ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Скажы, які партал ты чытаеш, і я скажу, хто ты

Мікіта Найдзёнаў, вядомы як лідар гутра “HURMA” і аўтар паэтычнага зборніка “Развітанцы”, што быў прэзентаваны некалькі тыдняў таму, вучыцца ў аспірантуры факультэта журналістыкі БДУ, некалькі гадоў працаваў на радыё “Беларусь”.

Падчас гульні ў “Асацыяцыі” мы пагутарылі пра журналісцкую ляноту, размеркаванне ў Ганцавічы і Сяргея Гудзіліна.

Радыё. Я працаваў тры гады на радыё “Беларусь” у замежным эфіры. Хоць кажуць, што гэта міжнароднае радыё, але ўсё ж яно замежнае, бо міжнароднае СМІ мусіць мець хаця б яшчэ некалькі рэзідэнцый па свеце, як BBC. За тры гады працы ў замежным эфіры ў мяне не было анікага фідбэку, мне здавалася, што я працую на космас і мяне слухаюць ці то зялёныя, ці то нейкая блакітныя “аватары”. Я вёў некалькі аўтарскіх праграм, якія мне перадалі, дзе па-беларуску распавядаў ім пра аграрную палітыку нашай краіны, пра стан беларускай альтэрнатыўнай музыкі… Нягледзячы на гэта, бо фідбэк для журналістаў вельмі істотны фактар, мяне на радыё трымаў калектыў, які складаўся ў асноўным з перакладчыкаў. Радыё – гэта людзі.

Калі ў мяне было некалькі жывых эфіраў на радыё “Сталіца”, я зразумеў, што сапраўднае радыё – гэта жывыя эфіры. Тое, што ты робіш у запісе, цябе расхалоджвае: “Давай тут мы перапішам, тут пераробім…”, а радыё мусіць быць жывым і актуальным, журналіст павінен ведаць свайго слухача, адчуваць яго. У мяне ж было вяшчанне па-беларуску за мяжу, што гучыць крыху абсурдна і эмігрантна. Праца не натхняла мяне на развіццё. Я, празнаюся, працаваў без асаблівага імпэту, бо не ведаў, ці трэба яно каму насамрэч, але хутка зразумеў, што гэта няправільна – працаваць толькі з-за заробку і з-за таго, што раз у тыдзень у цябе выходзіць праграма.

Ultra-Music. Гэта беларускі музычны партал. Чамусьці адразу ўзгадваецца, як журналісты, якія пішуць туды, бессаромна перадрукоўвалі мае прэс-рэлізы пад сваімі прозвішчамі (смяецца). Такім чынам, я фактычна быў аўтарам артыкулаў пра свой гурт, бо дасылаў парталу разгорнутыя прэс-рэлізы, а яны іх перадрукоўвалі ці за подпісам Ultra-Music ці за подпісам журналіста. Гэта да таго, што журналісты – людзі лянівыя. Ім трэба ўсё разжаваць, часам зрабіць працу за іх, а яны з радасцю возьмуць і перадрукуюць. Я і сам такі (пасміхаецца). Калі дасылаюць разгорнуты прэс-рэліз, ты ўжо бачыш, як яго можна скарыстаць для цытат, для закадравага тэксту, такім чынам, толькі на прэс-рэлізе будуеш матэрыял. Гэта нездаровая практыка. Партал Ultra-Music зрабіў шмат добрага. Менавіта ён быў першым, хто напісаў пра гурт “HURMA”, але ён для мяне запомніцца найперш тым, што бессаромна перадрукоўваў прэс-рэлізы. Калі я бачу, што журналіст бярэ за аснову прэс-рэліз, але дадаткова бярэ каментары, звяртаецца да экспертаў, аналізуе папярэднюю інфармацыю, ён для мяне адразу на галаву вышэй за тых людзей, хто займаецца копіпастам.

Гудзілін Сяргей, фатограф “Нашай нівы”. Хоць мы з ім асабіста не знаёмыя, але мы ўсе ў Мінску адзін аднаго ведаем завочна. Мне падабаецца, калі журналіст ці фатограф і крэатыўны, і смелы, і адданы працы. А калі яшчэ і малады – то ўвогуле здорава. Гудзілін – адзін з тых фатографаў, на чыё прозвішча я зрэагую і перайду па спасылцы, бо мне цікава паглядзець яго фотаздымкі і пачытаць артыкул, які ён ілюстраваў. У яго ёсць свой асабісты стыль, які ні з кім не пераблытаеш. Калі б мне выпала літара “с”, я б назваў імя журналіста Паўла Свярдлова. Ён з маладых журналістаў для мяне найбольш цікавы. У яго таксама яркі аўтарскі стыль, які прасочваецца паўсюль: ці то на KYKY, ці то на Еўрарадыё, ці то ў “Эканоміцы на пальцах”. Паўсюль ягоныя матэрыялы будуць да месца, адпавядаць фармату, але гэта заўжды будзе Паша. Калі ў журналіста, фатографа ёсць свой стыль, калі матэрыялы не аморфныя, гэта вельмі здорава.

Опус. Свой першы журналісцкі опус я напісаў у 10 класе. Калі паступаў на журфак, паэтычных публікацый у мяне было больш, чым журналісцкіх. Свой першы опус я надрукаваў у газеце “Переходный возраст”. Гэта была пстрычка на паўтары абзацы і называлася “Не все птицы летают” (смяецца). Гэта і журналістыкай не назавеш, куды там! Я ад рукі, бо камп’ютар з’явіўся ў мяне толькі ў 22 гады, напісаў пра Паўліну, дзяўчыну, якая вучылася ў маёй школе і цікавілася птушкамі. Наогул распісацца мне было вельмі складана, таму працую не ў друкаваных СМІ, гэта не маё. Журналісцкія артыкулы мне пісаць цяжэй, чым рабіць матэрыялы на радыё. Мне гэта бліжэй, цікавей.

Інфармацыя. На трэцім курсе журфака я ездзіў у Швецыю на стажыроўку ад факультэта, за што яму бясконца ўдзячны. Толькі там я даўмеў (дзіўна, што не раней), што трэба мець крытычны падыход да інфармацыі, якую табе даюць. Калі я гляджу сюжэт на тэлеканале “Расія”, загадзя прыкладна ведаю, што мне пакажуць і распавядуць. Таму стаўлюся крытычна да інфармацыі. Хоць мы ўсе, журналісты, імкнемся працаваць аб’ектыўна, але прынцып “хто плоціць, той і музыку заказвае” ніхто не адмяняў. Калі чытаю “Нашу ніву”, разумею, што там наўрад ці будзе сур’ёзны артыкул пра ўладкоўванне сталіцы і ўпарадкаванне двароў, “Минский курьер” наўрад ці дасць навіну аб тым, што еўра стаў 25 тысяч і гэтак далей… Да інфармацыі, якой цяпер вельмі шмат, трэба ставіцца крытычна і ўмець яе выбіраць. “Скажы мне, які партал ты чытаеш, і я скажу табе, што ты за чалавек” – вось да чаго даходзіць. Але разумныя людзі чытаюць і “вашых”, і “нашых”, каб збольшага зразумець карціну агулам. Я пасля той стажыроўкі ў Швецыі не даю веры адной крыніцы інфармацыі, чытаю тэксты на некалькіх парталах, каб скласці сваё меркаванне.  

Журфак і размеркаванне. Калі скончваў вучыцца, прызнаюся, у мяне была адна “Хурма” у галаве (пасміхаецца). Мяне запрашалі заставацца на радыё, але я вырашыў ісці ў магістратуру і не хацеў ісці на радыё, бо не быў упэўнены, што хачу працаваць яшчэ два гады там, дзе ўжо два гады адпрацаваў на той момант і ўсё збольшага ведаю. Мне хацелася росту і развіцця. Такім чынам, калі я прыйшоў на камісію па размеркаванні, у мяне не было выкліку. Мне прапанавалі адну рэспубліканскую газету, але разумеў, што адтуль мяне наўрадці адпусцяць у магістратуру, таму праігнараваў гэтую прапанову. Калі паглядзеў на спіс СМІ, якія чакаюць маладых спецыялістаў, убачыў там Ганцавіцы, падумаў: “Класны горад” (пасміхаецца).

