Вы здесь

Беларуская рэжысэрка атрымала грант Украінскага культурнага фонду на стварэньне фільма пра Femen

Украінскі культурны фонд у 2019 годзе выдзеліў 1,058 мільёна грыўняў (прыблізна 46 тысяч даляраў у эквіваленце) на сцэнарную распрацоўку і падрыхтоўку да вытворчасьці фільма «Нашы грудзі — наша зброя: гісторыя Femen».

Мастацкі фільм, аўтаркай ідэі і рэжысэркай якога стала беларуска Дарʼя Жук, а сцэнарысткай украінка Натальля Блок, будзе створаны ў супольнай каапэрацыі Ўкраіны і Францыі.

З украінскага боку прадусарам стужкі выступае дырэктар Arthouse Traffic Film Company, сузаснавальнік Адэскага кінафэстывалю ды фэстывалю для дзяцей і падлеткаў «Чілдрен Кінофест» Дзяніс Іваноў, а з францускага — кампанія Pan-Européenne.

Сёлета стваральнікі стужкі паўторна зьвярнуліся ва Ўкраінскі культурны фонд з заяўкай на падтрымку вытворчасьці фільма і на наступным этапе — напісаньне сцэнару, распрацоўка бюджэту, правядзеньне кастынгаў, пошук лякацый і стварэньне афіцыйнага тызэра фільма. Цяпер на разглядзе экспэртаў знаходзіцца яшчэ 657 праектаў аўдыёвізуальнага мастацтва, зь якіх толькі каля 60 змогуць атрымаць фінансаваньне фонду. Канчатковае рашэньне стане вядомым толькі ў канцы кастрычніка.

Украінская служба Радыё Свабода ўключыла фільм «Нашы грудзі — наша зброя: гісторыя Femen» у рэйтынг 25 найбольш чаканых у 2020 годзе украінскіх кінапраектаў.

Найбольш вядомая праца беларускай рэжысэркі Дарʼі Жук — яе поўнамэтражны дэбют зь фільмам «Крышталь», які ў 2018 годзе атрымаў шэраг прызоў: гран-пры Адэскага міжнароднага кінафэстывалю, гран-пры кінафэстывалю ў Алматы, расейскую кінапрэмію «Ніка», а таксама галоўны прыз конкурсу «Капрадукцыя. Акно ў сьвет» расейскага кінафэстывалю «Акно ў Эўропу», які праходзіў у Выбаргу.

Радыё Свабода

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: