ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Артыкул становіцца жанрам-дыназаўрам

Можна ўжо складаць Чырвоную кнігу жанраў айчыннай журналістыкі. Практычна зніклі фельетоны, нарысы. І ўсё радзей убачыш паўнавартасны артыкул. Большасць гучных тэм апошніх месяцаў так і засталіся не даследаванымі па ўсіх правілах гэтага жанру.

Зараз вось у Байнэце выбухнуў сюжэт, калі юная кампанія збіла ў метро інваліда. Але рэдакцыі вэб-СМІ фактычна аддалі тэму на водкуп стыхіі форумаў. У выніку сайт “Нашай нівы” мусіў загаварыць пра “Суд Лінча ў інтэрнэце”.

Нейкі час таму падобнае адбывалася з тэмай канфлікту між кантралёркай і пасажырамі ў Наваполацку: мора жарсцяў на форумах, у сацыяльных сетках — і мінімум асэнсавання на ўзроўні журналістаў-профі.

 

Узняцца па-над бойкай

Зразумела, ёсць рэчы, у якіх мусіць разбірацца следства. Але ж тут і велізарны аспект маральнага кшталту. Некалі ў савецкай прэсе была папулярнай рубрыка “На тэмы маралі”. Пры ўсёй просталінейнасці назвы звычайна менавіта пад гэтай рубрыкай можна было знайсці самыя чытэльныя публікацыі, у якіх фігуравалі не плакатныя будаўнікі камунізму, а жывыя людзі з іх эмоцыямі, памылкамі, заганамі і драмамі.

Што да аўтобуснага канфлікту ў Наваполацку, то я знайшоў толькі адзін тэкст, аўтар якога бліскуча расклаў тэму па палічках. Гэта зрабіў Зміцер Галко ў публікацыі“Антыграмадскі транспарт” на сайце “Новая Еўропа”.

Журналіст здолеў падаць праблему комплексна, пакруціў яе рознымі бакамі — маральна-псіхалагічным, эканамічным, грамадска-палітычным. Правёў удалыя, красамоўныя паралелі з Захадам. Аспрэчыў стэрэатып, што нябачная рука рынку ўсё вырашае аўтаматам: прыватны грамадскі транспарт, як паказвае замежны досвед, далёка не панацэя. Падвёў чытача да высновы, што крывадушна патрабаваць ад грамадзян еўрапейскай законапаслухмянасці ва ўмовах дзяржаўнага беззаконня, непавагі да асобы.

Зрэшты, пераказваць — няўдзячная задача, лепей прачытайце. Рэдкі ўзор дыхтоўнага артыкула на неадназначную тэму.

 

Вэб-канвеер не пакідае часу думаць

Чаму артыкулы пішуцца рэдка? Адна з прычын палягае ў тым, што сёння вэб-канвеер не пакідае часу на асэнсаванне праблем. Найчасцей ацэнка факта, падзеі, з’явы робіцца на ўзроўні хвосткага загалоўка (зноў вінаваты рэжым, зноў наступае на граблі апазіцыя, зноў Расія паказвае імперскія замашкі). А далей — стандартная заметка.

У лепшым выпадку робіцца матэрыял па схеме “факт з каментаром”, прычым каментатар далёка не заўсёды ёсць экспертам у адпаведным пытанні. Часта фігуруе нейкі ангажаваны дзеяч, чые погляды сугучныя падыходу рэдакцыі, або проста хто трапіўся пад руку.

Самае большае, на што ідуць зазвычай рэдакцыі, — гэта зрабіць інтэрв’ю па гарачай тэме. Паколькі лепіцца тэкст у цэйтноце, то часта атрымліваецца доўгім і сырым. На добры лад яго чысціць ды чысціць, але рэдактар ужо стаіць над душой.

А назаўтра — новыя інфармацыйныя нагоды, і праблема застаецца не даследаванай як мае быць, бо любое, нават удалае інтэрв’ю — гэта толькі адзін ракурс.

Можа, артыкул проста выйшаў з моды і сёння не запатрабаваны? Не скажыце. У ліку нямногіх вэб-СМІ, што спецыялізуюцца на стварэнні арыгінальных артыкулаў, — Naviny.by. Дык вось, аналітычныя тэксты з гэтага рэсурсу перадрукоўваюцца дзясяткамі сайтаў ў Байнэце і за яго межамі. Яшчэ болей, некаторыя друкаваныя недзяржаўныя выданні ў значнай ступені складаюцца менавіта з такіх перадрукаў.

Спраўна прадукуе артыкулы сайт “Заўтра тваёй краіны”. І яны таксама разыходзяцца па Байнэце, як гарачыя піражкі.

Пераважна з артыкулаў складаецца кантэнт сайта “Наше мнение”. Аднак яны маюць вузейшую аўдыторыю і значна радзей перадрукоўваюцца іншымі рэсурсамі. У прыватнасці, таму, што пішуць на “Наше мнение” пераважна эксперты, навукоўцы. Таму стыль бывае болей сухі, загалоўкі — не надта выразныя. Карацей, тэксты застаюцца здабыткам вузкага кола.

 

Папулісцкі трэш

На тле навагодняга штылю пайшла нарасхват навіна пра тое, колькі будзе каштаваць апгрэйд прэзідэнцкага сайта. Недзяржаўныя рэсурсы ад душы пакпілі ў духу: “З Годам беражлівасці! Сайт Лукашэнкі абновяць болей чым за 300 тысяч долараў”.

І толькі лічаныя медыі (БелаПАН, “Еўрарадыё”) капнулі пытанне глыбей, знайшлі распрацоўшчыкаў, раскруцілі іх на гутарку, узялі каментар у прэзідэнцкага прэс-сакратара Паўла Лёгкага.

Той, дарэчы, таксама бліснуў вострым слоўцам: “Шмат каму хацелася б, каб сайт прэзідэнта быў зроблены між дзвюма бляшанкамі піва студэнтам Васем за сто долараў, але заўтра гэты сайт разадралі б на кавалкі на пацеху публіцы такога ж узроўню хакеры”.

Са слоў адмыслоўцаў, трыста тысяч — зусім не астранамічная сума для такога праекта, асабліва калі ўлічыць, што 90% цягне дарагое “жалеза”, вялікіх выдаткаў вымагае датрыманне бяспекі.

Калі б сайт кіраўніка дзяржавы выглядаў прымітыўна, танна ды ўвесь час глючыў, то, напэўна, кпілі б, што нават тут парадку няма і ўсё па-калгаснаму. Дарэчы, так і сцябаліся аднойчы гадоў дзесяць таму, калі сайт лёг падчас спробы зладзіць анлайн-трансляцыю прэс-канферэнцыі.

Непрыязнасць да палітычнага рэжыму нельга даводзіць да абсурду. Гэта тычыцца і пытання пра сайт прэзідэнта. Так-так, не Лукашэнкі, як вынеслі ў загалоўкі, а менавіта прэзідэнта Беларусі. Раней ці пазней ім будзе іншы чалавек. А сайт — гэта частка іміджу краіны. Гэта не той выпадак, калі варта эканоміць на запалках.

Гаворка не пра тое, што ў гэту тэму няма як уваткнуць крытычнае джала. Я не ведаю, наколькі ўдалы выбар выканаўцаў для апгрэйду сайта, ці можна зрабіць належны комплекс працаў і закупіць жалеззе танней без страты якасці.

Калі ласка, зрабіце такое даследаванне, здабудзьце фактуру, узбройцеся меркаваннямі незалежных адмыслоўцаў — і друкуйце сапраўды разгромны артыкул, а не зводзьце тэму да папулісцкіх наскокаў, таннай спекуляцыі, апазіцыйнага трэшу.

 

Класіка не выходзіць з моды

Адзін з нямногіх, хто ўжо каторы год рэгулярна піша артыкулы, — калумніст тыднёвіка “Свободные новости плюс” Валер Карбалевіч. Уявіце сабе: вось ужо паўтара дзесяцігоддзі чалавек малоціць аналітычныя тэксты пад рубрыкай “Дыягназ” практычна кожны тыдзень! Яшчэ ў 2007 годзе я пісаў пра “500 дыягназаў ад Карбалевіча”. Зараз, наўскідку, набярэцца каля васьмі соцень артыкулаў. Паказчык, варты кнігі рэкордаў.

Аднак такія фігуры ў беларускай аналітыцы на пальцах пералічыш. Віталь Цыганкоў, які сам неўпрыкмет стаў ужо ветэранам “Радыё Свабода”, у інтэрв’ю на сайце БАЖ зазначае: “Памятаю, як у 1996 годзе было праведзена апытанне між рэдактараў і палітыкаў “Каго вы лічыце найлепшым журналістам-аналітыкам?”. Было названа звыш 20 прозвішчаў. (…) А цяпер правядзі такое апытанне — мы б назвалі тры-чатыры прозвішчы”.

У пэўнай ступені да крызісу жанру артыкула спрычынілася, на мой погляд, дэградацыя грамадска-палітычнай сістэмы: пра што пісаць, калі ў краіне адзін палітык і ягоныя фірмавыя тэзы ўсе вывучылі напамяць?

Адбіваецца і адсечанасць недзяржаўных СМІ ад крыніц інфармацыі: цяжка аналізаваць, не маючы дастаткова звестак, у тым ліку інсайдэрскай інфы з калідораў улады.

Загваздка і ў тым, што артыкул вымагае прэзентацыі розных меркаванняў па тэме, датрымання правіла “Выслухай і іншы бок”, разваг па схеме “тэза — антытэза — выснова”. То бок трэба аддаваць даніну плюралізму. Наступаць на горла ўласнай песні. А некаторыя ад гэтага адвыклі, бо селі на канька барыкаднай журналістыкі, гуляюць на адны вароты.

Нарэшце, спрацоўвае банальны матэрыяльны чыннік: грунтоўная аналітыка вымагае часу, добрай аплаты, а рэдакцыі не шыкуюць. Прасцей мець невялікі штат рамеснікаў, што гоняць павярхоўныя тэксты, спрытна капіпасцяць, лепяць грымучыя загалоўкі да чужога кантэнту.

Аднак жа і ў гэтых неспрыяльных умовах ёсць рэсурсы і аўтары, што стараюцца трымаць марку, робяць паўнавартасныя даследаванні актуальных тэм у класічным жанры артыкула.

Натуральна, вэб-рэсурсы заўжды даюць шмат кароткіх навін і не могуць абысціся без перадрукаў. Але, на мой погляд, сайт, што зусім не прадукуе арыгінальных артыкулаў, нельга ўважаць за сапраўднае выданне.

Малюнак з Caricatura.ru

Оценить материал:
0
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в:

Опрос