У магістратуру ў той год я не паступіў і зразумеў адразу: “Чувак, ты едзеш у рэгіён, прычым – у Ганцавічы!” Я сам – пінскі хлопец, думаў, што гэта прыкладна тая ж тэрыторыя, але аказалася, што нічога падобнага. Спадзяваўся, што мне на руку сыграе той самы “чалавечаскі” фактар і рэдактар зразумее сітуацыю: малады хлопец, у Мінску ў яго ўсё ўладкавана, але ў апошні момант проста не задалося… Але ён не пайшоў насустрач. У рэдакцыі газеты “Савецкае Палессе” мяне прынялі за свайго і я зраземеў адразу: будзе крэатыўна, цікава, будзем апярэджваць час (смяецца). Мне яшчэ даверылі працу на радыё, не толькі ў газеце. Я працаваў там усяго месяц, потым паступіў у магістратуру, але ўсё адно атрымаў карысны вопыт. У “раёнцы” журналістыка адстае нашмат больш ад сусветных медыя, чым у сталіцы, што відавочна. Там працуе мала журналістаў, па адукацыі збольшага філолагі, настаўнікі. У маім размеркаванні мяне бянтэжыла не столькі сама праца ў газеце, колькі бытавыя ўмовы жыцця ў інтэрнаце. Калі я трапіў туды, мне стала шкада двух год жыцця і я зразумеў, што нашмат больш карыснага зраблю ў Мінску.

Бураўкін Генадзь – выпускнік журфака. На стэндзе, дзе размешчаны фотаздымкі тых, кім ганарыцца факультэт, ёсць фота Бураўкіна. Ён быў старшынём “Белтэлерадыёкампаніі”, але калі быў дзень народзінаў “Калыханкі”, яго імя ніяк не фігуравала… Але менавіта дзякуючы яму праграма стала ісці па-беларуску, што для нашага тэлебачання стала вялікім учынкам. Трэба ведаць і памятаць, дзякуючы каму праграма для дзяцей была перакладзеная на беларускую мову. Гэты крок падтачыў рэпутацыю Бураўкіна, але ён усё адно пайшоў на гэта і перамог. Неяк я стаяў у краме ў чарзе за спадаром Генадзем і нейкі хлопец звярнуўся да яго: “Мужчына, я тут займаў!” І я падумаў, што для многіх беларусаў Бураўкін – проста нейкі мужчына, які ў чарзе замінае… Вельмі кепска, што мы не пазнаем у крамах сваіх герояў…

Літаратура. Журналістыка – гэта не літаратура, аб гэтым трэба казаць дзецям перад паступленнем на журфак. Журналістыка мусіць мець творчы падыход і метад, але гэта не творчасць. Пераважна тыя, хто пасля школы ідзе на журфак, думаюць іначай, туды ідуць дзеці, якія пішуць апавяданні і вершы. Я сам – з такіх. Пасля заканчэння факультэта можна сысці ў літаратуру, як Пятро Васючэнка ці той жа Генадзь Бураўкін, як Святлана Алексіевіч (вельмі шкада, што журфак не надта ганарыцца такой выпускніцай). Многія прынцыпы журналістыкі і задачы, якія трэба выконваць, не адпавядаюць таму юнацкаму ўяўленню аб “творчай” прафесіі, якое часта ёсць у людзей, і ў іх пачынаецца ломка. Лепей, відаць, у такіх выпадках адразу ісці ў літаратуру.

Цэнзура. Калі я працаваў на радыё, у нас былі цэнзары, якія называліся супрацоўнікамі “групы эфірнага дня”. Мае тэксты з Быкавым, Бураўкіным, Караткевічам прайші цэнзуру, а тэкст з Някляевым – не. Цэнзура – вельмі небяспечная рэч, асабліва, калі няма жорсткіх абмежаванняў, пра каго пісаць можна, а пра каго – не. Бо тады ты становішся палонным самацэнзуры і ўвесь час пачынаеш баяцца пісаць пра нешта ці некага. Тады становіцца зусім цесна і сумна. Па шчырасці, негалосная цэнзура ёсць як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных СМІ. Ну ніколі БелСАТ не здыме нармальны сюжэт, без кпінаў, пра канцэрт Іны Афанасьевай. Так і БТ не прыедзе на імпрэзу Лявона Вольскага, хоць на БТ ёсць людзі, якія слухаюць і любяць Вольскага, а на БелСАТу тыя, хто слухае Афанасьеву. Цэнзура – гэта своеасаблівыя правілы гульні: ты пра гэта можаш пісаць, але не ў нас. Дзе б знайсці тое выданне, дзе можна пра ўсё пісаць, дзе не было б асобаў ці тэм, пра якія можна пісаць, але толькі кепска?.. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: