Вы здесь

Маніторынг: Усходні вектар саступіў месца Заходняму

Чарговы маніторынг вечаровых тэленавінаў на тэлеканалах ОНТ, “Беларусь 1” і “Белсат” закрануў матэрыялы, у якіх асноўным суб'ектам сталася Расія. Маніторцы Mediakritika.by не абмяжоўваліся адно палітычнымі стасункамі Беларусі і Расіі, а разглядалі сюжэты, у якіх Расія прадстаўлялася і як самастойны палітычны суб’ект або удзельніца двухбаковых стасункаў з Беларуссю, і ў сваіх культурных праявах.

 

Пра зафіксаваныя маніторцамі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад думак, даставернасці, дакладнасці і аператыўнасці можно дазнацца з поўнага тэксту маніторынгу, а таксама са зводнай табліцы парушэнняў.

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

 

На тыдні з 16 па 22 траўня 2016 г. на тэлеканале “Беларусь 1” у эфір выйшлі 6 тэматычных сюжэтаў (6% ад агульнай колькасці матэрыялаў; 5% ад агульнай працягласці навінавых праграмаў на тэлеканале), на ОНТ –  таксама 6 (8% і 7% адпаведна), на “Белсаце” – 8 (15,5% і 14% адпаведна). Адметнасцю гэтага маніторынгу сталася акалічнасць, што колькасна матэрыялаў з узгадкамі або падсюжэтам было столькі ж або больш, чым тэматычных (гэта, акрамя “Беларусь 1”, не тычыцца іх часавай прысутнасці ў эфіры). На “Беларусь 1” такога кшталту сюжэтаў было 25 (або 27% ад агульнай колькасці і 5% ад агульнай працягласці), на ОНТ - 16 (21% і 4%), на “Белсаце” - 10 (19% і 4%).

Іншымі словамі, Расіі як крыніцы топ-сюжэтаў быццам няма ў актуальным полі ўвагі дзяржаўных тэлеканалаў. Нягледзячы на прыезд 16 траўня 2016 г. у Мінск міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова, з вынікаў бачна, што Расія на тыдні маніторынгу не ўваходзіць у навінавыя топы “Беларусь 1” і ОНТ.

Усходні вектар відавочна саступіў месца заходняму і, карыстаючыся лексіконам дзяржаўных медыяў, “шматвектарнасці”: цягам тыдня толькі пра візіт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан на “Беларусь 1”  было 6 сюжэтаў агульнай працягласцю 48 хв. 06 с. (17% ад усіх матэрыялаў) (без уліку звязаных з нагодай матэрыялаў накшталт інтэрв’ю з беларускім амбасадарам у Італіі і анонсаў “Главного эфира” на гэтую тэму), на ОНТ - 4 сюжэты працягласцю 25 хв. 55 с. (12%) (плюс аповяд пра выставу беларускіх ікон у Ватыкане і справаздача пра сумеснае беларуска-італьянскае прадпрыемства ў Воршы). Акрамя Італіі, асвятляліся двухбаковыя стасункі з Кітаем, Турцыяй, Саўдаўскай Аравіяй, агулам Еўразвязам. Мелі месца сюжэты, звязаныя з Украінай.

Змястоўна матэрыялы “на тэму Расіі” выглядаюць таксама досыць спецыфічна. Уваход Беларусі ў Саюзную Дзяржаву з Расіяй апрыёры мае на ўвазе наяўнасць двухбаковых актыўнасцяў і ініцыятываў. Аднак, як паказвае выпадкова абраны тыдзень, у эфіры беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў асвятленне такога кшталту дзейнасці фактычна адсутнічае.

Найбольшая прысутнасць двухбаковых стасункаў зафіксаваная ў эфіры ОНТ: сюжэты пра  візіт Лаўрова ў Мінск (два - у дзень візіта (16.05.2016), трэці - у выніковай праграме (22.05.2016)), плюс сюжэт пра сумесныя ваенны экзамен пад Віцебскам (19.05.2016) і даследванне нетраў (21.05.2016). Тэлеканал “Беларусь 1” распавёў пра сустрэчу Сяргея Лаўрова з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеям (два сюжэты ў дзень візіта, адзін - у выніковай праграме), а таксама як беларускія праваахоўнікі знайшлі выкрадальнікаў грамадзяніна Расіі (19.05.2016). Абодва тэлеканалы далі і так мовіць мона-расійскія сюжэты: пра падвышэнне пенсійнага ўзросту для чыноўнікаў (ОНТ, 20.05.2016), слабасць сілаў хуткага рэагавання NATO у выпадку расійскай агрэсіі (“Беларусь 1”, 16.05.2016) і паветраны парад у Маскве (“Беларусь 1”, 21.05.2016).

На “Белсаце” большасць сюжэтаў, што былі ў эфіры на тыдні маніторынгу, звязаныя непасрэдна з падзеямі, што адбываліся ў самой Расіі (сітуацыя са збіццём Навальнага і ягоных паплечнікаў, кейс Літвіненкі, магчымы рускі шпіён у Польшчы, наступствы крызіса ў Расіі). Тэме двухбаковых стасункаў (у шырокім разуменні гэтага слова) прысвечаныя адно рэпартаж пра візіт Сяргея Лаўрова і беларускамоўны анонс-запрашэнне на будучыя гастрольныя канцэрты ад музыкі Ромы Звера (абодва сюжэты 16.05.2016). 

Трэба заўважыць, што менавіта матэрыялы з узгадкамі і падсюжэтамі па тэме гэтым разам істотна уплывалі на выніковы вобраз Расіі, што паўставаў з сюжэтаў беларускіх тэлеканалаў.  Таму яны таксама будуць задзейнічаны ў агульным разборы.

Агулам дыскурс пра Расію ў тэматычных сюжэтах, а таксама ў сюжэтах з узгадкамі (падсюжэтамі) на дзяржаўных тэлеканалах характызуецца неаднастайнасцю. У ім можна вылучыць тры ракурсы.

 

Беларусь і Расія

З аднаго боку – стандартная саюзная рыторыка ў выкананні Аляксандра Лукашэнкі і яе медыя-агучка. Сустрэча з Сяргеем Лаўровым на “Беларусь 1” прэзентуецца пад шыльдай “Доверительный формат”, спікеры з абодвух бакоў (пры збольшага “пратакольным” журналісцкім каментары) ужываюць рытуальныя лексічныя канструкцыі накшталт “дружественная такая атмосфера”, “открытое общение”, “хотел бы, чтобы мы откровенно поговорили”, “я подчеркиваю, дружеский разговор”, “у нас всегда с вами соответствующий формат отношений, абсолютно доверительный и дружеский” (Аляксандр Лукашэнка) (“Беларусь 1”, 16 і 22.05.2016, ОНТ, 16.02.2016); “мы действительно полностью разделяем концепцию наших отношений”, “эти вопросы мы честно ставим перед нашими товарищами”, “всегда понимаем друг друга” (Сяргей Лаўроў), (“Беларусь 1”, ОНТ, 16 і 22.05.2016).

А заяву кіраўніка Беларусі пра тое, што “хотелось бы услышать ваши оценки и по некоторым международным проблемам, особенно по Украине, Сирии. Чтобы вы, может быть, даже ввели меня в курс дела некоторых событий последнего времени. Чтобы мы знали, как координировать и корректировать свою позицию по тем или иным вопросам” (“Беларусь 1”, 16 і 22.05.2016, ОНТ, 16.05.2016) можна інтэрпрэтаваць па-рознаму: як праяву геапалітычнай залежнасці, альбо як крыху паблажлівае “ну, распавядайце, што вы там нарабілі”. 

І гэта ілюструе ўжо іншы вектар рэпрэзентацыі двухбаковых стасункаў. Бо фармат падачы інфармацыі выдае на тое, што вядучую ролю ў гэтых дачыненнях, паводле дзяржаўных тэлеканалаў, мае менавіта Беларусь. Паглядзім, якія падводкі карыстаюць вядоўцы выніковых праграмаў “Главный эфир” і “Контуры” для асвятлення візіта міністра замежных справаў Расіі Сяргея Лаўрова:

"Теперь с Запада - на Восток. На неделе до того, как вылететь в Рим, президент принимает главу российского внешнеполитического ведомства Сергея Лаврова. Одна из центральных тем - расширение сотрудничества между Европейским и Евразийским союзами. Да-да, та самая "интеграция интеграций". Параллельно во время этой встречи рассмотрели итоги первого года работы ЕАЭС. Напомним, на старте союза именно наша страна была председателем. Итог - наличие серьезных результатов в деле развития объединения" (“Беларусь 1”, 22.05.2016);

"Обратите внимание, о чем ведет речь президент, находясь в Ватикане. О том, что встреча Папы Римского Франциска и Патриарха Русской православной церкви Кирилла помогла бы способствовать установлению мира на востоке Украины. Ну, вот вам и реализация многовекторности. Причем заинтересованы в такой нашей позиции все, кто выступает за спокойное развитие европейского континента. Ведь многовекторность в переводе с дипломатического языка - эта та же открытость и готовность к диалогу. Беларусь уже больше 20 лет исповедует этот принцип в своей внешней политике. И, знаете, с годами у него становится все больше сторонников". І далей - сінхрон Сяргея Лаўрова: "В том, что касается внешнеполитической ориентации у наших стран единая позиция: мы выступаем за многовекторность. Мы хотим дружно и продуктивно сотрудничать со всеми странами, которые готовы это делать на основе равноправия и взаимной выгоды. И никаких вопросов в этой связи у нас не возникает" (ОНТ, 22.05.2016).

Звыклая схема “адвечнага братэрства” захоўваецца - але ягоны ролевы расклад робіцца іншым. Асноўны мэсідж адпаведных тэматычных эфіраў дзяржаўных тэлеканалаў з 16 па 22 траўня, можна акрэсліць так: “Беларусь - самастойны палітычны суб’ект, моцная дзяржава і шмат у чым - ўзор для ўсходняга суседа”. З стэрэатыпнай пазіцыі “старэйшага брата” Расія ў медыя-візіі двухбаковых стасунках неяк паціху адсоўваецца на другія ролі. Характэрны прыклад: “Представители Российской Федерации, которых с каждым годом становится все больше и больше, посмотрев на испытания у нас, хотят что-то подобное сделать в вооруженных силах России” (ОНТ, 19.05.2016). Такім чынам Алег Белаконеў, начальнік генеральнаго штаба і першы намеснік міністра абароны Беларусі, каментуе сумесныя трэніроўкі і вучэнні пад Віцебскам, якія, па словах журналіста, “стали неотъемлемой частью сотрудничества вооруженных сил двух стран”.

Або такая заўвага з сюжэту пра павышэнне пенсійнага ўзроста і імаверную “барацьбу з дармаедамі”: “Сейчас в стране [Расіі], по разным данным, официально не работают от 15 до 18 миллионов человек, ещё 20 миллионов получают зарплату в конверте. А значит и не платят никаких налогов, что не устраивает государство. По примеру Беларуси и в России этих людей хотят заставить “выйти из тени" (ОНТ, 20.05.2016).

Рэмаркі з рытарычным дамінаваннем Беларусі над Расіяй сустракаюцца і ў сюжэтах з тэматычнымі ўзгадкамі (падсюжэтамі) - як у журналісцкіх рэпліках, так іў каментарах экспертаў:

“На форум также прилетели интернет-советник по управлению интернетом в России, координатор доменов .рф и .ру. Отмечу, Беларусь и Россия на данный момент являются лидерами в кириллической доменной зоне по количеству зарегистрированных сайтов" (“Беларусь 1”, 17.05.2016);

“Сергей Солодовников, доктор экономических наук, профессор: “Например, Тракторный завод. Мы сегодня даем такую линейку, что российские эксперты подчеркивают, что их тракторопроизводители не могут с нами конкурировать. [...] Они это понимают, они пытаются принимать меры, чтобы свою конкурентоспособность улучшить" (“Беларусь 1”, 20.05.2016).

 

Беларусь як Расія

Змест матэрыялаў на “расійскую” тэму не вычэрпваецца адзінае деклараваннем Беларусі як самастойнага актыўнага гульца ў звязцы “Беларусь-Расія”. Шэраг сюжэтаў, што маюць тэму як узгадку (падсюжэт), працуюць пераважна на невербальным узроўні, прадукуючы ў якасці мэсіджа іншы тэзіс - ідэю беларуска-расійскага адзінства. Звычайна гэта адбываецца праз карыстаньне расейскімі крыніцамі як натуральным і відавочным інфармацыйна-экспертным рэсурсам  - нават там, дзе лягічна было б звярнуцца да іншых крыніц.

Так, напрыклад, інфармацыя пра паседжанне па Сірыі, што праходзіць у Вене, базуецца на заяве міністра замежных справаў Расіі Сяргея Лаўрова. Пры асвятленні знікнення самалёта EgyptAir меркаванне міністра грамадзянскай авіацыі Егіпта Шэфры Фатхі падаюцца ў пераказе журналіста пад нейтральны відэашэраг  з аэрапорта Каіра, а вось заклік дырэктара ФСБ Расіі Аляксандра Бортнікава “принять все необходимые совместные меры по выявлению лиц, причастных к этому чудовищному акту” (“Беларусь 1”, 19.05.2016) ідзе ў выглядзе сінхрона. Cп. Бортнікаў - адзіны небеларускі спікер у рэпартажы пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі ворганаў бяспекі СНД, што прайшла ў Мінску (ОНТ, 19.05.2016). Нават Ноч музеяў у Мінску каментуюць турысты з Масквы (ОНТ, 21.05.2016). Іншымі словамі, з тэарэтычна магчымых варыяцыяў (на сустрэчы ў Сірыі былі міністры замежных справаў 20 краінаў, пра трагедыю з егіпецкім самалётам па кароткай узгадцы “Беларусь 1” выказвалася і ЦРУ, на сустрэчы кіраўнікоў ворганаў бяспекі СНД, акрамя Беларусі і Расіі, было яшчэ 6 краінаў) глядач беларускіх дзяржаўных тэлекалаў з вялікай верагоднасцю атрымае каментар ці меркаванне ад расійскіх персанажаў.

У эканамічных сюжэтах перыядычна з’яўляюцца спасылкі на курс даляра ў Расіі як “главный внешний индекс, влияющий на экономику Беларуси” (ОНТ, 17.05.2016).

Па-за палітычна-эканамічным полем панятак “наш” як “беларускі” размываецца яшчэ больш - перад усім, праз заўважную русіфікацыю лакальнага (мас)культурнага поля. Расійскія культурныя дзеячы і прадукты перыядычна прэзэнтуюцца без пазначэння свайго паходжання, што стварае эфэкт “чужога як свайго” - татальнага квазісавецкага  “нашага”. Напрыклад, у сюжэце пра стварэнне льва-сімвала Магілёва, удакладняецца, што гэтым займаецца скульптар “из Могилёва” Андрэй Вераб’ёў, а вось пазіруе яму леў з цырка простых “известных дрессировщиков” братоў Запашных (ОНТ, 21.05.2016). А “хит о лабутенах и народные композиции” у выкананні ваеннага аркестра працуюць як сродак прыцягнення ўвагі да дзейнасці гарадзенскіх памежнікаў (ОНТ, 16.05.2016; у выніковай праграме - паўтор без канкрэтызацыі рэпертуара, 22.05.2016).

 

Расія праз коску

Акрамя відавочнага геаграфічнага кантэксту, маюць месца і эпізадычныя ўзгадкі пазітыўнага расейскага досведу (разам з іншымі краінамі) у сюжэтах аб функцыянаванні прафсаюзаў і арганізацыі прыдарожнага сэрвіса. Падобная візія аб’ектыўна пазбаўляе расійскі сюжэт нейкай экслюзіўнасці і незаўважна размывае ягоную колішнюю адмысловасць. 

Што да тэлеканалу “Белсат”, пафас сюжэтаў ягонага вечаровага эфіру можна прадказальна пазначыць як антырасійскі - з прадукаваннем вобраза Расіі як небяспечнай краіны, як у дачыненнях яе з унутранымі іншадумцамі, так і са знешнімі партнерамі. Палова сюжэтаў (4 з 8), што выйшла на тыдні маніторынгу, распавядае пра стасункі Крамля з тымі, хто стаў да яго ў апазіцыю - раней (Літвіненка) ці цяпер (Аляксей Навальны і ягоныя паплечнікі). На прыкладзе падводак матэрыялаў пра апошніх разгледзім, якім чынам “расійскі сюжэт” працуе ў эфіры “Белсата”:

“А цяпер Расея і ўрокі нянавісці, жорсткасці і варожасці: напад на расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ды іншых працаўнікоў фонду барацьбы з карупцыяй" (“Белсат”, 17.05.2016).

"Забойства Барыса Нямцова, збіццё расейскае апазіцыі. Градус агрэсіі ў нашых усходніх суседзяў сягае зеніту. Улады не проста глядзяць на сітуацыю праз пальцы: апазіцыю ўчора збівалі ў Анапе з маўклівае згоды паліцыі. А ўжо сёння - і толькі сёння - Цэнтрвыбаркам Расеі рэагуе на брудны пачатак выбарчае кампаніі асуджэннем" (“Белсат”, 18.05.2016).

"Ад забойства Аляксандра Літвіненкі мінула амаль 10 гадоў, але быць у апазіцыі да існага палітычнага рэжыму ў Расеі застаецца небяспечнай справай" (“Белсат”, 19.05.2016).

На вобраз Расіі як краіны-агрэсара працуюць і матэрыялы з відавочнымі антырасійскімі падсюжэтамі - пра дэпартацыю крымскіх тататараў і перамогу на “Еўрабачанні” cпявачкі Джамалы:

"Радасці ўкраінцаў няма межаў. Але няма межаў і абурэнню Расеі. Перамагла песня пра дэпартацыю крымскіх татараў. І гучыць асабліва, калі Крэмль ізноў цісне гэты народ у акупаваным Крыме. Расейцы крычаць, што перамагла палітыка, абражаюцца ды гавораць, што іх засудзілі" (“Белсат”, 16.05.2016).

"З аб'ектыўных прычынаў не дзівіць і рэакцыя на перамогу Джамалы самой краіны-акупанта. Прадстаўнік Расеі Сяргей Лазараў заняў у Стакгольме трэцяе месца, аднак першае Ўкраіны, відаць, не дае спакою" (“Белсат”, 16.05.2016).

"Цяпер жа татары ізноў апынуліся пад уладаю Крамля, зазанаюць рэпрэсіі. Гэтак Меджыліс крымска-татарскага народа Масква, а з ёю і акупантскія ўлады Крыму прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Таму, відавочна, песня Джамалы на ўвесь свет загучала ў патрэбны час" (“Белсат”, 16.05.2016).

Спецыфічныя метамарфозы адбываюцца, калі ў адным сюжэце сустракаюцца Расія (для “Белсата” яна выступае ўмоўным негатыўным “чужым”), і Лукашэнка (негатыўная частка дыхатаміі “мы-яны”/“беларусы” - “улада”). Як бачна з рыторыкі сюжэта пра візіт Сяргея Лаўрова ў Мінск, антыўладны дыскурс фактычна паглынаецца антырасейскім, пераўтвараючы для знешняга карыстання ўнутранага “чужога” у “нашага”.

"А на пачатак - пацісканне рук і абдымкі. Для адных братэрскія, а для іншых – могуць і задушыць. Шэф расейскае дыпламатыі Сяргей Лаўроў наведаў Менск. Пагаварылі з Аляксандрам Лукашэнкам пра перспектывы інтэграцыі. "Рускі мір" падступае ды апроч саюзнае дзяржавы, мае пачаць паўставаць яшчэ і саюзная інфармацыйная прастора. Хоць у адміністрацыі кіраўніка занепакоеныя дамінаваннем расейскіх навінаў. Пра партнерства, у якім бог не роўна дзеліць, - Усевалад Шлыкаў" (“Белсат”, 16.05.2016).

На тыдні маніторынгу ў эфіры “Белсата” было месца і “добрым” расейцам. Ім апынуўся лідар гурта “Звери” Рома Звер, які на ламанай беларускай запрасіў сваіх беларускіх фанатаў на канцэрт. Пры тым што навіна быццам бы пазітыўная, форма яе падачы пацвярджае пераважна антырасійскі вектар тэлеканалу:  "Нечаканае запрашэнне на канцэрт ад гурта "Звери". Саліст Рома Звер звярнуўся да беларусаў і вось неспадзяванка - на нашай мове!". І далей: "Выступяць нечакана беларускамоўныя "Звери" 26 траўня ў Палацы спорту, хаця і расейскі гурт. Запрашаем такога расейскага гурта ў Беларусь беларускамоўна таксама" (абедзве цытаты - “Белсат”, 16.05.2016)

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: