Вы здесь

Беларускі Калегіюм аб’яўляе набор на 2016/2017 навучальны год

Беларускі Калегіюм – першая ў незалежнай Беларусі платформа нефармальнай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе. Выкладчыкі БК – вядомыя ў Беларусі і свеце інтэлектуалы, навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, іх курсы базуюцца на апошніх навуковых даследаваннях, сучасных методыках і практыках. Праграмы БК не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Сертыфікат БК не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі, аднак навучанне ў Калегіюме дае ўнікальныя веды і навыкі, якія значна пашыраюць інтэлектуальныя і прафесійныя гарызонты.

Што прапануе Беларускі калегіюм?

БК прапануе навучанне па чатырох спецыялізацыях:

– Найноўшая гісторыя. У межах дадзенай праграмы вы зможаце атрымаць веды пра трагічны і ўзнёслы лёс Беларусі ў ХХ стагоддзі. Заняткі вядуць найлепшыя беларускія гісторыкі, якія прэзэнтуюць вынікі сваіх апошніх даследаванняў. Шмат увагі надаецца практычным заняткам (архіўная і экскурсійная практыка і г.д.).

– Філасофія і літаратура. Гэты праект не мае аналагаў у краіне. Тут філасофія з літаратурай  яднаюцца ў адно цэлае. Акцэнт робіцца на творчасці, таму да нас найперш прыходзяць за навукай тварэння вершаў, прозы, філасофскіх тэкстаў. Але мы вітаем усіх, хто прагне ісціны і прыгажосці.

– Еўрапейская палітыка, грамадства, культура. Гэта ўнікальная для Беларусі адукацыйная праграма, якая дае паглыбленыя веды пра палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ды культурныя працэсы ў Еўрапейскім саюзе і Усходняй Еўропе. Калі вы – малады навуковец ці аналітык, праграма можа стаць выдатным пачаткам вашай кар’еры.

– Журналістыка: пачатковы курс. Гэтая праграма  вучыць адрозніваць  прафесійныя журналісцкія прынцыпы ад метадаў агітацыі і прапаганды, прапануе веды і практыку вырабу медыя-прадукту, а таксама паглыбленую спецыялізацыю ў актуальных накірунках медыя-практыкі.

 

Як стаць навучэнцам Калегіюма?

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў або асобы з вышэйшай адукацыяй. У асобных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў.

Прыём на навучанне ажыццяўляецца па выніках сумоўя. Для запрашэння на сумоўе трэба запоўніць анкету. Для паступлення на аддзяленне “Філасофія і літаратура” таксама патрабуюцца ўласныя тэксты (падрабязней гл. тут), на аддзяленне “Найноўшая гісторыя” – матывацыйны ліст (падрабязней гл. тут). Іх варта адпраўляць на info@belcollegium.org

Пачатак заняткаў з канца кастрычніка 2016 г.

Заяўкі прымаюцца да 17 кастрычніка 2016 г. уключна

Адказы на асноўныя пытанні, звязаныя з паступленнем і навучаннем, можна паглядзець тут.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз info@belcollegium.org, facebook.com/belcollegium

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: