Вы здесь

Жыццё, якое яно ёсць. За што любяць і ненавідзяць “Ганцавіцкі час”

Интервью

Прыкладаў, калі незалежнае медыя выступае не толькі сродкам масавай інфармацыі, а адначасова бізнес-праектам, пляцоўкай для камунікацыі супольнасці, і нават інструментам для вырашэння грамадскіх праблем, у Беларусі не так шмат. 

Таму газета “Ганцавіцкі час” (а цяпер яшчэ і партал “Першы рэгіён”, які вырас з выдання) – у пэўным сэнсе феномен.

 

Барацьба не на роўных

Нас не пусцілі на пасяджэнне аблвыканкама з удзелам Мясніковіча, а матэрыял з усімі цытатамі адтуль на нашым сайце з’явіўся нават раней, чым у дзяржаўных СМІ. Адкуль мы бярэм інфармацыю – сакрэт. Я называю гэта добрымі стасункамі, – хітра паблісквае вачыма за акулярамі галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі.

Для сусветнай журналістыкі такі падыход да збору інфармацыі – звычайная практыка, але не для беларускай, дзе, як правіла, не атрымаўшы звестак з даступных крыніц, журналіст складвае рукі. Таму нават у буйных медыя амаль не існуе такога жанру, як журналісцкае расследванне. Аднак Пётр у “сваёй правінцыі” робіць амаль немагчымае: умудраецца праводзіць і публікаваць расследванні, якія датычацца не толькі Ганцавіцкага рэгіёну, але і вядуць да вышэйшых сталічных чыноўнікаў.  Згадзіцеся, ва ўмовах, калі Следчы камітэт шчэміць нават такіх гігантаў, як TUT.BY і БелаПАН, гучыць як міф.

Яшчэ больш неверагодна выглядаюць лічбы.

Першы нумар газеты выйшаў у снежні 2001 года, гэта былі чатыры чорна-белыя старонкі накладам у 1000 асобнікаў. Цяпер “Ганцавіцкі час” – гэта 24 паласы, часткова каляровыя, накладам у 3800 асобнікаў (і гэта на 27200 насельніцтва раёна), плюс, канешне ж, інтэрнэт-версія. Для параўнання: наклад дзяржаўнай раённай газеты “Савецкае Палессе” – 3192 асобнікі.

Як кажа раённае начальства, “Ганцавіцкі час” для іх моцны канкурэнт, але я іх лічу і калегамі. Канкурэнцыя – гэта добра,  але ж роўных магчымасцяў працы ў нас няма. Бо калі б яны былі роўнымі, тут засталася б толькі адна газета – наша, – усміхаецца Пётр Гузаеўскі.

 

 

“Мы не здраджваем сваім прынцыпам”

Як недзяржаўнаму СМІ не проста выжыць у глыбінцы, але быць запатрабаваным і заваёўваць новую аўдыторыю?

Рэдакцыя “Ганцавіцкага часу” лічыць, што газета павінна на сабе зарабляць. Таму 40% прыбытку выданню прыносіць рэклама, астатняе забяспечваюць продаж і падпіска (праз яе, дарэчы, рэалізуецца 70% накладу). Апроч таго рэдакцыя арганізавала дадатковыя паслугі: тыпаграфскія, фота на дакументы, ксеракопіі, продаж фотарамак…

Па словах Пятра, гэта – не ад лёгкага жыцця. І вялікімі зарплатамі пахваліцца супрацоўнікі рэдакцыі, на жаль, пакуль не могуць, але крыху вышэй за сярэднюю па раёне стараюцца ўтрымліваць. Да паказчыка “кожнаму па тысячы” яшчэ далёка. Першасны клопат рэдакцыі – захоўваць цікавасць чытачоў да газеты.

Якім чынам мы гэта робім? Найперш, мы не здраджваем сваім прынцыпам аб’ектыўнасці і праўдзівасці. Мы пазіцыянуем сябе як пляцоўку, дзе гарантуецца канстытуцыйнае права чалавека выказаць любое сваё меркаванне, нават калі мы яго не падзяляем. Мы паказваем жыццё такім, якое яно ёсць.

Пётр прызнаецца, што не ўсім гэта падабаецца. Частка людзей усё яшчэ баіцца незалежнага выдання, ды і з мясцовымі ўладамі складваюцца няпростыя адносіны.

Неаднойчы мы атрымлівалі папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі і пракуратуры. Нават на мінулым тыдні званілі, казалі, што на нас скардзіцца выканкам, бо мы публікуем шмат крыміналу з загалоўкамі, якія чапляюць кожнага. Але ж ці газета ў гэтым вінавата, калі ў раёне адбываюцца выключныя, рэзанансныя сумныя падзеі – нам што, не пісаць пра гэта? Дзіўна было чуць ад чыноўніцы, што, маўляў, вось раней самалёты падалі і ніхто пра гэта не ведаў… Мы не замоўчваем праблемы. Ці нядаўна, калі мы праводзілі журналісцкае расследванне аб заморы рыбы на рыбгасе “Лактышы”, мне патэлефанавалі і казалі, што за такую інфармацыю і  крымінальную справу могуць завесці. Але пасля прагляду “кіно”, якое мы знялі з дрона, усе пагрозы скончыліся нічым. Крымінальная справа можа быць узбуджана на тых, хто дапусціў безгаспадарчасць і хацеў схаваць факты.

Але за праўду прыходзіцца расплоцвацца. Вясной “Ганцавіцкаму часу” адмовілі ў распаўсюдзе праз сетку крам райспажыўсаюза.

Я лічу, што старшыню праўлення прымусілі скасаваць дамову. Безумоўна, мы страцілі праз гэта наклад. Гэта адбылося ўжо ў другі раз. У першы раз прычынай стаў наш артыкул аб тым, што людзі атруціліся ў іх рэстаране. Тады паўстаў цяжкі выбар: данесці людзям праўду і пакрыўдзіць партнёраў ці захаваць партнёраў, але страціць давер у аўдыторыі? Але ў нас ёсць прынцып: нягледзячы ні на што, мы не можам хаваць ад чытача рэзанансную інфармацыю. І ўвогуле нармальная газета, калі яна хоча прыносіць карысць для людзей і ўздымаць вострыя пытанні, заўсёды будзе ў апазіцыі, якая б улада ні была. Крытыка нікому не падабаецца, але важна, як да яе адносіцца. Калі не заўважаць праблем і нарываў, то ўсё згніе і загіне.

У той жа час выданню нельга падладжвацца пад пажаданні чытача, хоць ён плаціць грошы за інфармацыю, якую атрымлівае, перакананы Пётр Гузаеўскі.

 

“Праваахоўныя органы нам зайздросцяць”

Безумоўна, і “Ганцавіцкі час” закранае праблема захавання друкаванай версіі газеты. Падчас падпісных кампаній рэдакцыя ездзіць па вёсках і размаўляе з людзьмі. Апроч таго для падпісчыкаў стварылі дысконтныя карты, якія даюць права на зніжку пры атрыманні дадатковых паслуг, якія прадастаўляе рэдакцыя, ёсць таксама бясплатная кансультацыя юрыста і дапамога простым людзям у вырашэнні праблем.  

Сочаць у “ГЧ” і за трэндамі. Выданне пераходзіць у фармат канвергентнай рэдакцыі, якая выпускае некалькі інфармацыйных прадуктаў. Цяпер гэта газета “Ганцавіцкі час” і яе сайт, а таксама медыяпартал “Першы рэгіён”, які стартаваў летась.  

Мы прааналізавалі канкурэнтнае асяроддзе і пачалі ствараць гэты сайт з двух рэгіёнаў – Івацэвічаў і Бярозы, пасля далучылі да іх Ганцавічы і Пінск.

“Першы рэгіён” – гэта не толькі парадкавы нумар Брэсцкай вобласці, але і амбітная мэта быць першымі пастаўшчыкамі інфармацыі на гэтай тэрыторыі.

Прынамсі ў Ганцавічах нам гэта ўдаецца: мы часта аказваемся на месцах здарэнняў раней за хуткую, пажарных, міліцыю. Праваахоўныя органы нам нават па-добраму зайздросцяць, здзіўляючыся, адкуль нашы журналісты даведваюцца ўсё аператыўна, – зазначае Пётр Гузаеўскі.

Па яго словах, праца рэдакцыі цяпер пабудавана з арыентацыяй не на выхад штотыднёвіка, а як бы на выхад штодзённай газеты: сайты медыяпраекта абнаўляюцца фактычна кругласуткава. І калі аўдыторыя сайту “ГЧ” складае 3000 унікальных наведвальнікаў за суткі, то на “Першым рэгіёне” гэта ўжо 8000.

Хоць цяпер справы ў рэдакцыі ідуць адносна добра, так было не заўсёды. Пётр прызнаецца, што былі часы, калі ўзнікалі думкі закрыць газету. І цяпер ён кажа, што не ведае, як выданню ўдалося выжыць і паступова стаць прыбытковым.

Зарабляць сабе на жыццё ў тыя часы даводзілася па-рознаму: і ездзіць у Расію на будоўлі, чарніцы і журавіны збіраць, граць на вяселлях, – узгадвае галоўны рэдактар. – А праца ў газеце была такой цяжкай, асабліва маральна, калі невядома чаму карэспандэнтаў нават на ранішнікі ў дзіцячы садок не хацелі пускаць… І было такое, што казалі, навошта яно табе, працу знойдзеш спакойную і зарплату нармальную. Але як кінуць? А калегі, а чытачы, якія давяраюць? Аднойчы я ішоў па вуліцы, і нейкая бабулька падыйшла, схапіла мяне за руку і са слязьмі на вачах пачала дзякаваць, што мы ёй дапамаглі. І так душа зашчаміла. І я падумаў: значыць, патрэбная наша праца і газета людзям, калі карыснае робім!

У перспектыве Пётр Гузаеўскі бачыць свой праект не проста СМІ, а цэнтрам камунікацыі ў рэгіёне – балазе, энергіі і жадання развівацца ў яго на гэта хапае. Да таго ж нядаўна істотна змяніўся штат выдання, прыйшлі маладыя актыўныя людзі, якія хочуць змяняць месца, дзе жывуць. Бо яны, як і Пётр, лічаць, што з’язджаць у больш “перспектыўнае” асяроддзе – не выйсце, трэба ствараць яго тут, на месцы.

А тое, што некаторым мясцовым чыноўнікам мы не падабаемся… Ну, гэта ім трэба перасэнсаваць адносіны, а не крыўдзіцца на люстэрка. Працаваць трэба больш старанна для людзей, а не праседжваць порткі на “очень важных совещаниях по канцелярским товарам”. Пра поспехі і дасягненні мы пішам з задавальненнем. Як можам вышукваем, дзе нашы ганцаўчане адзначыліся, каб не прапусціць ніводнай падзеі! Але і гэта ім не падабаецца, бо прэтэнзія: а чаму мы напісалі першымі?.. За кожны поспех нашых землякоў мы радуемся, бо хочацца, каб Ганцавічы ведалі не толькі па сумных навінах, а бачылі, якія таленавітыя людзі тут жывуць! – падсумоўвае рэдактар. 

Дзіяна Дзіўная

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: