ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Хрыстос не ведаў пра гіперспасылкі

В фокусе

Падтрымліваю калегаў: журналісцкая этыка ёсць рэччу універсальнай. Яшчэ болей, абедзьвюма рукамі галасую за афарызм маскоўскага мэтра Міхаіла Фядотава, які на адной прафесійнай тусоўцы ў Мінску зазначыў: журналісту “па вялікім рахунку, дастаткова Нагорнай казані Хрыста”.

Але ёсць нюанс: Хрыстос не ведаў, што такое гіпертэкст ды капіпаст.

Так, новыя тэхналогіі не вымагаюць прынцыпова адрознай журналісцкай этыкі, але яны спараджаюць новыя калізіі, і агульныя каноны,на маю думку, варта разжоўваць датычна тых рэалій, пра якія раней мы не мелі і панятку.

“…Не існуе ўласных этычных прынцыпаў у анлайна”, — піша Анатоль Гуляеў у артыкуле “Пажадана заставацца прыстойным чалавекам” на Mediakritika.by. Спасылаючыся на разгляд канфліктных сітуацый камісіяй па этыцы БАЖ, аўтар падкрэслівае, што “ніякіх асаблівых, прынятых для анлайн-журналістыкі, правіл а) не знашлося; б) шукаць не патрабавалася”.

Упэўнены, што паняцці аб прафесійнай прыстойнасці у нас з шаноўным мэтрам Гуляевым не разыходзяцца. Разам з тым, мяркую, што прынцыпы і правілы — гэта ўсё ж розныя катэгорыі. Правілы грунтуюцца на прынцыпах, але яны болей канкрэтныя, прыкладнЫя.

І досвед анлайнавай прэсы паказвае, на мой погляд, што без адмысловых, выразна прапісаных, калі хочаце — дурнеўстойлівых правіл усё ж не абысціся.

 

Як топяць спасылкі і аўтараў

Тлумачу на пальцах. Вось нібыта вычарпальны запіс у Кодэксе этыкі БАЖ: “Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, мусяць мець адпаведныя спасылкі”.

Але што такое “адпаведная спасылка” на сайце? Зараз гэта паняцце трактуюць, як каму выгадна.

Некаторыя аматары чужога кантэнту даюць адчэпнага ў выглядзе ўтопленай у тэкст і ніяк не вылучанай згадкі на першакрыніцу (кшталту “як паведаміў БелаПАН”) і на ўсе прэтэнзіі кажуць: ад вінта, мы ж на вас спаслаліся!

Між тым спасылка стаіць недзе ў сярэдзіне трэцяга абзаца, і таму незразумела, тычыцца яна ўсяго тэксту ці толькі да асобнай фразы, лічбы, цытаты.

Акрамя таго, у многіх выпадках выкідаецца подпіс аўтара. А пад тэкстам перадрукоўшчыкі часта ставяць спасылку ўжо на ўласны рэсурс. У выніку ствараецца ўражанне, што выстаўлены свой, арыгінальны кантэнт. І пры наступных перадруках спасылкі робяцца ўжо на той, другі рэсурс, які так спрытна замаскаваў капіпаст.

Такім чынам, каб спасылка ў Сеціве ўважалася за адпаведную, яна мусіць адпавядаць шэрагу патрабаванняў:

— размяшчацца так, каб было відавочна, што яна тычыцца ўсяго тэксту, а не ягонай часткі (дзеля чаго павінна стаяць на самым пачатку ці пры канцы матэрыялу, а не тапіцца ў сярэдзіну);

— утрымліваць імя і прозвішча аўтара;

— утрымліваць працоўны гіперлінк, што выводзіць на першакрыніцу.

Калі не дамовіцца жалезна пра такога кшталту правілы, аматары прысабечвання чужога кантэнту так і будуць строіць з сябе дурняў.

Іншая рэч, што пры зменлівых тэхналогіях сапраўды цяжка фармалізаваць канон, і пра гэта мы яшчэ скажам ніжэй.

 

Хто дасць рады смуродным тролям?

Перадрукі з ужываннем калгасных хітрыкаў — не адзіная праблема вэб-журналістыкі. У прыватнасці, асобным няпростым пытаннем, якое даўно ўзятае пад увагу на Захадзе, але застаецца цёмным лесам для нас, ёсць палітыка выпраўленняў (corrections policy).

Ці трэба заўважным чынам інфармаваць карыстальнікаў, калі вы дадалі ці пераставілі ў анлайнавым тэксце коску? Нібыта не, гэта ж такая дробязь. А калі гаворка ідзе пра фразу “казнить нельзя помиловать”? Тут ужо пачухаеш патыліцу. Карацей, зноў этычная калізія, якой у прынцыпе не ведала афлайнавая прэса, і зноў просяцца нейкія адмысловыя трактоўкі.

Для мяне відавочна таксама, што рэдакцыі інтэрнэт-СМІ мусяць адказваць за тое, каб на форумах не было відавочнай брыдоты — абразаў, паклёпаў, распальвання міжнацыянальнай варажнечы і г.д. Іначай кажучы, павінны ладзіць разумную мадэрацыю каментаў.

Зноў жа, гэта праблема, якой не было ў афлайнавай прэсе. І хто-кольвек тут прыкрываецца плюралізмам, свабодай выказвання, духам сеціўнай вольніцы.

Аддамо належнае, асобныя вэб-медыі ўсталёўваюць свае ўласныя правілы форумаў. Але ў выніку мы бачым саматужны разнабой, нейкіх жа ўзгодненых падыходаў да рэгламентацыі форумнага інтэрактыву ў Байнэце няма.

 

Профі ў фэйсбуку: пайшлі вы ўсе?..

Новым момантам ёсць і тое, што журналісты актыўна прысутнічаюць у сацыяльных сетках. Прадстаўнік СМІ — гэта вам не слесар Вася, які, апісваючы ў сваім акаунце табуяванай лексікай ўчорашняе бухло, бачыць у труне ўсе камісіі па этыцы. Для прадстаўніка нашага цэха тут можа ўзнікаць калізія між правам на асабістае меркаванне ды карпаратыўнымі патрабаваннямі.

Хрэстаматыйны ўжо айчынны прэцэдэнт — “кейс Вікі Паповай”, калі супрацоўнік “Еўрарадыё” выклаў у фэйсбуку аўдыёзапіс няўдалай гутаркі з калегай з дзяржаўнай газеты.

Не буду зноў пілаваць пілавінне той гісторыі, адзначу толькі, што шэраг салідных заходніх медыяў — кшталту Бі-бі-сі — выпрацавалі адмысловыя правілы паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках.

Як бачым, на універсальныя этычныя прынцыпы журналістыкі, а тым болей на адну толькі Нагорную казань там не разлічваюць, а прапісваюць менавіта дурнеўстойлівыя social media guidelines, прычым раз-пораз іх апгрэйдзяць.

Пра спецыфіку этычнага статусу вэб-журналіста пішуць дысертацыі ў Расіі. Адна з высноў: традыцыйных цэхавых нормаў ды правіл усё ж бракуе, яны мусяць узбагачацца за кошт сеціўнай этыкі — “нэтыкету”.

 

Канвенцыя для Байнэта: давайце вернемся да ідэі

Медыйны эксперт Уладзімір Сцяпанаў у каментары для Mediakritika.by падтрымаў думку, што “ўсе прынцыпы журналістыкі пераносяцца і на анлайнавую прастору”.

З яго гледзішча, спецыфіку новых платформаў варта ўлічваць, аднак разам з тым важна не збіцца на дробязную рэгламентацыю — напрыклад, дзе ставіць спасылку на першакрыніцу. Бо тэхналогіі мяняюцца, у прыватнасці, “развіваецца адаптыўны, персаналізаваны дызайн, і на розных носьбітах адзін і той жа матэрыял выглядае па-рознаму”.

Найхутчэй што сапраўды не варта чапаць, перагружаць вэб-спецыфікай той самы Кодэкс этыкі БАЖ. А вось нейкія рэкамендацыі датычна асаблівасцяў датрымання прафесійных правіл добрага тону ў анлайне (гіперлінкі, палітыка выпраўленняў, мадэрацыя і г.д.) тая ж камісія па этыцы БАЖ, пэўна, магла б выпрацаваць на падставе разбору тыповых канфліктаў адпаведнага кшталту.

І хай бы тыя рэкамендацыі віселі на бачным месцы бажаўскага сайта, каб можна было каго-кольвек пры выпадку тыцнуць носам.

А яшчэ згадваецца кампанія “Чысты Байнэт”, якую раскручвалі ў 2008–2009 гадах БАЖ і “Будзьма!”. Прафесійная супольнасць дружна ўхваляла задуму: сапраўды, маўляў, дасталі ўжо хамства ды перадзіранне чужых матэрыялаў, патрэбна нейкая дамова аб прыстойнасці ў Байнэце.

На жаль, ідэя пакрысе згасла. Між тым, на маю думку, сёння зусім не адпала патрэба мець адмысловую канвенцыю ці маніфест правілаў добрага тону для айчынных інтэрнэт-СМІ — дакумент, да якога маглі б добраахвотна далучацца тыя рэсурсы, што ўважаюць сябе за сапраўдныя медыі.

Форма — гэта ўжо рэч другасная. Галоўнае — каб удзельнічаць у такога кшталту канвенцыі было прэстыжна. Ніхто туды не заганяе пад пісталетам, але калі ваш сайт не далучаецца, працягвае піратстваваць, то вы прафесійныя ізгоі і ваш рэсурс — “ацтой”.

Гэта і была б тая медыйная самарэгуляцыя, пра якую зараз модна разважаць.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: