Вы здесь

Варожасц/і мова: як словы нас вызначаюць і падзяляюць

В фокусе

“Чалавечыя дачыненні, як і само грамадскае жыццё немагчымыя без камунікацыі” – сцвярджае нямецкі сацыёлаг, сацыяльны філосаў і тэарэтык Нікалас Луман. Слова “камунікацыя” паходзіць ад лацінскага communico – рабіць агульным, злучаць, далучацца, паведамляць – можна зрабіць выснову, што для функцыянавання грамадства неабходна, каб, з аднаго боку, чальцы супольнасці былі аб’яднаныя, злучаныя пэўным працэсам альбо ўяўленнямі, а з іншага боку – каб супольнасць пашыралася ў працэсе распаўсюду яе чальцамі гэтых уяўленняў.

Менавіта такім чынам можна апісаць працу новых камунікацыйных тэхналогій і новых медыя,  якія паступова замяняюць тыя тыпы масавай камунікацыі, для якіх уласцівае шырокамаштабнае, аднанакіраванае, дацэнтраванае тлумачэнне інфармацыі і яе распаўсюд. Аднак, нягледзячы на ўзрослую дэмакратызацыю медыя вытворчасці і медыя спажывання, што праяўляецца ў больш шырокай дасяжнасці спецыфічных сродкаў вытворчасці медыя прадуктаў і каналаў іх дыстрыбуцыі, пытанні дамінатных форм вытворчасці вед і дамінантнай рэпрэезнтацыі не толькі не зніклі, але, бадай, сталі яшчэ больш актуальнымі, бо без інструментара крытычнага медыя аналізу ўсё складаней убачыць “схаваную” працу ідэалогіі ў самых разнастайных медыя. Не спрыяе гэтаму і даволі абмежаванае разуменне ідэалогіі, як сістэмы, якая функцыянуе выключна ў межах палітычнай прапаганды і характарызуе выключна палітычныя рэжымы. Менавіта таму ў дадзеным артыкуле я хачу звярнуцца да разгляду панятку “мова варожасці”, які непасрэдным чынам закранае пытанні магчымасцей і ролі медыя ў распаўсюдзе самых разнастайных форм дыскрымінацыі, няроўнасці і нянавісці і, адпаведна, вытворчасці альтэрнатыўных форм вед і сацыяльных практык.    

Як выдома, інстытут медыя залучаны ў вытворчасць, рэпрадукаванне і распаўсюд культурніцкіх знакаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да канструявання досведу ў сацыяльным свеце. Здольнасць счытваць культрніцкія знакі дае нам магчымасць асэнсоўваць свой досвед сацыяльных дачыненняў і надаваць значэнне гэтаму працэсу; веданне, здабытае ў гэтым працэсе, надае форму нашаму ўспрыняццю досведу сацыяльных узаемадачыненняў, а гэтаксама ўдзельнічае ў трансфармацыі запасу мінулых вед. Інфармацыя, якой мы акружаныя, звычайна спазнаецца намі праз медыя. Дзякуючы спецыфічнаму інструментару, медыя могуць надаваць паслядоўнасць, узаемазвязанасць разрозненым элементам сымбалічнага атачэння. У той час, як кожны чалавек мае ўласцівы ёй/яму спосаб успрыняцця і назапашаны вопыт, перадумовай арганізаванага сацыяльнага жыцця з’яўляецца ступень агульнага ўспрыняцця рэчаіснасці, і мас-медыя на штодзённай аснове робяць вялікі ўнёсак у генералізацыю разнастайных праяў сацыяльнага жыцця.

Даследчыкі і даследчыцы медыя ўжо некалькі дзесяцігоддзяў пішуць пра феномен апасродкаванага вопыту. У чалавека, якая/які жыве ў інфармацыйным грамадстве, па-іншаму фармуюцца ўяўленні аб свеце, спосабы адчування, тэмп і рытм жыцця. Статус “рэчаіснасці” і яе адлюстраванняў праблематызуецца. Штодзённасць пераўтвараецца ў гіпермедыйную прастору.   

Мас-медыя з’яўляюцца пясярэднікам у некалькіх сэнсах:

-          Мас-медыя заўсёды знаходзяцца паміж намі (як адрасатамі)  і патэнцыйным вопытам, які знаходзіцца па-за нашым непасрэдным успрыняццем;

-          мас-медыя ўдзельнічаюць у працэсе камунікацыі паміж намі і іншымі інстытутамі;

-          мас-медыя маюць механізмы для забеспячэння сувязі паміж рознымі інстытутамі ў грамадстве;

-          мас-медыя прадастаўляюць прастору для камунікацыі паміж рознымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі пэўнага грамадства (а глабальныя мас-медыя становяцца прасторай для транснацыянальнай камунікацыі);

-          мас-медыя з’яўляюцца прасторай рэпрэзентацыі індывідаў, груп, падзей, з’яў.

У сувязі з тым, што большасць з нас мае даволі лімітаваную магчымасць на ўласным вопыце даведацца пра спецыфіку функцыявання разнастайных сацыяльных, палітычных і культурніцкіх інстытутаў, мы засноўваемся на ведах, якія атрымліваем з медыя, у працэсе фармавання ўласных поглядаў нават на грамадства, чальцамі якога з’яўляемся. Аднак няварта меркаваць, што медыя вызначаюць нашае ўспрыняцце цалкам, нашая здольнасць інтэрпрэтаваць знакі і вопыт залежыць і ад іншых чыннікаў і кампетэнцый. Тым не менш, для вялікай колькасці людзей альтэрнатыва мас-медыя як крыніцы інфармацыі, на падставе якой можна будаваць уласную пазіцыю і выпрацоўваць набор сацыяльных дзенняў,  даволі абмежаваная.

Любое выказванне аб “рэчаіснасці” мае свайго суб’екта – тую/таго, хто яго піша, вымаўляе, кадуючы інфармацыю, увасабліваючы яе ў словах, якія прадстаўляюць пэўную ідэалогію, сістэму поглядаў, каштоўнасцей. Важна памятаць пра гэты просты прынцып, аналізуючы сродкі масавай камунікацыі і разважаючы над роляй журналісцкай супольнасці ў “трансляцыі рэчаіснасці”.

 

Што такое мова варожасці?

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў забарона на выкарыстанне моўных сродкаў, якія класіфікуюцца як мова варожасці, у дачыненні да індывідаў і/альбо груп на падставе іх расы, этнічнасці, нацыянальнасці, рэлігіі і гендара, стала распаўсюджанай практыкай у шэрагу краін. Вызначэнне форм моўных выразаў, якія класіфікуюцца, як мова варожасці, адрозніваецца ад краіны да краіны, але сутнасць аднолькавая.

У Вялікабрытаніі забароненае выкарыстанне абразлівых і пагражаючых моўных выразаў. У Даніі і Канадзе забараняецца выкарыстанне прыніжальных і абразлівых выразаў, а ў Індыі і Ізраіле пад забаронай выказванні, якія могуць закрануць рэлігійныя пачуцці, падштурхнуць да расавай і рэлігійнай нянавісці, ці то падахвочваць варожасць паміж групамі і прадстаўнікамі груп. У Нідэрландах крымінальная справа будзе распачатая ў дачыненні да індывідаў, якія наўмысна распаўсюджваюць погляды, якія абражаюць групы і асоб. У Аўстраліі забароненыя выказванні, якія абражаюць, прыніжаюць ці то маюць мэтай запалохаць індывідаў ці то групы, у некаторых штатах краіны асобна забараняецца расавая дыфамацыя. У Германіі апроч ужо пазначаных форм выказванняў забараняецца наўмыснае аганьбаванне, паклёп у дачыненні да групы.      

У Беларусі ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь (артыкул 189 “Абраза”) прадугледжаная крымінальная адказнасць за наўмысную абразу асобы з ужываннем непрыстойнай лексікі.

Мова варожасці з’яўляецца адмысловым тыпам непрымальнай мовы, аднак даволі часта ўзнікае канцэптуальнае замяшанне пры спробах аналізу канкрэтных матэрыялаў СМІ з мэтай вызначэння, ці ўтрымліваюць публікацыі мову варожасці.  Як адзначае палітычны тэарэтык Біху Парэх: “мова варожасці выказвае, адвакатуе, заахвочвае, прапагандуе альбо стымулюе нянавісць да групы індывідаў, якая распазнаецца па спецыфічнай рысе альбо набору рыс”. Нянавісць не тоесная адсутнасці павагі ці то праявам антыпатыі, асуджэння, пагардлівага стаўлення да іншых людзей. Мова варожасці заўсёды намякае на варожасць, адмаўленне і жаданне пакрыўдзіць альбо знішчыць, прыбраць са шляху пэўную групу альбо індывіда, як прадстаўніка/прадстаўніцу пэўнай групы. Мова варожасці – гэта невербальная альбо вербальная, пасіўная альбо актыўная дэкларацыя вайны супраць пэўнай групы. Згодна даследчыка, мова варожасці мае тры асноўныя характарыстыкі:

·         мова варожасці вылучае чалавека альбо групу людзей на падставе пэўных характарыстык;

·         мова варожасці стыгматызуе свой аб’ект праз прыпісванне яму/ёй набору канстытутыўных якасцей, якія разглядаюцца ў грамадстве як надзвычай непажаданыя;

·         выкарыстанне мовы варожасці ў дачыненні да мэтавай групы размяшчае дадзеную групу альбо індывідаў, якія да яе прыналежаць, па-за межамі нармальных сацыяльных дачыненняў;

Нягледзячы на тое, што мова варожасці відавочным чынам прасякнутая духам гвалту і руйнавання, зусім неабавязкова, каб выкарыстанне адпаведных моўных практык завяршылася праявамі агрэсіі ці то грамадскіх беспарадкаў. Суб’ект мовы варожасці, ці то яе аўдыторыя могуць увогуле не дзейнічаць, згодна адпаведным сцвярджэнням. Мэтавая група мовы варожасці гэтаксама можа быць занадта нерашучай і запужанай, каб змагацца з суб’ектамі мовы варожасці ці то адпаведнымі практыкамі ў публічнай прасторы. Такім чынам, памылкай будзе лічыць, што мова варожасці вызначаецца як моўныя практыкі, якія прыводзяць да грамадскіх беспарадкаў ці то непасрэдных дзеянняў у адказ на абразу з боку “аб’ектаў” мовы варожасці. Тым не менш, нельга забывацца на тыя наступствы, якія мае публічнае выкарыстанне мовы варожасці для тых людзей альбо групы, на якіх яна скіраваная. Даволі распаўсюджанай прычанай суіцыдаў сярод падлеткаў стала іх абраза і ганьбаванне ў сацыяльных сетках (у тым ліку выкарыстанне мовы варожасці ў дачыненні да гендарнай альбо сексуальнай ідэнтычнасцей); частай матывацыяй для змены ладу жыцця і, як следства, узнікнення разнастайных форм сапсавання харчовых паводзін (анарэксія, булімія), з’яўляецца мова варожасці ў медыя і сацыяльных сетках, скіраваная на фізічныя і целавыя характарыстыкі людзей. Наколькі выкарыстанне мовы варожасці ў СМІ можа стымуляваць пашырэнне нецярпімасці ў грамадстве паказвае асвятленне падзей узброенага канфлікту ўва Украіне ў 2014-2016 гг.  

Пры гэтым важна заўважыць, што, нягледзячы на тое, што мова варожасці звычайна мае абразлівую форму і эфект ад яе выкарыстання ў большасці выпадкаў звязаны менавіта з гэтым, зусім неабавязкова, каб яна набывала такі выраз: мова варожасці можа быць далікатнай, памяркоўнай, неэмацыйнай і нават прыемнай і выяўляцца праз двухсэнсоўныя жарты, інсынуацыі і спецыфічныя візуальныя вобразы

У тэксце Дакладу Еўрапейскай камісіі па барацьбе з расізмам і дыскрымінацыяй (ECRI, 8 снежня 2015) замацаванае наступнае вызначэнне мовы варожасці: мовай варожасці з’яўляецца “адвакацыя, садзейнічанне і заахвочванне - у любой форме – паклёпу, нянавісці альбо знеслаўлення асобы ці то групы людзей; гэтаксама як і любая форма абразы, знявагі, негатыўнай стэрэатыпізацыі, стыгматызацыі альбо пагрозы ў дачыненні да дадзенай асобы альбо групы людзей і апраўданне выкарыстання ўсіх пазначаных тыпаў выразаў на падставе “расы”, колеру, паходжання, нацыянальнай альбо этнічнай прыналежнасці, узросту, інваліднасці, мовы, рэлігіі альбо веры, полу, гендару, гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі альбо іншых асабістых характарыстык альбо статусу”.      

Выказванні, якія класіфікуюцца, як мова варожасці, могуць прымаць розныя формы, але найчасцей, гэта:

Абраза гонару і годнасці – у дадзеным даследаванні выразы, у якіх нецэнзурная (“непрыстойная”) лексіка адрасаваная пэўнай асобе, лічацца абразай гонару і годнасці ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь (артыкул 189 “Абраза”);

Стыгматызуючая рэпрэзентацыя – вызначэнне пэўных якасцей, якія могуць характарызаваць асобу альбо групу людзей, як ганебных, надзвычай непажаданых, непрымальных у грамадстве. Пры гэтым важна, што характар гэтай якасці вызначаецца не ёй самой па сабе, а выключна стаўленнем да яе (якое і прадукуецца рэпрэзентацыяй). Якасць, якая стыгматызуе адных індывідаў ці то групы людзей, можа толькі падцвердзіць нармальнасць і прымальнасць іншых. Прыкладам, у пэўнай сітуацыі індывіды вымушаныя хаваць, што яны прайшлі праз цыркумцызію (абразанне крайняй плоці), у той час як у іншай сітуацыі дадзены целавы вопыт можа з’яўляецца ганаровым.

Дыскрымінацыйнай лексіка – моўныя выразы, выкарыстанне якіх абражае, прыніжае і падкрэслівае няроўнасць індывідаў у пэўным грамадстве, у тым ліку гэта могуць быць нецэнзурныя, слэнгавыя словы і выразы альбо некарэктныя словазлучэнні: замест гомасексуалы/геі – “галубыя”; замест людзі з інваліднасцю – “інваліды”, “калекі”; замест людзі з наркатычнай/алкагольнай залежнасцю – “нарыкі”, “алкашы” і г.д.

Негатыўная стэрэатыпізацыя -   абагуленыя ўяўленні альбо пераканні, якія фармуюцца ў пэўнай культуры. Журналісты выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці культурніцкія стэрэатыпы для спрашчэння паведамлення. Негатыўная стэрэатыпізацыя з’яўляецца механізмам прыпісвання пэўных непажаданых характарыстык сацыяльным групам на падставе абагуленых уяўленняў альбо пераносам ацэнкі дзеянняў індывіда на пэўную групу, з якой яго/яе ідэнтыфікуюць, і наадварот.

Апраўданне гвалту і заклік да гвалту – любая форма выказвання, якая стварае магчымасць для абаснавання мэтазгоднасці, вымушанасці альбо неабходнасці гвалтоўных дзеянняў (“узяць бы такую за касу – хай дома сядзіць!”), ці то з’яўляецца непасрэдным заклікам, пабуджэннем да гвалтоўных дзеянняў (“такіх толькі біць!”).

 

Сексісцкі дыскурс мовы варожасці

Сексізм – гэта ідэалогія і практыка вызначэння індывідаў як прыналежных да больш нізкай пазіцыі ў сацыяльнай іерархіі на падставе іх гендарнай ідэнтычнасці. Сексізм з’яўляецца неад’емным кампанентам неакансерватыўнага мыслення і палітык. Апроч іншага, вытворчасць і рэпрадукаванне дадзенай ідэалогіі адбываецца праз мову. Пачынаючы з 1970-х, сексізм у мове, спачатку ў англійскай, стаў прадметам шырокіх дыскусій і даследаванняў. Адной з мэтаў феміністак (даследчыц, актывістак, журналістак) стала вызначэнне і ліквідацыя (да магчымага ўзроўню) лінгвістычнага сексізму, якія праяўляецца і замацоўваецца ў пэўных лексічных формах, уключаючы памылковыя генералізацыі, такія як выкарыстанне займенніка “ён” пры ўжыванні назоўніка “чалавек”. Барацьба з сексізмам у мове ўключае ў сябе вызначэнне сексісцкіх лінгвістычных форм, такіх як памылковыя абагульненні, няроўнае групаванне слоў, сексісцкія назвы прафесій, сексісцкія формы звароту і інш.

У 1980-х вызначэнне мовы варожасці пашырылася і пачало ўключаць разам з катэгорыямі расы, этнічнасці, рэлігіі, нацыянальнасці і класа іншыя катэгорыі ідэнтычнасці гістарычна віктымізаваных груп – жанчын, лесбіек, гомасексуалаў і людзей з інваліднасцю. Як бачна з вызначэння мовы варожасці, замацаванага ў Дакладзе Еўрапейскай камісіі па барацьбе з расізмам і дыскрымінацыяй (ECRI, 8 снежня 2015), на сённяшні дзень у панятак мовы варожасці ўключаны максімальна шырокі спектр катэгорый ідэнтычнасці, да якіх можа ўжывацца мова варожасці.

На жаль, дыскусіі адносна мовы варожасці і асабліва сексісцкіх тыпаў выказванняў вядуцца ў Беларусі пераважна ў акадэмічнай і актывіскай супольнасцях, у той час як журналісцкая супольнасць застаецца даволі закрытай для такіх абмеркаванняў. Тым не менш, дзякуючы пераважна актывісцкім праектам, пытанне выкарыстання мовы варожасці ў СМІ у Беларусі ўсё ж атрымала публічнае гучанне. Такія ініцыятывы і праекты, як “Маніторынг мовы варожасці ў беларускіх СМІ”, арганізацыя майстар-класаў для журналіста_к і дыскусій з запрашэннем журналіста_к, выданне брашуры “Як пісаць пра ЛГБТ” і “Мова варожасці ў беларускіх СМІ”, якія рэалізавала ініцыятыўная група “Журналісты за талерантнасць”, відэа-праект часопіса MAKEOUT, скіраваны супраць сексісцкай мовы варожасці, распачалі дыскусію наконт ўжывання мовы варожасці і магчымых шляхоў пашырэння прынцыпаў гендарнаадчувальнай журналістыкі ў медыя і талерантнасці ў грамадстве. Праекты “Развіццё гендарнай адчувальнасці як перадумова гендарнай роўнасці ў Беларусі” і “Этыкет інваліднасці” моладзевага медыя-праекту 34mag.net сталі адпраўнымі кропкамі ў спробе асэнсавання спецыфікі (гендарна) адчувальных медыя і агульнага “этыкету” талерантных паводзін у публічнай прасторы.

Безумоўна, даволі часта журналісты і журналісткі выкарыстоўваюць мову варожасці без пэўнага сексісцкай альбо іншай дыкрымінацыйнай інтэнцыі, а праз адсутнасць прафесійных навыкаў і распрацаваных стандартаў гендарнаадчувальнай і этычнай журналістыкі, якія б адпавядалі выклікам і рэаліям 21-га стагоддзя. Даволі часта супрацоўнікі СМІ не толькі не праблематызуюць стэрэатыпныя ўяўленні, але і працягваюць прадукаваць іх, паколькі на індывідуальным узроўні застаюцца пад уладай гэтых стэрэатыпаў успрыняцця. Акрамя таго, даволі часта можна сустрэць тлумачэнне відавочна няякаснай падачы матэрыялу з ужываннем мовы варожасці і выкарыстаннем дыскрымінацыйных, сексісцкіх клішэ патрабаваннямі медыя рынку, быццам бы менавіта такой журналістыкі чакае мэтавая аўдыторыя пэўнага выдання. Тым не менш, калі прыгледзецца больш уважліва менавіта да рынку, то можна заўважыць, што камерцыйна паспяховымі тыя медыя-праекты, якія спрабуюць павысіць свае рэатынгі “жоўтымі” матэрыяламі, называць даволі праблематычна. 

Як адзначаюць аўтар_кі брашуры “Талерантная журналістыка”, знізіць моўную агрэсію ў СМІ можна шляхам адмовы ад выкарыстання грубых ацэначных выказванняў, прамых ацэначных апазіцый, агульнага аналітычнага падыходу да тэкстаў і выкарыстання карэктнай, недыскрымінацыйнай лексікі.

На маю думку, надзвычай важна акрамя індывідуальнай працы прадстаўнікоў і прадстаўніц журналісцкай супольнасці “над сабой”, усталяваць рэгуляцыю медыя-прасторы з боку журналісцкай супольнасці. Для гэтага неабходна не толькі разспрацаваць і зацвердзіць неабходныя дакументы (Кодэкс журналісцкай этыкі яшчэ ніхто не адмяняў), але і шукаць шляхі для дыялогу і салідарызацыі самых розных рэдакцый, нягледзячы на іх пазіцыю ў медыя прасторы і мэтавыя аўдыторыі. Пытанне адказнасці журналісцкай супольнасці перад грамадствам, на маю думку, не мае “афарбоўкі” – прынцыпы талерантнай, карэтнай, этычнай і гендарна адчувальнай журналістыкі мусяць быць стандартамі працы для ўсіх прадстаўнікоў і прадстаўніц СМІ, менавіта адпаведнасць дадзеным прынцыпам і вызначае прафесіянальны ўзровень таго альбо іншага медыя альбо журналіста/журналісткі.

Аляксандра ІГНАТОВІЧ адмыслова для Mediaktritika.by

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: