ОБ АВТОРЕ

Журналіст-фрылансер.

У 2013 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Працаваў і супрацоўнічаў з газетамі “Всё о футболе”, “Прессбол”, “Радыё Свабода” і іншымі выданнямі.

Цікавіцца спортам, палітыкай у спорце, падарожжамі, інтэлектуальнымі гульнямі.

Вы здесь

Актывісты ультраправых партый распаўсюджваюць чуткі пра бежанцаў, а СМІ падхопліваюць іх

Интервью

Mediakritika.by раней пісала пра нямецкі праект Hoaxmap, які дзякуючы журналісцкім расследванням выкрывае непраўдзівыя матэрыялы некаторых СМІ пра злачынствы бежанцаў. Ужо на старце праекту стала зразумела, што асобныя выданні даволі часта публікуюць альбо поўную няпраўду пра імігрантаў у еўрапейскіх краінах, альбо перабольшваюць крымінальную пагрозу, якая ідзе ад перасяленцаў.

Карэспандэнт Mediakritika.by пагутарыў з кіраўніком праекту Лутцам Хельмам і высветліў, якім чынам на сайце Hoaxmap збіраюцца гісторыі пра імігрантаў, як выкрываюць хлусню ў газетах і ці праўда тое, што ў Еўропе імкліва ўзрастаюць антымігранцкія настроі.

Спадар Хельм, калі з’явілася ідэя стварыць Hoaxmap, якія падзеі паслужылі падставай яго стварыць і хто дапамагае вам кіраваць праектам?

Hoaxmap – праект, арганізаваны 30-гадовым кансультантам Каралін Шварц і мной, 35-гадовым распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння Лутцам Хельмам. На дадзены момант мы абодва жывем у Лейпцыгу, зямля Саксонія, усходняя частка Нямеччыны.

Улетку 2015 года ў Еўропе апынуліся тысячы бежанцаў, адразу ж сталі распаўсюджвацца чуткі пра іх злачынствы, часам гэта была відавочная хлусня. І ўжо тады мы адчулі вялікую неабходнасць працы ў гэтай сферы. Акрамя таго, Каралін адправілася працаваць валанцёрам у прытулак для бежанцаў і займалася там дапамогай апошнія паўгода. Яна пачула шмат непрыемнага пра гэты прытулак, але ў той жа час назірала і за рэальнай сітуацыяй. У выніку пастаянныя плёткі пра бежанцаў спрычыніліся да таго, што ў студзені мы вырашылі запачаткаваць наш праект, і ў выніку 8-га лютага сайт HoaxMap быў адкрыты.

Чаму вы абралі менавіта такую назвуHoaxMap?

Бо гэта добра адлюстроўвае дзейнасць нашага сайту – у перакладзе з ангельскай “мапа падману”. То бок мы пазначаем фальшывую звестку пра бежанцаў і месца, дзе яна актыўна распаўсюджваецца.

Як шмат людзей на дадзены момант далучылася да выкрыцця хлусні пра імігрантаў? Ці многа сярод іх прафесійных журналістаў?

На дадзены момант Hoaxmap працуе толькі намаганнямі нас дваіх. Мы толькі збіраем ужо раскрытыя факты хлусні і спадзяемся на расследванні іншых людзей. Большасць выпадкаў, апублікаваных нашым сайтам, прадстаўленыя мясцовымі журналістамі, якія працуюць непасрэдна ў тым раёне, дзе і разносіцца няпраўда. У іншых выпадках мы таксама разлічваем на паліцэйскія справаздачы, а таксама інфармацыю ад зацікаўленых асоб, накшталт уладальнікаў крамаў і прэс-сакратароў кампаній. Таксама некаторыя выпадкі расследуюцца аўстрыйскім праектам Mimikama, які выкрывае чуткі па вялікай колькасці тэмаў.

Мы распачалі працу нашага сайту 8-га лютага са 177 выпадкаў, якія здолелі сабраць самі, усе выпадкі пасля таго мы атрымлівалі звонку, напрыклад, ад звычайных людзей праз твітэр ці электронную пошту. Людзі рэкамендуюць нам звярнуць увагу на нейкую інфармацыю, мы правяраем яе, і калі хлусня выкрываецца, публікуем на сайце.

Ані Караліна, ані я не маем адмысловай адукацыі журналістаў, аднак актыўна працавалі на гэтай ніве і да з’яўлення сайту HoaxMap. Я працую на мясцовым грамадскім радыё ў Лейпцыгу, а Каралін піша артыкулы для анлайн-часопіса. Hoaxmap цалкам валанцёрскі праект. Мы трацім на яго ўласныя час і грошы.

Чаго бракуе праекту Hoaxmap на дадзены момант?

Паколькі над ідэяй працуюць толькі два чалавекі, у нас фізічна не хапае сілы і часу правяраць інфармацыю самастойна. Мы ўжо атрымліваем запытанні расследваць мясцовыя чуткі, нас таксама просяць перакласці сайт на англійскую мову. Аднак пакуль мы не можам гэтага зрабіць, бо маем абмежаваныя рэсурсы.

Якая газета, сайт ці тэлевізійны канал часцей за іншыя распаўсюджвае заведама хлуслівую інфармацыю пра імігрантаў?

Большасць чутак нараджаюцца ў сацыяльных сетках, напрыклад у Facebook. Таксама шмат карыстальнікаў інтэрнэта ілгуць на сайтах папулярных онлайн-выданняў, у раздзеле каментароў пад навінамі пра імігрантаў. Калі такая інфармацыя трапляе да іншых медыя, у мясцовай прэсе яна, без сумневаў, таксама актыўна распаўсюджваецца: уяўныя ахвяры і фальшывыя сведкі на іх старонках прад’яўляюць абвінавачанні бежанцам.

Такія газеты часта публікуюць пачатковыя паліцэйскія справаздачы, дзе толькі паведамляецца пра здзяйсненне злачынства і вядзецца пошук сведак. Але паліцэйскія заўсёды карэктуюць свае справаздачы пасля з’яўлення свежай інфармацыі. І калі ёсць хоць мінімальная падстава раскрытыкаваць паліцыю за нешта, тут большасць журналістаў дзейнічаюць як ніколі прафесійна. Але ёсць і некалькі выключэнняў.

Калі ўсё ж засяроджвацца на канкрэтных назвах, то адна з найбольш прыкметных газет – аўстрыйскі таблоід “Krone”. Рэдактар рэгіянальнага выпуску дадзенай газеты быў вымушаны падаць у адстаўку пасля напісання абсурднага памфлету з процьмай хлуслівых абвінавачанняў у адрас бежанцаў.

Колькі адсоткаў правераных матэрыялаў пра злачынствы або неналежныя паводзіны мігрантаў усё ж з’яўляюцца праўдай?

Мы не маем на гэты конт лічбаў, якім можна было б даваць веры на ўсе 100 %. Паколькі мы збіраем толькі ўжо выкрытыя факты хлусні пра мігрантаў, то папросту не можам судзіць пра прапорцыі праўды і няпраўды ў дадзенай тэме.

Хто, на вашу думку, стаіць у авангардзе пры спробах дыскрэдытацыі бежанцаў з дапамогай сфабрыкаваных фактаў і прыдуманых гісторый?

У большасці выпадкаў даволі складана вызначыць першакрыніцу чутак. Аднак аб’ектыўна можна заявіць, што вялікая доля хлусні пра мігрантаў прыдумляецца і разносіцца ультраправымі палітыкамі з партый AfD (“Alternativef?r Deutschland”, “Альтэрнатыва для Нямеччыны”) або NPD (“Nationaldemokratische Partei Deutschlands”, “Нацыянал-дэмакратычная партыя Нямеччыны”). AfD і NPD шмат увагі ў сваёй агітацыі засяроджваюць на колькасці іншаземцаў у нашай краіне, у іх праграме выразна прасочваецца жаданне не прымаць новых іншаземцаў, дэпартаваць нядаўна прыбыўшых у краіну бежанцаў ды істотна ўскладніць жыццё тым імігрантам, якія ўжо даўно жывуць у Нямеччыне.

Таксама хлуслівая інфармацыя распаўсюджваецца рознымі ультраправымі актывістамі на расісцкіх дэманстрацыях антыімігранцкіх рухаў накшталт PEGIDA (“Patriotische Europ?er gegen die Islamisierung des Abendlandes”, “Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду”). Газеты і інтэрнэт-сайты звычайна толькі падхопліваюць такую інфармацыю ў пагоні за рэйтынгам. На жаль, журналісты не заўсёды дбаюць аб тым, каб праверыць факты.

Наколькі эфектыўна супраць распаўсюднікаў відавочнай хлусні пра мігрантаў працуе паліцыя?

З аднаго боку, паліцыя сама нярэдка прымае ўдзел у распаўсюдзе чутак і непраўдзівай інфармацыі, публікуючы прэс-рэлізы, якія грунтуюцца на ілжывых сведчаннях. З іншага боку, паліцыя неўзабаве выпраўляе ўласныя справадачы, калі атрымлівае інфармацыю, што папярэднія сведчанні былі няпраўдай. У апошнім выпадку, паліцыя часта прыцягвае да адказнасці сведак, якія далі хлуслівыя паказанні. Таксама паліцэйскія расследуюць усе чуткі пра цяжкія злачынствы і публікуюць іх абвяржэнне, калі не ўдалося знайсці які-кольвек след злачынства. У такім выпадку распаўсюднік чутак ужо не мае, на каго спаслацца і можа быць знойдзены і пакараны.

Таксама мы збіраем выпадкі, якія не адносяцца да крыміналу, але апавядаюць пра неверагодныя выгоды, што нібыта атрымліваюць бежанцы. У такой сітуацыі паліцыя не ўключаецца ў расследванне, гэта толькі наша справа. Здараецца, мясцовая адміністрацыя абвяргае падобныя закіды і паведамляе, што насамрэч бежанцы не атрымлівалі, напрыклад, новых кватэр.

Страх карэннага насельніцтва Еўропы перад нееўрапейцамі часта згадваецца ў СМІ, асабліва ў краінах Усходняй Еўропы, пакуль менш закранутых хваляй мігрантаў. Ці сапраўды існуе такі страх? Наколькі насамрэч еўрапейцы баяцца іншаземцаў?

На маю думку, Нямеччына цяпер глыбока падзеленая на два лагеры. Мяркую, што каля паловы немцаў лічаць, што колькасць бежанцаў у краіне пераходзіць усе межы, яна занадта вялікая. Асабліва шмат праціўнікаў прыезду бежанцаў ва Усходняй Нямеччыне, у тым ліку ў Лейпцыгу, дзе жывем мы. Гэта абумоўлена тым, што немцы з усходняй часткі краіны дагэтуль вельмі рэдка кантактавалі з іншаземцамі і наогул, звыклыя бачыць вакол сябе людзей з белым колерам скуры, такіх, як яны. Расізм і расісцкія забабоны ва ўсходняй частцы Нямеччыны — даволі звыклая з’ява. Аднак большасць немцаў зараз настроена прымаць бежанцаў, дапамагаць ім.Еўрапейцы з ксенафобскімі поглядамі нядаўна атрымалі велізарны аргумент у сваіх патрабаваннях дэпартаваць мігрантаў — забойства ў адным са шведскіх прытулкаў для бежанцаў 22-гадовай дзяўчыны Аляксандры Межэр. Што могуць сказаць на сваю карысць апаненты людзей з правымі поглядамі?

Права на прытулак – асабістае права, як і ўсе правы чалавека. І злачынства – асабістая адказнасць забойцы, а не ўсіх бежанцаў адразу. Да таго ж не забудзем, што іншыя бежанцы дапамаглі арыштаваць забойцу Аляксандры. Акрамя таго, мы не можам прадухіліць усіх забойстваў, якія робяць самі еўрапейцы.

Цяпер гэта агромністая праблема для Нямеччыны і для іншых краін Еўропы. Прытулкі для бежанцаў часта падпальваюцца, закідваюцца кактэйлямі Молатава, іншымі выбуховымі прыстасаваннямі. На тых немцаў, якія падтрымліваюць бежанцаў, ультраправыя актывісты ўчыняюць напады. Шчасце, што пакуль у Нямеччыне мы маем толькі траўмаваных у выніку такіх акцый, а не забітых.Колькасць мігрантаў павышаецца. Як улады еўрапейскіх краін могуць паспяхова спраўляцца ў дадзенай сферы, як яны могуць далей будаваць сваю палітыку ў гэтым напрамку?

Я лічу, што няма альтэрнатывы абавязацельствам па правах чалавека, якія ўключаюць у сябе і асабістае права на прытулак. Сітуацыю, пры якой бежанцы тонуць у Міжземным моры, вязнуць на мяжы Македоніі і Грэцыі, застаюцца пакінутымі перад ваеннымі турэцкай арміі, павінна быць вырашаная, трэба паклапаціцца пра людзей і скончыць іх пакуты. У родных для бежанцаў краінах трэба прыкладаць усе намаганні, больш, чым многія еўрапейскія краіны робяць насамрэч, каб зноў уз’яднаць сем’і бежанцаў. Але найбольш эфектыўнае пагадненне для вырашэння праблемы бежанцаў – гэта мір у Сірыі. Аднак пакуль я не бачу, якім чынам там можна заключыць мірнае пагадненне. Асад па-ранейшаму ва ўладзе, “Ісламская дзяржава” працягвае зверствы на падкантрольных ёй тэрыторыях, а Турцыя, Расея і Захад пераследуюць у Сірыі ўласныя інтарэсы. І грамадзянская вайна, што можа ахапіць Турцыю, не дае ніякай прычыны для аптымізму.

Ваш сайт робіць вялікі аб’ём працы. Аднак нягледзячы на выкрытыя факты хлусні пра злачынствы мігрантаў, усё адно застаецца ўражанне: ультраправыя настроі, у прыватнасці ў краінах, пра якія пішаце вы, у Аўстрыі і Нямеччыне, павышаюцца. Ці правільнае ўражанне? Наколькі вялікую ролю ў фармаванні такіх поглядаў адыгрываюць СМІ?

На мінулым тыдні правая партыя (а на мой погляд відавочна расісцкая) "Alternative f?r Deutschland" (AfD), пра якую я ўжо згадваў, вельмі паспяхова выступіла на выбарах адразу ў трох федэральных землях Нямеччыны. Цяпер яе сябры могуць увайсці адразу ў тры мясцовыя парламенты. У зямлі Саксонія-Анхальт AfD увогуле заняла другое месца. І гэта яскрава сведчыць, што там расізм сапраўды жыве і мае трывалае карэнне і падтрымку.

Роля медыя не настолькі відавочная. З аднаго боку, ніводная з асноўных газет і ніводзін з папулярных грамадскіх тэлеканалаў не выступае на карысць AfD, наадварот, большасць СМІ, апроч хіба правых газет, даволі скептычна ставіцца да гэтай партыі. Але з іншага боку, медыя чамусьці не ў стане прааналізаваць усе погляды партыі AfD па тэмах міграцыі і бежанцаў. А гэтыя пазіцыі дастаткова аўтарытарныя, якія ўтрымліваюць у сябе скарачэнне сацыяльнай дапамогі і прапаганду вельмі традыцыйных поглядаў на свет. У тым ліку ідзе агітацыя за вельмі кансерватыўныя сямейныя каштоўнасці.Яшчэ адной праблемай, якую я назіраю, можна назваць тое, што СМІ працягваюць ужытак эўфемістычнага словазлучэння “крытыкі бежанцаў” да людзей, якіх варта адкрыта называць расістамі, і тут размова не толькі пра актывістаў самой AfD, але і пра згуртаванні маладых людзей спартовага целаскладу. Такі гурт звычайна апранаецца ва ўсё чорнае, падыходзіць да прытулку для бежанцаў і атакуе яго, бежанцаў збіваюць, выкідаюць на вуліцу, альбо наадварот, не дазваляюць новай купцы бежанцаў зайсці ў будынак.

Якія яшчэ мэты вы ставіце перад сваім праектам?

Ёсць некалькі арыенціраў. Па-першае, мы хочам прадэманстраваць графікі павышэння ці паніжэння колькасці чутак з класіфікацыяй па рэгіёнах. Мы таксама спадзяемся вызначыць шаблоны, па якіх неаднаразова з’яўляюцца і распаўсюджваюцца чуткі. Мы думаем, што знаходзімся яшчэ на пачатку збору інфармацыі і пакуль не ведаем, да чаго канкрэтна можам прыйсці ў будучыні. І, вядома ж, мы хочам дадаць на сайт абмеркаванне пра бежанцаў. У апошнія тыдні ў Нямеччыне, Швейцарыі, іншых краінах разгарнуліся публічныя дэбаты вакол абмежавання ім доступу ў краіны Еўропы, пра іх дэпартацыю і пра скасаванне статуса бежанца нават за малыя парушэнні закону. Мы спадзяемся зрабіць на HoaxMap асобны раздзел дэбатаў і дадаць абмеркаванням больш аб’ектыўнасці.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: