ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Хай дурныя чытачы пстрыкаюць мышкай

В фокусе

Загаловак ў Сеціве — гэта 90% поспеху матэрыялу. На класны загаловак чытач вядзецца, бы шчупак на блешню.

Зрэшты, гэтае параўнанне, як і любое іншае, кульгае. Бо медыям, якія сябе паважаюць, ужываць вераломную прынаду няможна. Моцнаму загалоўку мусіць адпавядаць моцны тэкст, а не абы-што.

Іначай такія фокусы рана ці позна чытачу абрыднуць. І тады могуць застацца незапатрабаванымі сапраўды ўдалыя матэрыялы. Атрымаецца, як у казцы пра пастушка, што раз-пораз без дай нагоды лямантаваў “Ваўкі! Ваўкі!”.

 

Рэчаіснасць пераўзыходзіць пародыю

Партал “КУ” прапанаваў дасціпны “Гайд па беларускай прэсе”, змадэляваўшы рэакцыю шэрагу рэсурсаў на першы снег у выглядзе гіпатэтычных загалоўкаў, дзе на адным полюсе — “Прэзідэнт прызначыў новага кіраўніка сталічнай ЖКГ” ад БЕЛТА, а на іншым — “Надвор’е пакарала дыктатара” ад “Хартыі”.

Гэта той выпадак, калі надта гіпербалізаваць і не спатрэбілася. Наадварот, рэальныя прыклады болей адыёзныя.

Вось вам заметка БЕЛТА “Белэнерга” абвяргае чуткі пра выбух энергаблока Мінскай ТЭЦ-5”. Можна падумаць, што гэта сапраўды адлуп правакатарам з “нячэсных” інтэрнэт-медыяў. Насамрэч жа аварыя была, і сур’ёзная, нам прапануюць толькі ўдакладненне яе характару. Аказваецца, мела месца ўзгаранне дызпаліва ў адным з элементаў газатурбіннай устаноўкі.

Ну, выбух не выбух, але шуганула добра, мяркуючы па тым, што кітайцы, якія пабудавалі адпаведны энергаблок, зараз толькі вызначаюць аб’ёмы “правядзення ў аптымальна сціслыя тэрміны рамонту праточнай часткі газавай турбіны”. Пры тым што аварыя адбылася… яшчэ 2 лістапада!

І каб не пайшла пагалоска па сайтах, то доблесныя дзяржСМІ маўчалі б як рыбы. Ну як жа: столькі звону пра стратэгічнае партнёрства з Паднябеснай, пра тое, што Пекін нам дапаможа мадэрнізавацца!

Гэтаксама савецкія СМІ ў свой час замоўчвалі Чарнобыль. І таксама давалі адлуп “правакатарам”, абвяргалі. За чвэрць стагоддзя характар прыўладных медыяў ні на каліва не змяніўся.

 

Загалоўкі грымяць! Як пустое вядро

Але гэткімі ж прыцягнутымі за вушы, недарэчнымі выглядаюць і шмат якія загалоўкі недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў. Толькі тут звышзадача — куснуць рэжым.

“Чыноўнікі бягуць ад Лукашэнкі” — паведамляе UDF.by. Пстрыкаю мышкай, спадзеючыся натрапіць на нейкую аналітыку па тэме, што мяне акурат цікавіць. І чытаю… некалькі радкоў пра тое, што паводле згоды бакоў сышоў у адстаўку кіраўнік Дэпартамента авіяцыі Вадзім Мельнік. Сухая інфа, узятая ў БелаПАН — і нічога болей.

Няма ні сенсацыйнай заявы чыноўніка (кшталту: годзе, абрыдла працаваць на дыктатара!), ні звестак, куды ён сабраўся (вы ўпэўнены, што праз нейкі час не пачне служыць на іншай пасадзе таму ж Лукашэнку?), ні статыстыкі, якая б сведчыла пра масавыя ўцёкі апаратчыкаў з казённых хлябоў.

Гучны загаловак быў бы апраўданы, калі б пад ім было разгорнута даследаванне гэтай сапраўды актуальнай праблемы. Бо адток кваліфікаваных кадраў з дзяржапарату (хто ў Расію, хто ў бізнэс, а найлепей — і ў Расію, і ў бізнэс) сапраўды стаў адным з галаўных боляў для Лукашэнкі. І адным з чыннікаў, што падштурхнулі, як ні парадаксальна на першы погляд, да гучна анансаванага скарачэння штатаў органаў кіравання на 25-30%. Бо зэканомленыя грошы найперш збіраюцца пусціць на павелічэнне акладаў астатнім.

Вось і раскапаць бы тэму! Але ж гэта трэба, бадай, тыдзень змарнаваць, наскрэбці нейкіх лічбаў, разгаварыць негаваркіх наменклатурнікаў, вывудзіць інсадарскую інфу і г.д. Непараўнальна прасцей раздзімаць мыльныя бурбалкі прэтэнцыёзных загалоўкаў. Хай дурныя чытачы пстрыкаюць мышкай.

 

Пасварылі Шушкевіча з Сурвіллай

На гэтым фоне выйграе сайт “Народнай волі”, які, ухапіўшыся за тую самую адстаўку Мельніка, даў стрыманы, аднак кідкі загаловак “Звольнены галоўны лётчык краіны”. Пры гэтым аўтарка тэксту скарысталася інсайдарскай інфой ды прапанавала некалькі версій звальнення. Не надта глыбокае даследаванне, але ж, аддамо належнае, эксклюзіў.

Дарэчы, першая з версій — што згаданы чыноўнік стаў ахвярай банальнай чысткі. Калі так, то загаловак на UDF.BY ужыты ўвогуле з дакладнасцю да наадварот.

У сваю чаргу, “Белорусский партизан” бліснуў сенсацыйным загалоўкам “Шушкевіч раскрытыкаваў Раду БНР”.

Але, па-першае, свой толькі загаловак, матэрыял жа ўяўляе сабой банальны капіпаст з сайта “Белсата”. Па-другое, сенсацыя не вартая ламанага шэлега. Бо ў белсатаўскім кліпе былы спікер Вярхоўнага савета выказваецца пра Раду БНР выключна з піетэтам (“прыклад інтэлігентнасці, захавання сапраўднай беларускасці ды нацыянальнага імпэту”). Адно што дадае: паколькі гэты орган прэзентуе найперш дыяспару, то ён не можа аддаваць загады беларускай апазіцыі.

Зрэшты, Шушкевіч сапраўды кінуў пару камянёў, але ў іншыя гародчыкі. Напрыклад, пашкадаваў, што Віленскі мемарандум атрымаўся грувасткім, а адзін дзеяч раззваніў пра яго раней часу.

Вось за гэтыя пікантныя моманты журналісты і маглі б ухапіцца, калі ўжо так карцела стрэліць эпатажным загалоўкам. Але каб даведацца пра іх, трэба як мінімум прагледзець васьміхвілінны кліп. Не падобна на тое, што ў рэдакцыі “БП” хапіла на гэта цярпення.

Такім чынам, тут загаловак не толькі супярэчыць зместу, але і сутыкае лбамі шаноўных людзей. Даводзь зараз, Шушкевіч, што ты не вярблюд!

У той жа час “БП” адзін у адзін, уключна з загалоўкам, перадрукаваў згаданае вышэй “абвяржэнне” БЕЛТА. Хаця менавіта ў гэтым выпадку, зыходзячы з палітыкі рэсурсу, можна было б напоўніцу пасцябацца над няўклюднымі спробамі ўладаў зрабіць добрую міну.

Але канвеер капіпаста не дае часу асэнсаваць, што менавіта капіпасціш. І мы бачым, як апазіцыйны рэсурс ў пагоні за аб’ёмам кантэнту міжволі выконвае ролю афіцыёзнага рупара.

Для параўнання: “Салідарнасць”, скарыстаўшы тую ж інфу БЕЛТА, падала сюжэт з зусім іншым акцэнтам: “Прадстаўнікі “Белэнерга” прызналі факт аварыі на ТЭЦ-5”. Без крыку, але пэўна ж прыцягвае ўвагу: не кожны дзень у нас аварыі на ТЭЦ.

 

Незалежныя ці жоўтыя?

Бясспрэчна, загаловак у Сеціве мусіць чапляць, страляць, таму яму на карысць хвосткасць, а часам апраўданы і элемент правакацыйнасці. Трэба толькі мець густ і адчуваць этычную мяжу.

І ўвогуле добра, што ў айчынных інтэрнэт-медыях адчулі ролю моцнага загалоўка. Розніца паміж падыходам профі і аматараў выразна бачная, калі бачыш бездапаможныя, шэрыя, анемічныя загалоўкі блогерскіх допісаў (пры тым што тэксты сустракаюцца добрыя) на тым самым “Белорусском партизане”.

Але тут пайшоў ўжо перакос. Некаторыя вэб-медыі ці не ўвесь творчы імпэт сталі ўкладаць у загалоўкі, забыўшыся, што на добры лад пад іх трэба пісаць яшчэ і паўнавартасныя матэрыялы. У выніку — рэзкі кантраст, а часта і поўны неадэкват паміж крыклівымі, прэтэнцыёзнымі загалоўкамі і бляклымі, пераважна здабытымі цераз капіпаст нататкамі, што адкрываюцца, калі пстрыкаеш на падманку.

Асобныя інтэрнэт-рэсурсы, у якіх арыгінальнага кантэнту кот наплакаў, фактычна ўсю сваю палітыку робяць загалоўкамі. І гэта было б яшчэ паўбяды, але ж многія загалоўкі яшчэ і выразна спекуляцыйныя, на мяжы (а бывае, і за мяжой) дэзінфармацыі.

Спецыфіка інтэрнэта такая, што гэтым немудрагелістым метадам сапраўды можна навудзіць багата наведнікаў для статыстыкі, каб потым, напрыклад, казыраць перад спонсарамі. Але менавіта такая стылістыка асобных зухаватых СМІ дае ўладным бонзам зачэпкі, каб называць усю незалежную прэсу жоўтай.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: