ОБ АВТОРЕ

Кінакрытык.

Сябра Саюзу кініматаграфістаў БССР.

Выкладчык Мінскай кінашколы-студыі.

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

    Материалы отсутствуют

Вы здесь

Па-беларуску і без цэнзуры

Як вядома, у нашай краіне два электаральных дэвіза –  “Слухай Бацьку!” і “Жыве Беларусь!” І два тыпа медыяў, якія супрацьстаяць адно аднаму – салаўіныя дзяржаўныя СМІ і крытычныя незалежныя. Першыя не цікаўныя менавіта таму, што  імітацыйная журналістыка, электронная і папяровая, хутка нагінае аскоміну  прапагандысцкім даўбеннем, скажэннем рэчаіснасці і стандартнымі забаўляльнымі відовішчамі. А вось як дзейнічае непадцэнзурны тэлеканал “Белсат”, які выступае ў процівагу тэлевізійным мастадонтам “Беларусь-1” і АНТ, і як адлюстроўвае ён  краіну і беларусаў, варта паназіраць.

Паспрабую са сваёй званіцы  зрабіць тыя-сія інтэгральныя ацэнкі на падставе прагляду штодзённых выпускаў “Аб’ектыву”, штотыднёвых праграмаў  “Два на два”, “Форум”,  “Зона “Свабоды”, “Маю права”, “Гісторыя пад знакам Пагоні”, шэрагу іншых. Дадаю ў “меню” і  дакументальныя фільмы.

Ацэньваецца  не толькі кантэнт, прафесійныя тэлевядоўцы, рэпарцёры ў кадры і за кадрам, але і той кантынгент, які запрашаюць у студыю або бяруць інтэрв’ю па-за імі. І вось,  якія меркаванні ў мяне назапасіліся.

Ідэнтыфікацыя

Беларусь выглядае на “Белсаце” гістарычнай пакутніцай, мемарыялам  барацьбітоў за незалежнасць у розныя стагоддзі. Краінай, якая ў мінулым мела інтэлектуальную эліту, сваіх ваяроў, святых і злачынцаў. У сённяшняй рэчаіснасці яна час ад часу пратэстная, арыентаваная на дэсаветызацыю, на пабудову грамадзянскага соцыюма і на нацыянальныя каштоўнасці. Гэта, галоўным чынам, у слове, падзеях і фактах. У візуальным  адлюстраванні Беларусь выглядае прыроднай прыгажуняй з кантраснымі ўмовамі жыцця.

Партрэт беларуса, дакладней ягоны абрыс, вымалёўваецца ў наступных тварах і рысах. Гэта грамадскі, палітычны або культурны дзеяч – крытык рэжыму. Часцей ён – удзельнік апазіцыійнага руху, ці проста той, хто выспаведвае дэмакратычныя погляды. Выступае ў якасці  эксперта (пераважна палітолага і эканаміста), або ў якасці  юрыста-праваабаронцы. Дапаўняе абрыс  былы палітвязень, або суайчыннік, пацярпелы ад улады. Увогуле, гэта, галоўным чынам, той беларус, які не толькі не згодны з існуючым рэжымам, але гатовы супрацьстаяць яму па меры ўласных магчымасцяў, ці хаця б публічна выказваць сваю пазіцыю. Палавой  або іншай дыскрымінацыіі няма –  тут мужчыны і жанчыны, па узросту – моладзь і людзі  старэйшыя, сацыяльны статус розны – ад студэнтаў да пенсіянераў, ад прадпрымальнікаў да іншых спецыялістаў і прафесій.

Амаль не сустракаюцца на тэелеэкране дзейныя прадстаўнікі  заканадаўчай і выканаўчай улады (толькі некаторыя былыя). Прычына, на мой погляд, на паверхні – ніхто з іх не хоча страціць крэсла з-за кантактаў з “нячэснымі” журналістамі з “пятай калоны”.  Хаця ў рэпартажнай хроніцы некаторыя афіцыйныя асобы невышэйшага ўзроўню адказваюць на пытанні па тэлефоне.

Трэба адзначыць, што  ў інфармацыйных праграмах “Белсату”  беларус больш шматаблічны, чым у аналітычных. Тлумачыцца гэта практыкай тэлеканала, які пастаянна дае апытанкі мінакоў па актуальных падзеях, здарэннях і праблемах, а таксама   карыстаецца  афіцыйнай хронікай пад свой каментар.  “Новыя беларусы”, то бок бізнэсоўцы, пэўна, ухіляюцца ад відэакамер “Белсата”, бо зафіксаваны мною толькі адзінкі. Мо іх твары і думкі – таксама камерцыйная тайна?

У цэлым Беларусь, якая прадстаўленая на “Белсаце”, гэта тое сацыяльна-псіхалагічнае асяроддзе і той геаграфічны арыял, з якім аўтар гэтых нататкаў жадаў бы ідэнтыфікаваць сябе,  хаця час ад часу жыць у гэтай краіне сумна і балюча.

Канешне, створаны  абрыс нельга лічыць  рэпрэзентатыўным (прадстаўнічым), і ён не распаўсюджваецца на ўсю генеральную сукупнасць, якая складае аудыторыю тэлеканала па-за тэлеэфірам. Не супадзе ён колькасна, хутчэй за ўсё,  і з тым асяроддзем, якое прадстаўляюць  гледачаы “Белсата”. 

Каманда

У мяне ў памяці захаваўся пачатак развіцця Беларускага ТБ, калі не было спецыяльных падрыхтаваных кадраў, і ўсе творчыя супрацоўнікі вучыліся на ўласных памылках, якія рабіліся на вачах гледачоў. На цяперашнім “Белсаце” такой колькасці памылак і прафесійнага браку, здаецца, няма.

Але, як на маю думку, не ўсе тэлевядоўцы ў кадры выглядаюць у інтэрв’ю на роўных з экспертамі і аналітыкамі (асабліва тое было прыкметна, калі ішоў “Тыдзень у “Аб’ектыве”). Асобным  тэлерэпарцёрам трэба ўдасканальваць дыкцыю, бо моўны апарат раней, відаць,  меў недастатковую беларускамоўную практыку.

Жаночая ветлівасць на тэлебачанні вітаецца, аднак калі-нікалі  ў інфармацыйным блоку і публіцыстыцы яна залішняя. Здаецца мне,  мужчынскаму кантынгенту  больш  трэба клапаціцца адносна знешнего  выгляду  ў  сэнсе “ідзе-не ідзе да твару” і  ці пасуюць адзін да адного выбраныя колеры адзення (варта было б параіцца са спецыялістамі).

Бездакорная ў маім успрыманні філолаг-вядучая Вольга Іскрык (“Моўнік”). Яе заўсёды адчуваеш падрыхтаванай да размовы з субяседнікам, яе тэмы і пытанні – “ у яблычка” .  Эстэтычная асалода: глядзіш, слухаеш  і хочацца, каб яе прысутнасць у эфіры працягвалася. 

“Два на два” з Дзмітрыем Гурневічам і Паўлам Мажэйкам – гэта цікавыя  перакрыжаваныя “дуэлі”, асабліва, калі субяседнік бліскуча валодае матэрыялам так, як гісторык Ніна Стужынская. Можа, калі-нікалі абодвум нехапае пытанняў-свярдзёлакаў, каб захаваць дынаміку размовы.

“Зона “Свабоды” з Аляксандрам Лукашуком, Аленай Ціхановіч і іх калегамі - гэта  тэрыторыя  славесных асаў-аналітыкаў, дзе выйграе  Юры Дракахруст. Вельмі прыцягальны малады Франак Вячорка, у якім адчуваюцца эрудзіраванасць, свабода мыслення, стрыманасць і адначасова рысы байца. 

У двух апошніх выпусках (24 лістапада і 1 снежня 2012 г.) стваральнікі намацалі вельмі важны ракурс адлюстравання сённяшняй рэчаіснасці, разбіраючы праблему “Грузія-Україна-Беларусь і Расія”, і “упісаўшы” факт раённага маштабу (збіццё кандуктара) у кантэкст сённяшняга сацыяльнага быцця. Такія накірункі, як мне здаецца, найбольш перспектыўныя ў дыяпазоне “Зоны “Свабоды”.

Ток-шоў “Форум”  з Эдуардам Мельнікавым. Тут кожная тэма-праблема “абстрэльваецца” дзякуючы цікавым гасцям і вопытнаму тэлевядоўцу. Ён умее слухаць, стопарыць ці доўжыць нейкі кавалак дзеяння, здольны  падхопліваць або абвяргаць выказванні без націску, кідаць трапныя  гумарыстычныя жарцікі. У гэтай дыскусійнай праграме па  актуальных пытаннях не адчуваеш прысутнасці  статыстаў  дзякуючы яе дынамічнасці. Мінус  праграмы – адно і тое ж кола  спецыялістаў-экспертаў, хаця  разумею прычыну:  на кожны тыдзень не знойдзецца людей са  свабоднымі і змястоўнымі меркаваннямі. Ды і ва ўмовах сучаснай Беларусі вострыя шматфігурныя перадачы вельмі цяжка рабіць.

Хацелася б зрабіць параду праграмнаму рэдактару тэлеканулу. Калі ў сетку вяшчання ставіцца даўні “Форум” (зрэшты, тое тычыцца не толькі гэтай праграмы), псіхалагічна яна ўспрымаецца, як блізкая па часе. Таму, калі бачыш чалавека, якога ужо няма, або якога прадстаўляюць у мінулым статусе, а ён змяніўся, ды чуеш спасылку гасцей накшталт “адбылося на гэтым тыдні”, адразу адчуваецца храналагічная дыстанцыя. Трэба ставіць для гледача нейкія апазнавальныя знакі мінуласці.

У новым сезоне былі заяўлены дыялогі філосафа, метадолага Уладзіміра Мацкевіча і культуролага Максіма Жбанкова. У абодвух былі больш цікавыя і менш цікавыя эфірныя сустрэчы. У першага, на мой погляд, у нейкія моманты ўзнікала занадта моцная напорыстасць у адносінах да субяседніка. Заўважу,  Мацкевіч з яго талентам палеміста ў шматлюднай аўдыторыі і Мацкевіч сам-насам з субяседнікам – гэта блізкія, але ўсё ж не аднолькавыя іпастасі.

У Максіма Жбанкова мне вельмі спадабаліся размовы з філолагам Зміцерам Саўкам і кампазітарам  Сяргеем Пукстам. Тэлевядоўца адпавядаў візаві сапраўднай зацікаўленасцю, пытаннямі, якія здаваліся імправізацыйнымі, але не выпадковымі, і адразу  выклікалі эмацыянальную рэакцыю.

Адна з самых значных асоб тэлеканала, на мой погляд, – Юры Хашчавацкі, праваабаронца, сусветна вядомы дакументаліст, творца актуальных публіцыстычных стужак і сатырычнай праграмы “Эксперт”, якую ён робіць (дакладней, рабіў да скарачэння сеткі) штотыднёва з калегамі-аднадумцамі і абаяльнай вядучай Дашай Зялінскай. Сам стваральнік увасабляецца ў персанажа пад мянушкай Крумкач Мінскі. Яму ўдаецца самае рызыкоўнае ў такога роду перадачы – спалучэнне сарказму і іроніі з сур’ёзным  каментаром аналітыкаў па актуальных пытаннях і падзеях.

Думаю, калі б “Эксперт” трансліраваўся ў вялікую залю, гамерычны рогат не сціхаў бы, тым больш, што дзеянне “пакуецца” ў музычную абалонку. Інтэрпрэтуецца ўсё – ад пасажаў  галоўнага мультгероя Гаранта і яго атачэння да  таго самага пацука, які...  Ну самі ведаеце, яго вялікую місію ён выканаў ў адзін з перадвыбарчых перыядаў. А афарызм “Беларус – гэта той жа кітаец, толькі са знакам якасці” стаў ужо пабытовым.  

У апошні тыдзень лістападу адныя вядоўцы пайшлі за кадр, іншыя зніклі. Істотна скарацілася сетка тэлевяшчання “Белсата”. Прычына, як вядома, фінансавыя справы. Будзем спадзявацца, што праз кароткі час зноў убачым  вельмі прафесійных кабет Аліну Коўшык і  Вольгу Старасціну; мне падабаецца прысутнасць ў кадры і Сяргея Скулаўца, голас якога зараз чуецца на “карцінцы”.  Змястоўныя рэпартажы дае з калегамі Марцін Ярскі. Вельмі не хочацца развітвацца з праграмамі, пра якія тут ішла гаворка.

Кантэнт

Чытала не адзін атакавальны водгук пра дзейнасць “Белсата”. Мне падаецца, што яго крытыкі не улічваюць: ён працуе не ў спрыяльнай, часам ў рызыкоўнай  прасторы,  і вымушаны, акрамя арганізацыйных і фінансавых складанасцей, спалучаць  легітымнасць з партызанскімі метадамі.

Але не абміну і сваіх назіранняў. Бачу тыя-сія нюансы  ў  агульнай палітыцы, напрыклад, збольшаны акцэнт  на захад. Калі-нікалі ў сюжэтах, выпусках, дакументальных фільмах не хапае  аб’ектыўнасці, бо перацягвае абвінаваўчая танальнасць. Існуе на канале і такі фактар, як паказ “кансерваў” –  шматлікія паўторы адных і тых жа праграм і фільмаў. Але, мяркую, пакуль гэта вымушаная мера.

У якасці пазітыўнага моманта адзначу жаданне кіраўніцтва на чале з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы ўдасканавальвацца: мне, як глядачцы, бачны творчы і арганізацыйны рух  “Белсата TV” у параўнанні з мінулым, 2011 годам. 

Вельмі ўразлівымі і па-грамадзянску моцнымі ў эфіры 2011 года  былі  аналіз драматычных падзеяў і  акцыя салідарнасці з палітвязнямі “Плошчы-2010”. Яе фінальнымі акордамі сталі цыкл фільмаў-маналогаў “Краты”, дакументальныя стужкі “Звычайныя выбары” Юрыя Хашчавацкага і “Пастка для прэзідэнта” Леаніда Міндліна і Сяргея Ісакава (аб уздзеянні расійскага фактару на Беларусь найноўшага часу). Такой публіцыстыкай вышэйшай пробы  “Белсат”  адзначыў Сусветны дзень правоў чалавека. Праблемы ахвяр палітычнага рэжыму разам з  сацыяльна-эканамічным становішчам краіны былі на першым плане ў эфіры тэлеканала і ў бягучым годзе.

Пройдзе час і мы зразумее, “Белсат” ужо зафіксаваў (і працягвае фіксаваць) хроніку сучаснасці, якая застанецца ў гістарычным летапісу без фігур замоўчвання, без выбіральнасці  асоб з “легітымных” і з “чорных спісаў”,  без хлусні і ліслівасці. У савецкія часы беларусаў запэўнівалі, што пра Беларусь  думаў Ленін, а потым  КПБ, якая выконвала гэты абавязак па дырэктывах КПСС. “Белсат” жа запэўнівае, што пра Беларусь думае шмат крэатыўных, высакародных, бясстрашных людзей. У гэтым – надзея. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: