ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Так і будзем дзяліць Беларусь на “карнікаў” ды “змагароў”?

В фокусе

Канферэнцыя АБСЕ на тэму свабоды інтэрнэту ў Вене нечакана справакавала маленькую вайну між “Нашай нівай” ды “Хартыяй”. Канфлікт высвеціў шэраг актуальных праблем айчыннай медыйнай сферы, што звязаныя як з дачыненнямі паміж СМІ ды ўладай, так і з місіяй саміх СМІ.

Зміцер Панкавец пад правакацыйным загалоўкам “Карнікаў інтэрнэту ў Еўропу? Ну і добра!” скрытыкаваў пазіцыю галоўнай рэдактаркі “Хартыі” Наталлі Радзінай, якая раней заклеймавала АБСЕ з нагоды запрашэння на канферэнцыю прадстаўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзіміра Рабаволава.

“Хартыя” адказала ў фірмавай манеры: перадрукавала Панкаўца ды дала волю сваім форумным тролям, што вербальна рвуць любога ідэйнага супастата як Тузік грэлку. Закіды вядомыя: агент улады, паслугач рэжыму і да т.п.

Тым часам на самой канферэнцыі ўжо ў рэале схліснуліся Радзіна, Рабаволаў і ўладальнік TUT.BY Юрый Зісер. Ды так, што толькі іскры ляцелі. Зісер атрымаў абвінавачанне ў карупцыі ад рэдактаркі “Хартыі” і, у сваю чаргу, без залішняга джэнтльменства паабяцаў пасадзіць тую за паклёп. Карацей, пагаварылі.

 

Дрымотны вірус застаўся ў прабірцы

Калі ж адкінуць эмоцыі, то ў сухой астачы бачыцца, у прыватнасці, такая праблема: ці варта Еўропе і дэмакратычнай супольнасці ісці на дыялог з уладай у медыйных пытаннях? Фактычна гэта адзін з аспектаў шырэйшай праблемы — пра магчымасць ды маральнасць дыялогу з уладай увогуле, вакол чаго даўно ламаюць дзіды два крылы палітычнай апазіцыі.

Мне давялося ўдзельнічаць у дыскусіях з прадстаўнікамі ўлады менавіта ў пытаннях інтэрнэту і менавіта пад эгідай АБСЕ падчас адлігі ў дачыненнях Мінска з Еўропай у 2008–2010 гадах. Акурат тады рэжым, які да свабоды выказвання ставіцца, канечне ж, без аніякай любові, вызначаў сваю палітыку ў Байнэце.

Спрэчка з прадстаўніком Мінінфарма на круглым стале пад эгідай АБСЕ “Інтэрнэт-СМІ: выклікі ХХІ стагоддзя”. Мінск, лістапад 2008 года.

На той час у закон аб сродках масавай інфармацыі было ўжо ўпісана палажэнне аб рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. І, на мой погляд, менавіта дыскусіі з грамадскасцю (якую прэзентаваў і той самы Зісер) падштурхнулі ўладу да разумнага рашэння: ходу гэтаму палажэнню не даваць. Ідэолаг Адміністрацыі прэзідэнта Усевалад Янчэўскі сказаў мне тады паэтычна: магчыма, гэты дрымотны вірус ніколі і не прачнецца.

І сапраўды, ён застаецца ў прабірцы і дасюль. За гэты час незалежны Байнэт вырас, набраў моц, і сёння мары міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага, каб казённыя рэсурсы на роўных канкуравалі ў віртуальнай прасторы з пятай, як ён кажа, калонай, выглядаюць смешнымі. Позна піць баржомі. Джын вырваўся з пляшкі.

Нагадаю таксама, што напачатку праект нашумелага ўказа аб рэгуляванні Байнэту быў значна болей жорсткі, месцамі проста цемрашальскі (аж да рэгістрацыі паштовых скрыняў). І зноў жа, мяркую, менавіта голас грамадскасці змусіў улады змякчыць дакумент, а потым яшчэ на практыцы дадаткова рэдукаваць пэўныя ягоныя пункты.

 

Як Сярэдзіч атрымаў права наязджаць на саюздрук

Пры гэтым няма ніякіх ілюзій наконт палітычных інстынктаў рэжыму. З “Хартыяй” расправіліся ў 2010-м брутальна. Адно што ўлады (хоць гэта іх ніколькі не абяляе) грамілі гэты рэсурс не як СМІ, а як рупар Андрэя Саннікава — палітычнага ворага Лукашэнкі на выбарах.

Падобным чынам была разгромлена ў 2006 годзе газета “Згода” — рупар Аляксандра Казуліна. Дзейнічаў прынцып “на вайне як на вайне”.

Таксама грубым уздзеяннем у рэале спецслужбы выбівалі з абоймы мадэратараў суполак, што ладзілі маўклівыя пратэсты ўлетку 2011 года.

Рэжым і сёння не здымае пальцаў з горла Байнэту, пра што сведчыць і адмысловы даклад “Індэкса цэнзуры”.

Аднак разам з тым відавочна, што ў агульным плане ў дачыненні да сеціва абраны не самы адыёзны варыянт кантролю. Гэта не Кітай і не Іран.

Відавочна таксама, што любы дыялог з грамадскасцю і Еўропай змушае ўладу лавіраваць, рабіць хоць маленькія саступкі.

Між іншым, акурат падчас адлігі такія саступкі былі зроблены і ў дачыненні да афлайнавай прэсы.

Гэта быў дыялог у самым натуральным сэнсе слова. На маіх вачах падчас Мінскага форуму Пётра Садоўскі паставіў рубам пытанне аб вяртанні ў шапікі “Народнай волі” перад тагачасным кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем. Той публічна — перад апазіцыяй ды немцамі — паабяцаў пытанне разгледзець. І неўзабаве яно вырашылася. Прычым далі зялёны яшчэ і “Нашай ніве”.

Дыскусія з Уладзімірам Макеем у кулуарах ХІІІ Мінскага форуму. Лістапад 2010 года.

Ад вяртання ў дзяржаўны распаўсюд гэтыя два незалежныя брэнды безумоўна выйгралі. І сёння Іосіф Сярэдзіч можа з поўным правам скандаліць, што ягоную газету саюздрук выкладае не на самым бачным месцы.

У горшым жа выпадку згаданыя выданні маглі б маргіналізавацца, ператварыцца ў радыкальныя баявыя лісткі кшталту тых саматужных бюлетэняў, што раз-пораз распаўсюджваюць асобныя партыі. Вартае жалю відовішча.

 

СМІ: змагацца на барыкадзе ці быць люстэркам жыцця?

І тут паўстае другое прынцыповае пытанне айчыннай медыясферы — аб місіі СМІ: змагацца на барыкадзе ці, захоўваючы грамадзянскую пазіцыю, імкнуцца адэкватна адлюстроўваць жыццё ва ўсёй яго шматаблічнасці?

У прыватнасці, варта аспрэчыць міф пра нейкую асаблівую праўду, якой нібыта не пішуць унутрыбеларускія СМІ (маўляў, усе яны пад каўпаком КДБ і дэградавалі ад самацэнзуры), але затое нясуць нашаму народу ствараныя пераважна з-за мяжы рэсурсы кшталту “Хартыі”.

Так, у другім выпадку рыторыка болей радыкальная, калапс рэжыму прарочаць штодня, але як па мне, дык, напрыклад, няслушнасць беларускай эканамічнай мадэлі куды болей аргументавана даводзіць тыднёвік “Белорусы и рынок” з яго падкрэслена аб’ектывізаванай манерай пісьма. Бо там аналіз прафесійны, экспертны.

Тая ж “Хартыя” ў значнай ступені жыве акурат за кошт перадруку “падцэнзурнай”, з яе гледзішча, інфармацыі ды аналітыкі (на жаль, не заўжды пазначаючы аўтарства).

Што ж да арыгінальнай аналітыкі на гэтым рэсурсе, то свежы прыклад — артыкул Дэвіда Марплза “Шэйман і Пракаповіч: рух наперад ці назад?” — абсалютна не ўразіў.

Калі не жмурыцца ад бляску імені мэтра, то бачыш банальнае перажоўванне таго, што цягам мінулых тыдняў пісалі аб прызначэнні згаданых персон беларускія недзяржаўныя рэсурсы. Тутэйшыя аналітыкі ды публіцысты ведаюць сітуацыю лепей і пішуць цікавей. Ды і, урэшце, значна хутчэй.

 

Не цэнзура, а збалансаванасць

“Хартыя” таксама выконвае патрэбную місію, як воўк — місію санітара лесу, але хай усё ж наша медыйная фаўна будзе максімальна разнастайнай.

У рэшце рэшт, як слушна зазначае ў публіцыстычных нататках на сайце “Народнай волі” Святлана Калінкіна (таксама, у прыватнасці, дыскутуючы з Радзінай), “праблемы барацьбы за ўладу не ёсць праблемамі большасці. Большасць цікавіць іншае: што далей?”.

Дадам: а многім найважней проста жыць тут і цяпер. І іх парадак дня таксама мусіць адэкватна адлюстроўвацца ў медыях. Не варта зводзіць нашу рэчаіснасць да набору ярлыкоў, да чорна-белага падзелу на “карнікаў” ды “змагароў”, да маніхейскай карціны дужання сілаў абсалютнага дабра і абсалютнага зла. Насамрэч усё так пераплецена!

Асобна падкрэслю: не трэба блытаць збалансаванасць журналісцкага падыходу з адсутнасцю грамадзянскай пазіцыі, з той нібыта апалітычнасцю, якая насамрэч перараджаецца ў згодніцтва, у апраўданне рэжыму (гэтая калізія выявілася ў яшчэ адным свежым канфлікце, што ўскалыхнуў Байнэт, — між рэдактарам “Анлайнера” Дзянісам Блішчом ды блогерам Будзімірам).

Пры гэтым было б няшчыра адмаўляць, што ціск уладаў можа штурхаць да пэўнай самацэнзуры. Хаця, кладучы руку на сэрца, яшчэ вялікае пытанне, дзе болей унутранай цэнзуры — на TUT.BY ці на “Хартыі”.

Так ці іначай, але збалансаванасць, плюралізм цэлага шэрагу недзяржаўных СМІ — гэта не праз баязлівасць ды беспрынцыповасць, а менавіта праз жаданне датрымліваць прафесійныя прынцыпы. То бок даваць інфармацыю, аналітыку, палітру меркаванняў паводле стандартаў журналістыкі, а не гнаць трэшавы апазіцыйны прапагандос.

Бясспрэчным ёсць тое, што за пашырэнне абсягу свабоды выказвання нам яшчэ біцца ды біцца. У тым ліку і са сваімі ўнутранымі драконамі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: