Вы здесь

Маніторынг: Як тэлеканалы асвятляюць судова-крымінальныя навіны?

Маніторцы Mediaktritika.by падвялі вынікі чарговага даследвання вечаровых навінаў на тэлеканалах “Беларусь 1”, ОНТ і “Белсат”. Гэтым разам у поле зроку даследчыкаў трапілі матэрыяла судова-крымінальнай хронікі.

Даследчыкі разумелі судова-крымінальную тэматыку ў яе шырокім аспекце: яны разглядалі сітуацыі, што рэпрэзентуюць стасункі паміж уладай і грамадзянамі ў межах прававога поля і могуць пацягнуць за сабой адказнасць згодна з наяўным заканадаўствам. Такім чынам, у фокус маніторынгу траплялі і эпізоды з крымінальнай хронікі, і судовыя кейсы, і трансфармацыі заканадаўства.

Маніторыцы прагледзелі выпускі тэлевізійных навінаў, якія выйшлі ў эфір на тыдні з 18 па 24 красавіка на телеканалах “Беларусь 1” (9 тэматычных сюжэтаў), ОНТ (9 сюжэтаў), “Белсаце” (19 сюжэтаў).

Агульная выснова даследвання: судова-крымінальная тэма займае ў эфіры азначаных тэлеканалаў не шмат часу, але спецыфіка яе асвятлення выдае на тэндынцыйную.

Так, маніторцы зафіксавалі вялікую колькасць тэматычных матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры) у эфіры ўсіх трох тэлеканалаў: 89% (або 8 з 9) - менавіта столькі сюжэтаў з пазначанымі хібамі з’явілася на дзяржаўных тэлеканалах, на “Белсаце” такіх сюжэтаў выяўлена трохі меньш – 79% (15 з 19).

Вялікі адсотак матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці (або цэнзуры), на думку маніторцаў, можна патлумачыць грамадска-палітычным ладам у краіне, дзе прававое поле ёсць размытым, а сілавыя (і іншыя ўпаўнаважаныя ажыццяўляць кантроль і пакаранне) структуры наўпрост атаясамляюцца з рэжымам як такім. Такім чынам, практычна любое правапарушэнне, пачынаючы ад звычайнай “бытавухі” ці банальнай “адміністратыўкі”, у краіне можа займець палітычны шлейф і быць выкарыстаным у прапагандысцкіх мэтах тым ці іншым бокам барыкадаў.

На тыдні маніторынгу гэтыя трансфармацыі можна прасачыць на некалькіх тэмах.

 

Аварыя з удзелам байкера ў Мінску

Аварыя ў Мінску з удзелам матацыкліста, які да гэтага выпадку неаднаразова парушаў ПДР, інспектара ДАІ, што спрабаваў яго спыніць, і інкасатарскай машыны, якая ў выніку збіла абодвух, - тэма, якая трапіла ў эфір усіх трох тэлеканалаў.

Тэлеканал “Беларусь 1” праз гэты сюжэт лаканічна (акрамя навінавага сюжэта ў эфіры на гэтую тэму быў толькі анонс ток-шоў “Форум”) задаўся пытаннем “Как поделить дорогу между водителями и байкерами? ” (“Беларусь 1”, 23.04.2016), як бы між іншым вылучыўшы агулам матацыклістаў не толькі па-за катэгорыю чулых да ПДР кіроўцаў, але кіроўцаў як такіх. Тэлеканал ОНТ вырашыў тэму з большай ідэалагічнай насычанасцю, прысвяціў гэтай тэме 11 хв. 30 с. эфірнага часу (працягласць усёй праграмы - 1 г. 02 хв.). Пасля кароткай згадкі пра аварыю, канфіскацыю байкаў даішнікамі і цытаты з міністра МУС Шуневіча вядучы “Контураў” пачынае запаўняць эфірны час на тэму байкераў на дарогах у жанры квазі-навінавага стэндапа:

“И вот тут, сами того не желая, мы оказываемся в ситуации, когда сотрудники ГАИ с одной стороны и участники движения с другой начинают друг другу не доверять. Вместо взаимного уважения возникает озлобленность, вместо спокойствия – нервозность. И хуже всего то, что подобное состояние не способствует безопасному движению" (ОНТ, 24.04.2016)

Далей ідзе нібыта візуальная (з пазакадравым каментаром) дэманстрацыя ўмоўнай пагоні ДАІ за байкерам: яго нібыта хоча спыніць інспектар. Але ўладальнік матацыклаў пад пагрозай магчымай канфіскацыі пачынае паскарацца, што стварае небяспечную сытуацыю. Пра тое, што гэта, верагодна, не хроніка, а срэжысэраваная ілюстрацыя думкі вядучага, можна адзінае здагадвацца: ніякіх тлумачальных надпісаў і спасылак на крыніцы гэты візуальны шэраг (ракурс на дарогу з-за пляча матацыкліста) не ўтрымлівае. Што аўтаматычна падвышае статус ягонай даставернасці.

Тэму ў праграме працягвае інтэрв’ю з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўству, накіраванае на магчымасць больш жорсткага пакарання  байкераў-парушальнікаў хуткаснага ды шумавога рэжымаў, якое завяршаецца на сімптаматычнай выснове ад суразмоўцы: “Эту проблему - она есть, безусловно - ее необходимо в том числе и правовыми мерами решать” (ОНТ, 24.04.2016). Сама ж тэма фінішуе заклікам да “серьезных людей из тех, кто предпочитает двухколесный транспорт” (яны ж - удзельнікі адкрыцця сезона Harley-Davidson, уключна з Віктарам Лукашэнкам (пра ягоны ўдзел на ОНТ не ўзгадвалася) і  Ігарам Шуневічам) “повлиять” на “группу безответственных водителей, которые постоянно портят имидж корпорации и создают проблемы всем остальным” (усе цытаты - ОНТ, 24.04.2016).

У сваю чаргу, “Белсат” апынуўся адзіным з тэлеканалаў, які асвятліў сітуацыю у працэсе: ад аварыі праз канфіскацыі да вяртання першых байкаў уладальнікам. Ракурс - “менскія байкеры – пад колам ціску Міністэрства ўнутраных справаў” (“Белсат”, 19.04.2016). Пры гэтым, дадзеная гісторыя арганічна ўкладаецца ў агульную “белсатаўскую” парадыгму рэпрэзентацыі сілавых структураў. Прыклады характэрных падводак да адпаведных тэматычных матэрыялаў:

“Цмяная справа і трагічны вынік: берасцейская сям'я супраць міліцыянтаў. Быў канфлікт з праваахоўнікамі, а пазней смерць пенсіянера. Афіцыйная прычына - сэрдэчная недастатковасць, аднак сведкі раскрываюць неспадзяваныя падрабязнасці і адмыць рукі ад крыві міліцыянтам робіцца складаней” (“Белсат”, 18.04.2016);

“А на пачатак - садызм, гвалт і бязмежжа міліцыі. Справа, якая не паддаецца разуменню і чалавечай логіцы. Улада, якая ўсміхаецца Захаду, паказвае аскал актывістам у Беларусі. Лідара руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка збілі ва ўласным пад’ездзе міліцыянты, прычынаў не тлумачылі. А на дадатак сілаю завезлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы ды абвінавацілі ў непадпарадкаванні праваахоўнікам. І паставілі перад судом” (“Белсат”, 19.04.2016);

"Напады, гвалт і беспакараны садызм з боку міліцыянтаў зазнаюць не толькі палітычныя актывісты. Сёння міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч прызнаў факт згвалтавання жыхаркі Магілёва ўчастковымі міліцыянтамі, але кажа, што на момант злачынства яны ўсе былі звольненыя. Магілёўцы не вельмі вераць міністру" (“Белсат”, 21.04.2016).

Апошняя цытата - з матэрыялу, які можна палічыць найбольш ангажаваным з тэматычных сюжэтаў тэлеканала. Заяўлены як сюжэт з нагоды каментара Шуневіча, матэрыял, пачынаецца з фрагмента савецкага мультфільма “Дзядзя Сцёпа” і выглядае хутчэй памфлетам на сённяшніх беларускіх сілавікоў:

[журналіст у адказ на рэпліку з vox populi "У меня полностью поменялось отношение к милиции, если они позволяют себе такое делать"]: "Дазваляюць. І не толькі ў Магілёве. Міліцэйская жорсткасць у Беларусі адбываецца пасярод дня: то жорстка паб'юць футбольных фанатаў, то груба закінуць у машыну пенсіянераў-гандляроў, то прыдушаць інваліда на вачах ва ўсіх" (“Белсат”, 21.04.2016);

"Помста ў межах заканадаўства, спецсродкі і спецпрыёмы ў межах заканадаўства, фізічная сіла ў тых жа межах. А згвалтаванне незаконнае, таму і гвалцілі нібыта без пагонаў" (“Белсат”, 21.04.2016).

 

Беларускія найміты

Асобнае месца ў навінавай сетцы займаюць сюжэты пра “так называемых беларуских наемников”: як самі па сабе, так і ў кантэксце прыняцця паправак у закон аб экстрэмізме.

Інфармацыйных нагодаў на тыдні маніторынгу было дзве:

1.       Пачаўся суд над Тарасам Аватаравым, якога затрымалі ў лістападзе мінулага году ў Мінску са зброяй (абвінавачванне прад’яўленае за незаконны абарот і кантрабанду зброі);

2.       У Віцебску затрымалі Станіслава Ганчарова (падазраецца ў злосным хуліганстве ў дачыненні да падлеткаў, што мела месца ў 2013, прызначаная экспертыза татуіровак падазраванага ў плане падпадання пад арт. 130 КК “Аб распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці”)

Кантэкстам да абодвух сюжэтаў сталася настойлівае акцэнтаванне прыналежнасці мужчынаў да “Правага сектара” і батальёна “Азоў” адпаведна. У паведамленнях дзяржканалаў гучала, што  фармальна абвінавачванні (у выпадку з Аватаравым) ці затрыманне (у выпадку з Ганчаровым, па факце наёмніцтва якога ідуць правяранні) грунтуюцца на зусім іншых падставах - але такая інфармацыйная аўра стварала магчымасць разумення сітуацыі ў ракурсе адказнасці менавіта за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.

Тарас Аватараў, Фота "Радыё Свабода"

“Беларусь 1” такім чынам распавядае пра падзеі:

[пра Ганчарова] “Не спеша, с сигаретой во рту. Даже будучи задержанным, 20-летний житель Витебска не испытывает никакого волнения. После зоны АТО в Беларуси ему ничего не страшно. Впрочем, задержали парня совсем за другое. В октябре 2013 года в Интернете появился ролик, где 17-летний горожанин вместе с футбольными фанатами издевается над малолетними. Этот ролик и послужил основанием для возбуждения уголовного дела. Но свое слово должна сказать экспертиза” (“Беларусь 1”, 19.04.2016);

[пра Аватарава] “На этой неделе в Минске судят бойца "Правого сектора". 28-летний житель Новополоцка зачем-то на родину из зоны АТО привез оружие и гранату. 28-летний задержанный стал первым из 130 лиц, подозреваемых в участии в боевых действиях на территории Украины, чье дело рассматривает суд. И таких беларусов с каждым месяцем становится все больше” (“Беларусь 1”, 24.04.2016).

Так тэма прагучала на ОНТ:

[пра Аватарава] "Это первое дело подобного рода в отношении подозреваемого в участии в боевых действиях в Украине. Правда, судят 28-летнего жителя Новополоцка Тараса Аватарова не за это, а за незаконный оборот оружия и контрабанду" (ОНТ, 18.04.2016);

[пра Ганчарова] “В Витебске задержан еще один беларус, которого подозревают в участии в военных действиях на Донбассе. 20-летний парень последние 2 года находился в Украине и, по данным МВД, мог состоять в рядах батальона “Азов”. Судя по татуировкам, он придерживается неонацистских взглядов и в поле зрения беларуской милиции попал еще в 2013 за злостное хулиганство. На этих кадрах любительской съемки (а видео опубликовано в интернете) витебчанин заставляет 13-тилетних подростков демонстрировать нацистское приветствие. Задержали его лишь сейчас” (ОНТ, 19.04.2016).

У сваю чаргу “Белсат” артыкулюе наўпроставую сувязь паміж дабраахвотніцтвам і крымінальным пераследам:

“І хоць Аватараву не інкрымінуюць наёмніцтва, суд над ім - выразны сігнал беларусам, якія бяруць удзел у канфлікце на Данбасе” (“Белсат”, 18.04.2016);

[пачатак сюжэта пра затрыманне Ганчарова] “Таксама працягваецца пераслед беларусаў, якія ваявалі ва Украіне” (“Белсат”, 19.04.2016).

Варта заўважыць, што ў сітуацыі з судом над Аватаравым ніводны з тэлеканалаў не даў уцямнай інфармацыі пра тое, як праходзіў працэс.

Дзяржаўныя тэлеканалы карыстаюць сюжэты з затрыманнямі як легітымацыю паправак у закон аб экстрэмізме і фармаванне грамадскай апініі з гэтай нагоды. На гэта працуюць і экспертныя меркаванні: і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, і шматлікія палітолагі (на “Беларусь 1” быў і з Украіны) выказваюцца ў падтрымку заканадаўчых зменаў. Змястоўна аргументацыя зводзіцца, карыстаючыся фармулёўкай карэспандэнта ОНТ, да наступнага: “Опыт Европы показывает, что такие “добровольцы” могут вернуться домой потенциальными террористами” (ОНТ, 22.04.2016).

Ідэалагічны ж мэсідж выразна сфармулявалі на “Беларусь 1”: “Минские договоренности - символ мира, протокол урегулирования конфликта на востоке Украины и в Нагорном Карабахе. Поэтому в городе подписания документа - как и во всей стране - не место для экстремизма" (“Беларусь 1”, 24.04.2016).

Цікава, што ў сюжэтах падазраваныя ў наёмніцтве грамадзяне Беларусі фігуруюць па-рознаму. Так “житель Витебска” візуальна прэзентуецца “без купюр”: гледачам дэманструецца не толькі твар, але і тату па ўсяму целу, што мусяць сведчыць пра “неонацистские взгляды” затрыманага (“Беларусь 1”, ОНТ, 19.04.2016). Тарас Аватараў на ОНТ фігуруе з адкрытым тварам (здымкі з залі суда), а на “Беларусь 1” - з замазаным (тэлеканал выкарыстоўе толькі аператыўныя здымкі затрымання, што адбыліся некалькі месяцаў таму) і ананімна (“28-летний житель Новополоцка”, імя і прозвішча не называюцца). “Белсат” называе імёны і дэманструе твары абодвух фігурантаў крымінальных справаў.

Яшчэ адна адметнасць тэмы – з’яўленне раней не вядомых персанажаў. Так у сюжэце пра наёмніцтва ў выніковай праграме “Главный эфир” разам з “жителем Витебска” і “жителем Новополоцка” раптам з’яўляецца яшчэ адзін персанаж - “житель Бреста, боец расформированного батальона “Торнадо”. У эфіры дэманструецца ягоны татуяваны торс пад пазакадравы каментар, што “Маджахеда” (мянушка берасцейца) ваенная пракуратура Ўкраіны лічыць “самым опасным и жестоким из всех подозреваемых в батальоне”, бо “21-летний парень с чрезвычайным цинизмом и жестокостью совершал пытки местного населения Луганской области, а также насиловал задержанных в специально оборудованной комнате, снимая все на видео” (“Беларусь 1”, 24.04.2016). Ніякіх крыніцаў і акалічнасцяў (арышт берасцейца украінскімі сілавікамі - на экране ёсць адно маленькая шыльда “Украіна” - што адбыўся яшчэ восенню 2015 г., прыняццё ім ісламу і .д.), датычных гэтай асобы, як і доказаў яе сувязі з іншымі затрыманнямі беларусаў з зоны АТА не прыводзіцца. Іншымі словамі, ягонае з’яўленне можна лічыць чыста прапагандыскім мантажным эфектам, накіраваным на канцэнтрацыю і ўзмацненне комплекснага адмоўнага вобраза   “экстрэмістскай самадзейнасці”, ад якой трэба ратаваць краіну. 

 

Спецыфіка парушэнняў стандартаў інфармацыйнай журналістыкі

Матэрыялы вечаровага эфіра на агледжаным тыдні ў сярэднім мелі найбольшыя праблемы з адпаведнасцю стандарту даставернасці інфармацыі. На тэлеканале ОНТ такое назіралася ва ўсіх тэматычных матэрыялах, на “Беларусь 1” - у 89%, на “Белсаце” - 79%.

Метадалогія маніторынга ўтрымлівае заўвагу, што парушэнне стандарту даставернасці інфармацыі ў звязку з сюжэтамі на крымінальную тэму выяўляецца ў адсутнасці выразна акрэсленых падставаў для абвінавачвання. Найбольш відавочна такі падход выявіўся ў асвятленні тэмы з беларускімі дабраахвотнікамі, што імаверна мелі дачыненне да ваенных дзеянняў ва Украіне (вышэй дэтальна разбіралася, якім чынам прэзентаваліся затрыманні).

Таксама традыцыйна ў матэрыялах з парушэннымі згаданага стандарту маюць месца або адсутнасць крыніц як такіх, або спасылкі на неперсаніфікаваныя крыніцы: “очевидцы говорят”, “в милиции полагают”, “столичные байкеры стали заявлять”, “сарафанное радио объявило о войне инспекторов ГАИ против мотовладельцев”, “паводле чарнасоценцаў”, “матацыклісты абураюцца” і г.д.

Стандарт аддзялення фактаў ад думак парушаўся ў 84% сюжэтаў тэлеканала “Белсат” і ў 78%   сюжэтаў вечаровага эфіра як на тэлеканале “Беларусь 1”, так і ОНТ.

Асноўная праблема ў матэрыялах з парушэннем згаданага стандарта ў тым, што журналісты выступаюць у ролі экспертаў, робяць высновы, даюць ацэнкі падзеям або проста выказваюць уласнае меркаванне.

“Белорусская федерация успела нанять адвоката. Не понадобился - наши врачи разобрались. А проверяющие ретировались не солоно хлебавши. Мельдониевая война задела белорусов - они выдержали удар. Возможно, то, что не убило, сделает нас еще более медальными” (“Беларусь 1”, 19.04.2016).

На “Белсаце” эмацыйна-суб’ектыўны складнік у падачы навіны выяўляецца найчасцей ў падводцы вядучага(-й).

"Збіваюць, затрымоўваць, не даюць тлумачэнняў. І як бы гэтага ўсяго міліцыянтам было мала – ломяцца ў кватэры да актывістаў. Вячаслаў Сіўчык, Вольга Мікалайчык, Максім Вінярскі… Хто наступны? І самае галоўнае пытанне: навошта? У адказ праваахоўнікі маўчаць ды топчуць рэшткі беларускае лібералізацыі. Адліга скончылася, не паспеўшы пачацца" (“Белсат”, 20.04.2016).

Найбольш адметным прыкладам парушэння стандарта аддзялення фактаў ад думак можна лічыць інтэрв’ю, што вядучы праграмы “Контуры” (ОНТ) Ілля Коласаў узяў  з нагоды аварыяў з удзелам байкераў у намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўству Ўладзіміра Чараванча, а таксама тэкставыя блокі напярэдадні і ў фінале гэтага інфармацыйнага паведамлення. Фрагмент адтуль:

“У тех, кто является заложником противоправных действий байкеров, сейчас есть только одно пожелание: удалить их с дороги. И слова министра Игоря Шуневича о "профессиональной мести" сотрудников ГАИ - лишнее тому подтверждение. Но месть, пусть и благородная, пусть и в рамках закона, это кампания. А под кампанию, как известно, подпадают все - в т.ч. и законопослушные граждане. Поэтому очень бы хотелось, чтобы законодатели совместно с сотрудниками правоохранительных органов и с представителями мотосообщества выработали системные меры воздействия на ситуацию. А пока таких мер нет, мы вправе ожидать реакцию от самих байкеров: пора уже повлиять на группу безответственных водителей, которые постоянно портят имидж корпорации и создают проблемы всем остальным” (ОНТ, 24.04.2016). 

Парушэнні стандарта дакладнасці інфармацыі назіраліся ў 89% сюжэтаў, што выйшлі ў вечаровы эфір тэлеканала ОНТ, на “Белсаце” такога кшталту сюжэтаў было 68%, на “Беларусь 1” - 67%.

У сюжэтах на судова-крымінальную тэму часта сустракаюцца парушэнні гэтага стандарта з-за таго,  што журналісты карыстаюцца словамі-вердыктамі замест словаў-верагоднасцяў, называючы падазраваных злачынцамі. Напрыклад:

“Хулиган с боевым прошлым” (ОНТ, 19.04.2016) - пра затрыманага па падазрэнні ў хуліганстве віцебчука.

"Вера в чудо дорого обошлась жительнице Речицы. Чтобы избавиться от некоего «сглаза», она отнесла мошеннице все свои сбережения – а это 200 млн.рублей. Спустя два года спиритических сеансов женщина прозрела и обратилась в милицию. Дело вот-вот будет передано в суд" (ОНТ, 22.04.2016).

“Третий участник преступного сообщества пока в статусе подозреваемого” (“Беларусь 1”, 20.04.2016) - дык “падазраваны” ці ўсё ж “ўдзельнік”?

Брак адпаведнасці стандарту баланса думак назіраўся ў 79% матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, на ОНТ такога кшталту матэрыялаў было 78%, на “Беларусь 1” - 67%.

На дзяржаўных тэлеканалах у судова-крымінальных сюжэтах прамаўляюць, як правіла, прадстаўнікі сілавых структураў. Самі абвінавачаныя/падазраваныя, як правіла, рэпрэзентуюцца ананімна (“житель Гомельской области”, “незнакомка в черном”, “байкер” і г.д.) і ў кадры не фігуруюць. Выключэнне – сюжэты пра наймітаў.

З-за браку баланса думак узнікаюць праблемы з адпаведнасцю стандарту паўнаты інфармацыі. Такога кшталту хібы зафіксаваныя ў 78% сюжэтаў тэлеканалаў ОНТ і “Беларусь 1” і ў 58% на тэлеканале “Белсат”.

У метадалогіі маніторынга асобна пазначана, што адпаведнасць гэтаму стандарту ў матэрыялах пра крымінальныя справы можа парушацца з-за таго, што “не агучваюцца канкрэтныя факты, якія праваабаронцы лічаць доказамі невінаватасці падазраваных”.

У пераважнай большасці матэрыялаў на судова-крымінальную тэму, што выйшлі ў вечаровы эфір дзяржаўных тэлеканалаў, гэтая хіба ёсць. Сюжэты, як правіла, будуюцца на інфармацыі ад сілавых структураў: аператыўныя здымкі, каментары людзей у пагонах. У эфіры цалкам адсутнічалі праваабаронцы ці адвакаты, што выступалі б ад імя фігурантаў крымінальнай справы, пазіцыя абвінавачаных/падазраваных рэдка артыкулюецца як такая нават самімі журналістамі (выключэнне - паведамленне пра аварыю з удзелам байкера і інспектара ДАІ (“Беларусь 1”, 18.04.2016) і рэпартаж пра суд над Тарасам Аватаравым (ОНТ, 18.04.2016), дзе каротка былі агучаныя версіі развіцця падзеяў, выказаныя абвінавачанымі.

Брак з аператыўнай падачай інфармацыі назіраўся ў 21% матэрыялах тэлеканала “Белсат”, на “Беларусь 1” і ОНТ са спазненнем вышлі ў вечаровы эфір па 11% ад агульнай колькасці сюжэтаў.

 

Пра зафіксаваныя маніторцамі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад думак, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці можно дазнацца з поўнага тэксту маніторынгу, а таксама са зводнай табліцы парушэнняў.

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: