Вы здесь

Маніторынг: Пенсійная рэформа ня вартая ўвагі тэлеканалаў

Маніторцы Mediakritika.by падвялі вынікі чарговага даследвання выпускаў вечаровых тэленавінаў на каналах ОНТ, “Беларусь 1” і “Белсат” на тыдні з 14 па 18 сакавіка 2016 года.

Гэтым разам у фокус маніторынга мусіла трапіць асвятленне сітуацыі з падвышэннем пенсійнага ўзросту ў Беларусі. Навіна з’явілася ў інфармацыйнай прасторы 10 сакавіка, але на тыдні маніторынгу не знайшла адэкватнага адлюстравання ў вечаровых навінах усіх трох тэлеканалаў.

 

Пяць сюжэтаў на тры тэлеканалы

На тэлеканале “Белсат” у эфір трапіў толькі адзін(!) сюжэт на згаданую тэму (працягласць - 0 хв. 59 с.) - меркаванне Аляксандра Лукашэнкі пра пенсійны ўзрост, якое ён выказаў падчас наведвання “Камунаркі” (“Белсат”, 18.03.2016).

На тэлеканалах “Беларусь 1” і ОНТ тэма пенсійнага ўзросту была адным з падсюжэтаў у агульнай плыні адказаў кіраўніка краіны на актуальных пытанні працоўных кандытарскай фабрыкі (абодва сюжэты - 18.03.2016).

Таксама на “Беларусь 1” тэма падвышэння пенсійнага ўзросту ў якасці падсюжэта з’яўлялася ў матэрыялах пра ўдзел у парламентскіх выбарах Камуністычнай партыі Беларусі і партыі “Праца і справядлівасць” (“Беларусь 1”, 17.03.2016), у справаздачы з анлайн-канферэнцыі з намесніцай міністра гандлю Ірынай Наркевіч (“Беларусь 1”, 17.03.2016). 

“Беларусь 1” у выніковай праграме “Главный эфир” паўтарае асобна “пенсійны” сюжэт з “Камунаркі” і дадае інфаграфіку пра пенсійны ўзрост у іншых краінах (“Беларусь 1”, 20.03.2016, працягласць - 4 хв. 50 с.).

Між тым, і на “Беларусь 1”, і на ОНТ з’явіліся відавочна тэндынцыйныя сюжэты пра працуючых пенсіянераў, што дасягнулі поспехаў у кар’еры і не збіраюцца сыходзіць у заслужаны адпачынак, сітуацыю каментуюць і прадстаўнікі міністэрства працы (“Беларусь 1”, 18.03.2016, працягласць - 3 хв. 46 с.; ОНТ, 19.03.2016 - 3 хв. 37 с.). 

Тэлеканал ОНТ таксама выпусціў у эфір кароткую справаздачу па выніках прамой лініі па пытаннях падвышэння пенсійнага ўзросту з міністрам працыі сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай (ОНТ, 18.03.2016, працягласць - 1 хв. 10 с.).

Такім чынам, наўпроставых сюжэтаў па тэме ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў было па 2 (два) на кожным.

Пры досыць сціплым эфірым часе і манеры рэпрэзентацыі сітуацыі (тэма фактычна не прысутнічае ў топах і анонсах) з падвышэннем пенсійнага ўзросту, і “Беларусь 1”, і ОНТ маркіруюць гэтае пытанне як грамадска важнае:

“Тема жилищно-коммунальных тарифов пока прочно занимает ведущее место в новостях. Лишь на минувшей неделе ее потеснил пенсионный возраст” (ОНТ, 14.03.2016).   

“Тему, которая особенно волнует белорусов, повышение пенсионного возраста, сегодня обсудили и с замминистром торговли во время онлайн-конференции (“Беларусь 1”, 17.03.2016)

“Безусловно, будут обсуждаться и те вопросы, которые сегодня особенно волнуют людей, - занятость, доходы и, конечно, повышение пенсионного возраста” (“Беларусь 1” 17.03.2016).

“Ну а теперь к еще одной резонансной теме последнего  времени. Она также касается всех. Речь о пенсионном возрасте” (“Беларусь 1”, 20.03.2016).

Такім чынам, на дзяржаўных тэлеканалах маніторцы адзначылі несуразмернасць асвятлення тэмы і ўжыванай рыторыкі.  Тэлеканал “Белсат” увогуле не разглядаў гэтае пытанне як вартае ўвагі.

 

Сюжэты без нагодаў   

Між тым, на азначаным тыдні ў эфіры дзяржаўных тэлеканаў без выразнай інфармацыйнай нагоды з’явіўся шэраг сюжэтаў пра поспехі беларускай прамысловасці: мадэрнізацыя на “Гомельбудматэрыялах” (14.03.2016), рэпартаж з неназванага малочнага завода (14.03.2016), “новые технологии быстрыми темпами внедряются в животноводство” дзеля новай сістэмы кантроля (16.03.2016).

Посьпехі прамысловасці таксама ідуць “прычэпам” да актыўнасці топ-чыноўнікаў ці замежных візіцёраў (такі падыход да асвятлення тэмы дэманструе і ОНТ). Дзякуючы ЕБРР, з віцэпрэзідэнтам якога сустракаецца Лукашэнка, квітнеюць “известный бренд по производству белья и трикотажа”, “Штадлер-Мінск” (“Беларусь 1”, 17.03.2016) и вытворчасць вады “Мінская” (ОНТ, 17.03.2016). А з-за своечасовай нацыяналізацыі, ініцыяванай Лукашэнкам, добрыя паказчыкі мае “Камунарка”:  "Президент 18 марта посетил фабрику «Коммунарка» с главной целью – проинспектировать, насколько выполнено его поручение по модернизации одного из старейших столичных предприятий. Оказалось, задуманное воплощено в жизнь на 95%. Кстати, серьезно обновилась «Коммунарка» именно после того, как перешла под государственный контроль” (ОНТ, 18.03.2016).

Асобны момант у гэтым шэрагу - сюжэт пра стан справаў на “Нафтане”, які стаўся запозненай рэакцыяй на “сфабрикованное заявление о якобы банкротстве предприятия, которое появилось в интернете” (“Беларусь 1”, 15.03.2016). (Ліст адпаведнага зместу быў апублікаваны у блозе полацкай філіі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (на сёння спасылка на арыгінал вядзе на неіснуючую старонку), а таксама у шэрагу інтэрнэт-выданняў (onliner.by, charter97.org і інш.)).

Сюжэт выкрывае нерэлевантнасць аўтара ліста: былы супрацоўнік з прозвішчам, ідэнтычным таму, што стаіць пад лістом, у сюжэце “Беларусь 1” адмаўляе сваю датычнасць да заявы. Далей дэкларуецца, што “объективные причины, конечно, снизили экономические показатели, но ни о какой аховой ситуации говорить не приходится”, прадпрыемства функцыянуе ў рэжыме “но старается” і захавала шэраг выгодаў для супрацоўнікаў (найлепшыя калектыўны дагавор і паліклініка з басейнам, адлічэнні пенсіянерам і сацыяльны пакет і г.д.). І “все это больше говорит о перспективах развития, чем о закате” (“Беларусь 1”, 15.03.2016).

Карыстаючыся лексікай “Белсата”, пікантнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што з вялікай верагоднасцю на гэты сюжэт пазней спасылаўся і Аляксандр Лукашэнка, калі на “Камунарцы” апавядаў пра накапляльную сістэму пенсіяў (“Вот недавно я с “Нафтана” слушал, репортаж па телевидению был, и они там, работники, говорят, ну вот у нас даже, говорит, понемножку есть накопительная система…” (“Беларусь 1”, 18.03.2016))

Такім чынам, у сітуацыі грамадскай стагнацыі і эканамічнага крызіса замест навінаў ўсё большае месца у эфіры займаюць “знакі поспеху” - сімвалічныя сігналы пазітыву, не падмацаваныя рэальнымі зрухамі да лепшага.

Сітуацыю з аб’ектыўнасцю на дзяржаўных тэлеканалах дэманструе і такі, падавалася б, нязначны момант: ні “Беларусь 1”, ні ОНТ сістэмна не падпісвае выявы Аляксандра Лукашэнкі. Як дэманструюць назіранні за эфірам на гэтым і папярэднім тыдні, ён адзіны чалавек, які не мае тытра з імём, прозвішчам і родам дзейнасці. Верагодна, на думку тэлеканалаў, у гледачоў не мусіць узнікаць пытанняў, хто прамаўляе.

 

Замова на замежжа

Меліся на тыдні маніторынгу і замоўныя матэрыялы на тэму замежжа. Найбольш сімптаматычныя з іх – пра вывад расійскіх войскаў з Сірыі ў інтэрпрэтацыі “Белсата”. Матэрыялы маюць выразны антырасейскі пафас і сакрастычную падачу:

"З Лятакіі ў Варонеж. Расейскія вайскоўцы вяртаюцца адтуль, дзе іх афіцыйна доўгі час і не было. З медалямі ад сірыйскіх генералаў, пад гукі фанфараў і ўрачыстых рапартаў аб баявых дасягненнях. Ніводнага бомбамятання міма, ніводнага пападання ў мірныя аб?екты – калі верыць афіцыйным справаздачам. Дый сам міністр абароны рапартуе, што ўсе ваенныя мэты дасягнутыя, так званая «Ісламская дзяржава» моцна пацярпела ад расейскай зброі", "Хоць і з безрадасным тварам, але нібыта пра поспехі ў дыпламатыі рапартуе і Сяргей Лаўроў" (абедзве цытаты - «Белсат», 15.03.2016).

"Расія працягвае святкаваць вывад асноўнай часткі войскаў з Сірыі. Транспартныя і баявыя самалёты будуць ляцець з пяскоў у снягі яшчэ пару дзён. Але ўжо сёння у Крамлі Уладзімір Пуцін узнагароджваў тых, хто найлепш бамбіў праціўнікаў Башара Асада. Камандзіру ўсёй авіацыі дастаўся баявы сцяг"(«Белсат», 17.03.2016).

Частка непалітычных матэрыялаў прагучала як рэклама або карпаратыўная замова  (ці ёй фактычна і з’яўлялася): паспяховая мадэрнізацыя на “Гомельбудматэрыялы” (“Беларусь 1”, 14.03.2016) і “Камунарцы”(“Беларусь 1”, ОНТ, 18.03.2016), актыўнасць кампаніі МТС - 3G у рэгіёнах (ОНТ, 14.03.2016) і акцыя “Чырвоная сукенка” (ОНТ, 17.03.2016), Белчыгунка ўводзіць постнае меню ў вагонах-рэстаранах (ОНТ, 17.03.2016), брэнд «Бабушкіна крынка» узнагародзілі ў Маскве (“Беларусь 1”, 18.03.2016).

 “Белсат” даў у эфір матэрыял з самапрамоцыяй - тэлеканал, на меркаванне фонда “Ідэя”, ёсць арганізацыяй карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці (“Белсат”, 18.03.2016).

 

Пра зафіксаваныя маніторцамі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад думак, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці можно дазнацца з поўнага тэксту маніторынгу, а таксама са зводнай табліцы парушэнняў.

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: