ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналіст і ў фэйсбуку — закладнік прафесіі

В фокусе

Медыйны выбух, справакаваны аўдыязапісам, што выклаў у фэйсбуку супрацоўнік “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук, падштурхнуў мяне да роздуму пра этыку паводзінаў журналіста (а калі шырэй — публічнай асобы) у сацыяльных сетках. Натуральна, гэтыя развагі выходзяць далёка за межы хрэстаматыйнага ўжо кейса “Лукашук — Папова”.

У тых жа сацыяльных сетках разгарэлася дыскусія, ці варта было выносіць гэту няўдалую спробу інтэрв’ю на публіку.

На закіды тых, хто ўважыў такі крок за неэтычны, даваўся адлуп: журналіст выклаў кліп у асабісты акаунт, дык якія могуць быць прэтэнзіі? Маўляў, калі і адрасаваць папрокі, то тым СМІ, што ўхапіліся за прыватны пост ды разадзьмулі сенсацыю.

Сапраўды, тое, што супрацоўніцу дзяржвыдання ды сяброўку журы “Еўрабачання” Вікторыю Папову некаторыя рэсурсы на аўтамаце падалі беларусафобкай (не спраўдзіўшы, што спадарыня мела на ўвазе і ўвогуле ці не ёсць той аўдыязапіс фэйкам), выглядала непрафесійна. Але гэта асобнае пытанне.

Давайце разбярэмся з тэзай, што акаунт у фэйсбуку (твітары і г.д.) не ёсць сродкам масавай інфармацыі і тут уладальнік сам сабе гаспадар.

Насамрэч і так, і не так. Нездарма ж з’явіўся тэрмін “сацыяльныя медыі”. І асабліва пікантнай ёсць сітуацыя, калі іх выкарыстоўвае профі, прадстаўнік журналісцкай карпарацыі.

 

Кожны — сам сабе СМІ

Раней усё было проста: ёсць класічныя СМІ і ёсць пасіўная збольшага аўдыторыя. Зараз старая мадэль камунікацыі разбурылася. У эпоху ЖЖ, фэйсбука, твітара ды “ВКонтакте” кожны — сам сабе СМІ.

І, як адзначае расійскі даследчык Раман Жолудзь, “для прафесійнага журналіста, што выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі ў асабістых мэтах, сітуацыя ўскладняецца “раздваеннем” яго камунікацыйнай ролі, падвойнай рэпрэзентацыяй”.

Калі казаць спрошчана, то як бы журналіст ні касіў пад звычайнага юзера, усё адно ў выпадку, калі ён не хаваецца пад нікам, а падае рэальныя звесткі пра сябе і свой занятак, яго ўспрымаюць як прадстаўніка пэўнай касты і пэўнага СМІ.

Яшчэ болей: калі казаць шчыра, то найчасцей ён акурат і разлічвае на сваё імя ды адпаведны рэзананс. І тут узнікае калізія між правам на асабістае меркаванне ды карпаратыўнымі патрабаваннямі.

Менавіта таму, адзначыў у каментары для Mediakritika.by беларускі медыйны даследчык Уладзімір Сцяпанаў, на Захадзе шмат якія СМІ “паклапаціліся паводзінамі сваіх журналістаў у сацыяльных медыях”.

 

Іх норавы

Са слоў эксперта, некаторыя рэдакцыі спрабуюць накіраваць такую актыўнасць у канструктыўнае рэчышча — напрыклад, Асашыэйтэд Прэс завяло акаунт у Instagram, дзе фатографы публікуюць “выпадковыя” здымкі. Іншыя ствараюць падрабязныя правілы — social media guidelines, дэталёва прапісваючы паводзіны журналістаў. “Так, Бі-бі-сі патрабуе, каб яны найперш паведамлялі навіны рэдактару, а не “злівалі” ў твітар”, — кажа Уладзімір Сцяпанаў.

Суразмоўца Mediakritika.by нагадаў пра выпадкі, калі “жартоўныя, але двухсэнсоўныя ды непаліткарэктныя пасты каштавалі журналістам кар’еры — яны адрасаваліся сябрам, але бесперашкодна дайшлі да праваабаронцаў”.

Сапраўды, летась маскоўскі журналіст Мікалай Троіцкі быў звольнены з РІА “Новости” праз скандал, звязаны з гамафобным допісам у ЖЖ. Сёлета ў траўні журналісту французкага радыё RTL П’еру Сальв’яку паказалі на рэдакцыйныя дзверы за абразлівы твіт пра грамадзянскую жонку новага прэзідэнта Франсуа Аланда.

Нарэшце, неназваны супрацоўнік амерыканскай “Арызона дэйлі стар” вылецеў з працы за тое, што ў мікраблогу крытыкаваў загалоўкі сваёй роднай газеты, а супрацоўнікаў мясцовага тэлебачання назваў “дурнямі-тэлевізійнікамі”. Дзеля справядлівасці дадамо, што спачатку адвязанага блогера некалькі разоў папярэдзілі.

Дарэчы, супрацоўнікам Бі-бі-сі наўпрост забараняецца крытыкаваць у блогах сваіх калег.

У “Нью-Йорк таймс” мяркуюць, што “нават прыватны журнал супрацоўніка найхутчэй што асацыюецца ў свядомасці аўдыторыі з рэпутацыяй кампаніі”. Таму даецца рэкамендацыя: “…Блогі і старонкі, створаныя па-за межамі нашай установы, мусяць мець памяркоўны тон, што адлюстроўвае густ, прыстойнасць ды павагу да годнасці і прыватнага жыцця іншых людзей”.

І яшчэ: тэксты “могуць быць надзвычай нефармальнымі, нават смелымі, але не рэзкімі ці нецярпімымі”, а таксама “не мусяць разгалошваць асабістую або канфідэнцыйную інфармацыю, атрыманую з дапамогай рэдакцыі”.

Калі браць пад увагу нават толькі апошні пункт, то выкладанне аўдыязапісу ў фэйсбук супрацоўнікам “Еўрарадыё” выклікае пытанні, бо матэрыял здабыты відавочна ў межах службовай дзейнасці.

 

І гэтыя людзі вучаць нас не калупацца ў носе!

Во як! Мы прывыклі дзяўбці пра бязмежную свабоду слова на Захадзе, а насамрэч там журналіст-профі — у вожыкавых рукавіцах карпаратыўных патрабаванняў, прычым не толькі ў службовы час.

Згадаўшы, у якім стылі посцяць некаторыя нашы тутэйшыя калегі, прыходзіш да высновы, што ў праклятым буржуінстве яны б даўно вылецелі з працы як корак з шампанскага.

Між тым у нас адвязанасць, казыранне ненарматыўнай лексікай сталі своеасаблівай бравадай для часткі супрацоўнікаў класічных СМІ, калі яны каменцяць “для душы” ў сацыяльных медыях. Мой акаунт, мой блог — і пайшлі вы ўсе далёка-далёка!

Мяркую, што гэта такое трохі дзіцячае разуменне свабоды выказвання. Наша грамада не мае дастатковага досведу вольнага жыцця і не паспела выпрацаваць вельмі важныя ў такіх умовах прынцыпы ды механізмы этычнай самарэгуляцыі. Бракуе тармазоў. Гэтак шкаляры гарэзяць, цешацца дробным хуліганствам, вырваўшыся з абрыдлага класа на двор.

Звыш таго, нашы журналісты не заўсёды да канца асэнсоўваюць, што яны — прадстаўнікі асабліва адказнага амплуа, у той ці іншай ступені публічныя фігуры.

Гэта, зрэшты, тычыцца і шэрагу айчынных палітычных, грамадскіх дзеячаў. Асобныя з іх у сацыяльных сетках таксама казыраюць вульгарнай лексікай, пасылаюць сваіх апанентаў туды і туды. А потым пішуць прыгожыя артыкулы ў “Народную волю” ці на Naviny.by, асуджаюць грубую, калгасную ўладу ды прапаведуюць высокія ідэалы.

Чытаеш, а на слыху іх сеціўнае брыдкаслоўе. І колькі б ні даводзілі, што асабісты акаунт — гэта іх вотчына, варта разумець: імідж усё адно непадзельны. Атрымліваецца, як у тым анекдоце: і гэтыя людзі вучаць нас не калупацца ў носе!

 

Ці можна назваць “м…ка” “м…ком”?

Вядомае імя ды публічнае амплуа надаюць асаблівую вагу любому допісу ў блогу ці сацыяльнай сетцы. Свежы прыклад — нашумелы пост у фэйсбуку пра “м…ка” з “Барысаўдрэва”. Тысячы карыстальнікаў ўжываюць нашмат мацнейшыя слоўцы, але тут вызначальным сталася тое, што такім чынам выказалася шэф-рэдактарка “Народнай волі” Святлана Калінкіна.

Характэрна, што допіс выклікаў абвостраную рэакцыю менавіта калег — Юрыя Дракахруста з радыё “Свабода”, аглядальніка Mediakritika.by Эдуарда Мельнікава. Я не бяруся быць трацейскім суддзём, а толькі падкрэсліваю факт, што пытанні былі пастаўлены рубам: фэйсбук не фэйсбук, але ж ты — не хто-небудзь, а сама Калінкіна, таму трымай адказ паводле гамбургскага рахунку!

Рэзананс жа, які выклікала гутарка, выкладзеная ў фэйсбук журналістам “Еўрарадыё”, “ёсць яскравай ілюстрацыяй таго, што сацыяльныя медыі сцёрлі мяжу паміж міжасабовай ды масавай камунікацыяй”, мяркуе медыйны даследчык Уладзімір Сцяпанаў.

Звыш таго, падкрэслівае ён, журналіст паводле сваёй прафесіі ёсць лідэрам думак, чалавекам з разгалінаванай сацыяльнай сеткай.

“Таму журналіст у сацыяльных медыях, як і палітык, ёсць закладнікам сваёй прафесіі, — робіць выснову эксперт. — Ён не мае права пісаць неабачліва. І рэч не ў тым, прэзентуе ён рэдакцыю СМІ ці самога сябе, а ў тым, што ён мае вялікі ўплыў на экалогію інфармацыйнага абсягу”.

Дарэчы, ў інструкцыі, што тычыцца паводзінаў супрацоўнікаў Бі-бі-сі ў сацыяльных сетках, адзін з пунктаў гучыць лапідарна і разам з тым вычарпальна: “Не рабіце глупстваў!”.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: