ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Інтэрв’ю: трымаць фармат, як легіянер “чарапаху”!

В фокусе

Каюся: толькі з трэцяй спробы адолеў на сайце “ЕўраБеларусь” інтэрв’ю пад загалоўкам “Уладзімір Мацкевіч: Вы здольны ўбачыць у выкапаным катлаване падмурак будучага будынка?”. Абстрагуюся ад зместу, выношу за дужкі палітыку — гаворка пра тэкст пойдзе выключна паводле законаў жанру.

Строга кажучы, гэта нават не інтэрв’ю, а стэнаграма. Аўтар, магчыма, сам адчуў хібу нефарматнасці і таму схаваўся пад шыльдай “Служба інфармацыі  “ЕўраБеларусі”. Хаця спадар Мацкевіч у дыялогу звяртаецца да канкрэтнай персоны — як можна здагадацца, значна маладзейшай.

 

Дачытаць да канца — гэта ўжо маленькі подзвіг

Магчыма, піетэт перад мэтрам і прымусіў даць усё слова ў слова. Дарэчы, той у сваім ЖЖ задаволена канстатаваў: “Доўга, затое без скажэнняў”.

Я б, аднак, сказаў: невыносна доўга. Ну вельмі шмат таго, што рэдактары называюць бацвіннем, адсяканне якога адназначна паляпшае матэрыял.

Прэтэнзіі тут не да спадара Мацкевіча — яму далі волю, дык ён і гаварыў колькі хацеў. Прэтэнзіі да таго, хто не рызыкнуў загнаць аўтарытэтнага суразмоўцу ў каркас жанру.

Фактычна служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” абслужыла масцітага кліента паводле прынцыпу “чего изволите”.  Журналісцкае ж майстэрства палягае ў тым, каб трымаць фармат, хто б перад табой ні быў, як трымалі “чарапаху” ў баі рымскія легіянеры.

Мне скажуць: ну чаго ты чапляешся да карпаратыўнага сайта; як хочуць, так і робяць. Аднак я выразна бачу цягам апошніх месяцаў мэтанакіраваную раскрутку сайта “ЕўраБеларусі” менавіта як інтэрнэт-СМІ. Таму і мерка строгая.

Дарэчы, і поспех задумы наўпрост залежыць ад таго, будзе пачувацца рэдакцыя “органам” ці журналісцкай камандай, для якой на першым месцы медыйныя правілы, а не іерархія.

 

Профі не мусіць пасаваць перад мэтрамі

Практычна паралельна на вочы трапіла перадрукаванае “Салідарнасцю” з “Новай газеты” інтэрв’ю з Рыгорам Чхарцішвілі (болей вядомым як пісьменнік Барыс Акунін) пад назвай “Тое, што з дзірак у падлозе палезлі ашалелыя, — дакладная прыкмета канца іх эпохі”.

Расійскі інтэлектуал Чхарцішвілі, які на хвалі вулічных пратэстаў апошняга года рэзка пайшоў у палітыку, напэўна ж здольны разважаць аб грамадска-палітычных праблемах сваёй Айчыны не меней разгорнута, чым беларускі інтэлектуал Мацкевіч — аб праблемах нашай грамады. Аднак жа там на паласу трапіў сціслы, мускулісты тэкст, пра які хочацца сказаць: з песні слова не выкінеш. Тэкст, што ад пачатку да канца здольны прымагнічваць увагу дастаткова шырокай публікі. Тэкст, на які, урэшце, стае часу чалавеку ХХІ стагоддзя.

Падазраю, што гэта ў значнай ступені заслуга менавіта журналіста, які выступіў моцным профі, здолеў накінуць мэтру фармат.

З кожнага правіла бываюць выключэнні. Так, публікацыі пад рубрыкай “БАЖная персона” на сайце БАЖ — фірмавы прадукт Глеба Лабадзенкі — на першы погляд жахліва безразмерныя. Аднак мэтавая аўдыторыя, да якой належыць і аўтар гэтых радкоў, выпускі рубрыкі чытае, наколькі ведаю, на адным дыханні.

Сакрэт тут менавіта ў заточанасці пад аўдыторыю — адносна вузкае кола калег. Плюс — шалёная насычанасць эксклюзіўнай каларытнай фактурай. Таму нават фоты з сямейнага альбома граюць на ўсе сто.

 

Радыё і ТБ: спецыфіка трымае ў чорным целе

Найболей прывучаныя трымаць фармат радыйнікі ды тэлевізійнікі. У іх усё распісана па секундах. І самыя ўдалыя інтэрв’ю апошняга часу ў мяне асацыююцца з “Еўрарадыё”.

Напрыклад, Зміцер Лукашук па-майстэрску разгаварыў такіх розных персон, як кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік і спікер Савета рэспублікі Анатоль Рубінаў.

У апошняга сярод дэмакратычнай публікі адыёзная рэпутацыя, і шмат каму здаецца, што такіх увогуле не варта цягнуць у незалежную прэсу. Але я мяркую, што недзяржаўным медыям акурат не стае пранікнення ў ментальнасць, логіку, сістэму аргументацыі кіроўнага класа. Замест гэтага — ярлыкі, стэрэатыпы. Ну а інтэрв’ю з такімі дзеячамі ў дзяржаўных медыях — абсалютна стэрылізаваныя.

Лукашук жа здолеў карэктна задаць вострыя пытанні і прымусіць прадстаўніка высокай наменклатуры адказваць не паводле паперкі.

Гэтаксама і Пікулік не цытаваў талмуды сваёй інстытуцыі, а пад прэсінгам пытанняў, што задаваліся інтэнсіўна ды з веданнем справы, мусіў выказвацца выразна, лапідарна, сваімі словамі, а таму выдаў шмат цікавай канкрэтыкі за сціслы эфірны час.

 

“У інтэрнэт улезе ўсё” — аблуда дылетантаў

Калі на радыё і ТБ — жорсткая сетка, то газетная паласа можа вярстацца па-рознаму, таму ў друкаванай прэсе часцей сустракаюцца яўна зацягнутыя інтэрв’ю.

Тыповымі раялямі ў кустах выглядаюць штучныя піяраўскія гутаркі з тымі ці іншымі палітыкамі: шматслоўныя, з паслужлівымі пытаннямі-пасамі і ненатуральна правільнымі, адшліфаванымі адказамі-загатоўкамі. Такой “джынсой” грашаць, асабліва падчас грамадска-палітычных кампаній, і недзяржаўныя выданні.

Вялікую памылку робяць тыя, хто мяркуе, што інтэрнэт увогуле безразмерны і таму на сайт можна спакойна піхаць тое, што не лезе на паласу. Наадварот, Сеціва вымагае большай сцісласці, наведнік сайта не ўспрымае доўгую кішку — максімум некалькі пракрутак!

Увогуле ж зараза дыктафонных, як я іх называю, інтэрв’ю рэзка пашырылася на мяжы 80-х і 90-х. Тады, з аднаго боку, перабудова раскрыла мноства новых дзейных асоб і дала магчымасць пра многае казаць, з іншага боку — з’явіліся першыя болей-меней кампактныя дыктафоны. І пайшло-паехала. Шмат каму здалося, што цяпер дастаткова ўключыць гэту машынку.

Інтэрв’ю ж (як, зрэшты, і любы жанр) найперш патрабуе ўключаць мазгі, каб сыравіну гутаркі, што адбылася ў рэале, ператварыць у паўнавартасны медыйны прадукт.

 

Твор можа зрабіць адна фраза

І яшчэ варта памятаць: інтэрв’ю — гэта не толькі жанр, але і проста метад збору інфармацыі. Іншым разам у журналісцкі твор можа патрапіць адна фраза — але яна зробіць гэты твор.

Так, незлічоная колькасць беларускіх рэсурсаў проста пераказала жоўтую муць РЕН ТВ пра тое, як Лукашэнку нібыта спрабавалі атруціць бруснічным сокам і г.д., і да т.п., і толькі “Еўрарадыё” (зноў яно!) датэлефанавалася да скандальнай аўтаркі праграмы — былой шпіёнкі Ганны Чапман.

Тая сказала адну фразу: “Я лепш ваш нумар дашлю сваім рэдактарам, а са мной бессэнсоўна размаўляць, добра?”.

Але гэта фраза — фішка матэрыялу. Болей і дадаваць нічога не трэба. Хіба што фразу Лукашэнкавага прэс-сакратара (ужо былога, дарэчы) Паўла Лёгкага, які назваў сенсацыі ад Чапман “трызненнем сівой кабылы”.

Вось так і працуюць профі над гарачымі тэмамі: фраза адтуль, фраза адтуль, астатняе — свая падача, сваё творчае напаўненне.

У амерыканскіх выданнях, напрыклад, жанр “пытанні — адказы” ўвогуле вельмі рэдкі. У нас жа расцягнутыя, анемічныя, аднабокія інтэрв’ю сталі для медыйных працаўнікоў спосабам схалтурыць на тэме, схаваць сваю некампетэнтнасць, непаваротлівасць ды адсутнасць крэатыву.

Карацей, правіла першае: жанрам інтэрв’ю не злоўжываць. Правіла другое: калі вы ўжо яго абіраеце, то ўключайце найперш не дыктафон, а мазгі. І правіла трэцяе: трымайце, трымайце фармат, як рымскі легіянер “чарапаху”!

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: