Вы здесь

“У цуды трэба верыць, але не спадзявацца на іх”

Интервью

Медыцынская тэматыка ў беларускіх медыя стала досыць папулярнай. Але часцей за ўсё навіны з беларускіх устаноў аховы здароў прыходзяць сумныя: памылкі лекараў, няўдалыя роды, смерць немаўлят… Дзе ў такіх выпадках журналісту шукаць праўду?

Пра адносіны сістэмы аховы здароўя і журналістыкі, непазбежнасць смерці, анатомію цудаў і лаўры доктара Камароўскага разважае Андрэй Вітушка – лекар-рэаніматолаг РНПЦ “Маці і дзіця” і медычны кансультант тэлеперадачы для дзяцей “Дабраранак”.

 

“Нельга проста выйсці ў белым халаце і распавядаць пра здаровы лад жыцця”

Андрэй, як вы лічыце, ці добра гэта, калі з медыцыны робяць шоу? Так шмат на тэлебачанні перадач пра здароўе…

– Людзі любяць паразмаўляць пра сваё здароўе. Як кажуць, у медыцыне, палітыцы і футболе разбіраюцца ўсе. Гэта  перакананне можна эксплутаваць, калі маеш пэўную харызму і адукацыю. Не думаю, што чымсьці такія перадачы шкодзяць. Але чалавек павінен разумець, што немагчыма стаць экспертам, паглядзеўшы некалькі выпускаў шоу, прачытаўшы медыцынскую энцыклапедыю ці артыкул у Google.

–Як часта даводзіцца сутыкацца з тымі, хто наглядзеўся тэлеперадач, начытаўся артыкулаў пра медыцыну  і цяпер патрабуе ад лекара пэўных дзеянняў?

У беларускіх СМІ вельмі любяць распавядаць гісторыі поспехаў: напрыклад, "У сталічнай клініцы выхадзілі немаўля, якое нарадзілася вагой 500 грамаў" ці "Медыкі паспяхова перасадзілі тканкі моцна пацярпеламу пры пажары"…

Усё гэта падаецца як правіла. Быццам  такія выпадкі – паўсядзённая руціна, а не шчаслівы вынік працы каманды медыкаў і іх складаных намаганняў. Дык вось не! У рэальнасці часам усё бывае не так прадказальна і радасна. Часта здараецца, што дзіця нараджаецца глыбока неданошанае, а бацькі прыходзяць і кажуць: “Мы па тэлевізары бачылі, што вы дапамаглі дзіцяці ў такім жа стане. Мы бачылі, што ўсё было добра. Зрабіце так”. Але пэўная колькасць дзяцей у цяжкім стане, на жаль, памірае, нават калі прымяняюцца адны і тыя ж падыходы. Таму, калі з пацыентам здараецца нешта кепскае, вінаватым у вачах сваякоў становіцца доктар.

Можна казаць таксама і пра ўплыў посттаталітарнай спадчыны, калі за здароўе быў адказны не сам чалавек, а ягоны доктар. Але з іншага боку, большая абазнанасць людзей у медычных пытаннях прымушае медработнікаў быць калі не больш абазнанымі, то, прынамсі, больш пераканаўчымі ў зносінах з пацыентамі.

– А што скажаце наконт перадачы доктара Камароўскага – гэта шоу ці асветніцкі медыяпрадукт?

Камароўскага вельмі паважаю. Яўген Алегавіч не проста тэлевізійны доктар, у яго ёсць і выдатная адукацыя, і сур'ёзны вопыт. Ён доўгі час працаваў у аддзяленні рэанімацыі. Быў загадчыкам інфекцыйнага аддзялення  бальніцы ў Харкаве, бачыў вялікую колькасць хворых дзяцей. Мне імпануе тое, што яго пазіцыя заўсёды аргументаваная.

Я бы не стаў разводзіць: шоу гэта ці асветніцтва. Людзі зараз лянівыя і нецікаўныя. Усе хочуць экшана. Нельга проста выйсці ў белым халаце і распавядаць пра здаровы лад жыцця. Давесці важныя рэчы эффектыўна можна толькі праз фармат шоу. Сам доктар Камароўскі не раз казаў: “Мая задача зрабіць так, каб вы лішні раз не дурылі галаву педыятру”.

 

“Увесь боль на себя не возьмеш”

Як бы вы ахарактарызавалі медыцынскую журналістыку ў Беларусі? Сёння большасць матэрыялаў, якія тычацца гэтай тэматыкі, паведамляюць пра смяротныя зыходы пацыентаў. Ці вось, напрыклад, рэзанансны выпадак: ў Слуцкай радзільні з пачатку года ўжо памерла трое навароджаных…

– Першае, што хачу сказаць, я вельмі ўдзячны беларускім журналістам за тое, што ў апошнія гады яны сталі больш пісаць пра ахову здароўя. Пра нашу сферу трэба гаварыць, таму што яна хвалюе людзей.

Канешне, сярод такіх публікацый абавязкова будуць артыкулы пра смерць. Але такое здараецца – ва ўсім свеце ў бальніцах паміраюць людзі, у тым ліку і дзеці. У такім вялікім горадзе, як Слуцк, за год, на жаль, памрэ не адно дзіця. Жыццё такое, разумееце... Як бы мы не стараліся зніжаць смяротнасць, прыродай закладзена, што жыццё заканчваецца смерцю.

Бывае дзіўна, а часам і крыўдна за тыя публікацыі, калі ўсё падаецца з пазіцыі абвінавачванняў, калі журналісты імкнуцца аднабока асвятляць тое, што адбылося. З іншага боку,  я іх магу зразумець. Сённяшняя сістэма аховы здароўя ў многіх выпадках слаба ідзе на кантакт з прэсай. Затое пацярпелы бок атрымлівае магчымасць праз СМІ выказаць свой боль і крыўду.

Не так даўно прачытаў артыкул пра тое, што ў Мінскай абласной радзільні пацыентка пасля аперацыі захварэла гепатытам С. Я не ведаю падрабязнасцяў справы, але з боку адміністрацыі бальніцы разумна было б сустрэцца з журналістамі і пагаварыць. У нас, на жаль, ёсць тэндэнцыя хаваць інфармацыю, таму часам гісторыі абрастаюць здагадкамі.

З іншага боку, самі журналісты не заўсёды імкнуцца скантактавацца са спецыялістамі, якія могуць даць неабходнае тлумачэнне, а звяртаюцца да вядомых лекараў, якія, напэўна, ёсць у іх базе.

Фота: "Камсамальская праўда" у Беларусіі"

–Кожны журналіст ведае, што Міністэрства аховы здароўя, бадай, самае закрытае. Чаму медыкі так не хочуць ісці на кантакт з прэсай?

–Тут такая сітуацыя: ў 2009 годзе падчас эпідэміі грыпу была выдадзена адмысловая пастанова Міністэрства аховы здароўя, паводле якой інфармацыя для СМІ абавязкова павінна ўзгадняцца з начальствам. Было нават падрабязна распісана, хто мае права даць дазвол на публікацыю. Не ведаю, ці дзейнічае зараз пастанова, але, прынамсі, гэта адклалася ў галаве.

Але я мяркую, што лекарам трэба браць на сябе адказнасць і ў межах сваёй кампетэнцыі даваць каментары. Бо гэта прыкмета прафесіяналізму.

Што кажуць самі лекары: ці не нагнятаюць СМІ некаторыя праблемы, звязаныя с медыцынай?

–Сёння вельмі памянялася стаўленне грамадства да медработнікаў. На жаль, сацыяльны статус і прэстыж прафесіі зніжаецца. І думаю, зніжаецца мэтанакіравана. Створана разгалінаваная сістэма гарачых ліній, таму чалавеку стала проста паскардзіцца на лекара. Замест таго, каб разабрацца на месцы, людзі пачынаюць тэлефанаваць у розныя вышэйстаячыя структуры, якія часцей за ўсё займаюць бок пацыента. У незалежнасці ад таго, што адбылося на самой справе. Мне падаецца, што вельмі часта гэта выкарыстоўваецца як механізм ціску на медработніка. Водгукі пацыентаў перасталі выкарыстоўвацца для атрымання зваротнай сувязі для паляпшэння працы і  пераўтварыліся ў карны інструмент. Прычым пакараным, як правіла, становіцца той медработнік, які непасрэдна камунікаваў з пацыентам, нават калі скарга, па сутнасці, адрасаваная сістэме арганізацыі працы медустановы.

Тэндэнцыя нагнятання ўласцівая не толькі нашым СМІ. З большага мы жывем у расійскай медыйнай прасторы, а там такія сітуацыі паказваюць рэгулярна. Лекары-забойцы – гэта адзін з папулярных сюжэтаў канала НТВ.  Там наогул ствараецца напружаны медыйны фон, каб людзі былі ў тонусе і не думалі, хто і як імі кіруе. Але пастаянна эксплутаваць тэму ўкраінскіх падзей немагчыма, таму шукаць непрыяцеляў пачынаюць унутры грамадства. Часта медработнікі выступаюць у ролі такіх аб'ектаў, на якіх імкнуцца накіраваць народную незадаволенасць тым, што жыццё кепскае.

Але ж дыма без агню не бывае. І некаторыя прэтэнзіі да медыкаў гучаць справядліва…

–Так і ёсць. Але не трэба забывацца, што медыцына – гэта прадукт нас з вамі. Часам спецыяліст становіцца закладнікам правіл і сістэмы, якія прыдумаў не ён.

–У такім выпадку, ці мае права доктар апраўдваць свае прафесійныя няўдачы цяжкім матэрыяльным становішчам?  Ні для каго не сакрэт, што лекарам даводзіцца працаваць не на адну стаўка, каб зарабіць на жыццё…

Безумоўна, калі ты за нешта бярэшся, то павінен выконваць сваю працу добра.  Гэта ўніверсальнае правіла датычыцца не толькі медработнікаў. Але ёсць розныя крэтэрыі таго, што значыць “добра”. Калі медык зрабіў усё для таго, каб пацыент паправіўся, то сваю справу ён выканаў. З іншага боку, элементам прафесійнай прыдатнасці доктара з'яўляецца камунікацыя з пацыентам. Нездарма кажуць: дрэнны той лекар, які пагаварыў з пацыентам, і хвораму не стала лягчэй.

Але тут мы стаім на слізкай глебе ацэначных катэгорый. Што значыць “аптымальная камунікацыя”? Лекар у даступнай форме павінен патлумачыць, што адбываецца з пацыентам і якое лячэнне яму прызначана. Ён не абавязаны суперажываць гэтаму чалавеку і пранікацца яго болем. Ну не абавязаны… Гэта не мая трагедыя, не мой боль… Боль усіх на сябе не возьмеш, таму што хутка станеш прафесійна непрыдатным.

 Межасабовыя стасункі можна шліфаваць бясконца. Больш за ўсё прэтэнзій даводзіцца чуць менавіта пра тое, што доктар не паразмаўляў з пацыентам.

  Гэта вельмі шырокая тэма, але тут з боку грамадства патрэбна разуменне, што медыцына –  не царква, і не варта блытаць гэтыя інстытуты і іх задачы. Дарэчы, медработнікі пазбаўленыя права на забастоўку. Яны не могуць кінуць усё і выйсці на вуліцу з патрабаваннямі палепшыць умовы працы ці павысіць заробак. За гэта можна лёгка “прышыць артыкул” за неаказанне медычнай дапамогі.

 

“Наіўна спадзявацца, што ў такой скрозь іерархічнай краіне  сістэма аховы здароўя будзе іншай”

–Шмат гаворак у СМІ і сацыяльных сетках ідзе пра недасканаласць паслуг прыняцця родаў у нашых радзільнях. Створана нават жаночая суполка “Радзіць па-людску ў Беларусі”.  Вы, як медык, як ставіцеся да гэтай з'явы?

Вельмі добра, што з'явіўся такі рух. Гэта паказвае ўзровень развіцця грамадства, сталасці і свядомасці людзей, іх здольнасці аб'ядноўвацца, каб вырашыць важныя праблемы. Ні ў якім разе не трэба казаць, што нейкія вар'яцкія мамкі аб'ядналіся і нагаворваюць на нашу беззаганную сістэму здароўя. Таму што ў нашай сістэме ёсць шмат як станоўчых, так і адмоўных момантаў.

Грамадства трэба слухаць. Па ідэі, павінны быць спецыяльныя людзі ў Міністэрстве аховы здароўя, якія будуць адсочваць публікацыі ў сацыяльных сетках, абмеркаванні на форумах, высвятляць, чым людзі не задаволеныя, а потым прапаноўваць шляхі паляпшэння.

–То бок вы пагаджаецеся з тым, што недахопы ёсць: хамства персанада ў радзільнях, напрыклад…

Хамства персанала ёсць паўсюль: і ў радзільнях, і ў школах, і ў крамах, і ў ЖЭСах. Хамства ў сферы абслугоўвання – гэта нацыянальная рыса беларусаў. Сістэма аховы здароўя ў аспекце чалавечых зносін такая ж, як і ўсе астатнія. Ёсць, канешне, невялікая асаблівасць у тым, што медработнікі маюць экспертную ўладу над пацыентамі і могуць гэтым злоўжываць. Гэта перажытак савецкага мінулага і наступства вядомага правіла: як начальнік камунікуе з супрацоўнікамі, так яны камунікуюць з кліентамі (ці пацыентамі).

Сёння медыцына  паступова прыходзіць да сучасных стандартаў, і адносіны паміж пацыентам і лекарам усё больш становяцца партнёрскімі. Але наіўна спадзявацца, што ў такой скрозь іерархічнай краіне  сістэма аховы здароўя будзе іншай.

–Ці ўплываюць заўвагі пацыянтаў менавіта на вашу працу?

Я заўсёды імкнуся гаварыць з пацыентамі, тлумачыць, наколькі гэта магчыма. Але ў гэтага ёсць адваротны бок. Чалавек выхоплівае з кантэксту нейкія словы, дае ім сваю адзнаку і пачынае скардзіцца, што ты не паабяцаў цуд, не сказаў, што ўсё будзе добра, што дзіця абавязкова выжыве... Але я не магу такога сказаць, таму што гэта няпраўда.  Я такой кампетэнцыі не маю. У такой справе гарантый быць не можа. Над лекарамі заўсёды ёсць вышэйшая сіла, якая і вырашае, хто будзе жыць. А медыкі ў меру сваіх магчымасцяў мусяць рабіць сваю справу. У цуды трэба верыць, але не спадзявацца на іх.

Ганна Шафялюк адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: