ОБ АВТОРЕ

Журналіст.

Нарадзіўся ў Менску ў 1983 г. Пасля сканчэння журфака БДУ (2006) працаваў карэспандэнтам беларускай рэдакцыі газеты «Труд», рэдактарам навінаў і аглядальнікам парталу TUT.BY. Супрацоўнічаў з дзясяткам незалежных беларускіх і замежных медыяў.

Магістр міжнароднай палітыкі City University London (2012).

Сферы інтарэсаў: нацыянальнае будаўніцтва, палітыка памяці, грамадзянская супольнасць, архітэктурная спадчына, алімпійская гісторыя, міжнародныя адносіны.

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

    Материалы отсутствуют

Вы здесь

Пра “небяспечнасць аднаполых сямей”: як мы перадзіраем “міжнародку”

В фокусе

Фрэнд-стужка ў “Фэйсбуку” засмечана спасылкай на сайт інтэлектуальнага часопіса “Arche” з перадрукам "сенсацыйнай" навіны ад catholic.by пра шакавальныя вынікі навуковага даследавання адносна негатыўнага ўплыву аднаполых бацькоў на выхаванне дзяцей у ЗША. "Ааа, што мы казалі!" — чытаецца захопленае трыюмфаванне ў пастах і паміж імі.

 

Пра што спрачаюцца

Варта адзначыць, што ўся гэтая "новая" гісторыя выбухнула яшчэ мінулым летам. Спачатку на публікацыю вынікаў даследавання амерыканскага сацыёлага Марка Рэгнеруса (Mark Regnerus) з Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне адрэагавала навуковая супольнасць ды рознага кшталту клерыкальныя і ЛГБТшныя арганізацыі. Кожны з бакоў, натуральна, адстойваў сваю пазіцыю. Увосень да аналізу даследавання дабралася уплывовая газета The New York Times і шэраг іншых паважных грамадска-палітычных медыяў.

Публікацыі паказалі, што ў даследаванні, на падставе якога робяцца далёкія высновы адносна “небяспечнасці аднаполых шлюбаў”, не ўсё так адназначна, і багата пытанняў дагэтуль не маюць адказаў. Пад сумневам навукоўцаў і журналістаў, у прыватнасці:

  • ці каталіцкая вера і перакананні Рэгнеруса ўплывалі на ягоную навуковую аб’ектыўнасць (Каталіцкая Царква жорстка выступае супраць аднаполых сувязяў і шлюбаў);
  • ці фундатары даследавання — кансерватыўныя традыцыяналісцкія фундацыі — уздзейнічалі на даследчыка;
  • ці катэгарызацыя Рэгнеруса (змешванне ў адну купу аднаполых сямей і сямей, у якіх адзін з бацькоў меў няпэўныя па працягласці аднаполыя сувязі); і інш.

 

Перадзёр праз пятыя рукі

Аднак вашую ўвагу, паважаныя чытачы, я займаю не для таго, каб паспрачацца адносна вынікаў даследавання Марка Рэгнеруса ці абмеркаваць праблему аднаполых шлюбаў. Як на мяне, бяскрыўдны, падавалася б, перадрук інфармацыі, агаліў праблему іншага кшталту — журналісцкага прафесіяналізму.

Мяркуйце самі, што атрымалася.

Сур'ёзны аналітычны часопіс “Arche” (ад якога чакаеш праверанай бесстароннай інфармацыі прынамсі ў інфармацыйных нататках)  перадрукоўвае рэзанансную інфармацыю (якая падаецца ў рэчышчы “ісціны ў апошняй інстанцыі”) з афіцыйнага сайта Беларускага Касцёла, што ёсць заангажаваным гульцом у супрацьстаянні вакол аднаполых шлюбаў. Цікава адзначыць, што catholic.by, у сваю чаргу, перадрукаваў гэты тэкст з украінскіх каталіцкіх сайтаў, на якія яна трапіла з харвацкага рэсурса, што спасылаўся сярод іншага на The New York Times. Характэрна, што першакрыніца, гэтаксама, як і друга- і трэцякрыніца, згубіліся па дарозе.

Так выглядае інфармацыйны шлях гэтай нататкі: arche<=catholic.by<=credo-ua.org<=catholicnews.org.ua<=dnevnik.hr<=nytimes.com.

 

Google it!

На падставе прыведзеных вышэй фактаў мне відавочна, што сёння інфармацыя, пададзеная ў такім выглядзе, не ёсць ані актуальнай, ані аб’ектыўнай. Яна магла быць гэткай летам 2012 года. Аднак з таго часу адбылося багата падзей, якія паўплывалі на змену ў стаўленні да першапачаткова агучаных фактаў. Гэтак, унутранае расследаванне ў Тэхаскім універсітэце, якое паводле перадрукаванай “Arche” нататкі, адбылося “у гэтыя дні”, насамрэч мела месца ў жніўні 2012 года. У гэтыя ж дні тэхаскі офіс генпракурора ЗША абавязаў універсітэт прадставіць доступ грамадскасці да шэрагу канкрэтнай дакументацыі даследавання Рэгнеруса для правядзення далейшай праверкі фактаў і высноваў.

Такім чынам, распаўсюд падобнай аднабаковай інфармацыі на сайце навуковага, “навукова-папулярнага часопіса” ёсць, з майго гледзішча, відавочнай прыкметай непрафесіяналізму, які так распаўсюджаны ў нашых СМІ што да работы з міжнароднай інфармацыяй.

Калі больш канкрэтна, позірк беларускіх медыяў у свет сфармаваны ў асноўным скрозь прызму нацыянальных дыскурсаў краінаў-суседзяў, інфармацыю ад якіх мы і спажываем. Іншымі словамі, мы кормім нашых чытачоў “міжнародкай”, зробленай амаль выключна нашымі рускамоўнымі суседзямі (найперш — расійскімі СМІ, але ў выпадку “Arche” спрацаваў украінскі вектар). Зразумела, што адбываецца гэта найперш праз адсутнасць фінансавых рэсурсаў, якія б дазволілі трымаць прафесійных журналістаў-міжнароднікаў, а таксама банальнае няведанне журналістамі замежных моваў.

Падаецца, што, прынамсі, з мовамі сітуацыя апошнім часам крыху палепшала, і колькасць журналістаў, здольных “пагугліць” першакрыніцу запазычанай праз пятыя рукі інфармацыі, павялічылася. Мабыць, толькі падаецца. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: