Вы здесь

Марыя Мартысевіч: Камісія па этыцы БАЖ існуе, але ў ёй няма сэнсу

Паэтка, перакладчыца і журналістка адрэагавала на чарговы этычных скандал у беларускай журналістыцы і падзялілася ўласнымі думкамі наконт неабходнасці зменаў у этычным кодэксе БАЖ.

Марыя Мартысевіч адшутурхнулася ў сваім допісе ў Facebook ад уласнага досведу стасункаў з Камісіяй па этыцы БАЖ.  Mediakritika.by падаліся гэтыя разважанні Марыі вартымі асобнага абмеркавання.

Друкуем поўны тэкст допісу журналісткі з дазволу аўтаркі. І запрашаем чытачоў да размовы аб тым, якія змены ў этычным кодэксе наспелі ўжо сёння.

 

“Сёлета ў чэрвені я, Uladzimir Liankievič і Максім Жбанкоў удзельнічалі ў паседжанні Камісіі па этыцы БАЖ. Мы прадстаўлялі скаргі на публікацыі nn.by, датычныя асвятлення гэтым сайтам прэміі "Кніга году".

Камісія пастанавіла, што з боку рэдакцыі сайту парушэнняў журналісцкай этыкі не было. Пры тым, прадстаўнікоў сайту там не прысутнічала. "Ніўцы" перакананыя, што калегі і чытачы аб'ядналіся, каб цкаваць іх, і выкарыстоўваюць дзеля гэтай мэты Камісію БАЖ.

Іх падтрымліваюць іншыя паважаныя медыйшчыкі краіны. Напрыклад, на сайце БАЖ з'явілася адпаведная калонка рэдактара "Салідарнасці" Аляксандра Старыкевіча, дзе ён з асалодай выкрываў гэтую тэорыю змовы.

Мы падавалі скаргу ў пачатку красавіка, а на разгляд нас запрасілі толькі ў чэрвені. Гэта было за пару дзён да таго, як я пачынала "Амерыканку", і я папрасіла ў БАЖаўцаў не рабіць з разгляду публічнай падзеі, бо асабіста я не мела тады фізічнай і маральнай магчымасці ўдзельнічаць у набросе з гэтай нагоды. Але я абяцала Барыс Гарэцкі, што абавязкова вярнуся да сітуацыі пазней. Што і раблю, пагатоў, з'явілася новая нагода -Andrey Dichenko толькі што звярнуўся ў Камісію па этыцы БАЖ, і гэта таксама мае дачыненне да "Нашай нівы".

Падзялюся сваімі ўражаннямі ад паседжання Камісіі па этыцы БАЖ. Бо, мне здаецца, тое, што там адбывалася, закранае важныя праблемы нашай медыйнай сферы.

Камісія па этыцы на сёння – адзіная ў Беларусі магчымасць абмеркаваць некарэктныя дзеянні таго ці іншага журналіста або рэдакцыі ў коле прафесіяналаў. Гэты інструмент быў задуманы дзеля ўдасканалення нашага медыйнага поля. З існым заканадаўствам РБ гэты орган БАЖ дае магчымасць адстаяць гонар і годнасць, не выкарыстоўваючы такі рэпрэсіўны апарат, якім на сёння ёсць беларускі суд.

Гэты інструмент існуе, але, на жаль, у ім сёння няма сэнсу.

Кодэкс па этыцы БАЖ прымаўся яшчэ ў 1990-я, калі і інтэрнэту як такога не было, не тое што лічбавай прасторы, у якой нашы СМІ існуюць сёння амаль цалкам. У выніку 90% канфлікту, якія паўстаюць сёння ў журналістаў і чытачоў СМІ, проста не прадугледжаныя Кодэксам.

Не кажучы пра тое, што большасць сяброў Камісіі – гэта паважаныя зубры нашай журналістыкі, якія проста не разумеюць прынцыпы функцыянавання інтэрнэту.

Так, яны закінулі арганізатарам прэміі "Кніга году" тое, што яны не спрабавалі данесці да рэдакцыі “Нашай Нівы” сваю думку.

"Ну як жа! - у соты раз на пальцах тлумачыць сакратар прэміі Ўладзь Лянкевіч. - я прыйшоў у публічны допіс аўтара матэрыялу і ў нас быў трэд на 15 каментароў, дзе я выклаў пазіцыю арганізатараў прэміі з усімі самымі падрабязнымі фактамі і лінкамі. І ўсё адно аўтар скапіпасціў свой допіс з ФБ і без зменаў і дапаўненняў зрабіў з яго матэрыял на сайце".

- Так, але чаму вы не патэлефанавалі яму? - пытаецца Sergey Vaganau.

Цяпер Андрэю Дзічэнка давядзецца паспрабаваць патлумачыць Сяргею Ваганаву, што такое "затэгаць удопісе прадстаўнікоў СК" і чаму гэта можна прыраўнаць да даносу.

Большасць прыёмаў несумленнай журналістыкі і прапаганды, якімі карыстаюцца сёння онлайн, як у жоўтай прэсе, так і ў прапагандысцкіх (крамлёўскіх) выданнях, не фігуруюць у Кодэксе БАЖ.

Так, мне сказалі, што я не маю права заяўляць пра маніпуляцыі, бо ў Кодэксе БАЖ няма тэрміну "маніпуляцыя". Кодэкс прызнае толькі скажэнне фактаў. Падтасоўка, вырыванне з кантэксту, мантаж – гэтага ўсяго Кодэкс не разумее.

Ад адчаю мы нават перайшлі на метафары.

- Уявіце загаловак: "Уладзь Лянкевіч перайшоў дарогу на чырвонае святло"! - прывёў прыклад Уладзь. - Гэта абсалютная праўда і адбылося толькі што. У рэчаіснасці Мінск быў перакрыты дзеля рэпетыцыі параду. Дабіраючыся сюды, я пераходзіў скрыжаванні з рэгуліроўшчыкамі. Я перайшоў дарогу на чырвонае святло, але па камандзе ДАІшніка. Такім чынам, журналіст, які прыдумвае такі загаловак, не парушае праўды жыцця. Але гэты загаловак прадстаўляе мяне правапарушальнікам у вачах чытача, бо факт вырваны з кантэксту. То бок, праблема не ў фактах, а ў іх медыйнай падачы. ПАДАЧА – вось, на што мы скардзімся".

Вы не паверыце, але большасць сябраў Камісіі не пераканала і гэта. Яны сказалі, што калі самі факты не атрымалі скажэння, то ў нас не можа быць прэтэнзіі да журналістаў. Не было паклёпу, маны. Дык чаго мы абураемся?

Атрымалася, што мы спрабуем тлумачыць элементарныя рэчы заслужаным людзям, якія стварылі сучаснае аблічча нашай незалежнай журналістыкі. Гэта было сумна і страшна.

Хоць Камісія большасцю галасоў пастанавіла, што нашы скаргі былі беспадстаўныя, на самім абмеркаванні гучалі розныя думкі. Дзякуй за падтрымку Taciana Reviaka, Марыне Загорскай, Гуляев Анатолий.

На паседжанні мы таксама прыйшлі да высновы, што асобныя выпадкі парушэння этыкі рознымі выданямі варта было б абагульніць і абмяркоўваць у іншым фармаце, больш шырока, напрыклад, за круглым сталом.

Змяніць Кодэкс БАЖ не ўяўляецца магчымым, бо гэта робіцца толькі на Агульным сходзе. На гэты сход рэдакцыі дэлегуюць аднаго ці двух прадстаўнікоў, якія маюць столькі галасоў, колькі ў рэдакцыі сябраў БАЖ. Звычайна, канешне, ідзе рэдактар.

Такім чынам, усе пастановы БАЖ выгодныя рэдактарскаму лобі і не адлюстроўваюць інтарэсаў большасці журналістаў. Так, Кодэкс па этыцы спрабавалі змяніць на апошнім паседжанні. Ніводнай змены датычнай лічбавай эпохі правесці не ўдалося.

Няма сэнсу скардзіцца на Дынько ў Камісію па этыцы, бо правілы дзеяння Камісіі вызначаныя самім Дыньком. Не ведаю, як у каго, у мяне асабіста няма сілаў на рэвалюцыю яшчэ і ў гэтай сферы.

Пасля колькіх спробаў узаемадзеяння з БАЖ я прыйшла да высновы, што мой удзел у арганізацыі ўвогуле не мае сэнсу. Арганізацыя робіць сапраўды шмат добрага – семінары і навучанне для маладых жуналістаў, напрыклад. Ды і сайт апошнім часам добра развіваецца. Але разам з тым БАЖ сёння – гэта карпарацыя, якая падтрымлівае інтарэсы традыцыйных незлежных СМІ. Дазваляе ім існаваць у зоне камфорту, не рэагуючы на змены медыйнага поля.

У выніку, актыўны ўдзел у дзейнасці БАЖ – гэта нават нешта небяспечнае для прафесіі, таму што паўстае эфект асаджанай крэпасці, адмаўленне відавочных праблемаў. Да таго ж, пераважная большасць новых гульцоў у нашых медыях нават не падазраюць пра існаванне БАЖу. Больш за тое, большасць гэтых гульцоў нават не з'яўляюцца СМІ ў традыцыйным разуменні гэтага слова.

Пакуль Камісія па этыцы вырашае, ці ўнесці тэрмін "маніпуляцыя" ў Кодэкс, жыццё ідзе міма, трафік і лідэрства меркаванняў пераходзіць да сацыяльных сетак, якія цяпер актыўна інтэгруюцца з піяр-індустрыяй. Хутка і маніпуляцыя як механізм састарэе, а мы ўсё яшчэ за свабоду, дэмакратыю і каштоўнасці эпохі галоснасці.

Хацела нават заяву пра выхад напісаць, і слоган для набросу прыдумала "Ася Паплаўская цяпер – сябар БАЖу, а я не". Але вырашыла, што проста не буду плаціць унёскі, а вызваленыя 40 рублёў аддам на "Вуллі" "Казачнаму джэму".

Паводле логікі, з БАЖу мяне мусяць цяпер выключыць за нясплату ўнёскаў, але, магу паспрачацца, такога не абдудзецца. Бо БАЖ не залежыць ад унёскаў сябраў. Гэтак жа, як уся беларуская дзяржава не залежыць ад падаткаў беларусаў, а залежыць ад расійскіх траншаў. І дзяржава таму можа спакойна забіваць болт на народ, што з поспехам і робіць...

Нешта забыла... Ага. Падтрымаць кніжную серыю "Амерыканка", якую мы спрабуем выдаць без якой-кольвек грантавай дапамогі, можна тут”.

Оценить материал:
1
Средняя: 1 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: