людзей, напісаў пытанні і паслаў іх па электроннай пошце. Святлана Алексіевіч была ў ліку тых людзей. Яны адказалі і на падставе гэтых тэкстаў Аляксандр Тамковіч зрабіў круглы стол для “Народнай волі” па праблеме ЧАЭС.  

Калі паўстала пытанне кнігі, аўтар вырашыў скарыстаць артыкулы Някляева, Хашчавацкага і Алексіевіч. Напісаў лісты, у якіх папрасіў дазвол на публікацыю тэкстаў. Някляеў і Хашчавацкі адразу адказалі: “Рабі што хочаш”, а ад Святланы Алексіевіч адказу не было. “У нас з ёй добрыя прыяцельскія адносіны. Мы з ёй часам каву ў мяне пілі. Калі Святлана атрымала Нобелеўскую прэмію, чаму я вельмі рады, мая жонка сказала: “Ведала б, кубак не стала б пасля яе мыць”, – са смехам прыгадвае Аляксандр Тамковіч.

Чарговую спробу звязацца з Алексіевіч Тамковіз зрабіў за гадзіну да абвяшчэння Нобелеўскага лаўрэата. Яна адказала і адразу дала дазвол на выкарыстанне яе артыкула ў кнізе. “Я сказаў ёй тады, што прэмію ёй дадуць у любым выпадку, а яна неўпэўнена адказала: “Яшчэ не вядома, шмат іншых прэтэндэнтаў…” Вельмі рады, што ўсё так атрымалася. У тым ліку, таму, што мы з ёй працуем у адным жанры нон-фікшн, хоць і ў розных вагавых катэгорыях, натуральна. Я кнігі пішу хутка, а яна над адной па пяць-шэсць год працуе, праз яе 500-600 чалавек праходзіць, гэта – глыбіня!” Праз паўзу Тамковіч дадаў: “Калі чытаў кнігу Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, плакаў, хоць рэдка плачу, калі чытаю кнігі…”

 

“Для мяне кнігі – не камерцыяныя праекты, я прынцыпова не хачу іх прадаваць”

Кніга “Філасофія дабрыні. Ад катастрофы – да сада надзеі”, паводле аўтара, кардынальна адрозніваецца ад зборнікаў эсэ пра людзей, што выходзілі раней. Першая кніга публіцвста “Лёсы” складаецца з партрэтных нарысаў пра вядомых беларусаў. У зборніку “Без палітыкі” Аляксандр Тамковіч распавёў пра хобі палітыкаў, паказаўшы іх простымі і жывымі людзьмі, якія маюць свае захапленні. Кніга “Пераадольванне” складаецца з эсэ пра людзей, якія пераадолелі трагічны паварот лёсу і змаглі жыць далей. А “Жыццё пасля кратаў” распавядае пра пацярпелых за сваю палітычную актыўнасць людзей, якія трапілі ў турму.

Першая кніга “Судьбы”, выдадзеная ў 2006 годзе па-руску, атрымалася амаль што выпадкова. Пачалося ўсё з нефармальнай гутаркі на адпачынку з Зінаідай Бандарэнка, Народнай артысткай Беларусі, дыктарам беларускага тэлебачання. Размова атрымалася такая цікавая і грунтоўная, што ў Аляксандра з’явілася думка выдаць кнігу інтэрв’ю. На пытанне, як прыходзяць тэмы для іншых кніг, Аляксандр Тамковіч адказаў: “Я – журналіст, у мяне адначова ў працы некалькі праектаў. Працую над рознымі тэмамі, якія потым аб’ядноўваю ў кнігі. Таму ў мяне так шмат кніжак.

Я ніколі іх не разглядаю як камерцыйныя праекты. Прынцыпова не хачу ісці ў гэту сферу, станавіцца гандляром. Тым больш, што зарабіць на літаратуры не атрымаецца шмат… Нашы пісьменнікі пачынаюць прадаваць свае кнігі, становяцца касірамі, бухгалтарамі – не вельмі мне гэта падабаецца. Усе мае кнігі распаўсюджваюцца бясплатна. Для мяне гэта – не камерцыя”.

Фота: Уладзімір Сіўчыкаў

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: