Вы здесь

Віктар Марціновіч: Гісторыя, расказаная нябожчыцай

Учора, 19 снежня, у межах выставы World Press Photo ў галерэі «Ў» я правёў экскурсію, падчас якой расказаў пяць гісторыяў пра пяць фотаздымкаў, што экспануюцца ў Мінску.

Прапаную вашай увазе адну з іх, прысвечаную фатаграфіі Яна Даго «Бой за плошчу Тахрыр». Фотаздымак, на першым плане якога бачны чалавек, што кідае камень у наезніка на вярблюдзе, можна пабачыць у галерэі «Ў» да 24 снежня.

Яе звалі Салі Зохні, мы сядзелі побач у цягніку, што ішоў жнівеньскім падвячоркам з Кёльна ў берлінскі аэрапорт. Мы пазнаёміліся на канферэнцыі, я ведаў, што Салі займаецца абаронай жаночых правоў у такой непрыдатнай для абароны жаночых правоў краіне як Егіпет. Яна не была падобная на егіпцянку, як тых егіпцянак дэманструюць у war reports па Еўраньюз: у Салі была капа курчавых валасоў, раскіданых па плячах, адкрыты топік, ганарлівы выраз твару, добрая ангельская мова і акуляры Ray Ban. Болей цягне на жыхарку Манхэтана, пагадзіцеся.

Яна сядзела побач, у яе на каленях быў кампутар, на дэсктопе бачнай была незвычайная фотка: цагляная сцяна, на ёй – графіці з выявай маладой жанчыны. Не тое, каб фотка была выключна дрэннай ці асабліва прыгожай, проста гэта было незвычайна: нейкае графіці на дэсктопе. Звычайна дзевачкі змяшчаюць на дэсктоп коцікаў, ці ўласных хлопцаў, ці ўласных хлопцаў з коцікамі. А тут – графіці. Я набраўся нахабства ды запытаў.

– А што гэта за дзяўчына?

Салі занадта – як я заўважыў – хутка клікнула па іконцы «Мае дакументы», адкрыла тэчку з фотаздымкамі і пачала гартаць: тут пераважна былі здымкі розных егіпецкіх графіці.

– Я збіраю выявы графіці, – патлумачыла яна. – Такое хобі. Вось маё ўлюбёнае.

На экране быў намаляваны малады чалавек, які збіраўся шпурнуць у шыхты паліцыі бутэльку з гаручай сумессю. Углядзеўшыся, можна было разабраць, што гэта не «кактэйль Молатава», а букет кветак. Хлопец стаяў у напружанай позе, як быццам у балетным па. Толькі праз некалькі секунд у вочы кідалася, што ягонае цела нашпігаванае паліцэйскімі кулямі. Выява была дасканалай – я проста дзіву даўся, як такую складаную кампазіцыю можна было зрабіць трафарэтным графіці з балончыка. Пад хлопцам быў россып арабскай каліграфіі.

– Гэта верш сярэднявечнага арабскага паэта, Амала Донкла, – патлумачыла Салі. – Зараз я паспрабую перакласці: «Close your eyes and dance gracefully. The world is young and you are brave. It sees your steps. It will worship you. But if you look back, you will fall”.

– Прыгожа, – выдыхнуў я. Перад вачыма пранесліся выявы з уласнага, беларускага вопыту, якія добра клаліся на гэты верш і гэты сюжэт.

– Салі, і ўсё ж… Што за дзяўчына ў цябе на дэсктопе?

Яна зрабіла доўгую паўзу, нібыта разважаючы, ці варта мне гэта распавядаць. І адказала.

– Гэта я.

– Ты? – здзівіўся я. – Ты ж да яе зусім не падобная.

– Не зусім я, – паправілася Салі. – Тут трэба распавесці ўсю гісторыю…

І яна расказала. Падчас Тахрыру Салі правяла тры дні на плошчы. Сотавая сувязь не працавала, бо на загад Мубарака яе адключылі. Выйсці з плошчы, каб зайсці дамоў і сказаць родным, што з табой усё добра, было немагчыма і небяспечна: Тахрыр быў у коле праўладных сілаў, якія складаліся з паліцыянтаў і проста гопнікаў, якія маглі цябе арыштаваць, збіць ці нават згвалціць. Дык вось, яна жыла на плошчы тры дні. Пасля пайшла пешшу ў свой раён. Бо транспарт не працаваў. І тут да яе пачалі кідацца людзі, суседзі і знаёмыя. Яны абдымалі яе і плакалі. Яны віншавалі яе. Ніхто нічога не тлумачыў, але ёй раптам зрабілася вельмі моцна не па сабе. Калі дайшла да кватэры, сустрэла заплаканых родных, што румзалі на пахавальных хаўтурах. Са здзіўленнем, яна даведалася, што хаўтуры былі зладжаныя па ёй, Салі Зохні.

У першы ж з вечароў яе жыцця на плошчы там адбыліся сутычкі. Падчас іх былі забітыя. Спісы ахвяраў паказалі па ТБ. У іх ліку была Салі Захні – памылка ў адну літару, якая ў надзвычайных сітуацыях часцей за ўсё азначае, што ніякай памылкі няма. Родныя паспелі яе аплакаць і з ёй развітацца. А яна з’явілася, нібы прывід – без аніводнай драпіны.

– І я пачала высвятляць, – распавядае яна. – Наведала яе сям’ю, сям’ю Салі Захні, даведалася, што мы былі амаль аднагодкамі.

Салі Захні – з памылкай у адну літару – таксама прыйшла на Тахрыр тры дні назад. Яна таксама была супраць Мубарака. Калі праўладныя сілы зразумелі, што ні паліцыя, ні ваенныя нічога не могуць зрабіць з Тахрырам, яны звярнуліся да бедуінаў.

Усякі, хто быў у Егіпце як турыст, ведае, што бедуіны – гэта шчарбатыя дзівакі, што жывуць у пустыні, займаюцца там нейкімі гаротнымі рамёствамі і з радасцю ладзяць квадрацыкл-туры на світанку па дзюнах. Але гэта не сапраўдныя бедуіны. Пра сапраўдных бедуінаў мне распавялі ў 2010 годзе егіпецкія знаёмыя, калі я прыбыў у гэтую краіну не як турыст, а як вандроўнік. Яны запыталіся, колькі каштуе АК-74 «у маёй краіне». Я адказаў, што ён каштуе прыкладна восем лет зняволення. Тады яны пасміхнуліся і сказалі: «Кінь, хлопча, у любой краіне можна прадаць АК-74». Яны прапанавалі з’ездзіць да бедуінаў ды купіць пару «Калашоў», удакладніўшы, што раней, як ішла вайна з Афганістанам, АК-74 тут каштавалі зусім танна – $200, а зараз трохі падаражэлі. Такія людзі гэтыя бедуіны. Невычарпальная крыніца гандлю зброяй, чорнай магіі і наркатрафіку.

Дык вось, на другі дзень на Тахрыры з’явіліся бедуіны і гэта як быццам было ніяк не звязана з Мубаракам. Яны пранесліся праз плошчу ўсяго адзін раз, вярхом на вярблюдах, узброеныя драўлянымі і металёвымі дручкамі. Салі Зохні толькі бачыла іх смертаносны рэйд. Ян Даго паспеў яго сфатаграфаваць. Салі Захні апынулася на іх шляху і атрымала дубінкай па галаве.

Мая суразмоўца высветліла, што дзяўчына, смерць якой усе пераблыталі з яе смерцю, памерла не адразу. Што ёй проста забалела галава. Яна вырвалася з плошчы і пайшла дамоў, пакутуючы ад млоснасці і галавакружэння. У кватэры яна паздароўкалася з роднымі, сказала, што адчувае сябе блага і легла спаць. І болей не прачнулася.

Калі Тахрыр скончыўся, а Мубарак сышоў, Салі Захні пераўтварылася ў сімвал, у візуальную ікону, як некалі Чэ Геварра: яе фоткі пачалі тыражаваць, яе выява з’явілася на графіці. Я не хацеў бы лезці глыбока ў душу і высвятляць, як адчувае сябе чалавек, якога нібыта ўжо аднойчы пахавалі, але фраза «на яе месцы павінна быць я» ў размове Салі прагучала. Бедуін, што нясецца на ідучым галопам вярблюдзе, не надта пераборлівы: часу асэнсавана абраць, каму жыць, а каму памерці, у забойцы няма. Лёс абедзвюх Салі вырашыла выпадковасць, ці Алах, калі падыходзіць да гэтага з духоўнага пункту гледжання.

Але магу дапусціць: калі ты дазнаешся, што нехта з тваім імем загінуў у тым змаганні, якое ты таксама лічыў сваім, калі ягоную смерць аплакалі твае родныя як тваю смерць, змяшчаючы ягоны партрэт на дэсктопе, ты прымаеш на сябе нейкія нябесныя абавязацельствы. Дажыць разам са сваім жыццём – яшчэ і яго жыццё. Так, каб яму не было сорамна. Ці сумна. Так, каб калі прыйдзе час паміраць ужо табе, гэтая смерць паставіла кропку не толькі ў тваёй, але і яго заўчасна перарванай гісторыі.

Віктар Марціновіч, Budzma.org

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: