ОБ АВТОРЕ

Журналист, блогер.

Окончила журфак БГУ в 2011 году.

Журналист. Работает в команде портала мнений KYKY.org, автор Mediakritika.by.

Работала обозревателем по культуре БелаПАН, главным редактором Holiday.by.

Ведет блог

Вы здесь

Святлана Калінкіна: Для мяне сыход у тэлежурналістыку – вялікі эксперымент

В фокусе

Беларускі незалежны тэлеканал “Белсат” распачаў цыкл сустрэч з тварамі канала. Першай госцяй стала Святлана Калінкіна, вядомая гледачам “Белсату” па перадачы “Размова дня”.

Яна распавяла, куды сыйшла з пасады шэф-рэдактара газеты “Народная воля”, у якой працавала больш за 10 год, дала зразумець, што не збіраецца балатавацца ў прэзідэнты, як некаторыя меркавалі, і пагутарыла з прысутнымі пра складаных суразмоўцаў, у якіх даводзілася браць інтэрв’ю.

Mediakritika.by наведала сустрэчу і занатавала выступ Святланы Калінкінай.

Ідучы на сустрэчу, баялася, што давядзецца стаяць. Святлана Калінкіна! Выбітны журналіст, паслухаць якога імкнуцца многія. Не толькі калегі ды маладыя журналісты, але і чытачы ды гледачы. Але, на дзіва, вольныя месцы ў кнігарні “Галіяфы”, дзе ладзілася сустрэча, былі. Атмасфера панавала разняволеная: прысутныя перамаўляліся і гарталі кнігі на паліцах, супацоўнікі “Белсату” мітусіліся, рыхтуючыся да прамой трансляцыі, гераіня вечара падыходзіла ды знаёмых і дзялілася з імі апошнімі побытавымі навінамі. Не пра новае месца працы і не пра палітыку размаўлялі, а пра сваякоў.  

 

З “Народнай волі” на “Белсат”

Пасля таго, як генеральны прадусар тэлеканалу ў Беларусі Аляксей Мінчонак адкрыў цыкл сустрэч з вядучымі “Белсату” і прадставіў Святлану Калінкіну, яна падзялілася думкай, што такія мерапрыемствы больш патрэбныя не мінчукам, у якіх ёсць выбар тэлеканалаў і інтэрнэт, а жыхарам малых гарадоў ды вёсак, якія купляюць “талерку” і глядзяць “Белсат”, бо больш – няма чаго.

А потым перайшла да галоўнай інтрыгі вечара і распавяла прысутным, чаму і куды сыйшла з “Народнай волі”, з якой усе мы прывыклі Святлану атаясамліваць: “Я сыйшла на “Белсат”. Апошнія два гады супрацоўнічаю з тэлеканалам, пры яго стварэнні 9 год таму ўваходзіла ў назіральную раду”, таму нельга сказаць, што Святлана рэзка змяніла сферу дзейнасці. Праўда, прысутныя выказвалі шкадаванне, бо цяпер тэкстаў ад журналіста будзе меней, чым раней. А мы так прывыклі да Калінкінай у літарах.

“Для мяне адыход ад газетнай журналістыкі – выхад з зоны камфорту, бо я ўсё жыццё працавала ў папяровым друку. Я пра многае даведалася, напрактыкавалася і адчувала сябе досыць камфортна ў газеце, але рана выходзіць на пенсію, трэба спрабаваць нешта новае. Для мяне сыход у тэлевізійную журналістыку – вялікі эксперымент. Што атрымаецца – паглядзім!”

 

“Часта журналісты служать падстаўкай для дыктафона”

На тэлеканале Святлана Калінкіна вядзе перадачу “Размова дня”, працуючы ў жанры інтэрв’ю. Яна адзначыла, што даўно і плённа карыстаецца гэтым жанрам, адным з самых любімых у журналістаў. “Я ведаю людзей, якія нічога, акрамя інтэрв’ю, не пісалі!” – адзначыла журналіст і перайшла да таго, што гэта – “слізкі і каварны жанр, асабліва на тэлебачанні. Не заўжды гутаркі атрымліваюцца. І не таму, што героі нейкія дурныя ці нетэлегенічныя, а проста праз тое, што ў іх спецыфічная манера выказвацца і будаваць сказы. Асабліва гэта тычыцца непублічных асобаў. Калі ў газетным і нават радыйным інтэрв’ю можна адрэдагаваць гутарку, дапамагчы падчас яе чалавеку, зрабіўшы з яго размоўцу, то на тэлебачанні так не атрымаецца”.

Уменнем браць інтэрв’ю, атрымліваць адказы на нязручныя пытаніі, паводле Святланы Калінкінай, лепш валодаюць жанчыны, бо дапытваюцца ў мужоў пра што заўгодна, у іх ёсць вопыт і багатыя навыкі. “Жарты жартамі, але калі справа даходзіць да сур’ёзных прафесійных гутарак, не ўсе журналісты могуць атрымаць неабходную інфармацыю, задаўшы патрэбныя пытанні. Часта яны служать проста падстаўкай для дыктафона ці мікрафона… Чаму журналіст можа не дапытацца ў героя патрэбную інфармацыю? Нават тыя, хто так добра выпытвае ўсё ў паўсядзённым жыцці? Зацікаўленасць у прадмеце размовы і веданне чалавека – розныя. Добра, калі ты больш-менш знаёмы з суразмоўцам і ведаеш, як вывесці яго на шчырую размову. Але калі бачыш чалавека першы раз, гэта не заўжды атрымліваецца.

Журналістыка – гэта канвеер, рамяство, не нейкае там высокае майстэрства. Канечне, трэба арыентавацца на схільнасці журналіста, яго любімыя тэмы, але калі трэба зрабіць гутарку па незнаёмай тэме, то ён мусіць брацца і за такую працу”.

Даведаліся мы і пра любімы жанр Святланы Калінкінай. Гэта інтэрв’ю-рака, шматгадзінныя размовы з чалавекам пра ўсё. Так бы мовіць, мемуарыстыка ў доўгім расповедзе. Але ў беларускіх медыя, зазначае гераіня, больш распаўсюджаныя іншыя жанры: аператыўнае, бліц-інтэрв’ю, такія сабе лікбезы для чытачоў. “Мая мара – зрабіць для гісторыі даўгія шматгранныя гутаркі з цікавымі асобамі”, - зазначыла журналіст.

 

“Не люблю гутарыць з палітыкамі, юрыстамі і журналістамі”

Нарэшце Святлана перайшла да заяўленай тэмы выступа і распавяла пра сваю працу на тэлебачанні ў якасці інтэрв’юера ды пра складаных суразмоўцаў. Пачалі з таго, ці варта журналісту размаўляць з героем перад запісам інтэрв’ю на камеру? Святлана Калінкіна не дала адназначнага адказу на гэтае пытанне, зазначыўшы, што тут ёсць слізкі момант: адзін чалавек распавядзе падчас такой гутаркі цікавыя рэчы, пра якія вы не ведалі раней і на іх будзе грунтавацца размова ў эфіры, а іншы будзе гаварыць прыгожа і разгорнута перад запісам, а як толькі ўключацца камеры – “выключыцца” і нічога не распавядзе.

Абапіраючыся на свой шматгадовы досвед працы, гераіня вечара назвала складаных герояў, з якімі не любіць рабіць інтэрв’ю. Гэта дыпламаты, палітыкі, юрысты і эканамісты. Апошнія любяць гаварыць лічбамі, сухімі нормамі, якія не ўспрымаюцца на слых, а палітыкі, чыноўнікі і дыпламаты майстарскі ўмеюць абыходзіць пытанні, нічога не гаворачы па сутнасці і казаць у эфіры банальнасці. “Сядзіць перад табой чалавек і кажа: трэба маліцца. Ну добра, трэба. А каму, як, навошта маліцца?.. Ну што ты яму на гэта скажаш?..”

Таксама не любіць Святлана гутарыць з калегамі: “Гэта, на маю думку, не вельмі этычна, калі жураліст журналіста аб нечым распытвае, калі няма нейкага канкрэтнага сюжэта. Асабліва калі пытанні тычацца сфеты, пра якую павінен расказваць эксперт, а не журналсіт, які некалькі артыкулаў на гэтую тэму напісаў і ў якога пачалі браць каментары…” Яна прызналася, што праз гэтую сваю нелюбоў да інтэрв’ю з калегамі часта адмаўлялася ад каментароў і размоваў з іншымі журналістамі: “Даруйце мне, калі каго пакрыўдзіла”.

Пагутарылі і пра хібы, якія пануюць ў інтэрв’ю сёння. Святлана апелявала збольшага да свайго газетнага вопыту: “Пытанні журналістаў не мусяць быць даўжэйшымі за адказы героя. У інтэрв’ю журналіста наагул не павінна быць бачна, хоць многія любяць пакрасавацца, не пра героя думаюць, а пра сябе. Так не мусіць быць”.

Іншая хіба выяўляе нявопытных журналсітаў - няўменне чуць суразмоўцу: “Па гэтым бачна пачаткоўцаў: калі ён прыйшоў на інтэрв’ю з напісаным спісам пытанняў і не слухае чалавека, не чапляецца за папярэдні адказ, не ўдакладняе, не бачыць цікавай інфармацыі, якую можна пашыраць і патлумачыць. У журналіста ёсць шаблон, спіс пытанняў, ад якіх ён ні на крок не адыходзіць у бок. Так добрае інтэрв’ю не атрымаецца”. А атрымаецца добрая гутарка тады, калі ёсць не проста рэдакцыйнае заданне, а асабістая ўнутраная зацікаўленасць журналіста ў размове. 

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: