ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як задаваць пытанні Лукашэнку. Школа выжывання

В фокусе

Здаецца, БАЖу час ладзіць для журналістаў адмысловы трэнінг — “Як задаваць пытанні Лукашэнку”. “… І пры гэтым ацалець”, — дадасць аматар чорнага гумару.

Смех смехам, а пяцігадзінная прэс-канферэнцыя 15 студзеня паказала, што для эфектыўнай працы на такім шоў  журналісту трэба мець і адмысловыя псіхалагічныя веды, навыкі. Гаворка найперш аб прадстаўніках недзяржаўных выданняў, бо тым супрацоўнікам дзяржСМІ, што падкідалі зручныя для афіцыйнага лідара пытанні, не было патрэбы напружвацца.

Кіраўнік дзяржавы хацеў паўстаць перад публікай упэўненым у сабе і таму вальяжным, паблажлівым валадаром. Ён зрабіў некалькі рэверансаў перад прэсай, назваўшы яе чацвёртай уладай (і гэта чалавек, які не гатовы дзяліцца нават калівам улады!).

Але вальяжнасць зляцела, калі пасыпаліся непрычасаныя пытанні ад недзяржаўных медыяў. І тут Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць сваю ўлюбёную тактыку палемічнага пінг-понга. Ён раз-пораз перабіваў журналістаў, спрабуючы збіць з тропу, збянтэжыць, змусіць гуляць у сваю гульню. І ў некаторых выпадках дамагаўся выніку.

 

Методыка сеціўных троляў

Хоць ён і не вялікі аматар інтэрнэта, але раз-пораз стыхійна выкарыстоўвае методыку сеціўных троляў. Так, прадстаўніцу  “Комсомолки”   Ульяну Бабаед, што ўзняла тэму заробкаў  чыноўнікаў, Лукашэнка спаймаў на вуду пытання, а колькі, на яе думку, мусіць атрымліваць міністр.

Варта было журналістцы сказаць пра дзесяць тысяч долараў, як кіраўнік дзяржавы стаў у пазіцыю папуліста і пачаў выкрываць апетыты, якіх народ не зразумее.

У тым, што Аляксандр Лукашэнка — таленавіты маніпулятар, ваш пакорлівы слуга пераканаўся, калі першы і апошні раз трапіў на прэс-канферэнцыю для вузкага кола журналістаў,  у тым ліку некалькіх “нячэсных”, перад выбарамі-2001.

Найболей тады давалі дыхту  Марына  Коктыш ды Ірына  Халіп. Дык вось, палемізуючы з імі,  Лукашэнка раптам стаў апеляваць да аўтара гэтых радкоў:  “Вось вы ў Сашы спытайце, ён вам пацвердзіць”. То бок ператвараў мяне ў свайго ўяўнага  хаўрусніка, карыстаючыся тым, што пры адключаным мікрафоне немагчыма запратэставаць, уваткнуць свае тры грашы.

Потым я знайшоў у псіхалагічнай кнізе вызначэнне такога прыёму — “Вас робяць сябрам”. Увогуле, усе гэтыя рэчы даўно раскладзены адмыслоўцамі па палічках.

Сумнеўна, што Лукашэнка штудаваў такую літаратуру, хутчэй інтуітыўна  засвоіў шырокі арсенал маніпуляцыйнай класікі — ад  “абсыпання цукрам ліслівасці”  (так на прэс-канферэнцыі 15 студзеня ён закідваў кампліментамі Алену Малочку  з “Народнай волі”)  да “прыніжэння іроніяй”.

Апошні прыём афіцыйны лідар, у прыватнасці, некалькі разоў  ужыў  у  дачыненні да Алеся Дашчынскага з  “Радыё Свабода”. Напрыклад: можа, вы,  Алесь, намякаеце, каб шыкоўны “Майбах” я вам аддаў? Ці:  “Вы ведаеце, я магу сесці на ровар і паехаць. Гэта не пытанне. Але за вас будзе сорамна”.

 

Не апынуцца з пустой абоймай

Трэба аддаць належнае: на прэс-канферэнцыі 15 студзеня журналістам не спяшаліся адключаць мікрафоны,  і таму мы сталі сведкамі шэрагу  мікрадуэляў.

Учэпіста дамагаўся адказаў на свае пытанні, адхіляючы спробы збіць з панталыку,  той самы Алесь Дашчынскі.  Ягоны напружаны,  як бой на рапірах,  дыялог з Лукашэнкам  доўжыўся каля 13 хвілін.  Аднак у нейкі момант Алесь выпусціў магчымасць даціснуць суразмоўцу  ў пытанні пабудовы  новай рэзідэнцыі, не паспеўшы ўдакладніць, што гаворка ідзе пра аб’ект у сталіцы,  і Лукашэнка перавёў размову на нейкія драўляныя дамкі ў аддаленых раёнах.

Алена Малочка ўзяла сваё жаноцкасцю, мягкім шармам. З усмешкай, нібыта кампліменты, яна падкідвала даволі вострыя пытанні, аднак канцоўка дыялогу атрымалася змазанай,  бо высветлілася, што запас пытанняў вычарпаны.  Тут у піяраўскім плане выйграў Лукашэнка,  які дэманстраваў гатоўнасць адказваць і далей.

Маралітэ:  ідучы на такую імпрэзу,  варта мець туга набітую абойму пытанняў.  Хай сабе і ў выглядзе шпаргалкі, нічога страшнага, калі зазірнеце.  У крайнім выпадку — імправізаваць. Карацей, не выдыхацца, не апускаць крылы,  аж пакуль не прагучыць:  ну, годзе, трэба іншым даць слова!  Тут важна не апынуцца з пустым магазінам,  бо гэта — псіхалагічны пройгрыш прафесіянала.

 

Фірмовая атака на праклятых буржуінаў

Прыкладам бязлітаснай псіхалагічнай атакі стаў дыялог Лукашэнкі з карэспандэнткай   “Нямецкай хвалі”   Аленай Данэйкай.  Фактычна ён змусіў журналістку адказваць за палітыку ўсяго Еўразвязу:  Вы нашто Лівію разбамбілі?..  Вы нашто Егіпет ракам паставілі?! Вы нашто Ірак знішчылі?!”.

Дарэчы, раней “апошні дыктатар Еўропы”, як ён сам сябе са  своеасаблівым гонарам называў,  практыкаваў  падобны накат і супраць замежных журналістаў,  што завітвалі па інтэрв’ю ў ягоную рэзідэнцыю. І трэба сказаць, што ў некаторых выпадках замежнікі выглядалі недастаткова падрыхтаванымі. Прывыклі размаўляць у паліткарэктнай манеры з  рафінаванымі  еўрапейскімі палітыкамі — а тут аглобляй па галаве.

Канечне, потым у сваіх публікацыях заходнікі расстаўлялі акцэнты як след,  але ж,  ва ўсякім разе,  у вачах непатрабавальнай часткі айчыннага электарату,  якая не чытае “Індэпендэнт”,  а толькі глядзіць замбаскрыню,  “бацька” выйграваў такія піяраўскія баі,  пакідаючы ўражанне, што ўрэзаў праклятым буржуінам па поўнай.

Так, летась напачатку кастрычніка, бэсцячы ў асобе брытанскіх журналістаў  увесь Захад,  Лукашэнка выдаваў:  вы варвары! вы баязліўцы!  Праз некалькі тыдняў прадстаўнікам Рэйтэр (таксама брытанцам, заўважце, якія распачалі бітву з нацызмам раней за СССР) было  заяўлена:  “Мы ўратавалі вас, Еўропу, ад заняволення вашымі ж фюрарамі”.

Карацей, замежным калегам,  што выпраўляюцца да “апошняга дыктатара”,  таксама не грэх праходзіць адмысловыя экспрэс-курсы.  Бо іначай, трапіўшы пад ледзяны душ, маюць бледны выгляд.

 

Перамагчы маніпулятара

Што ж да прэс-канферэнцыі 15 студзеня, то варта адзначыць ўпэўненую манеру галоўнага рэдактара  “Еўрарадыё”   Віталя Зыблюка.  Лукашэнка спрабаваў збянтэжыць журналіста пытаннем пра ягоную дэкларацыю аб даходах, але атрымаў спакойны, годны адказ.  Віталь здолеў прадоўжыць узнятую раней тэму чорных спісаў музыкаў і нават настаяць, што перадасць  такі спіс  для даследавання праблемы ў Лукашэнкаву адміністрацыю.

Таксама годна і разам з тым чэпка вяла няпросты дыялог з грозным суразмоўцам,  якога раздражніла згадка пра палітвязняў,  карэспандэнт БелаПАН  Тацяна Каравянкова.  Урэшце яна дамаглася, што кіраўнік дзяржавы даручыў  генпракурору сустрэцца з журналісткай і даць фактуру па тэме.

Нарэшце, прадстаўніца  “Нашай нівы”   Аксана Рудовіч,  якой Лукашэнка таксама імкнуўся накінуць свой фірмовы пінг-понг, каб на нязручнае пытанне адказвала яна, а не ён,  рашуча перасякла маніпуляцыі:  “У нас не дыялог. Я задаю пытанне — вы адказваеце”.

У выніку афіцыйны лідар фактычна мусіў сысці ад пастаўленага рубам пытання пра палітвязняў,  параіў пашукаць адказ у  “Советской Белоруссии”.  Карацей, гэты двубой  ён прайграў дзяўчыне.

“Было незвычайна пачуць смелыя пытанні некаторых незалежных журналістаў, асабліва жанчын. Перад імі можна зняць капялюш”, —  адзначыў у каментары на Радыё Свабода  медыйны эксперт  Паўлюк Быкоўскі.

Як бачым, можна перамагаць і спрактыкаванага  маніпулятара з высокім статусам (каторым ён таксама, безумоўна, маніпулюе).  Важна ведаць асноўныя маніпуляцыйныя прыёмы і ўмець ім супрацьстаяць.  Ну і, вядома, не абысціся без зараду грамадзянскай мужнасці.  Журналіст у Беларусі —  болей чым журналіст.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: