ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Годзе тыцкаць чытача ў аліўе!

В фокусе

 

Віктар Марціновіч напярэдадні Новага года чарговы раз пацешыў нестандартам — “Прамовай супраць аліўе”. Аўтарскую максіму: “мы баімся Новага, як зомбі баяцца срэбных куляў” — цалкам можна экстрапаляваць і на медыйную сферу. Як і сам вобраз салаты аліўе.

Палітычны час у Беларусі застыў. І ў гэтую багну трапілі айчынныя медыі. Калі ў краіне адзін палітык, то пра што пісаць усёй плойме палітычных каментатараў? Застаецца бясконца перажоўваць, як тое аліўе, адны і тыя ж сюжэты з аднымі і тымі ж экспертамі, загадзя ведаючы амаль што да коскі, да мадуляцый голаса, што суразмоўца скажа.

Гэта ж тычыцца, па вялікім рахунку, і астатніх тэм, бо Лукашэнка вырашае ў краіне ўсё, дакладней — спрабуе вырашаць усё, а ў выніку не вырашаецца нічога. Выдрапалі ў Масквы трохі пернікаў — і бярэмя праблем проста перакідаецца на наступны год.

Гэтаксама адсоўваем мы і наспелыя праблемы нашага цэха.

 

“Чэсныя” і “нячэсныя”

Колькі б ні ладзілі шведы-ідэалісты з FOJO супольныя семінары для дзяржаўных і недзяржаўных журналістаў (і справа гэта ў кожным разе добрая), відавочна, што “в одну телегу впрячь не можно коня и трепетную лань”.

Пасля цёплых нефармальных пасядзелак, калі на момант пачынае мроіцца, што кантакт між цывілізацыямі ўсталяваны, кожны з бакоў вяртаецца ў свой акоп, і першыя ж залпы разносяць эйфарыю ўшчэнт.

Дарэчы, наконт шведаў. Менавіта плюшавы дэсант яскрава паказаў непераадольную прорву між дзяржаўнай і недзяржаўнай журналістыкай.

У той час як незалежныя медыі выкладалі ўсё болей сведчанняў дзёрзкага палёту, галоўны дзяржаўны блогер Вадзім Гігін, чалавек недурны і дасведчаны, даў адлуп відавочнасці, пералічыўшы ў сваіх “Палётах у сне і наяве” дзесяць прычын, чаму гэтага не можа быць, бо не можа быць ніколі.

Прапагандысцкі абсурд будзе доўжыцца, пакуль не ўдасца разбурыць анахранічную манаполію беларускай дзяржавы на галоўныя медыі. Насуперак ідэалістычным адукацыйным высілкам FOJO ды іншых інстытуцый, медыйныя працаўнікі на казённым акладзе будуць хоцькі-няхоцькі высоўваць дзесяць, сто, тысячу псеўдааргументаў супраць рэальнасці, калі тая пярэчыць афіцыйнаму дыскурсу. Пакуль галоўны начальнік не дасць адмашку, што пра гэта можна казаць (натуральна, зноў жа ў афіцыйнай парадыгме).

Аднак у падзеле на “чэсных” і “нячэсных”, які выглядае антаганістычным, пакуль існуе рэжым, палягае і пастка для недзяржаўных СМІ. Бо моцнай ёсць спакуса ўлегчы ў барыкадную журналістыку, калі зручна гнаць псеўдарэвалюцыйную халтуру пад маркай барацьбы за светлую будучыню.

Хаця калі разабрацца, дык гэта той жа прапагандос. Тая самая саўковая салата аліўе. З падтасоўкай фактуры, замоўчваннем нязручнай праўды, грэбаваннем этычнымі нормамі: вайна ўсё спіша!

І калі параўнаць такі псеўдазмагарны прадукт з вырабамі прапагандысцкага спецназу Лукашэнкі, то гэта просіцца пад рубрыку “Знайдзіце дзесяць адрозненняў”.

 

Байнэт: віртуальнае аліўе

Я сам у свой час прысвяціў нямала радкоў паэтызацыі вольнага Сеціва. І яно сапраўды фантастычна пашырыла абсяг магчымасцяў для нашага брата-пісакі (а таксама і фота-, радыёжурналістаў, прадстаўнікоў іншых медыйных амплуа).

Але цудаў не бывае. Мы ўцягнулі ў Сеціва ўсе свае афлайнавыя прафесійныя болькі. Некаторыя хваробы ў віртуальным асяроддзі сталі толькі прагрэсаваць, набываць рысы эпідэміі.

Адна з іх — плагіят, для якога прыдумалі эўфемізмы: капіпаст, рэрайтынг. Бадай, ужо канчаецца эпоха зусім дзікага інтэрнэта, калі кралі груба, бязбожна. Зараз гэта робяць болей вытанчана, праз утопленыя спасылкі, выкідаючы прозвішчы аўтараў, але так ці іначай праблема перадзірання кантэнту ўсё адно застаецца найвастрэйшай у Байнэце.

Пытанне не толькі ў тым, што парушаецца заканадаўства аб аўтарскіх правах ды прафесійная этыка. Хаця парачка судовых працэсаў адпаведнага кшталту, мяркую, далі б добры эфект працверажэння. Ды і БАЖаўскай камісіі па этыцы даўно пара ўзяцца за праблему “з усёй пралетарскай нянавісцю”, як любіць казаць калега Сяргей Вазняк.

Галоўная ж бяда ў тым, што капіпаст забівае творчую думку. Нашто крэатывіць, сушыць мазгі, некуды перціся і рызыкаваць, калі можна ствараць артыкул і нават цалкам рэсурс паводле рэцэпту таго ж аліўе, накрышыўшы патрохі з розных крыніц.

У выніку матэрыялы ўсё часцей робяцца без адрыву ад офіснага крэсла, ігнаруюцца элементарныя правілы спраўджвання фактуры, ў эпідэмічных маштабах распаўсюджваюцца псеўдасенсацыі, чародамі “ляцяць качкі”.

 

Кожны сам кідае выклік медыйнай абрыдласці

І ўсё ж я згусціў фарбы. Насамрэч рух, як плынь пад лёдам, у айчыннай журналістыцы ёсць.

На мой погляд, надзвычай важна, што цягам мінулага года ў нашых цэхавых дыскусіях (якія правакацыйна падагравала і народжаная ў 2012-м Mediakritika.by) пастаўлены рубам некалькі прынцыповых пытанняў:

— пра місію незалежных СМІ, якія не мусяць быць прыладамі палітычнай барацьбы;

— пра крытычную важнасць датрымання прафесійных стандартаў, у тым ліку і этычных;

— пра неабходнасць стварэння моцнай плыні арыгінальнага кантэнту ў інтэрнэт-медыях, выпрацоўкі для іх адмысловага маральнага кодэксу.

Наіўна меркаваць, што нам пашэнціць развязаць усе вузлы прафесійных праблем цягам новага 2013 года. І што ўсе кропкі над “і” могуць быць расстаўленыя нейкімі інстытуцыямі — БАЖам, FOJO і г.д.; што можна усё раскласці па палічках у нейкіх маральных кодэксах медыйных працаўнікоў.

У прынцыпе ж, як ні банальна, многае вырашаецца на індывідуальным ўзроўні. Сапраўдная журналісцкая прадукцыя — штучны тавар. Кожны з нас кожным сваім матэрыялам сам кідае (ці не кідае) выклік абрыдлай медыйнай салаце аліўе.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: