Вы здесь

Галоўны герой — улады

Галоўным ньюсмейкерам для беларускіх тэлеканалаў, як дзяржаўных, так і незалежнага, у снежні па-ранейшаму з’яўлялася ўлада — цэнтральная, галіновая ці мясцовая. У той самы час дзяржканалы зусім не асвятлялі дзейнасці беларускай апазіцыі — ніяк не ўзгадвалі і не паказвалі яе прадстаўнікоў. І ў эфіры «Белсата» інфармацыйныя нагоды з апазіцыйнага асяродку займалі маргінальна малое месца. Прычым у выніку ўсе гэтыя сюжэты (а менавіта іх было пяць) можна прылічыць да катэгорыі «негатыўных матэрыялаў пра ўладу».

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

У снежні «Белсат» па колькасці матэрыялаў пра ўладу ўсталяваў уласны рэкорд: 21 сюжэт, у параўнанні з 19 у лістападзе і 11 у жніўні. Усё гэта таксама негатыўныя матэрыялы пра ўладу.

У сваю чаргу, дзяржканалы значна меней матэрыялаў, чым у папярэднія месяцы, прысвяцілі непасрэднаму асвятленню дзейнасці ўладаў. На ОНТ колькасць такіх палітычна замоўных, пазітыўных сюжэтаў пра ўладу ў параўнанні з папярэднім месяцам упала нават удвая. Аднак дзейнасць асобных дзяржаўных арганізацый таксама асвятлялася ў сюжэтах з адзнакамі карпаратыўнай замовы ці рэкламы.

Яшчэ адна прыкметная змена ў снежаньскім эфіры «Белсата» — павелічэнне аб’ёму інфармацыі эканамічнай тэматыкі. Пры гэтым «Аб’ектыў» у тыдзень маніторынгу выдаў у эфір большую агульную колькасць матэрыялаў у параўнанні з папярэднімі месяцамі.

1.       Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

24 (51 %)

23 (62 %)

21 (58 %)

20 (56 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

45 (76 %)

31 (53 %)

41 (76 %)

42 (62 %)

47 (82 %)

ОНТ

24 (50 %)

28 (61 %)

27 (59 %)

26 (57 %)

34 (60 %)

Дзяржканалы

На канале «Беларусь 1» колькасць матэрыялаў з прыкметамі замоўленасці ці цэнзуры рэзка ўзрасла. І гэты рост адбыўся ў асноўным за кошт сюжэтаў з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, а таксама аўтарэкламы праектаў тэлеканала. Палітычна замоўных матэрыялаў у тыдзень снежаньскага маніторынгу на абодвух дзяржканалах было меней, чым у папярэднія месяцы.

У большасці замоўных матэрыялаў аўтары ды рэдактары тэлеканалаў «Беларусь 1» і ОНТ парушалі стандарт балансу думак. Самай частай формай падачы матэрыялу на дзяржканалах быў войсовер з адным сінхронам, як правіла, дзяржаўнага службоўца ці прадстаўніка арганізацыі, пра якую распавядаецца ў сюжэце. У паркетных матэрыялах пра сустрэчы, візіты ды нарады Лукашэнкі падаваліся непрапарцыйна аб’ёмныя сінхроны кіраўніка дзяржавы. Прычым у навінах тэлеканала «Беларусь 1» часцей, чым на ОНТ, парушаўся стандарт аддзялення фактаў ад думак, то бок аўтары дапускалі болей уласных каментароў, ацэнак, меркаванняў. Часам толькі гэта і розніла па сутнасці ідэнтычныя паркетныя матэрыялы ў «Панараме» ды «Контурах» на аднолькавую тэму.

Напрыклад, 04.12 на каналах «Беларусь 1» і ОНТ першымі матэрыяламі выпуску сталі сюжэты, інфармацыйнай нагодай для якіх паслужыла прыбыццё Лукашэнкі ў Ашгабад на саміт СНД. Калі матэрыял ОНТ адпавядаў стандартам навіны ды прысвячаўся галоўным чынам парадку дня форуму, падрыхтаваным дакументам, то на канале «Беларусь 1» сюжэт на гэту самую тэму падрабязна асвятляў непасрэднае прыбыццё Лукашэнкі, хлеб-соль ад туркменскага народа беларускаму лідару і нават фатаграфаванне апошняга ў аэрапорце. Да таго ж аўтар дапускаў уласныя каментары: «В последнее время тема Содружества снова востребована — после кризиса организации в 2000-х пришлось несколько переформатировать ее работу. Белорусская позиция о необходимости сохранения организации была услышана. СНГ по-прежнему остается удобной площадкой для переговоров и основой для интеграций на постсоветском пространстве».

У той самы дзень дзяржканалы далі сюжэты на тэму спынення працэдуры санацыі завода побытавай хіміі ў Калінкавічах. Ізноў жа калі на ОНТ матэрыял адпавядаў стандартам навіны, то на канале «Беларусь 1» гэтая самая тэма падавалася як паркетны матэрыял пра паездку кіраўніка Вышэйшага Гаспадарчага Суда Віктара Камянкова па Гомельшчыне. У сюжэце аўтар дапускаў інфармацыю без спасылак на крыніцы і выказванне ўласнага меркавання: «В последние годы Калинковичский завод бытовой химии выпустил немало новинок. Но о них мало кто знает не только в Беларуси, но и в Гомельской области. Рекламировать себя предприятию некогда — оно активно пытается справиться с банкротством. С 2003-го на заводе сменилось пять антикризисных управляющих. Несколько раз продлевалась процедура санации, и только с финансовой поддержкой правительства и местных властей началась модернизация производства».

Грубыя скажэнні інфармацыі, падача непраўдзівых звестак і праз гэта парушэнне стандарту дакладнасці былі ў ідэнтычных матэрыялах пра нараду Лукашэнкі па каліі 07.12 у навінавых выпусках абодвух дзяржканалаў. Гэта былі першыя сюжэты выпуску. Непраўдзівыя звесткі ў сюжэце канала «Беларусь 1» тычыліся ацэнкі перспектыўнасці радовішчаў калію: «…а белорусское месторождение признано одним из богатейших не только в СНГ, но и в масштабе планеты». Насамрэч беларуская руда мае найменшае ўтрыманне калію ў параўнанні з усімі астатнімі буйнымі радовішчамі планеты. У сюжэце ОНТ аўтары ды рэдактары пайшлі далей і падалі наўпроставую інфармацыйную «вутку», прыкрыўшыся спасылкай на аўтарытэтную крыніцу: «То, что оценка стоимости “Беларуськалия”, которую дал Президент, близка к рыночной, подтвердили и эксперты международного финансового агентства “Блумберг”, сравнив нынешние активы крупнейших производителей». Насамрэч агенцтва «Блумберг» не давала ацэнкі кошту «Беларуськалію».

У той самы дзень тэме падпісання прэзідэнцкага дэкрэта пра забарону звальнення работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў былі прысвечаныя амаль аднолькавыя сюжэты з прыкметамі замоўленасці на абодвух дзяржканалах. Матэрыялы фактычна мелі на мэце апраўданне непапулярнай меры, якую ўвялі ўлады.

Абодва тэлеканалы ў асвятленні тэмы парушылі стандарт балансу думак. Аўтары ды рэдактары не далі слова тым, каго непасрэдна тычыцца новы дакумент, а менавіта работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Таксама не далі выказацца прадстаўнікам прафсаюзаў, нават прадзяржаўных. У сюжэце канала «Беларусь 1» былі пададзеныя сінхроны Лукашэнкі, прадстаўніка Дзяржкантролю ды эксперта Інстытута эканомікі НАН Беларусі. У сюжэце ОНТ акрамя прадстаўніка Дзяржкантролю слова далі двум прадзяржаўным экспертам з БДУ ды Беларускай групы развіцця.

Сімптаматычным з’яўляецца выкарыстанне экспертных сінхронаў у абодвух сюжэтах. У матэрыяле канала «Беларусь 1» эксперт (доктар эканамічных навук Сяргей Саладоўнікаў) хоць і выказвае разуменне мэтазгоднасці прынятых дэкрэтам мер, але прынамсі апісвае праблему галіны ды прызнаецца, што на прадпрыемствах нізкія заробкі: «В качестве компенсации планируется увеличить заработную плату. Ну понятно, чем вызваны эти меры, почему идут неувязки. Начали модернизацию деревообрабатывающих предприятий, лесопереработки — тут же возникает вопрос, что заработная плата там ниже, чем в других секторах. Люди могут начать уходить, даже не дождавшись этих повышений. Без человеческих ресурсов мы не проведем никакой модернизации, их надо удержать».

Навіны ОНТ выкарысталі сінхрон, у якім эксперт (дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў) падае скажоную інфармацыю: «Декрет Президента существенно не изменяет Трудовой кодекс. Трудовые отношения регулируются контрактом, заключаемым при приеме работника на работу. Декрет только уточняет, что работодатель на это время должен заключать такие контракты, при которых работник не может на период модернизации уволиться».

Абодва матэрыялы ў парушэнне стандарту паўнаты інфармацыі не ўтрымліваюць звестак пра колькасць працоўных, якіх тычыцца дакумент, а таксама сённяшні ўзровень заробкаў у галіне. У парушэнне стандарту аддзялення фактаў ад меркаванняў аўтары ды рэдактары абодвух матэрыялаў дапускаюць выказванне ўласных каментароў і ацэнак у падтрымку дэкрэта. «Беларусь 1»: «Предприятия получат новое современное оборудование, на котором будут работать высококвалифицированные специалисты. Их, кстати, подготовят за государственный счет. Тот, кто вкладывает колоссальные средства, вправе требовать отдачу — это законы бизнеса. Чтобы обеспечить высокие результаты в короткие сроки, люди должны трудиться на своих рабочих местах не год и не два»; «Как бы банально это ни звучало, но без железной дисциплины техперевооружения не проведешь. Не будет денег на выплату зарплаты, значит, останутся нерешенными социальные проблемы людей». ОНТ: «Следующий год объявлен Годом бережливости, и принятый Декрет должен укрепить трудовую дисциплину и способствовать бережному ведению хозяйственной деятельности».

«Белсат»

Дагэтуль колькасць матэрыялаў з адзнакамі замоўленасці ці цэнзуры на «Белсаце» была найменшая з усіх беларускіх тэлеканалаў. Але ў снежні незалежны канал зраўнаваўся з ОНТ.

Насамрэч статыстыка «Белсата» магла быць лепшая, калі б аўтары ды рэдактары канала памяталі пра базавы прафесійны стандарт навінавых матэрыялаў — аддзяленне фактаў ад меркаванняў, то бок катэгарычную недапушчальнасць аўтарскіх каментароў у навінах. Бо шэраг сюжэтаў «Аб’ектыва» адпавядаў іншым стандартам ці іх большасці, але патрапіў у катэгорыю замоўных менавіта праз наяўнасць тэндэнцыйных аўтарскіх меркаванняў. Асабліва яскрава гэта выяўлялася ў сюжэтах эканамічнай тэматыкі.

Як, напрыклад, у сюжэце пра чарговы транш крэдыту ЕўрАзЭС 07.12: «Але Расея, якая мае вырашальны голас у Антыкрызісным фондзе, зрабіла выгляд, што гэтага не заўважыла. Антон Сілуанаў, міністр фінансаў Расеі: “Беларусь выканала асноўны пералік захадаў, у асобных паказчыках дамовіліся пра карэкціроўку. Падставаў не выдаваць чарговага траншу ў нас не было”. Зыходзячы з таго, што грошы ўсё ж выдзеляць, на прапанову Беларусь пагадзілася. А пра яе змест мы, відаць, дазнаемся неўзабаве».

Ці ў сюжэце пра рост дэпазітных ставак «Беларусбанка» 02.12: «Але за ўсё трэба плаціць. У гэтым выпадку заплаціць, натуральна, насельніцтва. Услед за ростам дэпазітных ставак вырастуць і стаўкі па крэдытах. Намякае на гэта і свежая аналітыка Нацыянальнага банка. Таму шчодрасць “Беларусбанка” — гэта ўсяго толькі спроба адным стрэлам забіць некалькіх зайцоў».

Тыя ж самыя хібы відавочныя ў сюжэце ад 04.12 пра ўвядзенне інстытута ўпаўнаважаных прадстаўнікоў дзяржавы ў недзяржаўных акцыянерных таварыствах: «Увядзенне інстытута ўпаўнаважаных прадстаўнікоў можа дапамагчы дзяржаве слушна скіраваць вытворчыя высілкі прадпрыемстваў. Ці прынамсі падмаляваць статыстыку да неабходных лічбаў».

А таксама у сюжэце пра саміт у Ашгабадзе 05.12: «А вось узаемадзеянне з самім Лукашэнкам, як выглядае, умацоўваць захацелі не ўсе. На форуме не было прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева. Афіцыйная прычына — Бішкек прымае саміт ШОС. Паводле неафіцыйных крыніцаў, даты форумаў супалі невыпадкова. Сваім непрыездам кіраўнік Кыргызстана хацеў выказаць пратэст Лукашэнку, які адмаўляецца выдаць Бішкеку кыргызскага экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і ягонага брата Жаныша».

Хаця агулам варта адзначыць прыкметнае зніжэнне на «Белсаце» колькасці матэрыялаў з парушэннем стандарту аддзялення фактаў ад думак, а таксама стандарту балансу думак. У параўнанні з папярэднім месяцам скарачэнне доляў такіх матэрыялаў склала па 16 працэнтных пунктаў.

Вострай праблемай траціны матэрыялаў «Белсата» было парушэнне стандартаў паўнаты (недахоп неабходнай інфармацыі), верагоднасці (адсутнасць спасылак альбо іх некарэктнасць) ды дакладнасці (непраўдзівая інфармацыя). У выніку ў эфір выйшла некалькі матэрыялаў, якія як мінімум падавалі няспраўджаныя звесткі, а часам утрымлівалі маніпуляцыю фактамі ды меркаваннямі.

Прыкладам сюжэта, пабудаванага на плётках, стаў матэрыял на тэму «У Віцебску чакаюць Лукашэнку» 04.12: «Віцебск чакае Аляксандра Лукашэнку. Дакладны дзень візіту не вядомы, а рыхтаванне ідзе поўнаю хадою. У сувязі з гэтым спынілі трамвайны рух на вуліцы Горкага, што практычна адрэзала жыхароў ускраінаў Маркаўшчына і ДБК ад горада. Чакаецца, што па Горкага паедзе картэж Лукашэнкі, і таму гарадскія ўлады спешна кладуць тут новы асфальт».

Зманіпуляваныя факты ды меркаванні былі ў сюжэце пра расейска-беларускія спрэчкі па транзіце расліннай прадукцыі ад 05.12. Аўтары ды рэдактары не толькі не далі бэкграўнду і неабходнай інфармацыі па падзеі: што адбылося, у якой форме выказаныя прэтэнзіі, якія дамоўленасці былі парушаныя, як бакі будуць рэгуляваць канфлікт. У матэрыяле падавалася скажоная інфармацыя. Назваўшы расейскую ацэнку шкоды, 480 млрд расейскіх рублёў, аўтары ды рэдактары сфармулявалі тэкст такім чынам, што з яго вынікала, быццам бы расейскі бок патрабуе ад Беларусі вярнуць гэтыя грошы, што не з’яўляецца праўдай: «Але маштабы гэтых памылак уражваюць. У якасці кампенсацыі за бізнес з разбаўляльнікамі Расея патрабуе ад Беларусі толькі паўтара мільярда долараў. А тут — у 10 разоў болей! Некаторыя эксперты кажуць пра палітычны складнік гэтых прэтэнзіяў». Акрамя таго, у сюжэце зманіпуляваная інфармацыя ў закадравым тэксце ды сінхроне, да таго ж пададзеная некарэктная спасылка на «экспертаў»: «З чаго дакладна сфармаваная гэтая лічба, расейцы не паведамляюць. Але беларускія эксперты дапускаюць, што такія парушэнні сапраўды магчымыя. Яўген Прэйгерман, Ліберальны клуб: “Прыводзяцца лічбы, што выбарачнае правяранне праводзіцца, хаця ёсць вусная дамоўленасць на 93 % правярання. Ну парушэнні могуць быць заўсёды, бо заўсёды за гэта адказваюць людзі. А людзі схільныя да таго, каб рабіць памылкі”». (Ёсць істотная розніца сэнсу паміж «такія парушэнні магчымыя» ў закадравым тэксце і «парушэнні могуць быць заўсёды, бо заўсёды за гэта адказваюць людзі. А людзі схільныя да таго, каб рабіць памылкі» ў сінхроне.)

Парушэнне ўсіх стандартаў у той жа самы дзень было дапушчанае ў матэрыяле пра знос вёскі Паўлавічы, якая ўваходзіць у межы Віцебска, ды пратэсты яе жыхароў. Наўмысна аўтары ды рэдактары не падалі факта, што юрыдычна вёска Паўлавічы ад 1992 года ўжо не існуе, а яе жыхары даўно былі пераселеныя ды атрымалі кампенсацыю за знос сваіх будоваў, ці не парупіліся сабраць неабходную інфармацыю, але ў сюжэце гэтага не прагучала. То бок, паводле заканадаўства, гаспадарамі гэтай маёмасці жыхары вёскі ўжо даўно не з’яўляліся. Замест таго каб даць слова таксама і прадстаўнікам уладаў, якія прысутнічалі падчас зносу, аўтары ды рэдактары дапусцілі маніпуляванне фактамі: «Сапраўды, такога яшчэ не было: хаты, гаспадарчыя пабудовы і сады руйнуюць і спальваюць на вачах гаспадароў. Жыхароў вёскі Паўлавічы, якая цяпер уваходзіць у межы Віцебска, у наўпроставым сэнсе высяляюць на мароз». У гэтым сюжэце таксама падаваліся плёткі без спасылак, перамешаныя з уласнымі аўтарскімі каментарамі: «Спешнае высяленне вяскоўцы звязваюць з чаканым прыездам у Віцебск Лукашэнкі. Аднак чыноўнікі гэта зняпраўджваюць: маўляў, вёску зносяць, бо на яе месцы плануецца пабудаваць скураную вытворчасць фірмы “Марка”. Вось толькі жыхарам Паўлавічаў ад гэтага не лягчэй».

Праз парушэнне стандарту паўнаты інфармацыі абсалютным рэбусам для гледача атрымаўся матэрыял 03.12 пра знікненне крыжа ў Курапатах. Аўтары ды рэдактары не падалі неабходную для навіны інфармацыю: як адбылася падзея, кім (якой арганізацыяй) быў усталяваны крыж, хто будзе ўсталёўваць новы знак, хто яго робіць. Калі б не сінхрон прадстаўніка арганізацыі «Мемарыял», то з сюжэта вынікала б, што крыжы цудоўным чынам самастойна з’яўляліся ды знікалі: «У Курапатах учынены чарговы акт вандалізму. З мемарыяла знік новы крыж на памяць пра афіцэраў польскага войска, ён не прастаяў і трох дзён. Першы памятны знак афіцэрам польскага войска з’явіўся ва ўрочышчы 29 кастрычніка і неўзабаве таксама быў скрадзены. Уладзімір Раманоўскі, таварыства “Мемарыял”: “Тут мае месца не звычайны вандалізм, а мэтанакіраваны. І ён мае маральна-палітычную афарбоўку. Нават калі нехта не згодны з усталяваннем тут памятнага знака, мы гатовыя сустрэцца і знайсці нейкі кампраміс”. Усталяванне чарговага памятнага знака польскім афіцэрам плануецца наступнаю вясною. Хутчэй за ўсё, ён будзе выраблены з каменю».

1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры)

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

21

19

16

16

11

«Беларусь 1»

20

25

26

33

22

ОНТ

9

18

14

16

21

 

Дзяржканалы

Акрамя пазітыўных матэрыялаў пра беларускую ўладу на дзяржканалах праходзілі палітычна замоўныя, тэндэнцыйныя сюжэты пра падзеі замежжа. На канале «Беларусь 1» прайшлі 3 такія матэрыялы, на ОНТ — 2.

Так, на канале «Беларусь 1» у эфіры навінаў 07.12 прайшоў матэрыял пра заяву Хілары Клінтан, што ЗША не дапусцяць аднаўлення СССР. Матэрыял быў пададзены 40-секундным войсоверам на фоне фота дзяржсакратаркі ЗША, якая шырока ўсміхаецца. У студыйнай падводцы да матэрыялу вядоўца дазволіў сабе ўласныя каментары: «Что русскому, белорусу и казаху хорошо — американцу плохо. Казалось бы, такие заявления должны были бы кончиться вместе с холодной войной. Но нет. Для США это не шутка». У асноўным закадравым тэксце таксама прайшоў каментар аўтара, які сцвярджаў, што Клінтан заявіла гэта,«в открытой форме констатируя деструктивные намерения руководства Соединенных Штатов. Понятно, ведь интеграция идет вокруг геополитического конкурента — Москвы».

Таксама на канале «Беларусь 1» 04.12 прайшоў сюжэт пра забастоўку медыкаў у Мадрыдзе. Ён быў пададзены з парушэннем балансу думак на карысць пратэстоўцаў. Аўтар дазволіў сабе ўласныя каментары ды падачу звестак без спасылак на крыніцы: «Зарплаты соцработникам платят нерегулярно или не платят вовсе… А как их заработать, если каждый третий житель Испании сидит на шее государства?» На ОНТ у той жа самы дзень прайшоў сюжэт пра забастоўку работнікаў хуткага харчавання ў Нью-Ёрку. У матэрыяле парушаныя стандарты паўнаты (няма інфармацыі пра маштаб акцыі, арганізатараў, патрабаванні забастоўшчыкаў), верагоднасці (няма спасылак на крыніцы) ды аддзялення фактаў ад думак. Аўтар дапускаў уласныя каментары: «Они на работе каждый день — с 5 утра и до бесконечности. Больничных и праздничных дней в расписании не значится: все отгулы — за свой счет. Так решил хозяин. Почасовая оплата — тоже его арифметика».

Другі падобнага кшталту матэрыял на ОНТ прайшоў 06.12. Прысвячаўся ён ліквідацыі наступстваў урагану «Сэнды» ў Нью-Ёрку. У сюжэце парушаны стандарт паўнаты інфармацыі (няма звестак пра тое, якой долі насельніцтва тычыцца праблема), у парушэнне стандарту верагоднасці шэраг звестак падаецца без спасылак на крыніцы: «В пострадавших от урагана районах добровольцы — строители, повара, студенты — по-прежнему работают круглые сутки. Врачи приезжают сюда на собственных машинах, проверяют давление, слушают сердце, выписывают рецепты. Ведь у многих стихия разрушила все. Даже лекарства в аптеке теперь купить — проблема».

«Белсат»

Прыкметы палітычнай замовы на «Белсаце» насілі матэрыялы палітычнай, эканамічнай ды сацыяльнай тэматыкі. Усё гэта былі негатыўныя матэрыялы пра ўладу. Прычым непасрэдна палітычным падзеям была прысвечаная толькі прыкладна траціна гэтых сюжэтаў.

Так, у сюжэце ад 03.12 пра спыненне працы вайсковай місіі Германіі ў Беларусі аўтар спаслаўся на невядомых «экспертаў» і дазволіў сабе ўласны каментар: «Абсурдным называюць эксперты афіцыйнае тлумачэнне Беларусі. На лініі Берлін — Менск дачыненні на высокім палітычным узроўні былі амаль замарожаныя, а вайсковыя пытанні вырашаюцца ў Маскве».

У сюжэце ад 05.12 пра саміт у Ашгабадзе аўтар увогуле не прывёў ніводнай спасылкі на крыніцы і таксама дазволіў сабе ўласныя ацэнкі: «…на фоне сённяшняга ігнаравання постаці Лукашэнкі такой жа фармальнаю выглядае і пасада старшыні арганізацыі»; «Праігнараваў магчымасць двухбаковай сустрэчы з будучым старшынём СНД і Уладзімір Пуцін».

Пакручастым шляхам да эфіру «Белсата» 05.12 дайшла інфармацыя пра іранскія банкі, якія быццам бы адкрываюць філіялы ў Беларусі. У матэрыяле спасылаліся толькі на адну крыніцу — на італьянскую газету «La stampa», якая сцвярджала ў артыкуле, што такім чынам Тэгеран абыходзіць міжнародныя эканамічныя санкцыі з дапамогай Беларусі. У сюжэце не зазначалася, ці спрабавалі аўтары ды рэдактары «Аб’ектыва» самі спраўдзіць гэтую інфармацыю ў Менску, напрыклад даведацца, ці рэгіструюцца сапраўды такія філіялы.

1.1.1.         Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

21

17

12

12

11

«Беларусь 1»

0

0

2

0

0

ОНТ

0

0

0

0

0

 

Дзяржканалы

У тыдзень маніторынгу у эфіры навінаў дзяржканалаў не было негатыўных матэрыялаў пра беларускую ўладу.

«Белсат»

Каля дзвюх трацінаў негатыўных матэрыялаў пра беларускую ўладу на «Белсаце» ў тыдзень маніторынгу прысвячаліся не палітычным, а эканамічным ды сацыяльным тэмам.

Напрыклад, у сюжэце ад 03.12, прысвечанаму статыстычнаму даследаванню РГА «Перспектыва», праведзенаму сярод прадпрымальнікаў, аўтар дазваляў сабе ўласныя негатыўныя каментары ў дачыненні да ўлады: «Астатнюю ж прастору зойме буйны бізнес. Перад тым як канчаткова зачысціць краіну для алігархаў, улады сёння імкнуцца выціснуць з індывідуальных прадпрымальнікаў па максімуме. На тле леташняга рэзкага збяднення беларусаў, то бок пакупнікоў, дробных бізнесоўцаў душаць усё большымі падаткамі ды арэнднаю стаўкаю».

Ва ўжо згаданым вышэй сюжэце ад 06.12 пра высяленне вёскі Паўлавічы ў Віцебску акрамя непраўдзівай інфармацыі ў якасці падставы падзеі падавалася плётка: «Спешнае высяленне вяскоўцы звязваюць з чаканым прыездам у Віцебск Лукашэнкі». Гэты тэкст суправаджаўся архіўным відэа, як Лукашэнка высаджваецца з машыны, прычым план пададзены без пазначэння, што гэта архіў.

Негатыўным матэрыялам пра сілавыя структуры быў сюжэт 06.12 пра прысуд абвінавачанаму ў крадзяжы абывацелю Паўлу Плаксу, які сам беспаспяхова заяўляў пра катаванні следчымі. У сюжэце няма бэкграўнду, адсутнічае баланс думак. Інфармацыя пададзеная толькі з пазіцыі абвінавачанага, у сінхронах выказваюцца ягоная маці ды грамадскі абаронца. Таксама журналіст сам становіцца на бок героя сюжэта, не ставіць пад сумнеў віну следчых ды суддзяў і маніпулюе фактамі без спасылак, дапускаючы ўласныя каментары: «Бо віны Паўла Плаксы ні следства, ні суд так і не даказалі — лічаць праваабаронцы. Справа пакідае шмат пытанняў. Адсутнічаюць рэчавыя доказы, а само абвінавачанне грунтуецца выключна на прызнанні асуджанага»; «Паводле сваякоў асуджанага, пра тое, што Паўла катавалі, стала вядома з ягоных словаў ужо неўзабаве пасля арышту ў траўні. Следчыя не толькі наносілі цяжкія пабоі, але і пагражалі яго забіць, калі той не падпіша прызнання. Аднак суд палічыў сведчанні Паўла Плаксы беспадстаўнымі».

Таксама аўтары ды рэдактары канала ці то наўмысна сказілі інфармацыю, ці то папросту не азнаёміліся з тэмай, калі рабілі сюжэт ад 07.12 пра справы з вытворчасцю і экспартам калію: «Адметна, што ў новай структуры “Саюзкалію” доля “Беларуськалію” непрапарцыйна павялічыцца да амаль 50 %. Відавочна, што за гэтую саступку Аляксандр Лукашэнка паабяцаў перанакіраваць беларускі экспарт у расейскія парты». Аўтары праігнаравалі тое, што цяперашні трэйдар калію «Беларуская калійная кампанія» таксама амаль на 50 % належыць «Беларуськалію», то бок істотных зменаў у структуры ўладання новага трэйдара не будзе. Але на сваёй фактычнай памылцы яны збудавалі негатыўны каментар у бок беларускіх уладаў.

1.1.2.         Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

0

1

0

0

0

«Беларусь 1»

17

21

22

27

22

ОНТ

7

14

14

14

21

 

Дзяржканалы

Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра ўладу ў эфіры дзяржканалаў у першую чаргу тычыліся дзейнасці Лукашэнкі. Сустрэча з дэлегацыяй Калінінградскай вобласці, ад’езд у Ашгабад ды ўдзел у саміце СНД, нарада па калійным экспарце, падпісанне дэкрэта пра забарону звальненняў з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў — гэтым тэмам дзяржканалы аддавалі найболей часу ў пачатку навінавых выпускаў тыдня. Як правіла, сюжэты будаваліся з парушэннем стандарту балансу думак, з дапамогаю аб’ёмных сінхронаў Лукашэнкі, у тым ліку архіўных. Таксама аўтары сюжэтаў дазвалялі сабе ўласныя каментары і тым самым парушалі стандарт аддзялення фактаў ад думак.

Таксама на канале «Беларусь 1» выйшаў пазітыўны сюжэт пра заканадаўчую ўладу 04.12. Тэмаю гэтага матэрыялу сталіся законапраекты, якія разглядаюцца Палатай прадстаўнікоў. У парушэнне стандарту балансу думак аўтары сюжэта падалі сінхроны толькі прадстаўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ды дэпутата парламента. Акрамя таго, у сюжэце парушаныя стандарты аддзялення фактаў ад думак ды верагоднасці, падаюцца факты без спасылак на крыніцы: «И сегодня же уже в комиссии по экономическим вопросам обсуждали новый бонус для инвесторов. Законопроект “О концессиях” даст возможность передавать во временное пользование инвестору предприятия, земельные участки и даже перспективные месторождения. Взамен государство получит добросовестного владельца и налогоплательщика и новые рабочие места. Такая форма государственно-частного партнерства давно зарекомендовала себя на Западе».

Пазітыўным пра ўладу быў у той самы дзень паркетны матэрыял пра паездку кіраўніка Вышэйшага Гаспадарчага Суда Віктара Камянкова на Гомельшчыну.

06.12 першым сюжэтам выпуску «Панарамы» быў матэрыял пра ўнясенне змен у Выбарчы кодэкс, якія прапануе ЦВК, пра прызнанне незаконнай агітацыю за байкот выбараў. У сюжэце ўтрымліваліся сінхроны толькі сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка. Аўтары ды рэдактары не далі слова ўдзельнікам выбарчых працэсаў (апазіцыйным і праўладным палітыкам, простым выбарцам, назіральнікам), якіх тычацца гэтыя змены. Парушаны быў і стандарт паўнаты: аўтары ды рэдактары не прывялі бэкграўнду праблемы (гісторыю байкотаў выбараў у Беларусі). Акрамя таго, аўтары ды рэдактары дапусцілі парушэнне стандартаў верагоднасці ды аддзялення фактаў ад думак: «Политологи заявляют, что все эти предложения вполне логичны, но не сенсационны. Это, скорее, нормальный процесс совершенствования законодательства — мировая практика. И добавляют, что законодательства прогрессивного и демократичного. Возможно, даже слишком».

На ОНТ 07.12 выйшаў сюжэт пра адкрыццё адрамантаванай вуліцы ў Брэсце ды пра праект будовы моста праз Мухавец. Матэрыял у пазітыўным ключы асвятляў дзейнасць мясцовых уладаў. Былі парушаныя стандарты балансу думак (выказваліся толькі мясцовыя кіраўнікі): «Михаил Водчиц, генеральный директор строительного треста № 8: “Я хочу сказать, что мост будет невероятно красивым. Он будет достойно смотреться на фоне крепости. Это будет не просто мост, а архитектурное украшение”».

«Белсат»

Незалежны тэлеканал не даваў пазітыўных, без балансу думак матэрыялаў пра беларускую ўладу.

1.1.3.         Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

0

1

1

0

0

«Беларусь 1»

0

0

1

2

0

ОНТ

0

0

0

3

0

 

Ні дзяржканалы, ні «Белсат» не давалі негатыўных, без балансу думак матэрыялаў пра беларускую апазіцыю.

1.1.4.         Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

0

0

0

8

2

«Беларусь 1»

0

0

0

0

0

ОНТ

0

0

0

0

0

 

Ні дзяржканалы, ні «Белсат» не давалі пазітыўных, без балансу думак матэрыялаў пра беларускую апазіцыю.

1.2.  Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, ці рэкламы

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць

Лістапад 2012

Колькасць

Кастрычнік 2012

Колькасць

Верасень 2012

Колькасць

Жнівень 2012

Колькасць

«Белсат»

2

1

5

5

1

«Беларусь 1»

25

14

18

14

5

ОНТ

15

17

12

13

3

 

Дзяржканалы

У навінавых выпусках канала «Беларусь 1» рэзка ўзрасла колькасць матэрыялаў з прыкметамі карпаратыўнай замовы, альбо рэкламы. Галоўным чынам за кошт самарэкламы — прамоцыі ўласных спецпраектаў (у кожным выпуску 1–2 матэрыялы прысвячаліся адбору на «Еўрабачанне», а таксама падаваліся сюжэты пра фільмы тэлеканала). У панядзелак ды аўторак аўтапрамоцыя «з’ела» прыкладна чвэрць эфірнага часу «Панарамы». Такіх матэрыялаў за тыдзень маніторынгу ў выпусках навінаў прайшло 9. Да таго ж у тыдзень маніторынгу кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ездзіў па Магілёўшчыне ды сустракаўся са студэнтамі ўніверсітэта харчавання і работнікамі «Магатэкс», і гэтыя сустрэчы падрабязна асвятляла «Панарама» ў сюжэтах з прыкметамі карпаратыўнай замовы і аўтарэкламы. Так, у матэрыяле ад 04.12 пра сустрэчу ва ўніверсітэце аўтары ды рэдактары «Панарамы» пусцілі ў эфір толькі выказванні Давыдзькі ды пазітыўныя меркаванні студэнтаў, а таксама дазволілі сабе ўласныя каментары: «Понятно, что всех желающих пообщаться с председателем Белтелерадиокомпании аудитория вместить не смогла. На встречу отправили только лучших. Будущие технологи показали себя довольно разносторонними личностями».

Сюжэт ад 05.12 пра сустрэчу Давыдзькі з калектывам «Магатэкс» насіў прыкметы і камерцыйнай рэкламы. Былі пададзеныя сінхроны толькі генеральнага дырэктара ды самога Давыдзькі. Без спасылак на крыніцы даваліся пазітыўныя характарыстыкі прадпрыемства: «Успехами предприятия сегодня интересовался председатель Белтелерадиокомпании Геннадий Давыдько. Причем с сугубо профессиональным интересом. “Моготекс” вполне может стать героем успешного проекта Агентства теленовостей “Судьба гигантов”. Геннадий Давыдько, председатель Белтелерадиокомпании: “Мне очень хочется, чтобы одна из серий проекта “Судьба гигантов” была об этом предприятии. О том, как они не просто выжили, но и успешно укрепляют мощь нашей страны”».

Прыкметы карпаратыўнай замовы насілі і сюжэты пра акцыі БРСМ. Усяго з панядзелка па сераду выйшлі чатыры такія матэрыялы. Адначасова адзнакі карпаратыўнай і палітычнай замовы мелі сюжэты пра візіт беларускага міністра абароны Юрыя Жадобіна ў Кітай 05.12, пра адкрыццё ў Менску 06.12 форуму, прысвечанага іміджу Беларусі, арганізаванага з удзелам Мінспорту і турызму: «Еще несколько лет назад имидж Беларуси за рубежом в основном строился лишь на ассоциациях. Однако ситуация поменялась. Теперь Беларусь готова сама говорить о себе и в продвижении национальной узнаваемости делает ставку прежде всего на экспорт, инвестиции и туризм».

Прыкметы камерцыйнай рэкламы насілі 5 сюжэтаў тэлеканала. Сюжэт пра гарналыжны сезон у Сілічах ад 07.12 утрымліваў падрабязнае пералічэнне паслугаў: «В этом году для посетителей еще один сюрприз — хаф-пайп — дугообразная конструкция из снега с двумя встречными скатами. Теперь спортсмены и любители, двигаясь с одной стены на другую, смогут выполнять по-настоящему экстремальные прыжки и трюки».

Рэклама медычных паслугаў у Беларусі ўтрымлівалася ў сюжэце ад 06.12 пра прэзентацыю магчымасцяў беларускага медычнага турызму, якая прайшла ў Варшаве. Таксама рэкламны характар насілі тры матэрыялы пра заканчэнне гастроляў у Менску коннага цырка Туркменістана ды іх вяртанне ў Ашгабад.

На ОНТ з прыкметамі карпаратыўнай замовы, альбо рэкламы, выйшлі 15 матэрыялаў. Галоўным чынам гэта сюжэты, што аднабакова асвятлялі дзейнасць альбо акцыі асобных дзяржорганаў. У кожным выпуску такіх матэрыялаў было ад 2 да 4. Так, 03.12 тэма затрымання ў Гродне педафіла асвятлялася выключна з пазіцый Следчага камітэта, было дадзенае слова толькі кіраўніку арганізацыі. Таксама прыкметы карпаратыўнай замоўленасці насіў сюжэт пра ўсталяванне радараў на менскай кальцавой дарозе. Аўтары ды рэдактары не далі слова кіроўцам, інфармацыя падавалася толькі з пазіцый ДАІ, выказваліся ў сінхронах выключна прадстаўнікі ДАІ.

04.12 выйшаў сюжэт без бэкграўнду ды спасылак на крыніцы пра арганізаваны Міністэрствам адукацыі прыезд міжнародных валанцёраў. У матэрыяле выказваліся толькі прадстаўнікі Мінадукацыі. 6.12 выйшаў падобнага ж кшталту сюжэт пра міжнародную канферэнцыю па будаўнічым бізнесе, арганізаваную Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры, з сінхронамі толькі прадстаўнікоў гэтага міністэрства. А 04.12 выйшаў незбалансаваны сюжэт пра акцыю БРСМ «Ідэя-бус»: «Путь от идеи до ее воплощения молодому человеку без посторонней помощи трудно пройти. А вот “подвезти” инновацию прямиком к инвестору организаторы проекта “100 идей для Беларуси” обещают на этом автобусе». Таксама 06.12 выйшаў сюжэт, які апраўдвае беларускіх спартоўцаў, якіх пазбавілі медалёў ад 2004 года праз ужыванне допінгу. Аўтар ды рэдактары дазволілі сабе ўласныя крытычныя каментары ў бок структур Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Адзнакі камерцыйнай рэкламы на ОНТ насіў сюжэт пра гарадскія каткі ад 07.12: «Каток на Немиге пусть и не самый большой, но определенно один из самых популярных. Главное, лед здесь искусственный, а потому и более качественный. Плюс атмосфера. Приятное катание сопровождается музыкой». 03.12 выйшаў падобнага кшталту сюжэт пра вынікі распрацоўкі суперкамп’ютара ў межах праграмы СНД «Скіф-нетры»: «По мнению исследователей, любые затраты на программу “СКИФ-Недра” окупятся моментально. Это почувствовали и зарубежные компании. Например, Китай. У бренд-менеджеров из этой страны нюх на перспективные разработки».

«Белсат»

На канале «Белсат» два матэрыялы навінавага эфіру насілі прыкметы карпаратыўнай замоўленасці, альбо рэкламы.

Так, у сюжэце ад 03.12 пра кірмаш «Антыабыякавасць» і праблемы з працаўладкаваннем інвалідаў аўтар парушыў стандарты паўнаты (адсутнічаў бэкграўнд праблемаў з працаўладкаваннем інвалідаў у Беларусі, а таксама бракавала істотных звестак пра сам кірмаш: калі, дзе і як ён адбываўся, колькі чалавек бралі ў ім удзел), балансу думак (выказваліся толькі арганізатары ды ўдзельнікі кірмашу), дакладнасці (прыводзіліся непраўдзівыя факты: «Вось толькі, кажа дырэктарка прадпрыемства, умовы існавання такой майстэрні ў Беларусі — занадта ўжо складаныя. У сацыяльнай краіне, дзе, падавалася б, маюць быць гарантыі для неабароненых грамадзянаў, “Арт-Ідэя” практычна без аніякіх ільготаў набывае матэрыялы, аплачвае рахункі ды ўдзельнічае ў тэндарах. Гэта пры тым, што 83 % працаўнікоў прадпрыемства — інваліды». Насамрэч прадпрыемствы, у якіх больш за 50 % штату складаюць інваліды, маюць усталяваныя заканадаўствам падатковыя і іншыя льготы. У выніку сюжэт мае прыкметы замоўленасці на карысць арганізатараў акцыі.

Парушэнні стандартаў у матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

2.       Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

18 (38 %)

20 (54 %)

20 (56 %)

20 (56 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

34 (58 %)

30 (52 %)

36 (67 %)

42 (61 %)

41 (72 %)

ОНТ

23 (48 %)

26 (57 %)

26 (57 %)

25 (45 %)

32 (56 %)

 

 

2.2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

17 (36 %)

16 (43 %)

20 (56 %)

19 (53 %)

16 (44 %)

«Беларусь 1»

18 (30 %)

22 (38 %)

24 (44 %)

33 (49 %)

27 (47 %)

ОНТ

11 (23 %)

17 (37 %)

21 (46 %)

17 (37 %)

22 (39 %)

 

2.3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

18 (38 %)

20 (54 %)

21 (58 %)

15 (42 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

29 (49 %)

29 (50 %)

22 (41 %)

33 (49 %)

32 (56 %)

ОНТ

14 (29 %)

27 (59 %)

11 (24 %)

20 (43 %)

29 (51 %)

 

2.4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

17 (36 %)

12 (32 %)

12 (33 %)

12 (33 %)

18 (50 %)

«Беларусь 1»

18 (30 %)

10 (17 %)

19 (17 %)

29 (43 %)

29 (51 %)

ОНТ

17 (35 %)

14 (30 %)

11 (24 %)

17 (37 %)

18 (32 %)

 

2.5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

14 (30 %)

10 (27 %)

12 (33 %)

13 (36 %)

14 (39 %)

«Беларусь 1»

17 (29 %)

17 (29 %)

14 (26 %)

24 (35 %)

23 (40 %)

ОНТ

8 (17 %)

15 (33 %)

11 (24 %)

16 (35 %)

16 (28 %)

 

2.6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі

Тэлеканал

Снежань 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Лістапад 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Кастрычнік 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Верасень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Жнівень 2012

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

«Белсат»

6 (13 %)

8 (22 %)

10 (28 %)

11 (31 %)

13 (36 %)

«Беларусь 1»

17 (29 %)

16 (28 %)

13 (24 %)

18 (26 %)

20 (35 %)

ОНТ

14 (29 %)

20 (43 %)

14 (30 %)

11 (24 %)

24 (42 %)

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

03.12, панядзелак

На абодвух дзяржканалах тэмаю першых сюжэтаў выпускаў стаўся візіт да Лукашэнкі з дэлегацыяй губернатара Калінінградскай вобласці. Другім сюжэтам на канале «Беларусь 1» пайшоў матэрыял з прыкметамі рэкламы пра конны цырк з Туркменістана, які з’язджаў пасля гастроляў з Беларусі. На ОНТ другі сюжэт выпуску таксама меў адзнакі рэкламы і быў прысвечаны саюзнаму праекту «Скіф-Нетры».

«Белсат» першымі навінамі дня падаў сюжэты пра спыненне супрацы вайсковай місіі Германіі з беларускімі ўладамі ды рост ставак па дэпазітах «Беларусбанка».

04.12, аўторак

На абодвух дзяржканалах першымі прайшлі сюжэты пра прыбыццё Лукашэнкі ў Туркменістан для ўдзелу ў саміце. Аднак адзнакі замоўленасці ці цэнзуры гэты матэрыял меў толькі на канале «Беларусь 1». Другі і трэці матэрыялы навінаў на тэлеканале «Беларусь 1» таксама былі прысвечаныя Туркменістану: пра дачыненні двух краінаў і зноўку пра тых самых туркменскіх коней, якія ўрэшце прыляцелі з Беларусі на радзіму. У выпуску ОНТ другая тэма асвятлялася таксама з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, ці рэкламы, — гэта быў сюжэт пра Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі.

На «Белсаце» першай навіной дня стаў сюжэт пра ўвод дзяржаўнага нагляду на прыватных акцыянерных таварыствах.

05.12, серада

На абодвух дзяржканалах першымі выйшлі сюжэты на тэмы старшынства Беларусі ў СНД у 2013 годзе ды саміту ў Туркменістане.

Першыя дзве навіны дня на «Белсаце» з прыкметамі замоўленасці ці цэнзуры прысвячаліся тэме судовага рашэння на карысць царквы «Новае Жыццё», а таксама пастанове пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія катавалі Васіля Сарочыка.

06.12, чацвер

Телеканал «Беларусь 1» першы сюжэт выпуску прысвяціў выбарчай тэматыцы. Гэта быў матэрыял пра папраўкі ў Выбарчы кодэкс ад ЦВК. У выпуску ОНТ першыя два матэрыялы адпавядалі прафесійным стандартам, парушэнні пачаліся ад трэцяга сюжэта, які насіў прыкметы карпаратыўнай замоўленасці, пра арганізаваную Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва міжнародную канферэнцыю ўдзельнікаў будаўнічага бізнесу.

Першы сюжэт выпуску навінаў «Белсата» адпавядаў усім прафесійным стандартам. Прыкметы замоўленасці і цэнзуры насілі наступныя два матэрыялы: пра заяву Хілары Клінтан ды пра прысуд Паўлу Плаксу за крадзеж.

07.12, пятніца

На абодвух дзяржканалах першымі выйшлі паркетныя сюжэты пра нараду Лукашэнкі, прысвечаную здабычы ды экспарту калію. Другія сюжэты ў абодвух выпусках тычыліся дэкрэта пра забарону звальнення работнікаў з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

На «Белсаце» тэме дэкрэта Лукашэнкі прысвячаліся першыя сюжэты, таксама з прыкметамі замоўленасці. Калійныя справы Беларусі канал падаў трэцяй тэмай у навінах. Другі сюжэт асвятляў чарговы транш крэдыту для Беларусі. Гэтыя матэрыялы таксама неслі прыкметы замоўленасці.

Замоўчаная тэлеканаламі ў снежні грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармагенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Дзяржканалы ні разу не ўзгадалі ў сваіх выпусках беларускай апазіцыі ды не давалі навінаў пра дзейнасць недзяржаўнага сектара, а таксама інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Таксама «Беларусь 1» ды ОНТ пазбягалі асвятлення трывожных эканамічных ды сацыяльных праблем. Толькі скандальная тэма разбурэння вёскі Паўлавічы пад Віцебскам была пададзеная ў эфіры ОНТ, але праз дзень пасля падзеі.

Інфармацыйны змест навінавых выпускаў тэлеканала «Белсат» быў больш адэкватны, чым на дзяржканалах. «Белсат» істотна павялічыў колькасць матэрыялаў эканамічнай тэматыкі. Тым не менш непрапарцыйна мала на «Белсаце» праходзіла навінаў, інфармацыйныя нагоды якіх былі звязаныя з апазіцыяй ды недзяржаўным грамадскім сектарам. Таксама шэраг навінаў пра парушэнні правоў чалавека не знайшлі месца ў выпусках тэлеканала.

3. Не асветленыя ў навінавых выпусках грамадска значныя тэмы

Каналы

Снежань 2012 (03.12–07.12) Колькасць

«Белсат»

26

«Беларусь 1»

33

ОНТ

34

 

 

03.12, панядзелак

Упраўленне ДФР па Менску і Менскай вобласці не задаволіла хадайніцтва БАЖ пра разблакоўку рахункаў часопіса «ARCHE Пачатак» — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Актывісты АГП падалі ў Менгарвыканкам заяўкі на 25 пікетаў у сталіцы — не было на ніводным з тэлеканалаў.

МЗС Беларусі адмовіла ў візах Яўгену Вапе і Алене Глагоўскай, беларусам паводле паходжання, — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Улады ФРГ прынялі рашэнне пра закрыццё апарату ваеннага аташэ амбасады Германіі ў Менску — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

А. Лукашэнка рэзка пашырыў паўнамоцтвы Рады па развіцці прадпрымальніцтва — не было на ніводным з тэлеканалаў.

У Курапатах скрадзены крыж у памяць афіцэраў польскага войска, што загінулі на тэрыторыі Беларусі, — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

Барыс Грабеншчыкоў падпісаў петыцыю за вызваленне Алеся Бяляцкага — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ, на «Белсаце» інфармацыю падалі на наступны дзень.

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнне беларускімі ўладамі правоў гомельскага грамадскага актывіста і палітыка Уладзіміра Кацоры на арганізацыю мірных сходаў і распаўсюд друкаванай інфармацыі — не было на ніводным з тэлеканалаў.

04.12, аўторак

Мемарандум па рэалізацыі Нацыянальнай гендарнай платформы падпісалі прадстаўнікі апазіцыйных партый ды дэмакратычных рухаў у Менску — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

Беларусь заняла 32-е месца сярод 158 краінаў у сусветным рэйтынгу тэрарызму (Global Terrorism Index), паводле аўстралійскага Інстытута эканомікі і міру, — не было на ніводным з тэлеканалаў.

«Беларусбанк» аднавіў выдачу крэдытаў на жытло з павялічанай стаўкай — не было на ОНТ.

А. Лукашэнка паляцеў у Туркменістан, дзе 5 снежня возьме ўдзел у афіцыйным саміце СНД — не было на «Белсаце».

Улады Менска выдаткуюць на ўпрыгожанне сталіцы да навагодніх святаў 2 мдрд беларускіх рублёў з бюджэту горада — не было на «Белсаце».

Арыштаванаму па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве актывісту БХД Андрэю Гайдукову адмоўлена ў вызваленні пад падпіску аб нявыездзе — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці падрыхтаваў праект указа пра ўласніцкі нагляд у акцыянерных таварыствах — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ, на «Белсаце» інфармацыю падалі на наступны дзень.

05.12, серада

Актывісты АГП падалі заяўкі на правядзенне 19 снежня 91 пікета ва ўсіх рэгіёнах краіны — не было на ніводным з тэлеканалаў.

З прычыны пагрозы выбуху з вакзала Ліды эвакуявана 70 чалавек — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расіі накіравала ў амбасаду Беларусі ў Маскве скаргу на нядобрасумленны кантроль за расліннай прадукцыяй з боку беларускіх мытнікаў — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

ЦВК Беларусі накіраваў А. Лукашэнку чарговы пакет паправак у выбарчае заканадаўства — не было на «Белсаце», ОНТ, тэлеканал «Беларусь 1» даў інфармацыю на наступны дзень.

Следчы камітэт пацвердзіў узбуджэнне крымінальнай справы па заяве ахоўніка пра катаванні ў аддзяленні міліцыі — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

Спалілі вёску Паўлавічы ў Віцебску — не было на канале «Беларусь 1», на ОНТ інфармацыю далі на наступны дзень.

Царкву «Новае Жыццё» не выселяць, судовая справа закрытая — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

На 4 снежня прызначанае выязное пасяджэнне Шклоўскага суда па справе зняволенага анархіста Мікалая Дзядка. Суд будзе вырашаць, ці накіроўваць Мікалая Дзядка з калоніі ў «крытую» турму — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

06.12, чацвер

Скончаная дэмаркацыя мяжы Беларусі з Прыбалтыйскімі краінамі — не было на каналах «Белсат» і «Беларусь 1».

Скаргу Андрэя Саннікава прынялі да разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Беларусаў канчаткова пазбавілі двух алімпійскіх медалёў — не было на канале «Беларусь 1».

Магілёў абвешчаны культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2013 годзе — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Суддзя Ленінскага раёна Менска пастанавіла зняволіць мастака Алеся Пушкіна на 12 сутак за несанкцыянаваную вулічную акцыю — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Беларусь не далучылася да міжнароднага альянсу супраць дзіцячага порна — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Міністэрства гандлю вызначыла пераможцаў конкурсу, якія будуць у 2013 годзе рэалізоўваць манаполію дзяржавы на імпарт алкагольнай прадукцыі — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Белтэлекам запусціў чарговы канал сувязі са знешнім светам, пашырыўшы прапускную здольнасць інтэрнэт-шлюза да вонкавых інфармацыйных рэсурсаў на 30 Гбіт/c — да 290 Гбіт/с — не было на ніводным з тэлеканалаў.

07.12, пятніца

Менгарвыканкам адмовіў грамадзянам у правядзенні пікета на плошчы Свабоды — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Міліцыя ўварвалася на спектакль Свабоднага тэатра — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Ад выкіду аміяку ў Маладзечне пацярпелі чатыры чалавекі — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Ленінскі раённы суд Горадні адхіліў пазоў гісторыка Андрэя Чарнякевіча, які імкнуўся аднавіцца на працы ў Гарадзенскім універсітэце, адкуль яго звольнілі, — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Беларусь за 9 месяцаў выдаткавала 5,7 млрд долараў на абслугоўванне знешняга доўгу — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Беларусь павялічыла аб’ём фітасанітарнага кантролю з адкрыццём транспартных сродкаў да 100 % — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Улады Менска плануюць з 2013 года ў 1,3 разу падвысіць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў — не было на ніводным з тэлеканалаў.

Белтэлекам значна павялічвае кошт міжнародных званкоў — не было на ніводным з тэлеканалаў.

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: