Вы здесь

У Беларусі будуць рыхтаваць краўд-тэхнолагаў

Фельетоны

У Беларусі распачаўся набор на ўнікальную навучальную праграму «Краўд-тэхнолаг». «Упершыню ў СНД» будуць навучаць не толькі рэалізацыі праектаў, але і развіццю платформаў. Арганізатарам выступае першая беларуская краўд-платформа для рэалізацыі праектаў Talaka.by, паведамляюць у прэс-службе праекту.

Двухмесячная праграма складаецца з васьмі этапаў, кожны з якіх мае тэарытычную і практычную часткі. На наступны этап пераходзяць толькі тыя, хто якасна выканаў практычнае заданне. Арганізатары чакаюць, што ўдзельнікі праграмы будуць выдаткоўваць на навучанне не меней 20 гадзін на тыдзень. Вочная лекцыйна-семінарская частка будзе праходзіць па выходных у Мінску.

Аўтарам і вядучым курса «Краўд-тэхнолаг» стане заснавальнік і кіраўнік Talaka Яўген Клішэвіч. У выкладанні таксама возьмуць удзел «запрошаныя трэнеры і паспяховыя краўдфандэры».

«Мы лічым, што краўд-тэхналогіі дапамогуць не толькі развіваць краіну знутры, але і ўключаць Беларусь у глабальны сусветны кантэкст. Замежныя ініцыятывы стануць болей бачныя для беларусаў, а беларускія — для іншых краінаў. Для гэтага і неабходна рыхтаваць спецыялістаў, якія разам з намі будуць развіваць як Talaka.by, так і сферу краўд-тэхналогій у Беларусі», — адзначыў Яўген Клішэвіч.

Арганізатары навучальнага курса падкрэсліваюць, што акрамя калектыўнага фінансавання праектаў (краўдфандынгу) краўд-тэхналогіі таксама ўключаюць ў сябе і іншыя механізмы прыцягвання шырокага кола людзей для вырашэння пэўнай задачы. Напрыклад, Talaka.by — гэта яшчэ і пошук удзельнікаў у каманду, прывабліванне зацікаўленых экспертаў і доступ да рэсурсаў. Але існуюць і іншыя накірункі: калектыўнае інвеставанне, рэйтынгаванне, вырашэнне вынаходніцкіх задачаў і іншыя.

Як сцвяржаюць у Talaka.by, новая навучальная праграма дапаможа знайсці і падрыхтаваць людзей у каманду платформы, каб працягваць актыўна развівацца: у 2017 годзе праект плануе выйсці ў іншыя краіны. На сёння да платформы, якая ўяўляе сабой лічбавы акселератар, далучылася 24 тысячы чалавек, 1000 праектаў рэалізуецца, а болей за 200 праектаў, што збіралі сродкі, прыцягнулі болей за 350 тысяч рублей.

Першы занятак курса «Краўд-тэхнолаг» адбудзецца 8-га студзеня. Для падачы заяўкі на ўдзел неабходна зрабіць сімвалічны ўнёсак (2 рублі).

Dev.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: