Вы здесь

Маніторынг: Тарыфы на паслугі ЖКГ як канфлікт “правільных” і “няправільных” кіраўнікоў

Маніторцы Mediakritika.by падвяли вынікі чарговага аналізу вечаровых навінаў на тэлеканалах “Беларусь 1”, ОНТ і “Белсат”. Гэтым разам ў фокусе даследвання была тэма гвалтоўнага падвышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ.

Маніторынг закрануў матэрыялы, якія выйшлі ў эфір на тыдні з 22 па 28 лютага 2016 г. Агулам на тэлеканале “Беларусь 1” было 9 тэматычных сюжэтаў (9% ад агульнай колькасці матэрыялаў; 12% ад агульнай працягласці навінавых праграмаў на тэлеканале), на ОНТ –  5 (7,5% і 7% адпаведна), на “Белсаце” – 3 (7% і 10% адпаведна).

Калі разглядаць дыскурс “пра тарыфы”, што меў месца на дзяржаўных тэлеканалах з пункту гледжання зместу, мэтай афіцыйнай медыя-хвалі можна лічыць спробу пераўтварыць адсутнасць эфэктыўнага кіраўніцтва ў прысутнасць хуткастнага персаналізаванага крызіснага мэнэджменту. Як рэзюмаваў сітуацыю з камунальнымі паслугамі ў справаздачы з нарады, дзе прагучалі гучныя заявы, журналіст тэлеканала “Беларусь 1”, “терпение президента, похоже, лопнуло. Если к 1 марта с коммунальной математикой не разберутся - считать придется количество наручников в ведомстве” (“Беларусь 1”, 22.02.2016).

Адначасова ў кантэкстных сюжэтах увага шэраговага гледача з праблем простых людзей пераключаецца (праз упісванне тэмы ў больш шырокі кантэкст абмеркавання захадаў па падвышэнні эфектыўнасці ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы і флэшбэкамі пра рэформы 1990-х гг.) на зусім іншыя аспекты: напрыклад, абарону лідарам нацыі сацыяльна арыентаванай дзяржавы ад бяздумных навацыяў ды рэформаў. Такім чынам, рэальныя побытавыя праблемы трансфармуюцца ў абстрактную публічную рыторыку.

У медыйнай разгортцы “тэмы тарыфаў” можна вылучыць некалькі інфармацыйных поінтаў:

1) прэзэнтацыя прадстаўнікоў народа як пацярпелых у чаканні ратавання зверху (блакаванне ідэі сацыяльнага пратэсту “знізу”). Пры гэтым, сімптаматычныя версіі, агучаныя вядоўцамі абодвух выніковых праграмаў на дзяржаўных тэлеканалах, чым не задаволены “народ”: “людей возмутил не столько сам факт подорожания, сколько неизвестность” (ОНТ, 28.02.2016), «мне видится проблема не в том, что выросли тарифы, а в том, как это произошло», «весь вопрос в том, что из этих жировок непонятно, что к чему. Нет прозрачности, о которой изначально говорили: ребята, мы поднимем, но мы объясним, что к чему» (“Беларусь 1”, 28.02.2016).

2) перанос рэальнага сутыкнення народу з сумнеўнай ініцыятывай ўлады ў сферу адміністравання (замест разбораў непаразумення людзей з чынавенствам мае месца дэманстрацыя канфлікту “правільных” і “няправільных” кіраўнікоў);

3) пошук адказных за непапулярныя крокі па-за межамі ўладнага топ-мэнэджменту - імі сталіся абстрактныя прадстаўнікі ўлады мясцовага узроўню (якія ў медыйным дыскурсе могуць увогуле выключацца з дзяржаўнай сістэмы каардынат  - для прыкладу, пытанне вядоўцы праграмы “Главный эфир” Леаніду Анфімаву: “Кто отвечать будет за такую вольную трактовку того, к чему государство подходило аккуратно, неспеша продумывая и подготавливая? Вдруг в какой-то момент кто-то берет и принимает решение” (“Беларусь 1”, 28.02.2016)).

Цікавым з пункту гледжання канструявання мэсіджу выглядае інтэрв’ю галоўнага адказнага, якога Лукашэнка прызначыў выпраўляць сітуацыю - старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава. Досыць працяглая размова (9 хв.42 с.) аранжавалася тытрамі-цытатамі з рэспандэнта. Тое, што трапіла пад візуалізацыю, само па сабе ёсць паказальным:

1)      “Многие тарифы сформированы не расчетным методом. А “с потолка”

2)      “Только в Бресте переплата составила 990 миллионов рублей. Но эта проблема характерна для всей страны”

3)      “Тарифы пересчитают в сторону уменьшения” (усе цытаты - “Беларусь 1”, 28.02.2016)

Такім чынам, народу пасылаюцца сігналы нармалізацыі сітуацыі, а нязручны сюжэт ператвараецца ў чарговую прамоцыю ўлады.

Адметна і тое, што абодва дзяржаўныя тэлеканалы з нагоды тарыфаў транслююць ідэнтычныя мэсіджы. Пры чым, часам робяць гэта аднолькавымі словамі (у матэрыялах сінхронна выкарыстоўваюцца спалучэнні накшталт “потяжелевшие “жировки”, справаздачы і тарыфы “лягут на стол президенту” і г.д.).

Параўнаем, напрыклад, тэкстоўкі пра скаргі Лукашэнкі на камунальнікам замежным амбасадарам:

«Сегодня после торжественных мероприятий у монумента Победы Александр Лукашенко также пообщался с представителями дипломатического корпуса. Но! Разговор касался не только памятной даты. Накануне состоялось экономическое совещание у главы государства, вызвавшее широкий резонанс. Одна из громких тем – это тарифы на жилищно-коммунальные услуги. Однако многие российские СМИ по-своему интерпретировали слова президента. И вот сегодня в разговоре с российским послом Александр Лукашенко отреагировал на некоторые инсинуации из соседней страны» (“Беларусь 1”, 23.02.2016),

«Во время общения с дипломатами на площади Победы затронули не только внешнюю политику, как обычно бывает в таких случаях, но и события внутренней жизни страны. Накануне Президент раскритиковал работу ЖКХ и систему формирования тарифов на коммунальные услуги. Эта тема получила широкий резонанс. Некоторые российские средства массовой информации интерпретировали ее по-своему. На эти инсинуации Александр Лукашенко отреагировал в беседе с главой российской дипмиссии» (ОНТ, 23.02.2016). 

“Белсат”, у сваю чаргу, адпрацоўвае той самы матэрыял з цалкам адваротным мэсіджам: тут таксама размова па сутнасці ідзе не пра тарыфы, а пра стан улады - толькі вінаватай атрымліваецца сама адміністратыўная вертыкаль на чале з яе кіраўніком. “Белсат” пачынае тыдзень у іранічнай манеры:

“Тарыфы “ад балды”, а не ад Лукашэнкі” (з анонсу: “Белсат”, 22.02.2016)

“Але свята святам, крэдыт крэдытам, а шоў працягвацца мусіць. Даражэйшыя ўдвая камунальныя паслугі моцна абурылі беларусаў, таму з учора Лукашэнка шукае вінаватых у новых разліках за жыроўку” (“Белсат”, 23.02.2016) і надалей у сюжэце ў якасці рэакцыі на цытату кіраўніка дзяржавы пра “кто эту “балду” придумал”: “ А прыдумаў яе сам Лукашэнка, калі некалькі гадоў таму загадаў пералічыць тарыфы ЖКГ” (“Белсат”, 23.02.2016). “Ведаў - не ведаў”/”вінаваты - не вінаваты” Аляксандр Лукашэнка ў сітуацыі з тарыфамі таксама сталася пытаннем да двух vox populi (“Белсат”, 22 і 24.02.2016).

І фінішуе тэма на патаснай ноце: “А разам з гэтым відавочны і адказ на каго насамрэч трэба надзяваць кайданкі зананясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны” (“Белсат”, 25.02.2016).

Увогуле, усе тры тэматычныя сюжэты, што выйшлі ў вечаровы эфір на незалежным тэлеканале, мелі агульную спецыфічную ўнутраную пабудову: пачыналіся з інфанагоды (нарада, скаргі амбасадарам на камунальнікаў, крымінальныя правы ад Камітэта дзяржкантроля) і праз рэтраспектыўныя ўзгадкі з цытатамі Лукашэнкі на тэму гіпатэтычных арыштаў звінаваціўшыхся чыноўніках выходзілі на выкрыванне асобы Лукашэнкі як такой (з, напрыклад, намекамі пра персанальную адказнасць кіраўніка краіны за сітуацыю з тарыфамі). Калі фармуляваць агульны накірунак дыскурсу “Белсата”, найбольш адэкватнай будзе такая цытата: “Тэма арыштаў, зрэшты, таксама не новая. Адправіць за краты Лукашэнка часта гразіцца тым, хто стварае праблемы людзям – ці то ў будоўлі, ці то ў адукацыі, ці то ў ЖКГ. [...] Абы вінаватым не быў сам кіраўнік краіны, які ўпарта змагаецца за вобраз абаронцы народу” (“Белсат”, 24.02.2016).

Негледзячы на адносна невялікую колькасць тэматычных сюжэтаў (як у плане колькасным, так і з пункту гледжання працягласці), змястоўна і структурна рэпрэзентацыя падзеяў выдае на спецыфічную: прыкметы замоўленасці (або цэнзуры) зафіксаваныя ва ўсіх тэматычных матэрыялах, што выйшлі ў эфір на усіх трох тэлеканалах - як у колькасным, так і ў часавым вымярэннях: на “Беларусь 1”, ОНТ і “Белсаце” такіх сюжэтаў выяўлена 100% (адпаведна 9 з 9, 5 з 5 і 3 з 3).

У выпадку з замоўленымі сюжэтамі на тэлеканалах “Белсат” і ОНТ гаворка ідзе хутчэй пра сутнасную рэпрэзентацыю (падрабязней ніжэй) сітуацыі з тарыфамі ў адносна звыклай для тэлеканалаў манеры: сюжэты “Белсата” базуюцца на інфармацыйных нагодах, падходы ОНТ былі аналагічныя –  прынагодныя на тыдні, выніковыя ў “Контурах”.

Што тычыцца спецыфікі парушэнняў стандартаў інфармацыйнай журналістыкі ў кантэксце асвятлення тэлеканаламі міжнародных падзеяў, то сітуацыя выглядае наступным чынам:

У сярэднім найбольш матэрыялы вечаровага эфіра мелі праблемы з адпаведнасцю стандарту даставернасці інфармацыі. На тэлеканалах “Белсат” і ОНТ ва ўсіх (100%) тэматычных матэрыялах выявіліся хібы такога кшталту, на “Беларусь 1” такіх было 87,5%.

З большага, хібы, што выявіліся ў матэрыялах з парушэннымі згаданага стандарту, прадказальныя. Маюць месца або адсутнасць крыніц як такіх, або спасылкі на неперсаніфікаваныя крыніцы - “в местном ЖЭУ уверяют”, “в ЖКХ придумали” (абедзве цытаты - ОНТ, 28.02.2016), “ у Камітэце дзяржкантролю кажуць” (“Белсат”, 22.02.2016), “В этом месяце все беларусы обсуждают в первую очередь, конечно, тарифы на ЖКХ. Причем, кто-то в шоке, потому что порой достигает рост до 70-80%” (“Беларусь 1”, 28.02.2016).

Досыць спецыфічным у плане даставернасці ёсць сюжэт пра стварэнне службы замоўцы, пра які згадвалася вышэй. Структурна ў ім спачатку апавядаецца што гэта, калі яно запрацуе і што будзе рабіць - без спасылак адкуль атрыманая інфармацыя. Напрыканцы ж з’яўляецца міністр ЖКГ і дае спачатку інфармацыю пра пераразлікі, і толькі потым апавядае пра службу замоўцы. Такім чынам, складваецца ўражанне, што міністр - не крыніца, а каментатар. Пры гэтым, тэлеканал “Беларусь 1” пры падачы гэтай інфармацыі спасылаецца на словы міністра з “эксклюзіўнага” інтэрв’ю, БелТА і БелаПАН - на ОНТ як крыніцу.  

Праблемы з адпаведнасцю стандарту паўнаты інфармацыі зафіксаваныя ў 100% сюжэтаў тэлеканала ОНТ, 89% тэлеканала “Беларусь 1” і 67% на тэлеканале “Белсат”.

Кампазіцыя сюжэтаў усіх трох тэлеканалаў і іх інфармацыйная насычанасць  спрыяюць, хутчэй, прамоцыі пэўнага мэсіджа, а не спробе поўна разабраць праблему. Так, напрыклад, “Белсат” дае рэтраспектыву камунальнага пытання, але ў ракурсе выказванняў Аляксандра Лукашэнкі ў плане пасадак чыноўнікаў і тэарэтычнага адкручвання ім галавы за невыкананне загадаў. Дзяржаўныя тэлеканалы ў сваю чаргу, нават праз спробы праблематызацыі тэмы, па сутнасці рэтранслююць пазіцыю ўлады па гэтым пытанні.  

Парушэнні стандарта баланса думак назіраўся ў 100% матэрыялаў на тэлеканале “Беларусь 1”, на ОНТ такога кшталту матэрыялаў было 80%, на “Белсаце 1” - 67%.

Агульную хібу, што ўласцівая для сюжэтаў дзяржаўных тэлеканалаў, можна вызначыць як імітацыя праблемнасці. З аднаго боку, у эфіры ў адным тэматычным блоку сустракаюцца народ, эксперты,  чыноўнікі, недзяржаўныя спецыялісты, што для “Беларусь 1” і ОНТ звычайна неўласціва. З другога боку,  яны з большага - статысты вызначанага прадзяржаўнага дыскурсу, які транслюе дакладны мэсідж: народ абураецца, але не з-за коштаў, а таму што не патлумачылі; Лукашэнка нічога не ведаў, але ужо разбіраецца і чыноўнікі хутка выправяцца. “Простыя людзі”, прэзентаваныя і знятыя ў (каля)хатніх інтэр’ерах, выказваюць непаразуменне, канстатуюць падаражэнне, і апелююць да Мінска ў якасці кірунка для пошука праўды (“Юлия Бобкова, житель д.Улуковье Гомельского района: “Поэтому мы будем дальше продолжать жаловаться, мы дойдём до Минска, чтобы нас услышали” (ОНТ, 28.02.2016)). Чыноўнікі - у выпадку з “Беларусь 1” - каментуюць і адказваюць на фармальна незручныя пытанні. Пры гэтым, досыць забаўна з пункту гледжання рэлевантнасці выглядае у якасці каментатара на тэму тарыфаў ЖКП пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў (разам са старшынём Камітэта дзяржкантролю і міністрам ЖКГ ён быў key-спікерам, прамову якога вядоўцы анансавалі такім чынам - “про общие рубежи и честные платежи - посол тоже в теме … недели" (“Беларусь 1”, 28.02.2016)).

“Белсат” у сваю чаргу міксуе меркаванні экспертаў, што пераважна ацэнваюць дзеянні Лукашэнкі ў гэтай сферы, з ягонымі рэтраспектыўнымі выказваннямі. Народ з’яўляецца ў фармаце vox populi (пад тытрамі накшталт  “Жыхары Мінска”), чыноўнікі ў наўпроставых тэматычных сюжэтах не рэпрэзентаваныя.

Стандарт дакладнасці інфармацыі парушаўся ў 100% сюжэтаў, што выйшлі ў вечаровы эфір тэлеканала “Белсат”, на ОНТ такога кшталту сюжэтаў было 80%, на “Беларусь 1” - 67%.

Для дыскурсаў усіх трох тэлеканалаў характэрнае выкарыстанне рытарычных фігураў, што вядуць да скажэння фактаў.

Прыклады:

“Разумеется, бросовых тарифов больше никогда не будет. Чтобы трубы не ржавели, а батареи зимой не выходили из строя, в инфраструктуру нужно вкладывать деньги” (“Беларусь 1”, 28.02.2016);

“В итоге в полученных «жировках» суммы выросли более чем значительно. Причем людей возмутил не столько сам факт подорожания, сколько неизвестность. Никто не потрудился пояснить, откуда взялись эти цифры” (ОНТ, 28.02.2016); 

“Аляксандр Лукашэнка ізноў абвінавачвае чыноўнікаў і камунальнікаў. А беларусы – Лукашэнку. Шоў не атрымалася, веры няма, а толькі абурэнне за павышэнне коштаў на камунальныя паслугі” (“Белсат”, 23.02.2016).

Маюць месца і проста недакладныя факты. Напрыклад, “Белсат” назваў нараду па акцызах і падаткаў, дзе мелі месца рэзанансныя выказванні кіраўніка дзяржавы наконт сітуацыі з тарыфамі на ЖКП, “адмысловай нарадай, прысвечанай жытлова-камунальным паслугам” (“Белсат”, 22.02.2016).

Таксама тэлеканалы выкарыстоўваюць прыёмы ў падачы інфармацыі, якія вядуць да яе скажэння. Напрыклад, аўтар сюжэта на тэлеканале “Белсат” выкарыстоўвае vox populi як доказ, уводзячы яго праз абарот “а на самой справе” (“Белсат”, 22.02.2016). Або “Белсат”, калі дае інфармацыю пра крымінальныя справы на камунальнікаў са спазненнем на дзень, у якасці часткі сюжэта карыстае скрыном з навінаў СТВ, дзе дыктар апавядае, што падзеі адбыліся “сегодня”. Такім чынам, штучна ствараецца эффект актуальнасці навіны для гледача. Эфект імітацыі прысутнасці меў месца на тэлеканале “Беларусь 1”, дзе ў выніковай праграме “Главный эфир” мусіла выйсці інтэрв’ю з Аляксандрам Церахавым. У выпусках навінаў, што выйшлі за дзень да планаванай размовы, сам тэлеканал паказаў, што інтэрв’ю будзе ў запісе. Тым не менш, анонсы за дзень і ў дзень выніковай праграмы ўтрымлівалі маркеры актуальнасці накшталт “ждем министра в студию” (“Беларусь 1”, 28.02.2016).

Брак стандарта аддзялення фактаў ад думак зафіксаваны ў 100% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, на “Беларусь 1” іх выяўлена - 67%, на ОНТ – 60%.

Адна з характэрных праблемаў, што традыцыйна маюць матэрыялы са згаданымі вышэй хібамі - журналісты выступаюць у ролі экспертаў, робяць высновы і даюць ацэнкі падзеям, роўна як і проста выказваюць уласнае меркаванне.

Неадпаведнасць стандарту аператыўнай падачы інфармацыі назіралася ў 67% матэрыялах на тэлеканале “Белсат”, тэлеканал “Беларусь” падаў у эфір 33%  “пратэрмінаваных” тэматычных сюжэтаў, на ОНТ тэматычных навінаў з парушэннямі згаданага стандарта не зафіксавана.

Напрыклад, навіна пра 13 крымінальных справаў на тэлеканале “Белсат” выйшла са спазненнем на дзень (25 лютага, дзряжаўныя тэлеканалы далі ее 24-га), таксама сюжэт, які пачынаецца са скаргаў на камунальнікаў расійскаму амбасадару, утрымлівае інфармацыю з учорашняй нарады, што падаецца як навіна (“Белсат”, 23.02.2016).

На “Беларусь 1” , акрамя ўжо згаданых інтэрв’ю з функцыянерамі, з’явіўся пазачасавы сюжэт пра эфектыўную працу мінскай ТЭЦ-2 пасля мадэрнізацыі ў кантэксце сітуацыі з тарыфамі на ЖКП (“Беларусь 1”, 26.02.2016).

 

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белат»

  Парушэнні стандартаў “Беларусь 1” ОНТ “Белсат” Заўвагі
1 Матэрыялы на тэму тарыфаў ЖКП з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (колькасць) 9 (з 9) – 100% 5 (з 5) – 100% 3 (з 3) – 100% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
  Матэрыялы на тэму тарыфаў ЖКП з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры (час) 35 хв. 54 с. (з 35 хв. 54 с.) - 100% 15 хв. 29 с. (з 15 хв. 29 с.) - 100% 11 хв. 00 с. (з 11 хв. 00 с.) - 100%  Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
2 Матэрыялына эканамічную тэму з парушэннямі стандарту балансу думак 9 (з 9) – 100% 4 (з 5) – 80% 2 (з 3) – 67% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
3 Матэрыялы на эканамічную тэму з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі 8 (з 9) – 89% 5 (з 5) – 100% 2 (з 3) – 67% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
4 Матэрыялына эканамічную тэму з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак 6 (з 9) – 67% 3 (з 5) – 60% 3 (з 3) – 100% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
5 Матэрыялы на эканамічную тэму з парушэннямі стандарту даставернасці інфармацыі 7 (з 9) – 78% 5 (з 5) – 100% 3 (з 3) – 100% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
6 Матэрыялына эканамічную тэму з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі 6 (з 9) – 67% 4 (з 5) – 80% 3 (з 3) – 100% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 
7 Матэрыялы на эканамічную тэму з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі 3 (з 9) -33% 0 (з 5) – 0% 2 (з 3) – 67% Вылічваецца з матэрыялаў, наўпрост датычных тэмы тарыфаў ЖКП 

Поўны тэкст маніторынгу тут

Усе табліцы з дадзенымі тут

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: