Вы здесь

Запусьціўся сайт праверкі абяцаньняў беларускіх чыноўнікаў, палітыкаў і спартоўцаў

В фокусе

Малады беларускі праграміст Павал Савіцкі запусьціў сайт promise.by, на якім абяцае адсочваць лёс таго, што абяцалі беларускія публічныя асобы — як дзяржаўныя чыноўнікі, так і апазыцыйныя палітыкі, нават спартоўцы.

«Адна справа, калі людзі проста здагадваюцца, што нейкія абяцаньні не выконваюцца, а іншая — калі бачаць, што не выконваецца, — разважае Павал Савіцкі. — Можа, ёсьць насамрэч нейкія чыноўнікі, якія больш адказна ставяцца да сваіх абавязкаў і больш выконваюць іх. Але зразумела, што больш гавораць, каб проста „паабяцаць сьветлую будучыню“».

Савіцкі сумняецца, што такі сайт дапаможа рэгулярна караць чыноўнікаў, якія не выконваюць абяцаньні, але, кажа ён, «хай бачаць: можа, хоць аднаму ці двум стане сорамна, і яны пачнуць думаць перад тым, як абяцаць».

Сярод таго, што адсочвае сайт, абяцаньні адкрыць чатыры новыя станцыі менскага мэтро ў 2018 годзе (цяпер кажуць, іх адкрыюць не раней за 2020 год) і не падвышаць тарыфы «Белтэлекама» на доступ да інтэрнэту цягам другой паловы 2017 году (гэта атрымалася).

Адсочваюцца будуць і абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі (як то будаўніцтва гатэлю, вядомага ў народзе як «Некемпінскі», і паездка ў вайсковую частку ў Печы), і апазыцыйных палітыкаў (цяпер сайт сочыць за абяцаньнем правацэнтрысцкай кааліцыі выставіць 500 кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах), і не зьвязаныя з палітыкай абяцаньні (як намер тэнісісткі Вікторыі Азаранкі выступіць на турніры ў Аўстраліі). Аўтар сайту кажа, што і апазыцыянэры, і спартоўцы «таксама публічныя пэрсоны, таму павінны думаць пра тое, што гавораць».

Ды пра абяцаньні тых, хто не на дзяржаўнай службе, аўтар кажа: яны адсочваюцца не для таго, каб паказаць, «які чалавек благі». Той жа Азаранцы, адзначае ён, цяпер не да тэнісу праз сытуацыю зь дзіцём. Пад кожным вынікам абяцаньня на сайце зьмяшчаецца камэнтар, у якім Савіцкі зьбіраецца па магчымасьці даваць тлумачэньні прычынам выкананьня ці правалу абяцаньня.

«Калі ў чалавека будзе шмат слоў, і яны заўсёды будуць разыходзіцца з дзеяньнямі – вось гэта ўжо званочак, а меркаваць па адным-двух словах аб чалавеку, які ні на што не ўплывае, акрамя свайго жыцьця — маю на ўвазе цывільных — ня вельмі карэктна», — дадае Савіцкі.

Заносіць абяцаньні ў базу сайту прапануецца самім карыстальнікам – аўтар праекту кажа, што будзе правяраць праўдзівасьць дадзеных зьвестак, але падкрэсьлівае, што сайт зроблены проста як хобі.

Радыё Свабода

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: